Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Імя, вотчаства ваша? — гучна запытаў здаля падпалкоўнік, па-над акулярамі зірнуўшы на Агеева.
— Павел Пятровіч.
— Дзе пражываеце?
— У Мінску.
— Адрас. Вуліца? Дом?
Ну во, толькі гэтага і не хапала! Як на злачынцу. Яму вельмі хацелася зрэзаць гэтага барацьбіта за парадак якойнебудзь калючай рэплікай, але ён ужо ведаў з практыкі, што ў такіх выпадках лепш не пачынаць сваркі, змаўчаць. Сабе ж дзешавей абыдзецца, як казаў калісь Валерка Сініцын, ягоны саслужывец па інстытуце.
Складанне акта цягнулася даволі доўга, падпалкоўніка некалькі разоў перапыняў працу. Ён яўна пакутаваў ад задышкі і патлівасці і раз за разам скідаў капялюш, абмахваўся ім, ціха бубніў сам сабе:
— Ведзёт... ведзёт раскопкі... Нет! Праізводзіт раскопкі, так лепш, а, таварыш Шабуня?
— Ага, так лепей, — не надта ўпэўнена пагаджаўся Шабуня.
— ...Саставілі гэты акт... Нет! Настаяшчы акт... — папраўляў сябе падпалкоўнік, і Шабуня згаджаўся:
— Настаяшчы, ага.
— Ну вот. Цяпер падпісаць. Прадлагаем вам падпісаць, — угнуўшы галаву, са спушчанымі на носе акулярамі звярнуўся ён да Агеева.
— Няма вам чаго рабіць, — з прыкрасцю сказаў Агееў, усё яшчэ не могучы зладзіць з сэрцам. Але сапраўды рабіць яму не было чаго, ён падняўся і, з натугай перастаўляючы ногі, падышоў да агароджы. — Каму пашкодзілі мае раскопкі?
Пры гэтых ягоных словах раптам неспакойна заварушылася апатычная да таго Казлова і ўпершыню загаманіла грубым мужчынскім голасам, які здаўся Агееву надта знаёмы. I ён тут жа здагадаўся, што гэта — гаспадыня жоўтага дома за дарогай насупраць. Як ён не пазнаў яе адразу?
— А вот і пашкодзілі! — працяжна загаманіла яна. — Заняў тут выган, распалажыўся... А гусі ў патраву ходзюць. Тут не ходзюць, пугаюцца... У патраву ходзюць.
— Ах, гусі!..
Цяпер усё стала зразумела. Неяк ранічкай, неўзабаве пасля таго, як ён паставіў тут палатку, з боку ад дарогі паявілася чарада гусей, і магутны прыгажун-гусак, які вёў чараду, здзіўлена спыніўся перад яго палаткай. Агееў лагодна паклікаў гусака, але той абурана засіпеў, выгнуў шыю і павярнуў назад. За ім у абход кар’ера павярнула ўся чарада, дзе, мабыць, і зрабіла нейкую патраву. Цяпер давядзецца яму адказваць і за гэта.
Агееў узяў папку з густа і няроўна спісаным аркушам паперы. Мабыць, трэба было прачытаць, што там сачыніў гэта адстаўнік-падпалкоўнік, але без акуляраў ён таксама няшмат што бачыў, а вяртацца па іх у палатку не захацеў і
абы-як распісаўся ўнізу пад птушкай, клапатліва пастаўленай складальнікам акта.
— Калі ласка, — сказаў ён, з націскам прыстукнуўшы шарыкавай ручкай.
Падпалкоўнік схаваў акт у папку, зняў з носа акуляры, сунуў іх у нагрудную кішэньку пінжака і раптам запытаўся ў Агеева ціха, амаль па-сяброўску:
— У шахматы гуляеце?
— Што? — не зразумеў Агееў.
— У шахматы, кажу, гуляеце?
Агееў пакруціў галавой — якія там шахматы! Ужо ці не прапануе гэты законнік пасля ўсяго, што здарылася, згуляць з ім партыю? Але падпалкоўнік не прапанаваў, ён толькі клапотна ўздыхнуў і сказаў:
— Вы гэта... He крыўдуйце, таварыш Агееў. Парадак ёсць парадак, і ўсё трэба рабіць як паложана.
— Гэта канечне, — паспяшаўся згадзіцца Агееў, бо спрачацца з ім не было ніякай ахвоты.
Упаўнаважаныя грамадскасці чамусьці падышлі да абрыву, зазірнулі ў кар’ер. Рухавы Шабуня абабег яго зверху да палавіны, усё нешта тлумачачы і паказваючы. Але Агееў не слухаў і не стаў іх праводзіць да дарогі, ён зноў апусціўся на сваё вядро, на якім часам сядзеў надвячоркам ля касцярка, і, трываючы сардэчныя перабоі, думаў. Думкі яго былі адпаведныя яго настрою. Як мала трэба, думаў ён, каб збэсціць гэты настрой, і як цяжка наладзіць яго нанова. Во і тут, нічога ж асаблівага не адбылося, што яму недарэчныя прэтэнзіі гэтых настырных прадстаўнікоў грамадскасці, ён іх не баяўся, бо не бачыў у сваіх дзеяннях нічога колькі-небудзь ганебнага ці недазволенага. А вось на душы стала кепска. Ён зусім не апасаўся, што іх дурному акту можа быць дадзены нейкі ход, ды і заставалася яму тут яшчэ некалькі дзён пакалупацца ў гэтым кар’еры, і ён паедзе, хутчэй за ўсё так нічога і не праясніўшы для сябе, не знайшоўшы нічога. (Марная справа, мусіць, знайсці што-небудзь праз сорак гадоў.) Але во ён расказаў ім пра тое, пра што не меў звычаю нікому расказваць — чаму ж не ўтрымаўся? Тое, што з ім тут здарылася, датычыла толькі яго аднаго, ну, і яе, канечне, таксама. Вось
перад ёй ён абавязаны быў даць адказ, але ні перад кім болей. Ды яе даўно не было, не было нават яе белых костачак, якія, магчыма, даўным-даўно сталі попелам дзе-небудзь у крэматорыях Дахаў або Асвенціма, а ён шукае іх тут. Але, каб дапусціць штосьці іншае, перш трэба было ўпэўніцца, што яна ў тую восень не засталася ў кар’еры. Пасля можна меркаваць усё, што хочаш, але толькі выключыўшы з меркавання кар’ер. Калі ж яму гэта не ўдасца і выявіцца, што яна ўсё ж апынулася тут, тады ўсё. Тады поўны глухі тупік. Тады для яго поўная фініта ля камедыя і нічога больш, як любіў паўтараць усё той жа Валера Сініцын.
Калі трохі адпусціла сэрца, ён усё ж сышоў у кар’ер, узяў рыдлёўку. Але капаць сёння ён, мабыць, не мог, дрогкая слабасць у грудзях упарта не хацела выпускаць яго са сваіх ватных абдымкаў. Пастаяўшы трохі, ён падняў знойдзены раніцай туфель, абчысціў яго ад гразі, спаласнуў у вадзе. Усё ж гэта не яе туфель, рашыў ён. Там, дзе скура захавалася лепей, было прыкметна, што ён афарбаваны ў чорны колер — яе ж лодачкі былі светлыя, гэта ён запомніў выдатна. Туфель ён, аднак жа, не кінуў, падняўшыся да палаткі, зачапіў абцасам за вяроўку расцяжкі — хай сушыцца.
Тым часам ранак непрыкметна перайшоў у дзень, і, хоць сонца так і не паказалася ў небе, стала цёпла, ад волкай зямлі ўзнімалася душная пара. Дыхалася трудна, атмасферны ціск, мабыць, упаў, Агееў адчуваў гэта па вялай рабоце сэрца, якое ледзьве варушылася ў грудзях, часта губляючы рытм. Ён чакаў, што слабасць мінецца, раней для таго варта было пасядзець у спакоі, можа, залезці ў палатку, адлежацца. Але ён усё сядзеў ля яе, думаў. Успомніў свой сон і журботна ўсміхнуўся: усё так і ёсць, як наваражыла ноч, дзень пацвердзіў, брыдота адбылася. Трэба было схадзіць па ваду ў другі ад канца вуліцы двор, дзе быў калодзеж, але не хацелася ўставаць, напружвацца, здавалася, ён страціў сёння здольнасць нават да невялікага намагання, і расслаблена бавіў час ля палаткі. У поўдзень з-за кар’ера, з поля павеяла лёгкім ветрам, які разагнаў парнасць і патрывожыў лісцвяны спакой велічных дрэў на могілках. Агееў з натугай падняўся і ўзяў пластмасавы бітончык, каб схадзіць па ваду.
Але толькі адышоўся ад палаткі, як убачыў на рагу каменнай агароджы ля могілак знаёмую постаць Сямёна — здаровая рука таго размашыста адлятала ўбок у такт шырокаму кроку, за ёй дзіўнаватым палавінным рухам варушылася яго кульця. Сямён быў усё ў той жа жоўтай трыкатажнай тэнісцы, якая непаслухмяна вылазіла з-пад дзягі, што слаба сядзела на яго таліі.
— Прывет! Што не капаеш? Ці перакур? — бадзёра загаманіў Сямён.
— Перакур.
— Во і добра! У мяне тожа. Зранку пайку зграбаў, а тут баба пагнала па хлеб. Ды чорта з два: пацалаваў замок. Кажуць, прывязуць пасля абеду. Во прагуляюся, думаю.
— Ну і добра, — стрымана сказаў Агееў і нагой пасунуў госцю вядзерца. — Сядай, адпачні.
— Ты сядай. А я — там, дзе стаю.
Ён няспрытна ўзмахнуў кульцёй і, не выбіраючы месца, апусціўся на дробную, ужо сухую пасля дажджу траўку, звыкла склаўшы пад сабой доўгія, у растаптаных сандалетах ногі. Здаровай рукой адразу палез у кішэню па курыва.
— Камісія прыходзіла, — ціха сказаў Агееў.
— Якая камісія?
— Падпалкоўнік у адстаўцы, пасля адзін з райкамгаса і вунь суседка Казлова.
— Якога ражна ім трэба? — прыкурваючы ад запальніцы, здзівіўся Сямён.
— Склалі акт на раскопкі без дазволу.
— А, дык гэта Еўсцігнееў! Ён заўжды акты складае. 3 папкай такі, ага?
— 3 папкай.
— Гэты заўсёды — акты. Ля забягалаўкі хто паскандаліць — акт. Хто вуліцу перад хатай не падмяце — акт. У яго такіх актаў дома шэсць папак.
— Навошта яму яны?
— А каб па начальству хадзіць. Во складзе і — у райком. Пасля ў выканком. У міліцыю. У таварыскі суд. За парадак ваюе. Заўжды пры дзеле. На віду. Без дзела не можа. У шахматы гуляць клікаў?
— Клікаў! — прыпомніўшы, здзівіўся Агееў.
— Во, трэба было згуляць. I прайграць. Дужа любіць выігрываць. Бяда, аднак, яму рэдка праігрываюць. Хіба што Скараход. Але той з разлікам — дужа хітры. Ёсць тут адзін такі... ваяка, — злавіўшы недаўменны позірк Агеева, растлумачыў Сямён.
— I яшчэ Казлова з імі.
— Казлова? А гэтай што трэба? — у сваю чаргу здзівіўся Сямён.
— Ды во гусям яе перашкодзіў.
— Во-во! Такім усё на свеце шкодзіць. Таму што шмат хочуць. Цераз край. Скажу табе, з глузду з’ехалі людзі. Як перад канцом свету. Усё чагось дамагаюцца, пра нешта хлапочуць, дастаюць. Ужо чаго не хапае толькі! Як тое золата. Год таму такія чэргі былі, натоўпы! I ў пасёлку і ў горадзе. Быў, бачыў. У кожнай бабы і тут, і тут паначэплена. Нашто? I во — мінуў год — як адрэзала. Вунь у магазіне ляжыць, бяры хоць кіло. Дык нікому не трэба. Што гэта? He сквапнасць? — абурана гаварыў Сямён, быццам выгаворваючы за тое Агееву. — Скажу табе, шмат бяды з тае прычыны, што баб распусцілі. Шмат ім дазволена.
— Ты тожа сваёй дазваляеш?
— Дазволіш, куды дзенешся.
— Строгая?
— Язва! — коратка кінуў Сямён і зацягнуўся «Прымай».
— Бачыш, напэўна, дазваляем таму, што самі не без граху. У сям’і ці на службе. Во яны і карыстаюцца гэтым, крытыкуюць нас, — паспрабаваў усміхнуцца Агееў.
— Ох крытыкуюць! — сур’ёзна падхапіў Сямён. — Калі крытыка ў адзін бок, чаму не крытыкаваць? Здачы ж не дасі. Ого, паспрабуй! Яна адразу ў мясцком, у партком, у міліцыю. К суседзям, к сяброўкам, да родзічаў. I ёй вераць. А ты куды пабяжыш? Табе бегчы няма куды. Калі ледзь што — крычыць: выпівае! А калі выпівае, дык і ніякай размовы. А я хоць і выпіваю, але, можа, болей сумлення маю, чым яны ўсе разам. Куркулі гэтыя хітрапопістыя.
— Гэта магчыма, — уздыхнуў Агееў.
Ён таропка прысеў на вядро, зноў адчуўшы подступ сла-
басці ў грудзях, баючыся ўпасці на зямлю, напалохаць госця. Але слабасць не міналася, і ён выняў з задняй кішэні трыко металічны пенальчык з таблеткамі.