Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Давай, брат! За нашы пакуты!
— Ага! Я, знаеце, канечне, звіняюся. Часам на мяне находзіць.
— Ну і добра, што находзіць, — амаль расчулена сказаў Агееў.
— He, чаму ж, цікава. Так што дзякуй вам, — зусім пасяброўску сказаў Аркадзь.
— Гэта што! Вось я як-небудзь не такое яшчэ раскажу. Яшчэ цікавей будзе. Як мне Героя ледзь не далі.
— Што ж, будзем рады, — сказаў Агееў, усё трымаючы ў руках чарку.
Ён выпіў і, амаль не закусваючы, сядзеў, прыслухоўваўся да сябе, адчуваючы нязвыклае ап’яненне, якое хутка авалодала ім. Ён баяўся за сэрца, але ці, можа, ад таблеткі кардэрону ці ад выпітага каньяку сэрца працавала роўна, хаця і з нагрузкай, але пакуль не збівалася з рытму. I то слава Богу.
У бутэльцы ўжо не засталося нічога, і яна валялася на траве пад сталом. Сямён неяк прыкметна абвяў пасля свайго даўгога ўспаміну, пасядзеў трохі і падняўся. Развітаўся ён коратка, быццам спяшаўся куды, і, не азірнуўшыся, пакрочыў пад агароджай к дарозе. Сонца ішло на захад, ярка асвятліла велічную купу таполяў на могілках, частку каменнай сцяны з праломам на рагу; схіл жа з палаткай і кар’ерам пакрыўся вечаровым ценем, з поля павеяў вецер, і Аркадзь лёгка падняўся са свайго хісткага складнога крэсла.
— Ну, будзем уладкоўвацца, баця. Ты начуеш у палатцы? Я, мабыць, лягу ў машыне.
— А не коратка будзе?
— Усё прадугледжана, рассоўваецца, не першы раз.
Ён пачаў завіхацца ў машыне, рассоўваць сядзенні, доўга надзімаў чырвоны, як і «жыгуль», гумовы матрац. Агееў сядзеў за сталом, думаў. Адчуванне яго, аднак, не пагоршылася, сэрца без асаблівых перабояў спраўна стукала ў грудзях, першая п’янасць хутка мінулася, і ён думаў, што яму прынясе заўтра. Ён хацеў прасіць сына застацца дні на два, каб памагчы скапаць абрушаную ліўнем глыбу і трохі пад ёй. Калі там нічога не знойдзецца, дык можна на тым і скончыць яго задоўжаны пошук.
Мінула тры, пяць і сем дзён, а Бараноўская не вярталася, і Агееў не ведаў, што думаць, калі яе чакаць. Пытацца пра яе ў суседзяў не мела сэнсу, ён не ведаў нават, куды яна выправілася. Па-ранейшаму начаваў у застаронку; ночы яшчэ былі цёплыя, на свежым паветры пад кажушком спалася ўвогуле добра. Hara яго быццам пайшла на папраўку, пух-
ліна паменшала, ён разы два перавязаў рану, эканомна камбінуючы старую павязку з чыстым ласкутом, але хадзіў усё кульгаючы, абапіраўся на кіёк. Зрэшты, хадзіў няшмат, з двара нікуды не высоўваўся, нават на бліжэйшыя вуліцы — толькі выглядваў часам з падворка ў абодва канцы сваёй кароценькай, на дзесятак двароў, Зялёнай, якая адным канцом упіралася ў аўражныя зараснікі. Там быў тупік, далей у роў ішла сцежка. Карміўся Агееў мізэрна, расцягваючы тое, што пакінула гаспадыня, часам варыў бульбу, да якой прыносіў з градкі жоўтыя, пераспелыя гуркі. Вельмі прыгадзіліся Марыіны гасцінцы — масла, сала, варэнне. Горш, аднак, было з хлебам — хлеб у яго скончыўся, а вельмі хацелася менавіта хлеба, без якога не лезла ў рот нішто іншае. Але ісці да незнаёмых суседзяў ён не рашаўся і расцягваў акрайчык, як яго толькі можна было расцягнуць, пакуль аднойчы не з’еў астатні кавалак.
Неяк глухой ветранай ноччу ён раптам прачнуўся ад стрэлаў, што яўна прагучалі ў цішы дзесь непадалёк, можа, на краі мястэчка ці ў бліжнім полі. Стрэлаў было няшмат, каля дзесятка, і ўсё з вінтовак — ужо гэта ён вызначыў пэўна. Хто мог страляць, канечне, засталося загадкай, можа, хто з лесу, а хутчэй за ўсё — паліцаі. Стрэлы тыя ўзварушылі яго душу, той ноччу ён больш не заснуў да світання. Ён усё чакаў, ці не паўторыцца страляніна ў іншым месцы, але да раніцы стрэлаў больш не было. I ён думаў: як было б добра хутчэй залячыць рану, пачаць нармальна хадзіць і вынесці ногі з гэтага мястэчка. Туды, дзе вакол — свае, глядзець у нармальныя людскія твары, не чакаючы бяды ад кожнага сустрэчнага, не баючыся за кожную гадзіну жыцця. А рызыка? Рызыка, канечне, была ўсюды — ішла вайна і гінулі людзі. Але адна справа рызыкаваць разам з усімі, і зусім іншая — сярод ворагаў, штодзённа і заўжды, зусім не падазраючы, дзе цябе спасцігне найгоршае. He, толькі б загаілася рана, і яго тут больш не ўбачаць. Гэта ўсё яму агоркла, ён — вайсковы камандзір, ягоная справа змагацца з ворагам у адкрытую, са зброяй у руках.
Устаўшы рана, ён абышоў двор, з глухога боку хлявоў далез да аброслага маліннікам закутка ля застаронка, дзе ён днямі схаваў пісталет. Пісталет спакойна ляжаў сабе на тым
самым месцы — пад каменем, які ён адкаціў ад падмурка. Разгарнуўшы анучку, Агееў сцёр даланёй слабы налёт іржы на затворы — хай ляжыць, можа, яшчэ спатрэбіцца. Паклаўшы пісталет у ямку, зноў прыціснуў яго каменем. Месца ўвогуле было прыдатнае, і гэта яго супакоіла. У двары ён пачаў думаць, чым сёння паснедаць, — зварыць бульбы ці паесці яблыкаў-малінавак, якія ён знайшоў на дальняй каля паркана яблыні. Кот Гультай перастаў ужо баяцца яго і хадзіў следам, зрэдзьчасу патрабавальна мяўкаючы — прасіў есці. Але для ката ў яго не было нічога.
— Ладна, Гультай. Ідзі лаві мышэй.
Кот пільна ўзіраўся ў яго рудымі, з касым разрэзам вачмі і настойліва цягнуў сваё «мя-у-у».
Агееў хацеў пайсці на кухню, як раптам убачыў на вуліцы фурманку, што ціха пад’ехала да яго хаты, і нейкі дзядзька ў рудой паддзёўцы нацягнуў лейцы.
— Бараноўская тут жыве? — запытаўся ён, не злазячы з фурманкі.
— Тут, — сказаў Агееў.
Ён падумаў ужо, што дзядзька — ад гаспадыні, што, можа, ён скажа што пра яе. Але той моўчкі закінуў лейцы на слуп гародчыка і выцягнуў з фурманкі вялікі, чымсьці накладзены мех. Агееў, стоячы ў двары, здзівіўся:
— Што гэта?
— Куды тут вам? — замест адказу запытаўся дзядзька, несучы перад сабой мех. Толькі ў двары азірнуўшыся, шапнуў: — Ад Волкава я.
Агееў таропка расчыніў дзверы на кухню, і дзядзька гэпнуў мех на падлогу.
-Ух!
— Што гэта?
— А гэта вам работа. Па рамонту. Сказалі, каторыя ўжо нельга пачыніць — на мацяр’ял.
Агееў развязаў вяровачную завязку — у мяху быў розны абутак, але ўсё болей вайсковы — паношаныя кірзачы, гамашы, сярод якіх тырчалі падкаваныя абцасы некалькіх пар нямецкіх ботаў. Во гэта прываліла працы, падумаў Агееў. Як бы з ёй не засыпацца.
— А пасля што? — запытаўся ён у дзядзькі. Той паціснуў плячыма.
— А гэта не ведаю. Сказалі адвезці, я і адвёз.
Ён трохі аддыхаўся, папрасіў вады, напіўся і паехаў, пакінуўшы Агеева ў недаўменні — што рабіць? Як рамантаваць гэта абутак перад усёй вуліцай, па якой швэндаюцца паліцаі, ездзяць немцы? Хіба што перайсці ў хату? Ці ў застаронак? Для каго гэты абутак, ён ужо мог здагадацца, але з такім жа поспехам, мабыць, аб тым маглі здагадацца і немцы. Во становішча, чорт бы яго ўзяў! Пакуль што, аднак, ён зацягнуў мех у застаронак, запіхаў яго пад тапчан — хай паляжыць, пакуль ён што-небудзь прыдумае. А сам пайшоў зноў на кухню — хацелася есці.
Пад няспынным позіркам Гультая, які ўсеўся на падлозе насупраць, Агееў еў учарашнюю бульбу і думаў, што, напэўна, усё ж трэба схадзіць да Казловічавых папрасіць хлеба, таму што без хлеба — не яда. Асабліва калі затрымаецца Бараноўская, ён сапраўды выцягне ногі. I яшчэ ён думаў, што трэба неяк пабачыць Кіслякова, папярэдзіць аб сваіх бедах Волкава. Усе гэтыя дні ён чакаў, што хто-небудзь прыйдзе да яго з лесу, але во прыехаў гэта дзядзька з абуткам, не будзеш жа яму расказваць аб падкопах паліцыі і яго падпісцы. Праўда, увесь тыдзень не аб’яўляўся і Драздзенка, быццам забыўся на яго ці, хутчэй за ўсё, пакуль не меў да яго патрэбы. А як займее гэтую сваю патрэбу, як тады быць?
Толькі ён так падумаў, даядаючы з чыгунка бульбу, як у кухонныя дзверы ціхенька пастукалі, і ён здзівіўся — ніхто быццам не паяўляўся ні ў двары, ні перад кухонным акном — адкуль хто ўзяўся? Ён ужо хацеў адчыніць дзверы, як тыя самі адчыніліся, і на парозе паявіўся не надта ўжо малады чалавек з ніякаватай усмешкай на хударлявым твары, пры гальштуку і ў цёмным капелюшы на галаве. Усё сарамліва ўсміхаючыся, павітаўся і здзеў капялюш, агаліўшы шырокую, да самай патыліцы, залысіну.
— Я не перашкодзіў? Можна да вас, пан... пан Бараноўскі? — ціхім, амаль ліслівым голасам загаварыў ён, трохі кланяючыся.
Агееў са здзіўленнем пазіраў на яго, мала што разумеючы, пасля кіўнуў на крэсла.
— Сядайце, калі ласка!
— Дзякуй, пан... пан Бараноўскі. Я, ведаеце, не дужа патрывожу вас па адной невялікай справе... Хаця справа, ведаеце, пачакае, таму што... Таму... Вунь, здаецца, збіраецца на дождж, неяк вецер быццам павярнуўся к захаду...
— Да, вецер заходні, — сказаў Агееў і змоўк, ледзьве адольваючы раптоўную непрыязь да гэтага пана. «Што яшчэ за пан? — падумаў ён. — Паляк? Беларус? Рускі?»
Госць, аднак, зручней уладкаваўся на скрыпучым крэсле, закінуў нагу за нагу. Яго маленькія вочкі падазрона абмацвалі Агеева, бяскроўныя вусны крывіліся ва ўгодлівай усмешцы.
— Значыць, снедаеце? Скудны заўтрак старыка, як пісаў паэт. Хаця вы не стары, канечне. А заўтрак, пагляджу, скудны... Гэта відавочны факт, — ён гаротна ўздыхнуў, паглядзеў у столь. — Да, цяжкія часы, пане. Цяжкія, але не безнадзейныя. Што рабіць? — развёў ён рукамі і зноў уставіўся ў Агеева ліслівым позіркам. Агееў, слухаючы яго, не мог зразумець, што яму трэба і як рэагаваць на яго лямантацыю.
— Вы, напэўна, наконт абутку? — запытаўся ён суха.
Госць махнуў рукой.
— He, не. Я не наконт абутку. Абутак мне, слава богу, не надта патрэбны. Абыдуся. Ды і куды хадзіць? Няма куды зараз хадзіць, — аб’явіў ён і запытаўся: — Пан нетутэйшы?
Агееў ніякавата знерухомеў. Зноў ён не ведаў, як адказаць гэтаму прышламу, які невядома адкуль — з гэтага мястэчка або прыехаў адкуль. Прыезджаму можна было схлусіць. А калі гэты чалавек тутэйшы?
— Як вам сказаць, — няпэўна пачаў Агееў. — 3 аднаго боку — тутэйшы, а з другога — не.
— Да, канечне, панятна. Калі, скажам, нарадзіліся тут, a жылі ў другім месцы. Як я, скажам. Родам са Слуцка, жыў... Дзе толькі я не жыў.
— I цяпер што ж — вярнуліся? — запытаўся Агееў.
— Цяпер, ведаеце, вярнуўся. Радзіма ўсё ж, яна вабіць... Як... як першае каханне. А вот айцец Кірыл не вярнуўся...
— He вярнуўся, — пацвердзіў Агееў і ўважліва паглядзеў у маленькія вочкі госця, каб зразумець, ці ён сказаў гэта выпадкам, ці з пэўным намерам. Аднак нічога не ўбачыў у гэтых вачах.