Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— He, чаму? Проста бліжэй... — сказаў Агееў і змоўк: пра сваю працу ў гэтам пасёлку ён нічога не расказваў сыну, проста сказаў неяк па тэлефоне, што затрымліваецца, ёсць старыя, з вайны, справы. Сын ведаў, што ў сорак першым ён нядоўга жыў тут, удзельнічаў у падполлі.
— Хіба адсюль бліжэй? — здзівіўся Аркадзь і павярнуўся
да бацькі — рослы, шыракаплечы, у імпартнай, на кнопках, кашулі з кішанямі на грудзях і выцертых да белых плям джынсах, якія туга сядзелі на яго худым задзе. — Можа, кіламетр ад цэнтра.
— Ну, каму як, — няпэўна сказаў Агееў. Сэрца яго білася трохі часцей, па-ранейшаму, аднак, са збоем рытму, але цяпер ён не зважаў на сэрца, не прыслухоўваўся да сябе. Ён думаў, чым частаваць сына, які, напэўна, згаладнеў у дарозе, ды той адразу ступіў да машыны.
— Я тут табе адно лякарства дастаў. Імпартнае. Выдатна памагае пры сардэчнай недастатковасці.
Выхапіўшы з салона маленькую скураную сумачку з пятлёй-ручкай, ён расшпіліў маланку.
— Вось: дзі-гак-сін. Учора ў Ермалаева дастаў. Спецыяльна для цябе.
— Ну дзякуй, — сказаў Агееў, беручы невялікую каробачку з сінім лацінскім надпісам. — Калі паможа.
— Паможа, паможа! Наш дырэктар толькі ім і ратуецца. Выдатнае лякарства. I яшчэ што-нішто паесці. Думаю, ты тут не галадаеш, канечне, на сельскіх харчах, ды ўсё ж...
Ён расчыніў багажнік і пачаў вымаць з яго глыбіні акуратныя магазінныя скруткі, кулькі і пакеты, бохан чорнага барадзінскага хлеба; падкінуў угару і спрытна падхапіў бутэльку грузінскага каньяку з сіняй наклейкай.
— Гэта не трэба, — сказаў Агееў.
— Нічога, спатрэбіцца. Я пытаўся, сказалі, каньячок табе можна. Для расшырэння сасудаў.
Што ж, мабыць, самая пара была перакусіць, і, каб не сядзець на сонцы, яны перайшлі пад сцяну — у засень. Праўда, сын неўпрыкмет паморшчыўся, мабыць, ад такога суседства, але перанёс туды два невялікія складаныя крэслы з машыны, хутка раскінуў дзюралевыя ножкі партатыўнага століка, які на такі выпадак вазіў у машыне. Агееў прынёс з палаткі свой паляўнічы нож, тэрмас, у якім яшчэ штосьці пляскалася, і яны прыселі па абодва бакі століка, адзін перад адным.
— Ну, дык вып’ем трохі? — запытаўся сын, выкалупваючы пальцамі капронавы корак.
— He, не буду.
А я, знаеш, вып’ю. Сёння за руль болей не сяду. Уездзіўся.
— Выпі, што ж, — сказаў бацька.
— Для расслабкі нерваў. Дык за цябе, баця! — падняў ён да паловы наліты пластмасавы каўпачок, і Агееў кіўнуў галавой. Сын асабліва не захапляўся алкаголем, і ў гэтым сэнсе бацька мог быць спакойны.
Відаць, згаладаўшыся за доўгую дарогу, ён выпіў і з зайздросным апетытам закусваў вэнджанай грудзінкай і сырам, накладваючы вось такі, з дзіцячых гадоў звыклы для сябе бутэрброд, і Агееў прыпомніў, што яны з маці не мелі вялікага клопату з кармленнем сына — той еў усё і заўжды, будучы, як і бацька, зусім непатрабавальным да ежы. Наогул, пакуль жыў з бацькамі, клопату з ім было няшмат: добра скончыў школу і з першай спробы паступіў у інстытут — не спатрэбілася ніякай падстрахоўкі, някепска вучыўся, цяпер працуе над кандыдацкай — разумны, энергічны спецыяліст, някепскі знаўца сваёй справы. Хіба што ў сямейным жыцці не пашэнціла адразу, год таму развёўся, пакінуўшы малое дзіця ў жонкі.
— Як унучак? — успомніўшы аб тым, запытаўся Агееў.
— Расце, што яму. На тым тыдні бачыў... У двары. Праўда, усяго хвіліну, не было часу.
— А Света?
— Што Света? Якая мая справа, — паўзіраўся ўбок Аркадзь і перавёў размову на іншае: — Ну, а як ты? Дабіў свае справы?
— He, не дабіў, — сказаў Агееў, уздыхнуўшы, і паглядзеў удалячынь на патанулыя ў садках дамы за дарогай. У адным з двароў былі расчынены веснічкі, і таўстая жанчына заганяла ў іх гагаткую чараду гусей з велічным гусаком наперадзе. У гэтай жанчыне ён лёгка пазнаў Казлову.
— Слухай, во не разумею, — сказаў сын. — Якая тут у цябе справа? Расследаванне якое? Што ў цябе тут здарылася, у вайну?
— Ды штосьці здарылася, — няпэўна сказаў Агееў.
— Помніцца, ты нешта расказваў. Маці казала, быццам цябе расстрэльвалі. Гэта тут хіба?
— Тут, — сказаў ён, зірнуўшы ў ажыўлены ад выпітага ці, можа, ад цікаўнасці сынаў твар, і сціх, чакаючы новых пытанняў, адказаць на якія не быў гатовы. Сын, аднак, кінуўшы вакол хуткім позіркам, спыніў яго на стале.
— Я сабе яшчэ трошкі плясну. Калі ты не супраць?
— Я не супраць.
Ён і яшчэ трохі выпіў, пасля ўзяўся закусваць, а Агееў наліў з тэрмаса цеплаватага чаю, роздумна памяшаў лыжкай у кварце.
— Во на гэтым абрыве, — чамусь дрыготкім голасам сказаў ён, кінуўшы ў бок кар’ера.
Як?
Здаецца, гэта здзівіла сына, які, папярхнуўшыся, з кавалкам хлеба ў руцэ ўскочыў з крэсла і выцяг шыю.
— У гэтай яме?
— У гэтай.
Сын пабег да абрыву, а Агееў застаўся сядзець з квартай цёплага чаю і на ўстрывожаны голас сына ціха сказаў:
— На тым самым месцы.
Хвіліну разгублена пастаяўшы над кар’ерам, Аркадзь энергічным крокам вярнуўся да бацькі.
— Гэта ты капаеш?
-Я.
— Навошта?
— Ну, разумееш, хачу знайсці некаторыя сляды. Што-нішто рэканструяваць. Таму што не ўсё зразумела ў гэтай гісторыі з расстрэлам.
— А што незразумела?
— Ну, хаця б тое — колькі тут расстраляна.
— А нашто табе гэта? Ты што — следчы па асабліва важных справах?
Агееў марудна ўзняў галаву, узіраючыся ў нечакана пасуравелы твар яго дваццацівасьмігадовага сына. Гэтая суровасць скіраванага да бацькі пагляду магла б абурыць Агеева, але ўсё ж ён адчуў, што сын не ад злосці, а з прычыны неспакою за бацьку, за яго здароўе.
— Я — для сябе, — сказаў ён пасля паўзы. — Для ачысткі сумлення.
— А, сумлення... Тады іншая справа, — стрымана сказаў Аркадзь, сядаючы на нізкае крэсла. Жуючы бутэрброд, ён хвіліну напружана згадваў нешта. — Вось часам думаю: многа ўсё ж вы нахамуталі з гэтай вайной, — холадна сказаў ён.
— Гэта чаму — нахамуталі?
— А во ўсё капаеце, шукаеце, разбіраецеся. Пішаце яшчэ. Некаторыя сорак гадоў ваююць, спыніцца не могуць.
— Значыцца, ёсць прычыны.
— Прычыны! А жыць калі будзеце? У другім сваім жыцці, пра якое тыбецкія мудрацы пішуць?
— Другога жыцця не будзе.
— Вось іменна. Ды і гэтае дай бог пражыць па-людску. Калі ядзерны грыб не паставіць кропку на ўсім.
Сын папракаў, амаль выгаворваў, не так словам, як тонам, якім былі вымаўлены тыя словы. Менавіта ў ягоным тоне Агееву пачулася штосьці знаёмае, што ён не ўпершыню чуў, хаця, можа, і не заўсёды адказваў на тое. Аднак цяпер гэта яго пачынала злаваць.
— Ну во скажы мне, — трохі з намаганнем, каб гаварыць спакайней, пачаў ён. — Што значыць, па-твойму, жыць ці дажыць па-людску? Зрабіць кар’еру? Атрымаць ступень? Заслужыць прэміі? З’ездзіць у загранку?
— Ну, бог з табой, чаму ты так думаеш? He ўскладняць жыццё псеўдапраблемамі, так я думаю. У нашым жыцці рэальных праблем процьма...
— Гэта якіх праблем?
— А то сам не ведаеш?! Ці мала ў вас у інстытуце было праблем? Успомні, калі забыўся. Ды і ў жыцці, у быце. Вунь ехаў, нідзе заправіцца не мог. To для дзяржтранспарту, то па талонах. А талоны немаведама дзе. Кажуць, у горадзе.
— Праблема гаручага — глабальная праблема.
— Ды ніякая яна не глабальная. Якія ў нас пры такіх запасах нафты могуць быць праблемы з гаручым? Безгаловая арганізацыя, во што! Пралікі планавання. I гэта ў эпоху НТР, калі ўсё на камп’ютэрах лічаць.
— Справа не ў камп’ютэрах...
— He ў камп’тэрах, вядома. Для таго, каб ведаць, колькі трэба паветраных фільтраў для «жыгулёўскага» парка, не
трэба лічыць на камп’ютэрах апошняга пакалення. Дастаткова пасадзіць цёцю Машу з арыфмометрам. A то вунь аўтапарк падвоіўся, а фільтр пяць гадоў замяніць немагчыма. Мусіць, справа ў тых, хто лічыць.
— Вось іменна. А лічаць людзі. Значыць, праблема ў людзях. Чалавечая праблема. Вунь яшчэ адна «праблема» ідзе, — сказаў Агееў, зірнуўшы па-над галавой сына. — Давай сюды, Сямён!
На дарозе з-за могілак паявіўся ў сваёй жоўтай безрукаўцы Сямён, які, мабыць, згледзеўшы, што Агееў тут не адзін, запаволіў крок, ці не мяркуючы павярнуць назад. Агееву тым часам расхацелася прадаўжаць пачатую размову з сынам, і ён амаль узрадаваўся нечаканаму прыходу новага госця.
— Здрасце, — падышоўшы, ветліва павітаўся Сямён, звяртаючыся да Аркадзя.
— Гэта мой сын, — кіўнуў Агееў. — А гэта Сямён Сямёнаў, ветэран, як бачыш. Во цяпер мы і пагамонім. Вазьмі там вядзерца і сядай. Самы раз будзеш.
Для прыліку трохі патаптаўшыся, Сямён перакуліў вядзерца і прысеў збоч ад стала. Ценю там ужо не было, і руды, маршчыністы твар яго хутка пакрыўся дробнымі кроплямі поту, але ён не выціраў яго, звыкла трываючы санцапёк.
— Бацьку праведаць, так сказаць? Гэта добра, гэта бацьку заўжды прыемна, — загаварыў ён, азіраючы стол, і затрымаўся паглядам на бутэльцы.
— Во, налі госцю, — сказаў Агееў. — Мабыць жа, не адмовішся, як я, напрыклад?
Сямён знарок паморшчыўся.
— Мы тут болей да віна прывыклі.
— А чаму іменна да віна? — запытаўся Агееў-малодшы, наліваючы каўпачок. — Што дзешавей, напэўна?
— Не-а. Што болей вып’еш, — заўсміхаўся Сямён.
— Гэта рэзон! — адобрыў Аркадзь. — Ну, выпіце!
— А вы?
— А я ўжо ўсё. Выпіў, болей не п’ю.
— Дык аднаму неяк нязручна...
Закарузлымі пальцамі правай рукі Сямён няспрытна падабраў з паперкі скрылёк грудзінкі, уладкаваў яе на кавалак хлеба, пакрахтаў. Спаважна і нетаропка ён рыхтаваўся да самага важнага ў гэтым пачастунку, прымерваўся, уздыхаў. Агееў амаль з дзіцячай любасцю сачыў за яго свяшчэннадзействам, яўным захапленнем, якое адбілася на яго прасветленым зараз твары, загарэлым ілбе з белымі дугамі злінялых за лета броваў. Нарэшце, закінуўшы галаву, Сямён важна выпіў — худы кадык на яго доўгай, зморшчанай шыі саўгануўся знізу ўгару і апусціўся.
— Харашо, аднак жа!..
— Закусвайце чым ёсць.
Дзякуй.
— Дзякуем ліманад закусваюць, — трохі павучальна заўважыў Аркадзь, і бацька зноў злавіў у яго тоне непрыемную ганарыстую нотку, якая нядаўна стала раздражняць яго ў характары сына.
— Сямёнаў сапраўдны трудзяга вайны, — сказаў ён, звяртаючыся да сына. — У разведцы ваяваў. Май гэта на ўвазе.
— Разведчык — цяпер герой! Разведчыкаў паважаюць. Шцірліц і так далей, — тут жа падхапіў Аркадзь.
— He Шцірліц! — павысіў голас Агееў. — Вайсковы разведчык. I гэта, будзь упэўнены, болей, чым Шцірліц.