Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
I ўсё ж я наважыўся. Як уехалі ў гэтае кустоўе, я і кажу Сурвілу: «Слыш, вазьмі лейцы, а я на мінутку. Жывот нешта...» Ён падумаў, азірнуўся, ды, праўда, злез, перайшоў к перадку, узяў лейцы. Перад тым, канечне, вінтоўку закінуў за плячо, а мне толькі гэта і патрэбна. Выхапіў я штык з-за дзягі і, бы дзіку, ззаду яму пад лапатку. Толькі застагнаў, як кабан, ды і асеў мне пад ногі. Я за вінтоўку, сабе на плячо, яго за ногі ды ў канаву. Пасля сам у цялегу ды па конях! Коні някепскія былі, як урэзаў ім, як ірванулі цераз лужок! Парцізан спярша аж заенчыў, запрасіўся нават, а пасля
сцяміў, відаць, у чым справа, і змоўк. А затым і падказаў, куды ехаць. «У Качаны, — кажа, — да каваля. Там скажуць». Я і прымчаў яго ў Качаны, там перахавалі, пераначавалі ў стажку, а назаўтра з атрада прыехалі. Адразу чацвёра конных, і мой парцізан кажа: «Вось ён мяне спас, рабяты. Спасіба, паліцай». Аказваецца, парцізан гэты не радавы быў, a начштаба атрада. Во якая штука, думаю. Аднак жа і пашанцавала мне. Толькі вось Бекеша шкада...
Прызначылі мяне пакуль што ў рэзерв. Прыгледзеўся я, што тут за людзі. Аказваецца, і тут ёсць знаёмыя. Каторыя з раёна, мяне не надта ведаюць — што я, да вайны ў брыгадзе рабіў, малады быў. Пасля служыў дзяйсцвіцельную на ДВК. Затое я іх помню. Загадчык райза наш, начальнік міліцыі. A раз каля кухні гляджу — настаўнік з местачковай школы Багіраў, нас у чацвёртым класе вучыў. Пастарэў толькі, амаль увесь сівы стаў. Але — камандзір атрада.
Пачалася мая парцізанская жызня, і пачалося ўродзе някепска. Мяне хоць і няшмат хто ведаў, але заўважылі адразу — як жа, начальніка штаба ад гібелі спас. Праўда, некаторыя і касіліся: з паліцыі ўсё ж, як бы падасланым не аказаўся.
— Ну, гэта вам пашанцавала сапраўды, — сказаў Аркадзь. — Што трапіў начальнік штаба. Як у кіно. А калі б радавы, напрыклад. Ці па дарозе памёр...
— Вось гэтага я болей за ўсё баяўся, — зусім па-дзіцячы адкрыта заўсміхаўся Сямён. — I па дарозе, і пасля ў стажку ноччу. Кепска чуўся начштаба, парой памяць траціў. Вось, думаю, аддасць канцы, што мне тады? Куды падацца? Парцізаны скажуць: забіў. I ў паліцыю нельга, не павераць. Ды і Сурвілу знойдуць з маім штыком пад лапаткай. А начштаба ў атрадзе не было месяцы два, схавалі недзе ў ціхім месцы, лячыўся. За той час я ўжо зусім асвойтаўся, колькі разоў у засадах удзельнічаў, на зброю разжыўся. To пра адну вінтоўку марыў, а тут у мяне ўжо і парабел завёўся — выцягнуў на шасейцы ў забітага афіцэра, кінжал харошы такі, з нрыгожымі ножнамі. Словам, настаяшчы парцізан. I вось неяк увечары, толькі мы павячэралі на кухні, выходзім — насустрач незнаёмы мужык у скуранцы, з палачкай, кульгае трохі,
гляджу: хто такі? А Колька Смірноў (масквіч быў, пасля, як гарнізон грамілі, смярцельную рану палучыў, у мяне на руках сканаў), дык гэты Колька штурхае мяне ў бок: маўляў, што вочы разявіў, аддавай чэсць, гэта ж твой хрэснік — начштаба. Ну, я руку пад казырок, так і так. «Дзень добры, таварыш начштаба, як здароўечка?» Праўда, падаў ён руку. «Дзякуй, — кажа, — табе за спасенне». Кажу: «Нічога не варта, абодвух спасаў — і вас, і сябе». — «А адкуль ты, — пытаецца, — дазнаўся, каго спасаць нада?» — «Дык я ж, — кажу, — ля тумбачкі стаяў, як вас там мутузілі, чуў што-нішто». Нічога мне не сказаў той раз, але неяк спахмурнеў тварам, Я не звярнуў увагі — ці мала чалавек перажыў. He надта гэта вясёлае дзела — у іхніх руках пабываць.
I вось лета канчаецца, ваюем мы ў парцізанах, аж трэск ідзе па лясах. To мы іх б’ём у хвост і грыву, то яны нам даюць прыкурыць. Ранейшага камандзіра нашага пераводзяць у камбрыгі, а замест яго ставяць Навікоўскага. Хлопцы да мяне часам чапляюцца, жартуюць: «Сямёнаў, схадзі да свайго дружбака, папрасі, каб аўтаматчыкам мяса падбавілі». Або: «Закінь слоўца, хай пасля аперацыі пад’ём на пару гадзін пазней зробяць». Або: «Што ты ў драных ботах тупаеш, папрасі камандзіра, хай трафейныя выдасць». Я, канечне, адбіваюся, нікуды не хаджу, не звяртаюся. Я ўжо сцяміў, што мой камандзір на мяне быццам злуе, нават пазбягае мяне. I не тое каб чым задобрыць, ну, там даць лішнюю гадзіну паспаць, дык яшчэ наадварот, усё кудысь адаслаць мяне хоча. Другія камандзіры да мяне ўсе нармальна, камісар дык у прыклад перад хлопцамі ставіць. Ды і на самай справе, хіба я дрэнна ваяваў? Падрывалі мост у Шонцах, я паліцая-вартавога зняў. Ды так спрытна, што, пакуль у бліндажы ачухаліся, мы ўсю ўзрыўчатку да свай папрывязвалі. Узарвалі, каравул увесь знішчылі і нікога свайго не страцілі. Камісар падзяку аб’явіў перад строем, гляджу, Навікоўскі моршчыцца. He па сэрцы я яму, што ты будзеш рабіць! Перад Кастрычнікам пачалі да ўзнагарод прадстаўляць, камісар кажа: ордэн Сямёнаву, а камандзір пярэчыць: медаля хопіць. Ну, «За бэзэ», значыць. А калі толькі дзе пыхне дохлая справа, як у Трасцянскім балоце, дзе немцы абоз наш
перахапілі, туды — Сямёнава. Ідзі — памры ці вярні абоз. Пайшоў і вярнуў, не памёр. Дзякуй, канечне, перад строем і так далей. Але, адчуваю, яму было б лепш, каб не вярнуўся, памёр. Штосьці ён падазраваў за мной, а што — доўга не мог дакумекаць.
— Мабыць, гэтую вашу службу ў паліцыі, — сказаў Аркадзь.
— Ды не службу. He ў службе справа, — перапыніў свой расказ Сямён, ужо не першы раз пакасіўшыся на бутэльку. Аркадзь, канечне, прыкмячаў тыя яго красамоўныя пагляды, але рабіў выгляд, што не разумее іх. Агееў маўчаў, ён ужо зразумеў усё, да чаго з такімі падрабязнасцямі падводзіў Сямён. Але слухаў. He сказаць каб з вялікай цікавасцю — хутчэй з ціхім пачуццём чагось знаёмага, толькі, можа, апошнім часам трохі забытага.
— He службу. Хаця і я гэтак спачатку думаў. Што не давярае. Ці выпрабоўвае. А пасля паняў: сам вінаваты. Праз свой доўгі язык пакутую.
Неяк я яму каня сядлаў, ну, так выпала, падвёў, значыць, к зямлянцы (у Краснай пушчы стаялі, у сосніку), аддаў павады. Паблізу быццам нікога не аказалася, ён павады ўзяў, патрымаў страмяно і, перш чым скочыць у сядло, пытаецца: «Скажы, Сямёнаў, ты тады да канца дадняваліў?» я адразу сцяміў, калі гэта тады, але прыкінуўся, што не паняў, пытаюся: «Гэта калі?» — «Ну, як мяне там дубасілі?» — Кажу: «Дняваліў, але хутка змяніўся, у казарме спаў». Схлусіў я і бачу: вочы ў яго павесялелі, штось у іх адпусціла, ускочыў ён на каня, а я і пытаюся, бы не разумею: «А што, таварыш канмандзір?» — «Ды не, нічога», — кажа і дубцом каня па шыі — паскакаў. Во як, схлусіў, а чалавеку палягчэла, ды і мне таксама. Неяк раз пры пастраенні падышоў, пажартаваў, пачаставаў папяросай нават. Ну, думаю, трымайся, Сямён, справы твае быццам пайшлі ўгару, не балбачы толькі. Кароткі, аднак, быў мой шацунак, праз тыдзень пахавалі Навікоўскага — забілі, як пераходзілі жалезку.
Сямён змоўк, задумліва трымаючы ў пракураных пальцах патухлую цыгарэту, абодва Агеевы таксама маўчалі. Бацька — пагрузіўшыся ў тое даўняе і невясёлае мінулае,
якое, не зважаючы на гады, часам прачыналася ў ім і востра драпала душу. Аркадзь быццам штосьці абдумваў і неўзабаве прызнаўся:
— He дужа зразумеў: у чым соль? Ён што — па заданні ці як?
— Што — па заданні? — не зразумеў Сямён. — Чаму па заданні? Так проста.
— To есць?
— Ды ўсё ясна, — сказаў Агееў. — Што тлумачыць. Тут і малому панятна.
— Ну, — коратка пацвердзіў Сямён.
— А во мне непанятна, — усумніўся Аркадзь.
Сямён з хітрым прыжмурам вачэй пазіраў то на сына, то на бацьку, але што-небудзь тлумачыць ён, відаць, не хацеў, і Агееў-старэйшы сказаў сыну:
— Можа, табе і не зразумець. Бо вы — пакаленне, далёкае ад таго часу. He, не па аб’ёму ведаў. Ведаў пра вайну ў вас хапае. Але вось атмасфера часу — гэта тая тонкасць, якую немагчыма спасцігнуць лагічна. Гэта спасцігаецца скурай. Крывёй. Жыццём. Вам жа гэта не дадзена. Зрэшты, можа, і не трэба, каб было дадзена. У вас сваё. А што да вайны, дык, можа, вам хопіць вярхоў, таго, што дае масавая інфармацыя. Там усё стройна і лагічна. Проста і нават прыгожа. Асабліва калі пастаўленыя ў рад гарматы лупяць па ворагу.
— Ну, чаму ж! — выцягся барадаты твар у Аркадзя. — Мы павінны ведаць,
— Каб што-небудзь ведаць як след, трэба ўлезці ў яго па вушы. Як у навуцы. Або ў мастацтве. Або калі гэтае штонебудзь стане лёсам. Але не прадметам кароткай цікаўнасці.
— А чорт яго! Лепей менш ведаць, — прымірэнча сказаў Сямён. — Спакайней спаць будзеш. Я вось, калі пачну прыпамінаць, ноч не сплю — думаю. Тады столькі не думаў, a цяпер на роздум пацягнула.
— Значыць, старэем, — сказаў Аркадзь. — Роздум, як і сумненне, — справа старых дзядоў.
— А я не стары! Знаеш, я сябе адчуваю ўсё тым жа, як і ў дваццаць шэсць год. Хаця во ўжо хутка семдзесят. Але семдзесят быццам не мне. Нейкаму дзеду Сямёнаву. А я Сямён і ўсё такі, як быў у вайну.
— Гэта толькі здаецца.
— Канечне, здаецца. Але во так чуюся. Збоку яно інакш відаць.
— Збоку ўсё інакш.
Агееў час ад часу пазіраў на сына і бачыў, як на працягу расказу госця мяняўся выраз зарослага твару Аркадзя — ад халаднаватай насцярожанасці да непрыкметнай слабой цікаўнасці. Здаецца, штось ён стаў разумець. I бацька думаў: вялікая гэта справа — чалавечая адкрытасць, праўдзівая споведзь без грама разліку, жадання падаць сябе лепшым, чым ёсць на самай справе, — якасць, якая сустракаецца цяпер не так часта. Ён не раз прыкмячаў, як у кампаніях маладых, ды і старэйшых, кожны імкнуўся выскачыць са сваім «а я...», прагнучы толькі аднаго — зрабіць уражанне. Няважна чым: рэчамі ці ўчынкамі, адносінамі да сябе начальства, тым, як табой захапляліся ці як ты спадабаўся камусьці. Сямён жа ні на што не разлічваў — паўставаў без прэтэнзій у сваёй голай чалавечай сутнасці. Агееў адчуў гэта ў ім і ацаніў больш, чым калі б ён пахваляўся сумленнем, умельствам, розумам ці заслугамі. Сямён не лічыў за сабой ні вялікага розуму, ні якіх там заслуг і тым вабіў да сябе болей за многіх дужа разумных і надта заслужаных.
— Вып’еце яшчэ? — ужо зусім па-сяброўску запытаўся ў госця Аркадзь.
— А не адмоўлюся, — лёгка пагадзіўся Сямён. — Загаварыў я вас, аж сам захваляваўся.
Аркадзь хутка наліў яму поўны, да берагоў, каўпачок, сабе наліваць не стаў, і Агееў раптам працягнуў руку:
— Плясні і мне тожа.
Сын зрабіў здзіўлены твар, але наліў — ледзь, на самае донца, і Агееў павярнуўся да Сямёна: