Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Сунуўшы руку ў прыкрыты анучкай кошык, яна дастала адтуль жменю чарніц.
— Во вам задатак. Частуйцеся.
У падстаўленыя прыгаршчы Агееў прыняў маленькую жменьку ягад, ніякавата падзякаваў; яна міла ўсміхнулася на развітанне і хуценька выйшла праз незагароджаны, без веснічак, выхад на вуліцу. Трохі пасядзеўшы ў роздуме, ён пачаў есці па адной чорныя, з шызым налётам ягады. Аб гэтай сваёй першай заказчыцы ён стараўся не думаць. Падумаеш, пачаставала чарніцамі і адарыла ласкавым позіркам у дадатак — ці да ласкавых яму позіркаў? Знайшоў пра што думаць...
Стараўся не думаць, але ўсё ж наперакор жаданню думаў, бо яна ўсё стаяла перад вачыма такой, якой толькі што з’явілася — імклівы гнуткі стан з загарэлымі нагамі, абутымі ў старэнькія разношаныя басаножкі. Страсянуўшы капешкай густых валасоў, яна падхапіла тады пад руку сяброўку, і яны, памахваючы кошыкамі, схаваліся за вуглом суседскае хаты.
Агееў праседзеў яшчэ паўгадзіны ў пустой сяк-так абсталяванай майстэрні і нікога не дачакаўся. Ніхто да яго не ішоў з абуткам, прахожых на вуліцы паяўлялася няшмат, і тыя, напэўна, былі суседзі з гэтай або бліжніх вуліц. Пачатак яго новай, шавецкай кар’еры яўна атрымаўся комам, без адзінага намёку на ўдачу. Калі чакаць далей не было сэнсу, ён вылез з-за стала і, абапіраючыся на выразаны ўчора ляшчынавы кіёк, пашкандыбаў у двор.
Двор быў прыгожы, амаль маляўнічы ў сваёй даўняй і мілай занядбанасці ва ўсім. Закрыты з аднаго боку цесным радам будынкаў, зверху ён амаль увесь захаваўся пад разложыстым голлем старога клёна, таўшчэзны камель якога трохі крывабока мясціўся каля альтанкі. За клёнам на гародзе за кустоўем парэчак расло некалькі старых сукаватых яблынь і стаяў радок маладых вішань па-над сцяжынай, дзе неўзабаве і паявілася яго гаспадыня з вядром свежай бульбы. He дайшоўшы да дзвярэй у хлеў, яна паставіла вядро на сцежку і азірнулася.
— Тут нікога? Там гэта... Каля раўка вас чакаюць.
— Хто чакае? — вырвалася ў Агеева.
Але гаспадыня не адказала, толькі заклапочана паглядзела на вуліцу, і ён здагадаўся: не трэба пытацца. Ён звыкла тузануў пад вузкім раменьчыкам падол сацінавай кашулі і з дрыготкім сэрцам патупаў па сцежцы паўз хлявы на зады гародаў.
Тупаючы, ён углядаўся ў кустоўе ўзлеску на краі ўзроўка, што гублялася ў паўзмроку пад вольнай і высокай сцяной старых вязаў, але там нікога не было бачна. He было нікога і на скошанай палосцы пожні за плотам, у адным канцы якой скасабочана цямнелася невялікая капешка сена. Менавіта з-за гэтай капешкі хтосьці махнуў рукой, даючы яму знак падысці, і Агееў збочыў са сцежкі. Ён ужо спадзяваўся ўбачыць тут Малаковіча або Волкава, але пад капешкай ціха сядзеў хударлявы хлопчык у сіняй трыкатажнай кашулі з акулярамі на кароценькім носе. Гэта быў яго нядаўні знаёмец, студэнт Кіслякоў, і Агееў стрымана павітаўся.
— Ну, як вы? Як нага? — пацікавіўся Кіслякоў.
Агееў не спяшаўся адказаць, добра разумеючы, што не нага ў першую чаргу цікавіла гэтага хлопца.
— Я ад Волкава. Волкаў гаварыў з вамі?
— Гаварыў, — не адразу сказаў Агееў.
Дык ён перадаў, каб вы былі ў двары, днямі прывязуць груз.
— Які груз? — насцярожыўся Агееў.
— He ведаю — які. Трэба схаваць. А пасля мы забярэм.
— Вы?
— Я і тыя, хто будзе са мной. Больш каб нікому, — сказаў Кіслякоў, узіраючыся кудысь на сцяжынку, якая бегла ў роў. На Агеева, здаецца, ён і не зірнуў ні разу.
— Панятна, што ж, — сказаў Агееў.
Ён, канечне, зробіць усё як трэба, толькі яму было крыху няёмка падпарадкоўвацца гэтаму хлопчыку, яго самалюбства было ўсё ж прыніжана такім падначаленнем. Але, мабыць, так трэба. Або інакш нельга, падумаў ён і запытаўся:
— А як Малаковіч?
— Малаковіч на станцыі. Але тут справа такая: вы не павінны з ім бачыцца. Калі што трэба, я перадам.
— Во як! А калі што... Дзе мне цябе шукаць?
— Савецкая, трынаццаць. Толькі гэта на крайні выпадак. А наогул мы незнаёмыя.
— Што ж, будзем незнаёмыя.
— I гэты, што прыйдзе, скажа: ад Волкава. I дадасць: Ігната.
— Панятна.
— Вот такія справы, — сказаў Кіслякоў і ўпершыню адкрыта, быццам па-сяброўску, зірнуў на Агеева.
— Што там на фронце? — запытаў Агееў.
— Перамога пад Ельняй, гэта за Смаленскам, — сказаў Кіслякоў. — Нашы разграмілі восем нямецкіх дывізій.
— Ого! Во добра. Можа, цяпер пачнецца, — узрадаваўся Агееў.
Сапраўды гэта было вялікаю і нечаканай радасцю для яго, які ўсё лета сохнуў нутром з-за няўдач на фронце, і цяпер гэты хударлявы, вастраносы студэнцік з яго навіной здаўся яму найлепшым, самым жаданым сябрам.
— Ты ўсё слухаеш? — запытаў ён з нечаканай цеплынёй у голасе, і Кіслякоў знізу ўгору сарамліва ўсміхнуўся.
— Слухаю. Кожную ноч.
— Ну, і што там яшчэ?
— Яшчэ кепска. Цяжкія баі пад Кіевам.
— А Кіеў не здалі?
— А хто яго... Незразумела неяк.
Агееў не супраць быў і яшчэ пагутарыць з Кісляковым, але той, мабыць, сказаў усё і ўскочыў з-пад капешкі на ногі.
— Дык мы незнаёмыя. He забудзьце, — напомніў ён перад развітаннем.
— Ну як жа! Запомню.
— Дык я пайшоў.
Прама ад капешкі ён павярнуў у равок і хутка знік у алешнікавым хмызняку пад вязамі. Агееў, дужа кульгаючы і штораз азіраючыся, пайшоў па сцежцы ў двор.
Растрывожаная за дзень нага востра балела пры кожным руху, але цяпер ён мала прыслухоўваўся да болю, можа, упершыню за некалькі дзён аддаўшыся радасці — усё ж восем разбітых дывізій — гэта была хоць і невялікая перамога на фронце, але, можа, яе прадвесце. Па крайняй меры, вельмі хацелася, каб было менавіта так, і недзе ў глыбіні душы адчувалася, што так яно і будзе. Фронт пакоціцца на захад, нашы нарэшце збяруць сілы, і ваенны лёс пераменіцца па справядлівасці. I тут перад ім зноў паўстала Марыя — яе ўсмешыста-ўважлівы позірк, які ласкай і дабром пранікаў у душу, спакутаваную ад няўдач і адзіноты, у няспраўджаных надзеях, сумненнях, бязлітасных выпрабаваннях вайны. I зусім незразумелай для яго была сувязь гэтай франтавой весткі з маленькай сустрэчай на зыходзе дня. Хіба шчаслівым абяцаннем таго, што ўсё неўзабаве пераменіцца да вялікай, сапраўднай радасці.
Вячэралі таго дня на цесненькай кухні Бараноўскай. У якасці сына гаспадыні Агееў мог не хавацца, хаця і лішні раз вылазіць на людзі таксама было недарэчы. Маленькая, абклееная шэрымі шпалерамі кухня рабіла прыемнае ўражанне чысцінёй, нейкай ненатуральнай у такі час акуратнасцю: падлога, два гнутыя крэслы і падаконнік былі чыста
выскрабены нажом, цёмны буфет засланы вязанай белай сурвэткай, акно да палавіны завешана марляй. На дварэ змяркалася, і яны ў цьмяным вечаровым святле, з адзінага акенца ў двор, сядзелі за вялікім круглым сталом з толькі што зваранай і перасыпанай у гліняную міску бульбай. Побач ляжалі свежыя агуркі на талерцы, хлеба быў адзін чэрствы акрайчык, ад якога Бараноўская ашчадна адкроіла тры тонкія лустачкі. Нізкія дзверы на двор гаспадыня зашчапіла на кручок, двое другіх дзвярэй, адны з якіх вялі ў святліцу, a другія, абклееныя шпалерамі, — у цесненькую кладоўку-баковачку, былі таксама зачынены. На сцяне ў жоўтай багетавай раме вісеў нейкі зімовы пейзаж, ад гарачай пліты ішло прыемнае хатняе цяпло. Уся гэтая спакойная вечаровая абстаноўка спрыяла роздуму або ціхай размове, і Агееў сказаў:
— Варвара Мікалаеўна, скажыце па шчырасці... Вось вы мяне тут корміце, аберагаеце... Гэта як — па сваёй волі ці таму, што гэты... Волкаў загадаў? — запытаўся Агееў, разразаючы напалам агурок. Ён даўно збіраўся запытаць аб гэтым у гаспадыні, каб даведацца аб сутнасці яе да яго адносін.
— А чаму вы думаеце, што мне загадаў Волкаў? 3 якой нагоды ён мне будзе загадваць? — здзівіліся Бараноўская.
— Ну, аднак жа вось вы мяне прытулілі. I нават болей — далі дакументы сына. А хіба вы мяне ведаеце?
— Чаму ж не ведаю? Ведаю. Вы — камандзір Чырвонай Арміі. Паранены ў баі з немцамі. Вы ж загінеце, калі вам не памагчы. Хіба не так?
— Можа, і так...
— Дык як жа я магу адмовіць вам у дапамозе? Гэта ж было б не па-людску, не па-боску. А я ж хрысціянка.
— Скажыце, вы дужа ў бога верыце?
— А ў што ж мне яшчэ верыць?
— I моліцеся? Ну, там і другія абрады выконваеце?
— Абрады тут ні пры чым. Верыць у бога — зусім не значыць старанна маліцца ці рэгулярна выконваць абрады. Гэта хутчэй — мець бога ў душы. I паступаць адпаведна. Адпаведна сумленню, гэта значыць па-боску.
Яна змоўкла, седзячы за сталом насупраць, і ён падумаў,
што ўсё ж, мабыць, не надта разбіраецца ў гэтай рэлігіі, аб якой пачаў гутарку. Сапраўды, што ён пра яе ведаў? Хіба тое, што яна — опіум для народа.
— Вы святое Евангелле чыталі? — запытала Бараноўская, уставіўшыся ў яго ўважлівым паглядам нябачных у прыцемку вачэй.
— He, не чытаў. Таму што...
— Ну зразумела. А, напрыклад, хоць бы Дастаеўскага чыталі?
— Дастаеўскага? Чуў. Але ў школе не праходзілі.
— He праходзілі, канечне. А гэта ж вялікі рускі пісьменнік. Нароўні з Талстым.
— Ну, пра Талстога я ведаю, у Талстога было шмат памылак, — сказаў ён, узрадаваўшыся, што ўжо тут трохі ведае. — Напрыклад, непраціўленне злу.
— Далося вам гэтае непраціўленне. Толькі гэта і запомнілі ў Талстога. Хаця і непраціўленне ў многім справядлівае, але спрэчнае, дапусцім. А вось калі б вы прачыталі Дастаеўскага, дык бы ведалі, што калі ў душу не пусціць бога, дык у ёй абавязкова паселіцца д’ябал.
— Д’ябла мы не баімся, — усміхнуўся Агееў.
— Д’ябла мы не баімся, гэта канечне. Але вось немцаў мусім баяцца. А яны для нас і ёсць увасабленнем д’ябла. Гэта значыць злой, разбуральнай сілы.
— 3 сілай нельга не лічыцца.
— Bo! А як процістаяць гэтай сіле?
— Супраць сілы — толькі сілай, зразумела.
— Ну, дык гэта армія — супраць арміі. Там, канечне, дзве сілы. I хто — каго. Гэта вайна. А вось нам, мірнаму насельніцтву, як? Мы што можам? Дзе наша сіла?
Яна задавала яму нялёгкія пытанні, блытана адказваючы на якія ён адчуваў недастатковасць сваіх ведаў і напружваў думку, каб знайсці і найлепш выказаць сваю праўду, у якой быў упэўнены. Хаця гэта было няпроста.
— Трэба не падчыніцца акупантам.
— He падчыніцца, канечне! Але як? Вунь усіх яўрэяў знішчылі. Як яны маглі не падчыніцца? Для непадчынення патрэбна хаця зброя, а дзе яе ўзяць?
— Ну, і што ж рабіць, па-вашаму? — запытаўся ён, сам не знайшоўшы адказу на яе пытанне.