Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Сын хлёсткім ударам забіў капронавы корак у рыльца бутэлькі.
— Канечне, канечне.
— Ветэран, інвалід і так далей, — ужо раздражнёна сказаў Агееў. — He выгадваў, як некаторыя. Тыя, што на печы адседжваліся. Ці адразу пабеглі ў паліцыю.
Сямён спакойна слухаў трохі нервовую размову Агеевых, пабліскваючы металічнымі зубамі, нетаропка жаваў закуску. Выбраўшы прыдатны момант, разважна сказаў:
— Але не ўсе і ў паліцыю ішлі па сваёй ахвоце. Былі і такія, што па прымусу. Каторых заставілі. Або па глупасці...
— Як можна па глупасці? На такую справу — і па глупасці? — здзівіўся Аркадзь.
— А здаралася. Як я, напрыклад.
— А вы што — і ў паліцыі былі? — здзівіўся Агееў-малод-
шы, Агееў-старэйшы недаўменна ўставіўся ў Сямёна, а той як ні ў чым не бывала спакойна дажаваў закусь.
— Быў. Дзе я толькі не быў! У паліцыі, у парцізанах. У палоне быў. I ў арміі. Да Віслы дайшоў і вось, — ён сутаргава варухнуў кульцёй. — Шчытай, на тым свеце пабыў. Ды я расказваў...
Аркадзь перавёў недаўменны пагляд на бацьку, але той зрабіў выгляд, што не заўважае ягонага пагляду, і сядзеў раздражнёны і пахмурны. Такога абароту ў іхняй размове ён не прадбачыў.
— Я пра ўсё расказваю. А што? Падумаеш, сакрэт! Знаеш, налі ты мне яшчэ трохі... A то... Малюпашка такая...
— Гэта калі ласка.
Аркадзь з гатоўнасцю адкаркаваў бутэльку і наліў поўны, па берагі, каўпачок. На гэты раз Сямён выпіў залпам і, не закусваючы, дастаў з кішэні, як заўжды, пакамечаны пачак «Прымы».
— Гэта ўпачатку, мабыць? У сорак першым? — насуплена запытаўся Агееў.
— У сорак другім, вясной.
— У сорак другім болей у партызаны ішлі. Масавы прыход пасля зімы. Па чорнай трапе.
— Во, па чорнай трапе. Мы з Віцькам Бекешам тожа так саабразілі. Зіму пракантаваліся на печы, а вясной сцямілі: трэба ў лес. Тым больш пра парцізан ужо загаварылі. Праўда, далекавата яны ад нас паявіліся — у Сіняўскім лесе, і я кажу Віцьку: чакай, узарэм гарод і рванём. Ён: «Не, цягнуць нельга, сябе ж пакараем, кожны дзень важны». Ну, ведама, пабрахаліся, і ён ранічкай ірвануў адзін. Я б, ведаеце, таксама пайшоў, але маці шкада было: што яна без гарода, старуха, чым пракорміцца? Карову зімой забралі, каня не вярнулі, празявала мамаша, пакуль я ў палоне загібаўся аж у Белай Падлясцы, можа, чулі — агромністы шталаг быў. Увосень адтуль уцёк. Уцякло многа, а мала ўцалела, немцы сабакамі пацкавалі, пастралялі. Мне ж пашэнціла: на пакроў прывалокся дадому — галодны, вашывы, увесь у скуллі ад прастуды. Зноў жа, дызенцерыю падхапіў. А дома што? Маці старая ў сцюдзёнай хаце — ні
хлеба, ні дроў, ні бульбіны. Ледзьве неяк да вясны дацягнулі, ад хваробы аклямаўся — трэба зноў ісці біць ворага. Біць яно, канечне, патрэбна, злосці ў мяне на іх да вушэй, але і маці шкада.
— А што, дома болей нікога не заставалася? — запытаўся Агееў, які пачаў ужо ўслухоўвацца ў Сямёнаў расказ.
— Апроч мяне была ў маці яшчэ дачка, мая сястра старшая. Замужам у суседнім раёне. Але ў сястры чацвёра дзяцей, мужа забілі ў першыя дні акупацыі, са свёкрам жыве. Ну, як туды маці? Сядзіць у сваёй хаце старая.
Дык вось гэты Бекеш напакаваў сідар і падаўся з сяла. Я застаўся, укалываю на гародзе, бульбу саджаю. Аж дні праз тры вяртаецца мой дружбак: парцізаны назад адправілі. Зброя трэба! Без зброі не прымаюць. А дзе возьмеш зброю? Гэта там, дзе ішлі баі, яе процьма на полі засталося, а ў нашай мясцовасці ніякіх баёў не было, фронт стараной прайшоў, нічога нідзе не знойдзеш. 3 чым ісці ў парцізаны?
А трэба вам сказаць, тут другая бяда насела — у мястэчку гарнізон устанавілі, паліцыю набіраюць. Ну, канечне, добраахвотнікаў, каторыя на Савецкую ўласць зуб мелі, тых усіх падабралі, і — мала. Сталі браць розных. Прысылаюць павестку з’явіцца — і забіраюць. Добра, калі хто можа адмовіцца, ну, інвалід, хворы, даведку мае. Я таксама даведку меў, што дызенцерыя, але даведцы той паўгода ўжо споўнілася. Праўда, падпраўляў раз і другі, ужо дзірка на тым самым месцы, дзе чысло, трэці раз падправіць ужо няма як. Худое дзела! I вось неяк пад вечар сышліся мы з Бекешам за лазняй, рашаем: як быць? А трэба сказаць вам, Бекеш гэты быў хлопец граматны, дзевяць класаў скончыў, але малады, гарачы і дужа перажываў тую няўдачу з парцізанамі. Вось ён і кажа: «А што, калі запішамся ў паліцыю? Дадуць вінтоўкі — і ў Сіняўскі лес!» Думаю, можа, і правільна! A то даседзішся, што сілай возьмуць ці яшчэ лепш — застрэляць. Боязна, канечне, і пагана неяк, але што зробіш? Ужо горш, мабыць, не будзе, чым у тым шталагу пад Белай Падляскай. Усё ж у паліцыі ўжо знаёмыя аб’явіліся — каторых узялі, каторыя самі пайшлі. Канечне, служыць ім мы не будзем, нам абы вінтоўкі займець.
Ну вось, узараў я гарод, пасадзіў бульбу, думаю: заб’юць, дык маці хоць на першым часе будзе як перабіцца. Намякнуў старой, а тая плакаць: «Лепш бы ты, — кажа, — на вайне ўлетку пагіб, чым цяпер у паліцыю ісці». — «Нічога, мамаша, — кажу. — Я ім паслужу. Я ў парцізаны перабягу, мне б толькі зброю займець». Ну, трохі супакоіў старую, і ранічкай мы з Бекешам падаліся ў мястэчка.
Я ўжо казаў, што там знаёмыя былі, двое з нашай вёскі, з мястэчка некалькі. Скажу вам — розныя людзі. Каторыя сволачы, а каторыя і нішто, толькі застрашаныя, асабліва сямейныя. Куды ім? Калі што — немцы дзяцей пахапаюць, баб, пакараюць люта. Ну, паслалі нас з Бекешам у трэці ўзвод, пачалі муштраваць на пляцу — страявой, прывітанню, як у арміі. Формы яшчэ не было, у сваім хадзілі, хто ў чым. Я ў гімнасцёрцы, шэрым шыняльку, ботах кірзавых. Вінтовак пакуль на давалі, усё без зброі мурыжылі. Паліцыя ў школе размяшчалася, цагляная будыніна такая на адзін паверх у цэнтры мястэчка, ля мосціка. Начальнікам быў звер адзін, хадзіў увесь у рамянях, з маўзерам на баку, лютаваў — не дай бог. Калі якое падазрэнне ці парушэнне — біў кулаком у морду, a то перадаваў у эсдэ на станцыю, там нямецкі гарнізон асталяваўся. Два ўзводы, каторыя ўжо ўзброеныя былі, часта па трывозе паднімалі — то на арышты, аблавы, то проці парцізан. I вось неяк раз — у маі гэта было, ужо лес распусціўся — ноччу трывога! Усе высыпалі строіцца, а я ў нарадзе днявальным стаяў. Гэты раз усіх пагналі на падводах і вярхамі, недзе парцізаны напалі, на выручку, значыць, сваіх. I трэці ўзвод тожа пагналі, толькі два хворыя засталіся і трое нас з нарада. Як усе вымеліся, я казарму падмёў, стаю ля тумбачкі ў калідоры, другі днявальны толькі змяніўся, закімарыў пад шынялём на нарах. А дзяжурны, старшы паліцэйскі Сурвіла, з вінтоўкай на ганку ходзіць. 3 усіх нас толькі ён са зброяй. Вось, думаю, лёг бы і ён адпачыць, я б яго вінтовачкай і разжыўся б. Але не кладзецца, зараза. Пад ранак на світанні чуем — страляніна за лесам у баку Слабады, густая такая страляніна ўсчалася, можа, з гадзіну доўжылася. Сурвіла гэты нервуецца — то ў калідор увойдзе, то выйдзе — баіцца, сволач, каб парцізаны не наляцелі. Падлю-
га быў добры, раней у РДК гаспадарыў, рашка — во, плечы — во, дужы, сабака, а баягуз. Бачу, мандражэ ваўсю яго водзіць. Злосць мяне бярэ, але выгляду не падаю, стаю ў калідоры. На рамяні ў мяне штык, звычайны трохграннік, ад нашай драгункі. Канечне, гэта не зброя, з такім у парцізаны не прымуць. А дзе ўзяць лепшую? Усё думаю аб тым, ламаю галаву.
I вось толькі развіднела, вяртаюцца з аперацыі, спярша конныя, а пасля на падводах, параненых прывезлі чалавек пяць і двое забітых. На палатках нясуць у казарму. Гляджу — і раптам ледзь не закрычаў ля тумбачкі — Бекеш! Галаву звесіў, лоб белы, у валасах кроў. He так многа крыві, ад кулі, а ўсё! Забіты. Вось табе і раздабыў зброю. Нават у руках не патрымаў, пры возе быў, коней пільнаваў. Сляпы ён, ваенны лёс, нічарта не выбірае. Каго папала косіць, часцей добрых людзей, а свалату якую не зачэпіць і куля.
Значыць, згрузілі забітых, паклалі параненых, і два паліцаі пад рукі вядуць яшчэ аднаго. Тожа паранены ў нагу, нага трохі перавязана, без бота, скача на адной. Гляджу, быццам не наш, у паліцыі такога не было. Пытаюся ў Чарняўскага, паліцая з мястэчка, з якім некалі разам у школе вучыліся, кажа: парцізан, параненым падабралі. Малады такі, у чорнай кубанцы, пахожа, камандзір нейкі з лесу.
Павалаклі яго ў канцылярыю на допыт, а канцылярыя якраз насупраць, праз два крокі ад мяне, я стаю ля тумбачкі і ўсё чую, як там яго мардасяць. Начальнік з маўзерам, ад эсдэ нейкі граміла ў жоўтых ботах, некалькі паліцаяў. Спярша яго па-добраму, але, відаць, не хоча гаварыць парцізан, дык крычаць сталі. Ну, і дубасіць. Ён таксама крычыць і лаецца. Але ўсё ж нешта і скажа. Чую, прозвішча сваё назваў, а яны ўсё пра Сіняўскі лес дабіваюцца. Пачалі болей дубасіць. Во ён ужо і самлеў, выбеглі па ваду, адлілі. I зноў біць. Пасля перапынак. I зноў. Гэты допыт, мабыць, гадзіны са тры цягнуўся, мяне ўжо змянілі ля тумбачкі. Толькі прылёг, Сурвіла будзіць. Кажа: «Запрагай цялегу, паедзем на заданне». — «Куды?» — пытаюся. «На станцыю, палоннага бандзіта павязём, немцы трэбуюць». Надта мне не спадабалася гэтае заданне: па-першае, парцізана немцам аддаць —
гэта ж для яго пэўная смерць; па-другое, я зноў без зброі застаюся. Кажу: «Няхай вінтоўку якую дадуць, як мне з голымі рукамі ехаць?» Кажа Сурвіла: «Не трусь, я са зброяй. Калі пабяжыць. Ды і не пабяжыць ён, ледзьве дыхае».
Ну, запрог я коней, вынеслі на цялегу парцізана, паклалі на саломе. Гляджу, і праўда, ледзьве жывы, так адматузілі. Твар увесь у крыві, на свет божы адным толькі вокам глядзіць. «Куды вы мяне везяце?» — пытаецца. А Сурвіла яму: «Ці не ўсё роўна табе, бандзіцкая морда! Вот шлёпнем на мосце — і ў ваду». Парцізан лаецца, мацюгае і паліцыю і Гітлера. У мяне на душы пагана, думаю: няўжо і я свае рукі да ягонай пагібелі прыкладу? А што зробіш? He адмовішся ж. Тыя, што ноччу па трывозе ездзілі, цяпер паклаліся, будуць спаць да абеду, а нам, значыцца, такое дзела...
Выехалі з мястэчка, бальшаком кацім. Парцізан, не зважаючы, што паранены і скалечаны, дык яшчэ і звязаны па руках, а да здаровай нагі вяроўка прапушчана. Я сяджу ў перадку з лейцамі, Сурвіла ззаду, назірае за абодвума. Бальшаком насустрач праехалі дзве падводы, прайшлі тры бабы з кашолкамі. А так пуставата. I тут пачалі ў мяне розныя мыслі паяўляцца. Стаў я прыглядацца да меснасці. Станцыя гэтая была вярсты праз чатыры, дарога ўвесь час палявая, але ў адным месцы, за мастком, пачыналіся кусцікі, а ў тых кусціках развілачка такая малапрыкметная: бальшак на станцыю, а бакавая дарожка цераз лужок — прама ў дзярэўню Смаляны каля хваёвага бору. Думаю, вось бы туды павярнуць. Але як павернеш, калі гэта жывадзёр ззаду, у руках вінтоўка. Калі што, хутка кулю між лапатак палучыш.