Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Што — сціснула? — насцярожыўся Сямён.
— Трошкі...
— Можа, доктара паклікаць? Калі што — гавары. Я — мігам. У бальніцы мяне ведаюць.
Агееў запіхаў пад язык невыносна смярдзючую таблетку валідолу, хвіліну падумаў.
— Абыдзецца, можа. Лепш вадзіцы прынясі, калі ласка. Вунь у тым доме.
— Ды ведаю...
Сямён падхапіў пластмасавы бітончык і без лішніх слоў прыпусціў уніз, на дарогу. Агееў, ледзьве адольваючы слабасць, глядзеў перад сабой і амаль спалохана думаў, што, здаецца, не пашэнціла яму грунтоўна. 3 вопыту ведаў, што такое мінае не хутка, прыйдзецца залегчы або ісці ў бальніцу. Але і тое, і другое было яму зусім недарэчы, і ён не ведаў, як быць, што рабіць...
Неяк ранкам, на пяты ці шосты дзень свайго жыцця ў Бараноўскай, Агееў не стрываў, зняў павязку. Зрэшты, яна сама знялася — ноччу спаўзла да калена, адкрыўшы рану, якая хоць і не крывяніла, але ваўсю смуродна гнаілася. Разматаўшы мокры, у гнойных плямінах бінт, Агееў сядзеў на тапчане, не ведаючы, што рабіць, калі ў застаронак увайшла Бараноўская. Ён памкнуўся прыкрыць нагу кажушком, але гаспадыня адразу пра ўсё здагадалася і, адкінуўшы палу кажушка, зірнула на рану.
— Гнаіцца? Гэта дрэнна. I баліць?
— He вельмі. Унутры толькі тузае.
— Трэба перавязаць. Я пашукаю што-небудзь. А вось лякарства няма ніякага. I Яўсееўны няма. У тарфяніках усіх пастралялі.
— У тарфяніках?
— У старых распрацоўках. Усіх да аднаго.
— Гэтага і трэба было чакаць! — паныла сказаў Агееў. — На што было спадзявацца?
— Чалавек заўжды спадзяецца. Нават наперакор розуму.
Што ж яшчэ застаецца асуджанаму? — сказала гаспадыня і выйшла.
Хутка яна вярнулася з белаю анучкай у руках, стрэсшы якую пачала рваць на палосы.
— Знаеце, я во думаю... У вас сала засталося?
— Засталося, — сказаў ён, зірнуўшы на стол-скрынку, дзе, прынесены Малаковічам, ляжаў загорнуты ў газетку кавалак сала.
— Яно салёнае?
— Салёнае быццам.
— Некалі, памятаю, пасля той вайны, салёнае сала прыкладвалі да скулля. Памагала. Сама пераканалася.
Што ж, сала дык сала, ён быў гатовы на ўсё, толькі б хутчэй саўладаць з гэтай праклятай ранай, якая так недарэчы падкасіла яго. Бараноўская нарэзала на паперцы тоненькія пласцікі сала і пачала абкладваць імі набрынялую ад гною рану са счырванелымі краямі, у куточках якой бялелі малюсенькія чарвякі, што змусілі Агеева гідліва паморшчыцца.
— Што, баліць?
— Чэрві.
— Чэрві — гэта не страшна, казала Яўсееўна.
Агееў недаверліва хмыкнуў: мабыць, гэтая Яўсееўна была тут вышэйшым медыцынскім аўтарытэтам, і ён падумаў, што аспрэчваць яе будзе недарэчы. Ён даўся гаспадыні абкласці ўсю рану салам, пасля яна туга абвязала нагу мяккімі кужэльнымі паскамі. Было балюча, але кратаць нагой стала зручней, востры боль мінуўся, і ён сабраўся выйсці на двор. Тым больш што яго там чакала праца, нелегальнае яго жыхарства ў гэтым застаронку скончылася. Учора Бараноўская хадзіла ў паліцыю прасіць за сына Алега, які быццам вярнуўся дадому і хадайнічае перад паліцыяй аб адкрыцці майстэрні па рамонту абутку. Каб легалізавацца, Агееву трэба было ўладкавацца на нейкую працу, інакш яму пагражала прымусовае ўладкаванне праз паліцыю. Зноў жа, ён павінен быў нешта есці, бо харчовыя магчымасці яго гаспадыні былі надта мізэрныя: апроч гуркоў і бульбы з гарода яна нічога болей не мела. Агееў заўважаў, як кожны раз, каб накарміць яго, яна аддавала апошняе, часам бегла цераз вуліцу пазы-
чыць акраец хлеба, і гэты пазычаны ёю кавалак кепска лез яму ў горла. Яму было дужа няёмка за сябе, няпрошанага яе нахлебніка, і ён усё думаў, як памагчы ёй і сабе пракарміцца. Так паступова выспеў у яго галаве гэты, можа, і дурнаваты, план пра майстэрню. Бараноўская, падумаўшы, з ім пагадзілася, заставалася атрымаць дазвол у паліцыі. I вось начальнік Драздзенка, са скептычнай ухмылкай выслухаўшы жыхарку мястэчка, прыкінуў штось і дазволіў. Толькі ў канцы размовы дадаў, што прыйдзе сам пазнаёміцца з новым шаўцом. Канечне, ён мог бы выклікаць яго ў паліцыю, але Бараноўская сказала, што сын хворы і не можа хадзіць, пашкодзіў нагу па дарозе з Ваўкавыска. Начальнік паліцыі крыва ўсміхнуўся, але не сказаў нічога, і яна з лёгкім сэрцам пабегла дадому.
Хуткую перамену ў сваім лёсе Агееў успрыняў, аднак, без асаблівае радасці, калі не сказаць болей — у думках ён ужо праклінаў той час, калі пагадзіўся завярнуць у гэтае мястэчка. Але ўся бяда ў тым, што нічога больш прыдатнага яму не выпадала, вельмі проста ён мог апынуцца ў палоне ці загінуць дзе-небудзь у сутычцы з немцамі. Так што з самага пачатку выбар у яго быў невялікі, і ён мусіў пагадзіцца на тое, што прапанаваў начны госць Волкаў і нарыхтаваў яму яго недарэчны ваенны лёс.
Зрэшты, гэты варыянт, можа, быў не самы найгоршы. Агееў меў даволі ўмелыя рукі, з ранніх гадоў прывучаныя да дрэва і няхітрых сялянскіх інструментаў, да армейскай службы яму даводзілася мець справу і з абуткам, праўда, далей дробнага рамонту ягонае майстэрства не ўзнялося, і пра тое, як пашыць боты, ён меў цьмянае ўяўленне. Але тут шыць боты, мусіць, не давядзецца, трэба будзе рабіць якуюнебудзь драбноту — падбіць абцасы ці прышыць лапік, на большае ён і не замахваўся. Ля самага выхада з падворка касабока мясцілася старая, крытая гонтам альтанка, некалі прыстасаваная для сушкі агародніны; тры яе бакі былі абшыты аполкамі, а чацвёрты, што выходзіў у двор, заставаўся адкрыты. Менавіта гэтую альтанку-паветку Агееў і абраў для майстэрні; учора яны з Бараноўскай зацягнулі туды невялічкі кухонны столік, адну табурэтку. Інструменты айца
Кірыла захаваліся ўсе цэлыя, і былая пападдзя ледзь звалакла з гарышча цяжкую скрынку з чыгуннай лапай, абцугамі, малаткамі, калодкамі — усё гэта Агееў расклаў і развесіў у альтанцы. Заставалася, аднак, галоўнае — змайстраваць шыльду, бо якая ж майстэрня без шыльды? I ўвесь гэты дзень да вечара Агееў вырэзваў нажом з фанеры вялікія літары. Вядома, літары лепш было б напісаць, але ў Бараноўскай не знайшлося ні фарбы, ні патрэбнай для таго тканіны. Тады ён успомніў падобныя шыльды, што бачыў да вайны ў Беластоку, і падумаў, што можна зрабіць не горш. Праўда, літары атрымаліся надта крывыя, тупы нож дрэнна рэзаў старую фанеру, якая месцамі расслаілася і ламалася. За час, пакуль ён завіхаўся ў альтанцы, па вуліцы прайшло, можа, чалавек пяць, кожны з якіх уважліва прыглядаўся да яго, мабыць, не разумеючы, хто гэта калупаецца ў двары былой папоўскай сядзібы. I ён з неспакоем думаў: ці прызнаюць яго тут за папоўскага сына, ці ён хутка засыплецца тут з недарэчнай сваёй легалізацыяй. Але так ці інакш, адступаць не было куды, даводзілася іграць ролю, на якую змусіла яго вайна.
Сонца пайшло на захад, калі ён прымацаваў гэтую дошку-шыльду да вулічнага боку альтанкі. Атрымалася, канечне, даволі прымітыўна, літары цяжка было размясціць у адну лінію, і яны трохі сваволілі, стаўшы на дошцы як каторай захочацца. Але ўвогуле з вуліцы можна было прачытаць, што тут «Рамонт абутку», у альтанцы ляжалі раскладзены на століку інструмент, клубок тоўстых нітак і ўсохлая бярозавая калодка для драўляных цвікоў — падбіваць падэшвы. Скончыўшы з уладкаваннем, Агееў усеўся на табурэтцы з кінутай на яе ватоўкай, хваравіта выцягнуў пад сталом сваю бедалагу-нагу.
Аднак вуліца была пустая, за якую-небудзь гадзіну ніводны чалавек не прайшоў каля хаты, толькі за плотам у суседнім двары паказалася і знікла жаночая галава ў белай хусцінцы. Бараноўская, якая ўвесь дзень завіхалася ў двары, некуды знікла — мабыць, пайшла на гарод накапаць бульбы, і ён, прытаміўшыся, сіратліва сядзеў на табурэтцы, адчуваючы, што ў такі пазнаваты час яго сядзенне будзе
без карысці. I калі ён наважыўся ўжо вылезці з-за стала, што з хворай нагой аказалася не дужа лёгка, у канцы гэтай кароценькай вуліцы пачулася размова і паказаліся дзве дзяўчыны. Адна была худзенькая, сярэдняга росту, у светлым, аблезлым сарафане з голымі да плячэй рукамі і кароткай стрыжкай светлых валасоў. Яна ціхенька засмяялася, звяртаючыся да сяброўкі — таго ж узросту, але трохі ніжэйшай і таўсцейшай дзяўчыны, на галаве якой свежа бялелася касынка, завязаная па-гарадскому — вузельчыкам на патыліцы. Абедзве яны роздумна памахвалі на хаду невялічкімі кошыкамі ў руках і пра штосьці гутарылі, пакуль не згледзелі яго ў альтанцы. Відаць, ягонае з’яўленне тут здзівіла іх, дзяўчаты прымоўклі і памалу ішлі, азіраючы пераробленую за дзень альтанку. Трохі не дайшоўшы да яе, меншая ціхенька, але так, што ўсё ж данеслася да яго, сказала сяброўцы:
— Ой, Марыя, не глядзі на яго так пільна.
Вышэйшая неўпрыцям піхнула локцем сяброўку, вымушаючы яе змоўкнуць, а сама, не адрываючы позірку, усё ўглядалася ў яго, і ў гэтым яе позірку яму здалося штось хоць і няпэўнае яшчэ, але ўжо значнае, змястоўна-прарочыстае, ці што. Быццам яна, радуючыся, паволі пазнавала яго. Ён, аднак, не пазнаваў іх — гэтых дзяўчат ён бачыў упершыню і толькі праводзіў іх паглядам — паўз альтанку да суседняй хаты на вуліцы. Аднак ля суседняга падворка дзяўчаты нерашуча спыніліся, нядоўга параіліся аб чымсьці, і адна рашучым крокам вярнулася да альтанкі.
— Вы і сапраўды рамантуеце абутак? — запыталася яна ў Агеева, сарамліва ўсміхнуўшыся.
— I сапраўды рамантую, — з прытоенай усмешкай сказаў Агееў.
— I нядорага бераце?
— Нядорага, Марыя.
— Ой, адкуль вы ведаеце маё імя? — здзівілася дзяўчына.
— Я ўсё ведаю, — сказаў ён, ужо адкрыта і шырока заўсміхаўшыся.
— He, праўда! Я тут раней вас не бачыла.
— А я тут нядаўна.
Яна памаўчала трохі, штосьці абдумваючы і ўспамінаючы.
— Дык можна прынесці туфлі? У мяне, ведаеце, ад падэшвы неяк адарвалася...
— Прыносьце, пабачым.
— А плаціць рублямі ці як?
— Як хочаце. Можна рублямі, а можна прадуктамі.
— Во добра! — узрадавалася Марыя і, павярнуўшыся, паклікала сяброўку: — Вера, ідзі сюды!
Сяброўка неахвотна, быццам з недаверам нават, прайшла ля штакетніка і спынілася ля ўвахода ў двор.
— За прадукты рамантуе. Я ўжо дамовілася, можа, прынясём нашы туфлі?
— Мне не трэба, — махнула рукой Вера і з яўнай насцярогай паглядзела на Агеева.
— Дык я свае прынясу. Заўтра? Ці можна сёння?
— А калі хочаце. Можна і сёння.
— He, лепш заўтра, — рашыла Марыя. — А пакуль што — вось вам...