• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 6

    Аповесці, раман
    Васіль Быкаў

    Памер: 560с.
    Мінск 2006
    148.44 МБ
    — Калі нічога немагчыма зрабіць, трэба сабраць сілы, каб застацца сабой. He мітусіцца душой, як некаторыя — з разліку ці ад страху. Вось я хачу застацца сабой, няхай сабе ў адпаведнасці з хрысціянскай мараллю, каб памагчы бліжняму. Вам ці Волкаву, бо вы маеце патрэбу ў дапамозе і ваша, вам богам дадзенае жыццё знаходзіцца пад пагрозай. Зноў жа, я не магу не памятаць, да якога народа належу сама, якія пакуты стрываў на фронце мой муж у тую, мікалаеўскую, вайну. Ад чыёй рукі загінуў мой брат. I я бачу, што робіцца цяпер. Як жа я магу сядзець склаўшы рукі.
    — Але ж вы разумееце, што пагражае за гэта?
    — Слава богу — не маленькая. I тут я ўжо нічога не маіу зрабіць. Што будзе, тое і будзе. Ад лёсу не ўцячэш. He надта разумна, але суцяшальна ўсё ж. А чалавек заўжды мае патрэбу ў суцяшэнні.
    — Гэта вядома, — пагадзіўся ён. — А я, прызнацца, апасаўся...
    — Гэта чаго? Мабыць, таго, што я пападдзя?
    Ён прамаўчаў, але яна ўсё зразумела і з уздыхам ціха сказала:
    — Гэта, вядома, мне непрыемна. Тым больш што даўно ўжо не пападдзя. Але бог вам суддзя. Я разумею вас.
    — Вы ўжо даруйце, што я загаварыў пра тое, — сказаў Агееў, сапраўды пашкадаваўшы, што ўсчаў гэтую размову. Але, можа, і добра, што ўсчаў, яны высветлілі штосьці важнае паміж імі, і хоць Агееў не ва ўсім разабраўся, але, здаецца, вызваліўся ад сваіх сумненняў наконт гаспадыні — мабыць, ёй можна верыць. Чалавек з такой цвёрдасцю поглядаў заўжды што-небудзь значыць і міжволі выклікае давер. Можа, яму яшчэ і пашэнціла на гаспадыню, падумаў ён, хаця і без асаблівай упэўненасці. Але — час пакажа.
    Ён даеў бульбу, і яна першай узнялася з-за стала, пачала прыбіраць посуд. Памаўчаўшы, сказала:
    — Мне трэба будзе адлучыцца дні на тры. З’ездзіць у адно месца. Думаю, вы тут без мяне ўправіцеся.
    Сказала яна гэта ціха, амаль спакойна, але за гэтым яе
    спакоем Агееў адчуў ледзьве прытоенае напружанне і насцярожыўся.
    — Думаю, управіцеся. Цяпер, калі вы ўжо шавец, з голаду не памраце. Айцец Кірыл паўтара года з ботаў карміўся.
    — Ды я што... Я калі ласка. Калі трэба, дык трэба, — паспешліва сказаў ён, аднак чакаючы, што яна растлумачыць прычыну яе нечаканай адлучкі. Яна ж, нічога больш не тлумачачы, сказала толькі:
    — Спаць можаце ў хаце. Калі там холадна стане.
    Дзякуй.
    — Бульбы капайце, колькі вам трэба. Хлеб я ў Казловічавых купляла. Гэта во цераз дарогу насупраць. Яны могуць і пазычыць. Я ім сказала.
    — Добра. Дзякуй.
    Агееў асцярожна вылез з-за стала, пашукаў у прыцемках ля парога свой ляшчынавы кіёк. Усё ж нага балела, і ён падумаў, што заўтра перавяжа рану. У застаронку яшчэ заставаўся чысты ласкут — можа, хопіць на адну перавязку.
    — Дык мы яшчэ ўбачымся? — спыніўся ён ля парога. Бараноўская з ручніком у руках выцірала талеркі і жвава павярнулася да яго ў прыцемках кухні.
    — А як жа! Абавязкова. Бог дасць — пабачымся.
    Ён пастаяў трохі, зразумеўшы, што яна надала іншы сэнс ягонаму пытанню, і хацеў перапытаць, ці ўбачацца яны да яе адлучкі на тры дні, але стрымаўся. Усё ж нязручна было набівацца з пытаннямі, калі чалавек не хоча нешта сказаць адразу. Пасля ён неаднойчы пашкадуе аб тым, але што ўпушчана, таго ўжо не вернеш. Пажадаўшы ёй добрай ночы, Агееў выйшаў на двор, пастаяў трохі ў звечарэлым цемрыве і пашкандыбаў у свой застаронак. 3 наступнага дня для яго пачыналася новае жыццё — яго шавецтва дзеля кавалка хлеба ці для маскіроўкі — для чаго болып, ён сам толкам не ведаў. Адно ён адчуваў, што вайна заганяе яго ўсё далей у кут, з якога ці знойдзецца хоць калі выйсце — хто скажа?
    Назаўтра, прачнуўшыся ранкам, ён трохі паляжаў з расплюшчанымі вачмі, прыслухоўваючыся да рэдкіх гукаў знадворку, але не злавіў нічога трывожнага ці колькі-небудзь вартага ўвагі. Дзесь побач у дзядоўніку за сцяной варушы-
    ліся суседскія куры, ціхенька закудахталі, мабыць, патрывожаныя Гультаём; пачуліся прыглушаныя галасы людзей — з суседскіх двароў, а ўвогуле было ціха. Пасля нядаўна перажытага мястэчка бы вымерла, затаілася ў страху перад невядомасцю, якая не абяцала нічога добрага, удзень і ўначы гразілася нямецкімі строгасцю і карай за кожнае парушэнне, рэпрэсіямі за непаслухмянства. Агееў чакаў, як заўжды, адзнак таго, што Бараноўская паднялася ўжо, яна звычайна зранку пачынала калупацца ў гародзе, бразгала ланцугом у калодзежы, ціха пастуквала палкамі на дрывотні. Пасля яе паднімаўся ён, бо не хацеў раней часу непакоіць гаспадыню дома. У гэты ранак, апроч усяго, ён меў намер папрасіць яе паглядзець нагу, каб удваіх перавязаць рану, бо ён проста не ведаў, як быць з гэтым яе лякарствам — салам: ці прыкладваць яго зноў, ці можна абысціся без сала? Але замест звыклых і сцішаных знакаў ранішняга гаспадарання на падворку ён пачуў нецярплівы голас, ад якога ў яго сцялася сэрца:
    — Ёсць тут хто — у канцы-та канцоў?!
    Двойчы прагучаўшы, гэты нецярплівы мужчынскі вокліч даў Агееву зразумець, хто сюды з’явіўся. 3 такой патрабавальнасцю маглі паявіцца толькі прадстаўнікі моцнай, упэўненай, несумненна нямецкай улады.
    Дужа патрывожыўшы рану, Агееў падхапіўся з тапчана, не адразу трапляючы здаровай нагой у штаніну, надзеў штаны. Недаравальна прамарудзіўшы некалькі хвілін і на хаду зашпільваючыся, без кійка вышкандыбаў з варот хлява. На дварэ ўжо развіднела, і каля альтанкі, шырока расставіўшы ногі ў бліскучых хромавых ботах і такіх жа, як і ў яго, камандзірскіх дыяганалевых брыджах з чырвонымі кантамі, стаяў нейкі высокі мужчына з дубчыкам у руцэ. На яго шырокіх плячах шчыльна сядзеў цёмна-сіні танкісцкі фрэнч са слядамі ад споратых пятліц на кароткіх бартах. За ім на выхадзе з двара застыў, мабыць, чакаючы, невялічкі худаваты чалавек у шызым расшпіленым плашчы, з паголенымі, прыкметна старэчымі шчокамі і тонкай зморшчанай шыяй, што вытыркалася з надта шырокага для яе каўняра мундзіра; на галаве яго ганарліва сядзела высокая афіцэрская фуражка. Агееў толькі зірнуў на яго, звыклым позіркам
    вайскоўца перш азіраючы пагоны, і нібы апёкся аб іх вітое срэбра, што цьмяна і страхавіта бялела на абодвух плячах. Гэты стары немец быў, аднак, высокага чыну, і сэрца ў Агеева трапятнулася ў кепскім прадчуванні. Ззаду на вуліцы стаялі, не заходзячы ў двор, чалавек пяць немцаў і трое паліцэйскіх з белымі павязкамі на рукавах пінжакоў. Бліжні паліцэйскі, нецярпліва паляскваючы дубчыкам па халяве бота, сказаў:
    — Ты, сапожнік, any, пасабі оберсту! Там у боце нешта...
    Адчуўшы, як спакваля сплыве з яго вачэй гарачы туман, Агееў дашкандыбаў да альтанкі і сеў на табурэтку. Оберст прысеў побач на лаўку пад клёнам, і мардаты немец у кароценькім, з разрэзам мундзіры, валюхаючы тоўстым задам, лёгка і ашчадна здзеў бот з яго тонкай нагі, перадаў Агееву. Бот быў шыкоўны, амаль новы, з цвёрдай бліскучай халявай і высокім заднікам; з жоўтага нутра яго яшчэ пахла свежавырабленай скурай. Цвік быў у самым наску, ледзь выступаў з падэшвы, і Агееў падумаў з палёгкай, што забіць яго — раз плюнуць. Пакуль ён даставаў лапу, на якую надзяваў бот, стары оберст, паліцай у танкісцкім фрэнчы ды і ўсе, колькі іх было, немцы пільна назіралі за яго таропкімі рухамі. He ў лад са сваімі пачуццямі ён раптам зласліва падумаў: во цяпер бы гранату на ўсіх вас! Але толькі падумаў так, не паднімаючы ад бота позірку і баючыся, каб тыя не адгадалі ягоныя думкі.
    Некалькіх удараў малатка сапраўды хапіла, каб забіць цвік, і ён падаў оберсту яго бот, які, аднак, тут жа падхапіў тоўсты немец, мабыць, дзяншчык, з мноствам пярсцёнкаў на пальцах. Недаверліва памацаўшы рукой у боце, ён буркнуў «гут» і кінуўся абуваць оберста. Той напружана адхінуўся на лаўцы, выцяг перад сабой нагу, на якую дзяншчык ашчадна нацягнуў бот. Пасля оберст слаба прытупнуў ім па зямлі і картава штосьці сказаў па-нямецку.
    — Устань! Ты! Слыш! — падхапіўся паліцэйскі ў фрэнчы, і Агееў марудна ўстаў з табурэткі. — Сюды, сюды! Перад панам оберстам...
    Стараючыся не кульгаць, Агееў няспрытна ступіў тры крокі з альтанкі і выпрастаўся, падумаўшы, што оберст,
    мабыць, хоча яму падзякаваць. Той і на самай справе картава сказаў нешта, старэчы твар яго з пачырванелымі, бы ад бяссоння, вачмі паспрабаваў усміхнуцца, але раптам сцюдзёна знерухомеў, і немец строгім голасам загаманіў да паліцая. Той, скалануўшыся, выцягся і нешта скупа адказаў таксама па-нямецку, што нават здзівіла Агеева: глядзі ты — умее! Але ён ужо адчуў, што размова зайшла пра яго, і зноў насцярожыўся.
    — Пан оберст пытаецца: ты — ваеннаслужачы Чырвонай Арміі?
    — Я? He. Я чыгуначнік, — панылым і агідным для самога сябе голасам сказаў Агееў, падумаўшы: здаецца, уліп!
    — Ён пытаецца: чаму кульгаеш? Паранены?
    — Няшчасны выпадак. На чыгунцы, — адолеўшы першую збянтэжанасць, знарок бадзёра сказаў Агееў і міжволі напяўся, нібы па стойцы «смірна» перад начальнікам. Але тут жа заўважыў гэта і расслабіўся, адну руку сунуў за дзяжку на вышытай кашулі — так, нібы ніколі ў жыцці не меў справы з арміяй і яе парадкамі. Вось толькі яго дыяганалевыя брыджы з кантамі выдавалі ў ім вайскоўца, і Агееў унутрана сцяўся, стараўся ўгадаць: зразумее што оберст ці не?
    Оберст, аднак, ужо не глядзеў на яго — усё больш злуючыся, ён строга гергетаў нешта паліцаю ў фрэнчы, і той, ляскаючы абцасамі, таропіў у яго пагляд вузка пасаджаных вачэй, раз за разам паўтараючы адно толькі слова «яволь!». Агееў не разумеў, што раззлавала гэтага дзедаоберста, але адчуваў, што гаворка ішла пра яго, і ў напружанай увазе чакаў развязкі. Нарэшце немец, здаецца, выгаварыўся, ягоны гнеўны напор пачаў слабнуць, ён выцяг з кішаня блішчасты, з мудрагелістым упрыгожаннем партсігар і тонкімі худымі пальцамі выбраў з яго цыгарэтку. Як толькі ён ступіў да выхада з двара, усе, што стаялі побач, расступіліся, даючы начальству дарогу і дружна кіруючы следам. Каля суседняга дома на вуліцы іх чакала легкавая машына з шэрым парусінавым верхам. Застаўшыся каля альтанкі, Агееў глядзеў, як яны там рассаджваліся, падумаўшы — няўжо абышлося? Але поўнай упэўненасці ў тым яшчэ не было, оберст яшчэ пагрозліва памахаў пальцам
    перад паліцаем у танкісцкім фрэнчы, штосьці вымаўляючы яму, і той, мабыць, дзеля свайго апраўдання зрэдзьчасу ўстаўляў кароткія словы па-нямецку. Здавалася, гэта доўжылася бясконца. Пакуль немцы не паехалі, Агееў не мог адчуваць сябе ў бяспецы, цьмяная трывога не міналася, і ён, можа, упершыню зразумеў, на які цяжкі шлях ступіў з гэтым сваім шавецтвам. Ён уздыхнуў толькі, як згледзеў, што ззаду за машынай падняўся пыл і яна порстка пакацілася па вуліцы, але тут жа і вылаяўся ад прыкрасці: тры паліцаі засталіся і, счакаўшы, пакуль машына схавалася за паваротам вуліцы, усе павярнулі назад. Яны зноў кіравалі на яго падворак.