Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Прыкмеціўшы патрэбны дом па той бок вуліцы, Агееў таропка перайшоў пыльную маставую і хутка ўвайшоў у прасторны, нічым не абгароджаны падворак з маладой бярозкай ля ганка. Двор быў пусты і зарастаў травой. На старых, абшкрэбаных дошках дзявярэй коса вісеў іржавы замок; з хаты, аднак, чуліся вясёлыя галасы, і ён падышоў да нізенькага, без фіранак акенца. У той жа час знутры паявіўся мурзаты дзіцячы тварык, за ім другі, трэці — дзеці з неспатольнай цікавасцю ўставіліся ў яго, нібы чагосьці чакаючы, і, Агееў сказаў:
— А дзе старшы брат?
— Нямашака, — адказаў, смешна скрывіўшыся, мурзаты хлопчык.
— Нямашака, нямашака, — паўтарылі за ім астатнія двое.
— Вось дык загвоздка! — ціха сказаў Агееў, і дзеці, нібы дражнячы яго, паўтарылі за акном на розныя галасы:
— Вось дык загвоздка!
— Загвоздка!
— Загвоздка!
— Ах, вы, дразнілкі! — сказаў ён без злосці, не ведаючы, аднак, як быць, дзе шукаць Кіслякова. Ці, можа, прыйсці сюды другім разам?
— Скажыце брату, што прыходзіў кульгавы дзядзька. Хацеў яго бачыць, — сказаў ён праз акно гэтай старой хаты, і дзятва адказала хорам:
— Добра, скажам!..
3 прыкрасцю азірнуўшыся на пусты двор, Агееў выйшаў на вуліцу і, прыпадаючы на хворую нагу, пайшоў на сваю Зялёную. Мястэчка выглядала апусцелым, на вуліцы зусім не было праезджых, рэдкія прахожыя, мабыць, з бліжніх дамоў, паяўляліся і зараз жа знікалі ў дварах. Увесь час баючыся з кім-небудзь сустрэцца, асабліва з паліцыяй, ён, аднак, спакойна дабраўся да сваёй хаты з альтанкай у двары і трохі расслабіўся. Усё ж такі дом! Якое-ніякое прыстанішча, сховішча ад нядобрага вока. Праўда, кепска яно хавала, гэтае сховішча, спакою тут не было, яго адразу раскрыла паліцыя, добра яшчэ, што не адрэзала ўсе яго сувязі. Але што рабіць? Без гэтага парослага травой падворка яму і зусім было б кепска, дзе б ён пражыў гэтую пару тыдняў са сваёй бедалагай нагой, з асколкам у ране?
На падворку ён адчуў сябе ў адноснай бяспецы і, каб абысціся без непатрэбных цяпер кліентаў, прывалок з хлява даўгую жардзіну, загарадзіў ёю ўваход з вуліцы. Сёння ён нікога не прыме, у яго другая работа. Узяўшы з альтанкі скрынку з інструментамі, пайшоў у застаронак. Трэба было брацца за прывезены з лесу абутак. Ён выцяг з меха дзве пары кірзавых ботаў з адарванымі падэшвамі і, уладкаваўшыся каля тапчана, пачаў падбіваць іх на лапе.
He надта гучна стукаючы малатком па гумовай падэшве, ён увесь час быў насцярожаны, слухаў, чакаў, ці не паявіцца хто на двары. Канечне, яму вельмі патрэбны быў Кіслякоў, але магла наскочыць і паліцыя, гэты Кавешка ці яшчэ горш — Драздзенка. Тады трэба было ўсё борзда хаваць і, знарок збянтэжана падцягваючы штаны, выходзіць з хлява. Ён працаваў, не разгінаючыся, гадзін пяць запар. Удзень у застаронку было відна і спакойна, але надвячоркам стала цямнець, асабліва ў той хмарны дзень: ён паспеў падбіць тры
пары ботаў і пачаў зашываць доўгі асколачны ці штыкавы разрэз упоперак халявы, ды не паспеў. Зрабілася зусім цёмна, і ён, запіхаўшы ў мех боты, выйшаў на двор. Тут усё было па-ранейшаму. Дзверы на кухню заставаліся старанна зачыненыя зранку, значыць, Бараноўская не паявілася і сёння. Калі ж яна ўрэшце вернецца, з прыкрасцю думаў Агееў. I наогул ці вернецца? Можа, яму трэба было што рабіць? Можа, заявіць у паліцыю? Ці наадварот — утаіць ад паліцыі факт яе адлучкі? Як лепш зрабіць, каб не нашкодзіць сабе, сваёй гаспадыні? Тым, хто да яе прыходзіў?
Ціхі шолах галля ў садку прыпыніў яго роздум, і, азірнуўшыся, ён згледзеў у паўзмроку пад вішнямі невялічкі хлапечы сілуэт. Узрадаваўшыся, Агееў кінуўся насустрач і ледзьве не крыкнуў ад болю ў назе. Усё ж з ягонай нагой трэба было асцерагацца.
— Прыйшоў? Ну, ідзі сюды, — ціха паклікаў ён, павяртаючы ў хлеў.
— Я на хвіліну, — сказаў Кіслякоў. — Што здарылася?
— Пойдзем, усё раскажу.
Ен прапусціў Кіслякова наперад і, яшчэ паазіраўшыся, прычыніў дзверы хлява. Лапаючы па верхніх жэрдках перагародкі, яны ў цемры дабраліся да нізенькіх дзвярэй яго застаронка.
— Стой, сядай во сюды. А я тут... Перадалі, значыць, рабяты?
— Перадалі. А я на станцыі быў. Учора ж пакгаўз згарэў. Ну, трэба было ўдакладніць. Дык што здарылася?
Адчувалася па голасе, што Кіслякоў насцярожыўся, чакаючы яго тлумачэння, ды Агееў усё не наважваўся прыступіць да галоўнага, паведаміў:
— Нейкі дзядзька мех абутку прывёз. У рамонт. Сказаў, што ад Волкава.
— Ага, была такая размова, — не адразу сказаў Кіслякоў. — Ужо што-небудзь гатова?
— Тры пары. Больш не паспеў. Усё ж трэба асцерагацца.
— Гэта канечне. За вайсковую маёмасць у іх расстрэл. Хаця ў іх за ўсё расстрэл. Учора на мосце павесілі трох мужыкоў за марадзёрства. 3 разбітай машыны колы знялі. Хоць бы з
нямецкай, a то з савецкай. Наогул патрэбны яны былі, тыя колы...
— Ну, немцы на ўсё глядзяць, як на сваё. Як на ваенную здабычу. Па праву заваёўнікаў, — сказаў Агееў. — Слухай, a хто такі Кавешка, не ведаеш?
— Працуе нейкі тып у раённай управе. 3 паперкамі бегае.
— He толькі з паперкамі... Ён што — тутэйшы?
— Ды не. Быццам да вайны яго тут не было. А чаму вы пра яго пытаецеся?
— Прыходзіў, — сказаў Агееў і змоўк. Мабыць, трэба было сказаць пра галоўнае, ды ён усё марудзіў, набіраўся рашучасці. Але Кіслякоў, мабыць, ужо адчуў нешта і сцішыўся ў цемры.
— Панімаеш, чаму я прыбягаў да цябе? Тут штось зацяваецца, — сказаў Агееў. — Начальнік паліцыі прымусіў мяне даць падпіску...
Кіслякоў скалануўся, Агееў адчуў гэта нават у цемры.
— Якую падпіску?
— Падпіску на супрацоўніцтва. I гэты Кавешка ўжо прыходзіў з заданнем — затрымаць кагось з Беразянкі, хто прыйдзе пытацца пра Бараноўскую. А Бараноўская мая тыдзень назад як паехала, дык дагэтуль няма. He ведаю, што і думаць.
Здаецца, ён сказаў надта многа і змоўк, чакаючы, што скажа госць. Але Кіслякоў толькі соп побач, напэўна, думаў, і Агееў падказаў:
— Мне думаецца, трэба далажыць Волкаву.
— Канечне, далажыць, — скупа пагадзіўся Кіслякоў.
— I рашыць, як мне быць.
— Гэта канечне.
— Наогул, я ўжо магу патроху хадзіць і мог бы перабрацца ў іншае месца. Можа, куды ў лес. Таму што... Таму што тут...
— Я перадам, — холадна перапыніў яго Кіслякоў і падняўся. — Давайце, што адрамантавана, я забяру.
— Тры пары ботаў.
— Давайце.
Агееў памацаў пад тапчаном і выцяг звязаныя парамі боты. Кіслякоў закінуў іх за плячо.
— Дык мне што — чакаць? — запытаўся на развітанне Агееў. — Ну. Я звяжуся, перадам.
У цемры навобмацак ён праводзіў Кіслякова праз хлеў, і той, кінуўшы на развітанне «пака», пайшоў тым жа шляхам — сцежкай ля гарода да рова, пакуль не схаваўся ў вечаровых прыцемках. Агееў пастаяў яшчэ на двары, услухаўся ў ветраную ціш вечара. Усё ж дождж так і не сабраўся за дзень, але на ноч прыкметна пахаладнела, ён скалануўся ад ветранай сцюжы і патупаў у свой застаронак.
Жаданая размова з Кісляковым яго не супакоіла і нічога не праясніла, зноў трэба было чакаць, і колькі — хто скажа? За гэты час магло здарыцца рознае, і вельмі магчыма — кепскае. А самае кепскае было ў тым, як Кіслякоў насцярожыўся пры яго паведамленні, нібы перамяніўся ў размове і далей трымаў сябе суха, быццам з недаверам нават. Зрэшты, яно і панятна. Напэўна, Агееў і сам бы ў такім становішчы не надта даверыўся чалавеку, які даў паліцыі падпіску аб супрацоўніцтве. Але ж ён не збіраўся супрацоўнічаць і шчыра пра ўсё расказаў. Праўда, можна было падумаць, што ён прызнаўся па заданні паліцыі, каб сваёй фальшывай шчырасцю выклікаць абсалютны да сябе давер. Таму не надта проста паверыць такому чалавеку. Напэўна, падазрэнне тут натуральнае і правамернае, думаў ён, апраўдваючы то сябе, то Кіслякова. Але на душы ад таго не рабілася лепш.
Той ноччу ён спаў дужа кепска — часта прачынаўся пад кажушком, прыслухоўваўся да неспакойнага пошуму ветру за дзіравымі сценамі. Яму ўсё здаваліся асцярожныя, зладзейскія крокі і незразумелыя шолахі ў шуме ветру, і ён думаў: прыйшлі ад Волкава або вярнулася гаспадыня. Але яго ніхто не трывожыў, і, паляжаўшы, ён засынаў зноў. Устаўшы на світанні, перш за ўсё тузануў кухонныя дзверы ў хату — тыя лёгка адчыніліся, значыць, гаспадыня не паявілася. Трохі падрыгваючы ад ранішняй сцюды, ён захінуў ватоўку і, узяўшы дзіравае вядро, пайшоў на гарод накапаць сабе бульбы.
Бульба ў Бараноўскай урадзіла някепская — буйная, па кулаку, і смачная, калі б да яе было трохі хлеба. Але хлеб
у яго скончыўся, ён ужо некалькі дзён еў без хлеба. Накапаўшы паўвядра, падумаў, што, мабыць, пакуль што яму хопіць. Бульбу таксама трэба было ашчаджаць, яе ў Бараноўскай засталося ўсяго соткі тры на гародзе: з’есць усю, чым тады гаспадыня будзе харчавацца зімой? Калі толькі настане для яе тая зіма...
Пакінуўшы ў баразне рыдлёўку, з вядром у руках ён выбіраўся па быльнягу на сцежку, як краем вока заўважыў, што нібы варухнуліся дзверы на кухню — зачыніліся ў яго на вачах. Радасна падумаўшы, што гэта гаспадыня, Агееў хуткім крокам, кульгаючы, падышоў да дзвярэй і, паставіўшы вядро, увайшоў на кухню.
На лаўцы ля парога, захінуўшыся ў знаёмы вязаны жакет, сядзела Марыя. Яна не павярнулася на яго ўваход, паныла пазірала ў падлогу, і ён моўчкі спыніўся збоку, не ведаючы, што сказаць.
— Што-небудзь здарылася? — нарэшце запытаўся ён, не тоячы сваёй трывогі.
— He, не. Я — да цёткі, — ціха сказала Марыя, хаваючы, аднак, вочы, і ён зразумеў: здарылася кепскае.
— Цёткі няма.
Дзяўчына ўзняла заплаканыя вочы.
— А дзе... яна?
— Панімаеш, няма. Дзесьці прапала, — прызнаўся Агееў. — Адзін жыву.
Марыя апусціла твар у далоні і бязгучна заплакала.
— Дык што здарылася? — азадачана пытаўся Агееў. — Штонебудзь кепскае?
Хутка, аднак, авалодаўшы сабой, Марыя кончыкамі пальцаў выцерла слёзы, перламутравым грабеньчыкам прычасала кароткія валасы, але прадаўжала маўчаць, і ён, чакаючы, ціха прысеў насупраць. Усё ж яму трэба было ведаць, што здарылася.
— Панімаеце... Панімаеце, я думала, што дома цётка Бараноўская, я трохі ведаю яе. Летась пазнаёміліся, — усё ўздыхаючы, памалу спакайнела Марыя.
— Так, так. Ну, а далей?
— А далей?.. Што далей? Жыць мне ў сястры няможна. He магу я... Панімаеце? Я туды не вярнуся.
«Вось дык дзялы, — падумаў Агееў. — Яшчэ чаго не хапала! Туды не вернешся — дзе ж ты застанешся?»