Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Дастойны, скажу вам, быў служка гасподзен. Такімі людскі род багацее. Але — увы! Прапаў, як рыцар без страху і дакору.
Яны на момант сустрэліся паглядамі, і Агееў нарэшце сцяміў: «Усё ведае! Ведае, што я не сын — самазванец. Чорт пабяры гэтую яго таямнічую дасведчанасць. Што яму ад мяне трэба?»
— Вот дык час! Страшны час! Стогны і пакуты на роднай зямлі. Сакрушаюся, бязмерна сакрушаюся.
— Што ж сакрушацца! — не стрываў Агееў, падумаўшы, што гэта звычайны гаротнік, мабыць, прыйшоў пагаварыць, можа, суцешыцца тым у трудны час. Але чым ён мог суцешыць яго? Расказаць пра Ельню? Усё ж спярша ён рашыў што-нішто пра яго дазнацца.
— А да вайны чым займаліся? Працавалі кім?
— Э, якое гэта мае значэнне! Працаваў на розных работах. Але заўжды гараваў па радзіме. Як і кожны беларусін за яе прадзеламі. Назіраў здаля і гараваў.
Здаецца, Агееў што-колечы стаў разумець.
— Значыць, прыехалі. Пасля доўгай адсутнасці?
— Абсалютна правільна: прыехаў! Покліч бацькаўшчыны ў цяжкі час, ці ведаеце, грэх ігнараваць. Народ не даруе. Асабліва такі народ, як беларускі. Беларусіны ж — боскія людзі, напраўду!
— Ну, як каторыя. Розныя ёсць, — мякка запярэчыў Агееў.
— He, не кажыце! Харошыя людзі, прастадушныя, шчырыя. Яно і зразумела — дзеці прыроды. Бо здаўна наш храм — гэта наша прырода! Дзе вы знойдзеце гэткія пушчы, такія баравіны? У Эўропе ўсё не такое. А тут... Прыпомніце пачатак лета: толькі пачынае абуджацца прырода!.. Такая благадаць у кожным лісціку — сэрца спявае. Ангельскія гімны ў душы! А навокал рэкі, поўныя рыбы, лясы, поўныя дзічыны. He, у Эўропе даўно не тое. Акультурана і абязлічана. Я б нават сказаў: абяздушана! А ў нас... О, я на чыжыне за столькі
гадоў намаркоціўся, ведаеце... Па простай рэчы сумаваў, нават хварэў. Сказаць, не паверыце...
— Чаму ж, можна паверыць.
— He, вы не паверыце. А мне які-небудзь гародчык каля хаты начамі сніўся. Во гэтыя вяргіні. Ды што вяргіні — крапіва пад плоту снілася, і ў ёй куры квохчуць. Бывала, прачнуся і слязьмі абліваюся. Што значыць бацькаўшчына!
Агееў маўчаў. Яму стала трохі шкада гэтага чалавека, які, відаць, сапраўды нямала папакутаваў на чужыне, калі нават успамін пра курэй пад плотам выклікаў у яго слёзы.
— He, шаноўны пане, вы не можаце гэтага ўразумець. Трэба павандраваць, пашвэндацца па свеце і адчуць, што ўсё гэта значыць. Бацькаўшчына! Але мы можам ганарыцца — дастойная ў нас бацькаўшчына, шаноўны пан!
— Хто пярэчыць, — сказаў Агееў, паддаючыся, здалося, шчыраму перажыванню гэтага чалавека, які між тым працягваў з захапленнем:
— А наша гісторыя! Цяпер, канечне... Але ў мінулым, успомніце, яна ведала і бліскучыя моманты. Нават велічныя! Праўда, пад чужымі сцягамі, затое ад мора да мора. На яе гербе была пагоня! Заўважце, не ўцёкі, не паратунак, a пагоня! На ворага — з узнятым мячом!
Веліч Беларусі ад мора да мора, герб з нейкаю там пагоняй... У школе таго не праходзілі, Агееў аб тым нідзе не чытаў і цяпер з некаторым здзіўленнем слухаў поўную захаплення прамову даволі, мабыць, адукаванага госця.
— У гісторыі я не надта, — сказаў Агееў. — А наконт прыроды сапраўды: прырода ў нас прыгожая. Скажам, азёры...
— О, азёры — гэта бажэсцвенная казка! Ангельская сюіта! — зноў загарэліся цемнаватыя вочы госця. — Гэта дзіва дзівос у люстэрку быція!..
— I лясы. Лясы ў нас...
— Дзіва, цудоўнае дзіва! У свеце такога болей няма, паверце мне! — госць даволі адчувальна выцяў сябе ў худыя грудзі.
— Малым я любіў пабегаць па лесе. Ну, калі пасвілі жывёлу...
— У начлезе! — са стогнам падхапіў госць. — Вогнішча, коні, рыба ў возеры пляскае, салаўі пяюць...
— Даруйце, не ведаю вашага прозвішча, — з нечаканай цеплынёй сказаў Агееў, і прышлы, здаецца, схамянуўся ад здзіўлення.
— Ах, я не прадставіўся! Во якое бяспамяцтва. Тожа, заўважце, спецыфічная рыса сціплых беларусінаў. Задумаўся, захваляваўся і забыў. Кавешка маё прозвішча. Даруйце, вы хацелі штосьці сказаць, — далікатна напомніў ён, і Агееў памарудзіў: ён ужо нічога не хацеў сказаць.
— Ды не, я так. Падумаў, што вось вы вярнуліся, ды ў нядобры час.
— Праўда ваша! — з жарам пагадзіўся Кавешка. — Ды што рабіць? Мусіш ахвяраваць. Для бацькаўшчыны ды ў трудны час чым ні ахвяруеш! Праўда, і ахвяраваць не проста: абставіны часам мацней за нас.
— А вы... дзе зараз працуеце? Ці без працы пакуль? — асцярожна запытаўся Агееў.
— Ну, як жа без працы? — здзівіўся Кавешка. — Трэба ж неяк зарабляць на кавалак хлеба. Канечне, у поце ліца свайго. Дарма карміць нікога не будуць. Я ва ўправе служу, — сціпла паведаміў госць.
Успамін аб управе зноў насцярожыў Агеева, які ўжо ўнутрана расслабіўся і хацеў быў думаць, што мае справу з няшчасным чалавекам, які па сваёй віне ці, можа, бязвінна заблудзіўся на дарогах жыцця.
— Вось пагаманіў з добрым чалавекам, і на душы палягчэла, — нездаровы, з запалымі шчокамі твар госця растаў у добрай усмешцы. — Адабраў час, вы ўжо прабачце.
— Ну, не даўгі час, — усміхнуўся Агееў, чакаючы, што Кавешка зараз устане з-за стала. Падобна, той і на самой справе пачаў уставаць, скрыпнуў крэслам, але раптам, сагнаўшы з твару ўсмешку, сказаў:
— Я, ведаеце, яшчэ па адным пытанні... Вы ж Непанятлівы будзеце, так мне сказалі?
— Хто сказаў?
Агееў збянтэжана ўстаў і зноў апусціўся на крэсла, не зводзячы вачэй з гэтага чалавека, які так па-здрадніцку
нечакана ашаломіў яго. Той, аднак, паныла ўздыхнуў і развёў рукамі.
— Ды во прыходзіцца. Вы ўжо не здзіўляйцеся...
Але Агееў ужо не здзіўляўся, бо зразумеў, з кім мае справу. I ён маўчаў, імкнучыся ўгадаць, што сапраўды трэба ад яго Кавешку.
— Тут такая справа. Павінен паявіцца адзін мужык з Беразянкі... Вёска такая за шэсць вёрст. Будзе пытацца Бараноўскую, пападдзю, то есць гаспадыню вашу. Дык каб яго затрымаць.
— Як затрымаць?
— Затрымае паліцыя. Ваша справа — прасігналіць. Што рабіць?.. — зноў развёў ён рукамі. — Непрыемна ўсё гэта, я разумею. Але — неабходна. Масы, яны, ведаеце, разбэшчаны бальшавікамі...
— Значыць, прасігналіць?
— Толькі прасігналіць, ага. A то часам знікаюць не злоўленыя. Вось тут днямі бандыт паявіўся і знік. Усіх, ведаеце, хто яго прымаў, немцы таго... Ліквідавалі.
— Што ж, дзякуй, што падказалі, — падумаўшы, сказаў Агееў.
3 зусім іншым тварам, без ценю нядаўняга захаплення і ліслівасці, Кавешка ўстаў з крэсла, зашпіліў свой чорны паношаны пінжачок, узяў са стала капялюш.
— Дык, значыць, я буду наведвацца. Надта я вас не патурбую. Толькі па справе. А пакуль — да відзэння.
— Усяго добрага, — сказаў Агееў, надта абураны ў душы і хочучы толькі аднаго — як мага хутчэй адкараскацца ад гэтага пана. Даючы Драздзенку падпіску за гэтым сталом, ён думаў: ну, навошта ён мог ім спатрэбіцца? А вось, аказваецца, знайшлі і яму працу. Мужык з Беразянкі...
Ён моўчкі праводзіў Кавешку, які на развітанне прыўзняў над лысаю галавой капялюш, стрымана пакланіўся і, дробненька перабіраючы нагамі, пайшоў на вуліцу. Агееў застаўся ў двары — стаяў і думаў. Было ўжо зразумела, што марудлівасць у яго становішчы можа перарасці ў злачынства, так яны ўцягнуць яго ў такое, што век не адмыешся. Трэба было зараз жа звязацца з Волкавым, пра ўсё папярэдзіць. А там хай
рашаюць. Можа, заставацца яму тут ужо немагчыма, трэба шукаць другое ўкрыцце. Але дзе ён цяпер знойдзе Волкава, калі дачакаецца яго? Праўда, у мястэчку быў Кіслякоў, які, аднак, больш за тыдзень сюды не паказваўся. Можа, не было справы, а можа... Але ж ён сказаў: у крайнім выпадку можна зайсці — і даў адрас. Савецкая... Дзе яна, гэтая Савецкая?
Была б дома Бараноўская, паслаў бы яе. А так трэба самому. Удзень? Ці дачакацца ночы? Але ж ноччу — каменданцкі час, на вуліцах ходзяць патрулі, возьмуць, як тады апраўдацца перад Драздзенкам — куды хадзіў?
Становішча яго ўскладнялася найгоршым чынам, зацягвалася ў тугі вузел — і хто б падумаў? Ён ішоў сюды з адзінаю мэтай: адляжацца, залячыць рану і зноў ірвануць на ўсход, дагнаць фронт. I вось — ірвануў, называецца. Так ублытаўся ў гэтыя местачковыя справы, што невядома, як выблытацца. Чым усё можа скончыцца, ён лёгка ўяўляў сабе. Але ж ён хацеў жыць і змагацца з фашызмам, які прынёс яму столькі пакут. Ды і ці яму аднаму...
Быў, мабыць, поўдзень, калі Агееў канчаткова наважыўся ісці да Кіслякова. Ён накінуў на сябе ватоўку, узяў ляшчынавы кій, старанна зачыніў дзверы на кухню. Напэўна, трэба было б замкнуць іх, але замка ён нідзе не знайшоў, падумаў, што хутка вернецца. Упершыню ён выбіраўся з падворка ў мястэчка і не ведаў, дзе шукаць тую Савецкую. Праўда, гэтая назва паказвала некуды ў цэнтр, напрамак, які ён прыблізна ведаў, і, абапіраючыся на кій, пашкандыбаў у канец вуліцы.
Неўзабаве Зялёная яго скончылася, прымкнуўшы да іншай, болей наезджанай вуліцы з вузенькімі тратуарамі абапал. Дамы ўсюды былі несамавітыя, сельскага аблічча — звычайныя вясковыя хаты, некаторыя з фарбаванымі аканіцамі на фасадах, поўнымі кветак гародчыкамі, навіслым над платамі голлем дрэў. Многія аканіцы былі цяпер зачынены, веснічкі — наадварот — расчынены ці паламаны, скрозь у падворках віднеліся сляды нядаўняга разгрому: выкінутае з хат ламачча, старыя транты, клочча паперы. Адзін двор за нізкім штакетнікам быў густа засыпаны пер’ем з пярын і падушак, кучы якога вецер сагнаў пад заваліны, у канаву,
усыпаў ім траву ля плота. Шыбіны ў двух вокнах з вуліцы былі ўсе выбітыя. Агееў заглянуў у адно, у цьмяны паўзмрок хаты з абдзёртымі шпалерамі, з чорнаю дзіркай лаза ў падлозе, і на яго самотна дыхнула страшнай трагедыяй, якая так нядаўна тут адбылася. А колькі такіх трагедый у мястэчку!..
Стараючыся як мага меней кульгаць, ён дайшоў да канца гэтай вуліцы і спыніўся ля высокага дома з зарослым бэзам гародчыкам. Агледзеўшыся, заўважыў у кусце белагаловага гадоў дзесяці хлопчыка і запытаўся, у які бок будзе Савецкая. Хлопчык ткнуў локцем направа і, калі ён ужо саступіў з тратуара, каб перайсці вуліцу, наўздагон крыкнуў:
— А вам каго трэба?
Агееў спыніўся, падумаў, што ў хлопчыка, мабыць, можна і спытацца, і вярнуўся да бэзу.
— Мне Кіслякова. He ведаеш?
— А вунь! — хлопчык пераклаў з правай рукі ў левую ножык, якім стругаў палачку, і паказаў цераз плот. — Вунь, дзе страха з тонкай трубой. Там Кісляковы.