Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Першы ўвайшоў усё той жа паліцай у фрэнчы, стомлена сагнаў з твару выраз нядаўняй заклапочанасці.
— Ну, паняў? — рэзка, ва ўпор запытаў ён Агеева. Той адмоўна пакруціў галавой. — He паняў? Які непанятлівы! У лагер цябе загадаў справадзіць! Як ваеннапалоннага.
Вымашчаны дол у двары хіснуўся перад вачамі Агеева, ён зірнуў у бок вуліцы, выхад на якую, аднак, перагарадзілі ўжо два паліцаі з вінтоўкамі.
— Скажы мне — дзякуй! Паручыўся за цябе, ясна? — кінуў паліцэйскі і, быццам у роздуме, моўчкі пакрочыў у глыб падворка.
— Што ж, дзякуй, — выціснуў з сябе Агееў, не ведаючы, што яшчэ сказаць. I нават што падумаць з гэтага поваду.
— Во так! Што ж, думаеш, гэта проста? Думаеш, ён адразу і паверыў? — павярнуўшыся, сказаў паліцэйскі.
Мабыць, усё яшчэ перажываючы непрыемную размову з немцам, той хвіліну пахадзіў сюды-туды па двары. Агееў стаяў на адным месцы, адчуваючы, што сённяшнія выпрабаванні, мабыць, яшчэ не скончыліся. Яшчэ нешта яму рыхтуеца. Нарэшце паліцэйскі кінуў свой дубчык і рашуча сеў на лаўку пад клёнам.
— Ладна, чорт з ім! Ты гэта... Паглядзі заадно мае боты.
Рэзка тузануўшы, ён садраў з нагі, мабыць, цеснаваты хромавы бот, сунуў яго Агееву, і той падаўся на сваё месца ў альтанцы. Паклаўшы нагу на нагу, паліцэйскі ўважліва паглядзеў на яго.
— Ты — даўно?
— Што? — павярнуўся Агееў.
— Што, што... Ранены, кажу, даўно? — гыркнуў паліцай. — He панімаеш?..
«Чорт бы цябе ўзяў з тваёй панятлівасцю!» — злосна падумаў Агееў, не ведаючы, як лепш адказаць аб сваім раненні. Але, відаць, адказаць прыйдзецца папраўдзе, гэтага не ашукаеш. Сам, мабыць, адтуль жа...
— Ды нядаўна. Як адступалі... Чырвоныя.
Паліцэйскі коратка рагатнуў.
— Чырвоныя! А сам ты хто — белы хіба!
— Я? Ды так...
Адразу сагнаўшы з цвёрдага, валявога твару ўсмешку, паліцэйскі зірнуў на сваіх памочнікаў, якія цярпліва чакалі каля гародчыка, чуйна прыслухоўваючыся да іх размовы.
— Ладна цямніць! He відаць па табе хіба! Думаеш, галіцца перастаў, дык ніхто не пазнае? Камандзір? — раптам рэзка запытаў ён, пранізваючы Агеева вострым прыдзірлівым паглядам. — Камандзір, канечне. Во па чубу відаць. Радавога б абстрыглі.
Выкладваючы са скрынкі інструмент, Агееў маўчаў, усё яшчэ прыкідваючы, як паводзіць сябе, за каго выдаваць. Па дакументах Бараноўскага ён — інжынер-чыгуначнік, такую і засвоіў версію, але ж гэты не пытаецца яго дакументы. Спрактыкаваным вокам ён, мабыць, адразу ўгадаў у ім вайскоўца, адмаўляцца ад чаго ў становішчы Агеева было рызыкоўна. Толькі болей заблытаешся ці выклічаш падазрэнне ў чым-небудзь яшчэ больш падазроным.
— Ладна, — памаўчаўшы, сказаў паліцэйскі. — Паглядзім, які ты шавец. Падбі касячкі. Як у немцаў. Каб ішоў і здалёку было чуваць: ідзе начальнік паліцыі, а не хрэн сабачы. Паняў?
— Ясна, — стрымана сказаў Агееў, ужо разумеючы, што, мяркуючы па ўсім, перад ім сам Драздзенка, пра якога ён чуў ад Бараноўскай. I гэта яго першыя кліенты — фашыст і ягоны прыслужнік з іх ерундовым рамонтам. Калі толькі справа сапраўды ў гэтым рамонце...
— Во бяда — новых касячкоў няма, — сказаў ён, пакапаўшыся ў бляшанцы з цвікамі. Сярод іржавых цвікоў выбраў
тры таксама іржавыя, відаць, адарваныя ад старых абцасаў, касячкі. — Во такія падыдуць?
— Ладна, пайдуць, — сказаў Драздзенка і зноў зблізку пільна зірнуў Агееву ў твар. Той, робячы выгляд, што не заўважае гэтага позірку, прымерваў касячок на трохі збіты абцас начальніка паліцыі.
— Дык хто па званні? — раптам сцішана запытаў той, абапёршыся локцем на калена разутай нагі. Абодва паліцаі з-за агароджы — адзін белабрысы, пажылы, у картузе і другі малады, плячысты, у нямецкай пілотцы — прыкметна навастрылі вушы, і начальнік паліцыі кінуў у іх бок строгі позірк.
— Эй, вы там! Расстарайцеся мне малачка папіць...
Застукаўшы ботамі, паліцаі кінуліся ў двор, але Драздзенка адразу спыніў іх зычным вокрыкам:
— He сюды, абармоты! Тут няма нічарта. У суседзяў!..
Калі паліцаі выбеглі і ў суседзяў трывожна забразгалі веснічкі, ён нахіліўся да Агеева:
— Дык званне якое? Лейтэнант? Старшы?
— Старшы, — сказаў Агееў.
— He палітрук часам?
— He, не палітрук. Начальнік боепітання.
— Ага, спецыяліст па вааружэнню? А я вось з танкавых войск. Быў начштаба батальёна.
— Што ж, вялікае начальства, — прамармытаў Агееў, праклінаючы ў душы гэтага не ў меру праніклівага паліцая. Ён забіваў жалезныя цвікі ў абцас, бот скаланаўся разам з чыгуннай лапай, на якую быў надзеты, і кожны ўдар балюча аддаваўся ў яго распухлай назе. Начальнік паліцыі закурыў «Беламор», пускаючы дым у альтанку, і Агееў прагна ўдыхнуў знаёмы пах папярос, хоць сам не курыў ніколі.
— Было! — з уздыхам сказаў Драздзенка. — Было начальства і сплыло. Як дым, як утранні туман. Цяпер другое начальства, нямецкае. Хто б калі падумаў, га? Сказалі б год назад, што я стану начальнікам паліцыі, я б таму ў морду плюнуў. А стаў жа. Чаму? Ды таму, што за другіх гінуць не схацеў. Слухай, ты адкуль родам?
— Я? Ды тут, недалёка, — стрымана сказаў Агееў. — А вы?
— А я тутэйшы. 3 мястэчка. Ну, і якія планы?
— Ды якія планы. Нага вось... — варухнуў збалелым каленам Агееў.
— Што, здорава саданула?
— Здорава, — сказаў Агееў, аддаючы бот. — Вось паглядзіце. Так добра?
Драздзенка ўзяў бот, агледзеў абцас і раптам сказаў са сцішанай злосцю:
— Гаўно ты, а не шавец. Хто ж так падбівае? Трэба ж было падкласці кавалачак скуры. А то ж крыва!
— Была б яна ў мяне, скура, — развёў рукамі Агееў. Ён і сапраўды не знайшоў у папоўскай скрынцы ні кавалачка падэшвеннай скуры — чым было падбіваць абцасы?
— Да-а... Ну, ладна, падбівай другі. He хадзіць жа так.
За агароджай на вуліцы паказаліся абодва паліцаі, адзін застаўся з вінтоўкай на выхадзе, а другі ў выстаўленых руках нёс гарлач малака, які асцярожна падаў начальніку.
— Во, толькі падаілі. Сырадой, — белабрысы твар паліцая ўгодліва расплыўся ва ўсмешцы. Драздзенка аберуч аблапіў гарлач.
— Што ж, пап’ём сырадою. Кажуць, палезна для здароўя.
— Ага, дужа палезна, — яшчэ больш заўсміхаўся паліцай, закідваючы за плячо рамень вінтоўкі, і Драздзенка раптам скіраваў на яго пагрозлівы позірк.
— Паспытаў ужо? Хоць бы пысу выцер, скаціна!
Са спазнелай паспешнасцю паліцай пачаў выціраць тоўстыя вусны, а ягоны начальнік гідліва апусціў гарлач.
— Во з кім працую, — паскардзіўся ён Агееву. — 3 такімі во курашчупамі. Ён жа ў войску і дня не служыў. He служыў, га?
— Дык забракавалі па здароўі, — сказаў паліцай і пачухаў пад пахай.
— Бо крэцін. А ў паліцыю ўзялі. Бо — няма каму службу несці. Адказнасці гара, а магчымасцей крошкі. Ладна! Марш на вуліцу. I глядзець в оба, як інструкціраваў!
Патрымаўшы гарлач у руках, ён усё ж трохі адпіў малака і паставіў яго на зямлю каля лаўкі. Тым часам Агееў неяк
прыбіў да абцаса і другі касяк, і начальнік паліцыі з натугай уздзеў бот на нагу.
— Во, іншая справа. Цвярдзейшы крок будзе.
Ён спружыніста пратупаў сюды-туды па падворку, звонка цокаючы абцасамі па камянях бруку. Агееў пазіраў на ягоныя боты — першую сваю работу ў новай прафесіі, і складаныя пачуцці авалодалі ім. Ён амаль ненавідзеў сябе за гэтую ўгодлівую паслугу нямецкаму халую, ад якога, аднак, залежаў сам цалкам, тым больш што той раскрыў яго з першага погляду, можна сказаць, распрануў дагала. Менавіта гэтая яго распранутасць рабіла Агеева амаль безабаронным перад паліцыяй і перш за ўсё перад яе начальнікам у асобе гэтага былога танкіста. Як было з ім паладзіць, каб не наклікаць ягонае злосці і не загубіць сябе? Без жаднай патрэбы Агееў перакладваў інструмент на сваім хісткім століку, коса пазіраючы, як Драздзенка шпацыруе па яго падворку. I раптам той рэзка спыніўся насупраць:
— Як завуць?
Агееў увесь напяўся, думаючы, як лепш адказаць паліцаю — па сваёй чыгуначнай версіі ці як ёсць на справе.
— Ну, па дакументах я Бараноўскі...
— Хрэн з табой, хай Бараноўскі. Нам усё роўна. Пойдзеш працаваць у паліцыю.
3 няўтоенай трывогай у вачах Агееў зірнуў у заклапочана-рашучы твар начальніка паліцыі, які, сказаўшы гэта цвёрда тонам загаду, аднак жа чакаў яго адказу — згоды або адмовы. I Агееў варухнуў каленам хворай нагі.
— Якая паліцыя! Нага во. Ледзьве шкандыбаю па двары каля дома...
— Загоіцца!
— Калі гэта будзе? — сказаў ён амаль раздражнёна.
Драздзенка ссунуў набок сваю казыркастую шапку, азірнуўся ў глыб падворка.
— Ладна. Ану, зойдзем у дом.
Агееў не ведаў, дзе Бараноўская (зранку яна не з’яўлялася на двары), і, марудна ўстаўшы з-за стала, скіраваў да дзвярэй. Дзверы на кухню былі не зашчэплены, пад чыстым
ручніком на прыбраным стале стаялі міска, гарлач, побач ляжаў учарашні акраец хлеба — пэўна, яго сняданак. Гаспадыні нідзе не было чуваць.
— Тут што — нікога няма? — сказаў Драздзенка і расчыніў дзверы ў святліцу. — Нікога. Вось якая справа, — ён ушчыльную ступіў да Агеева. — Жыць хочаш?
Агееў ніякавата змоўчаў, не ведаючы, як адказаць на гэтае ідыёцкае пытанне, і не разумеючы, чаго ад яго хоча гэты няпрошаны заступнік.
— Ну як жа... Панятна...
— Я табе памагу! — жвава падхапіў начальнік паліцыі. — Памог раз, памагу і другі. Усё ж мы абодва вайскоўцы і павінны памагаць друг другу. Інакш... Сам панімаеш! Немцы ў бірулькі не гуляюць. Так што — лады?
— Ну, дзякуй, — няпэўна прамармытаў Агееў, адчуўшы, аднак, што гэта — толькі частка размовы. Галоўнае, мабыць, яшчэ наперадзе.
— Але і ты павінен нам пасабіць.
— Што ж, канечне, — панылым голасам сказаў Агееў.
— Во і добра! — ажывіўся Драздзенка. — Тады гэта самае... Небальшая фармальнасць. Сядай!
Схапіўшы за гнуткую спінку адло крэсла, ён шырокім гаспадарскім жэстам падставіў яго Агееву, які, усё яшчэ няшмат што разумеючы, няўпэўнена сеў за стол. Драздзенка выцяг з кішаня фрэнча пацёрты, мабыць, яшчэ даваенны блакнот з малюнкам паруснай яхты на вокладцы.
— Так, небальшая фармальнасць. Немцы, яны, ведаеш, бюракраты болей за нашых. Ім каб было ўсё аформлена. Во чыстая старонка, во табе аловак... Пішы!
He адразу, яўна збянтэжана Агееў узяў з яго рук тупаваты аловак, пакруціў у пальцах. Ён ужо разумеў, што гэтае яго пісанне не прынясе яму радасці, але і не ведаў, як было адмовіцца. Усё тое адбылося так нечакана, што ніякай прыдатнай прычыны для адмовы не знайшлося ў яго галаве.