• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 6

    Аповесці, раман
    Васіль Быкаў

    Памер: 560с.
    Мінск 2006
    148.44 МБ
    важнае, не пераадолеўшы якое немагчыма было разлічваць ні на якую пэўнасць.
    He, не зважаючы ні на што, ён мусіў капаць.
    Галоўнае ён ужо зрабіў: ён перакапаў вялізны завал, перацёр у пальцах кубаметры зямлі, засталося меней. Мабыць, ён бы скончыў усё праз тыдзень або дзён праз дзесяць, калі б не гэты нечаканы лівень. Лівень яму сапсаваў усё. Што цяпер рабіць?
    Аднак стала падобна на тое, што сёння ён прытаміўся заўчасна, пачало калаціцца сэрца: можа, прычынай таго была не праца, а яго хваляванне ад гэтай знаходкі? Падобна, аднак, ён стаў расклейвацца, магчыма, ад доўгага напружання пачалі здаваць нервы, што ўжо нікуды не варта. Можа, не трэба было так выматваць сябе працай, адпачыць сёння, расслабіцца, думаў ён, седзячы на яшчэ сыраватым адвале зямлі. Усё седзячы так, ён неўзабаве пачуў галасы і, падняўшы галаву, паглядзеў на дарогу. Да сярэдзіны заслоненыя зараснікам дзядоўніку на ўваходзе ў кар’ер, нягучна размаўляючы між сабой, стаялі тры чалавекі, позіркамі шукаючы штось у глыбіні кар’ера. Агееў паволі падняўся, імкнучыся зразумець, што ім тут магло спатрэбіцца. Гэта былі двое мужчын і жанчына. Пярэдні ўрэшце згледзеў яго ў кар’еры, кіўнуў астатнім, і яны адно за адным, асцярожна, баючыся паслізнуцца на мокрай зямлі, павалакліся ў глыбіню кар’ера.
    Пакуль яны прабіраліся да яго, Агееў паспеў разгледзець кожнага, але так і не зразумеў, што гэта былі за людзі. Пярэдні, хударлявы мужчына ў кепцы і шэрым пакамечаным пінжачку са зморшчаным каўняром, дробнымі крокамі тупаў па сцежцы, здаля пазіраючы на яго маленькімі, з вясёлым прыжмурам вачмі. Трохі адстаўшы ад яго, цяжка пыхкаў немалады таўстун у чорным расхінутым плашчы і ў летнім капронавым капелюшы. Левай рукой ён часам узмахваў у паветры на слізкай мясціне, а правай прыціскаў пад пахай тонкую кардонную папку з матузамі-завязкамі. Апошняй ішла таксама немаладая цётка ў стракатай сукенцы, якая туга абцягвала яе аб’ёмістыя грудзі і круглыя плечы. Яна амаль нерухома несла на іх сіваватую галаву з
    сабранымі на патыліцы рэдкімі валасамі і ні на каго не пазірала.
    — Во, як тут наліло! — сказаў пярэдні, згледзеўшы пад абрывам лужыны. — Хоць карасёў запускай.
    — Для карасёў не падыдзе, — каб не маўчаць, сказаў Агееў. — Высахне, напэўна.
    Ён ужо зразумеў, што гэта — да яго, магчыма, ад якой арганізацыі ці пассавета, і стрымана адказаў на прывітанне таго, што быў у капелюшы.
    — He, хутка не высахне, — сказаў худзейшы. — Цяпер да восені. А ўвосень тут будзе возера. Летась, як замерзла, мае тут на каньках каталіся, — паведаміў ён, звяртаючыся, аднак, да свайго спадарожніка, які моўчкі, усё пыхкаючы і хакаючы ад знямогі, разглядваў кар’ер. Стоячы на невялікім узлобку, ён паварочваўся ўсім целам то ў адзін, то ў другі бок, усё вывучаючы грунтоўна і тоячы загадкава-надзьмуты выраз на азызлым твары.
    — Вы раскапалі? — нарэшце ва ўпор запытаў ён у Агеева. Полы яго калянага плашча шырока расхінуліся, і Агееў убачыў на левым лацкане пінжака рад каляровых планак узнагарод. Здаецца, для яго нешта стала праяснівацца.
    — Я, — сказаў Агееў нягучна.
    — Дазвольце запытаць: з якой цэллю вы робіце тут раскопкі?
    Цяпер ужо ўсе ўтраіх уставіліся на Агеева: гэты з камандзірскай строгасцю ў сцюдзёных вачах, худы — з некаторай нават цікаўнасцю. Жанчына, бокам павярнуўшыся да яго, пазірала ваўкавата і падазрона, і Агееў сказаў жартоўна:
    — Ды во паглядзець, якая зямля. Парадак залягання пластоў і так далей.
    Уважліва выслухаўшы яго, госці крыху памаўчалі.
    — Гэта з навучнай цэллю ці як? — пацікавіўся хударлявы.
    — Чакай, Шабуня, — начальніцкім тонам перапыніў яго тоўсты. — Няхай гражданін аб’ясніць членараздзельна. Калі з навучнай, то павінен прад’явіць дакумент. Ад якой арганізацыі?
    — Хаця б ад НДІ Белгаспрома, — падпусціў туману Агееў.
    — Навукова-даследчы інстытут, — растлумачыў ён. Гэтае тлумачэнне, аднак, зусім не спадабалася тоўстаму, які амаль увачавідкі пакрыўдзіўся.
    — Панімаем, што такое НДІ, граматныя. У мяне ў самога ўнук у НДІ пад Масквой працуе. У Дубне. Так што не сумнявайцеся. Прад’явіце дакумент!
    — Які дакумент?
    — Дакумент на права раскопак, — удакладніў ён, і ўсё ўтраіх зноў уставіліся на Агеева.
    Агееў у думках вылаяўся — прыгнала ж іх гэтым раннем на яго галаву — як цяпер ад іх адчапіцца?
    — А вы хто будзеце? Каб патрабаваць дакументы, спярша трэба прад’явіць свае, — сказаў ён, пераймаючы строгую важнасць іхняга тону.
    — Мы ўпаўнаважаныя. Падпалкоўнік у адстаўцы Еўсцігнееў, таварыш Шабуня з гаркамгаса і во таварыш Казлова, прадстаўнік абшчэственнасці, — важна адрэкамендаваў калег падпалкоўнік у адстаўцы.
    — Вельмі прыемна. Дацэнт Агееў, — сказаў Агееў і рашуча працягнуў руку, якую падпалкоўнік з яўнай неахвотай трохі паціснуў потнымі пальцамі. Пасля ён падаў руку Шабуню і крыўдліва насупленай Казловай. — Бачу, ад вас проста не адчэпішся, — сказаў ён, усё яшчэ не ведаючы, як быць. Усе трое з насцярожаным чаканнем у позірках глядзелі на яго, і Агееў, уздыхнуўшы, кіўнуў угору, у бок могілак. — Пайшлі да палаткі.
    Лезучы па адхоне да свайго стойбішча, ён ўсё не мог даўмецца, што сказаць ім, як растлумачыць свае раскопкі ў гэтым кар’еры. Вясной, прыехаўшы ў пасёлак, ён ненадоўга зайшоў у выканком пассавета і не так, як хацелася, таропка хвіліну пагутарыў са старшынёй, які кудысьці спяшаўся: ля ганка яго чакала «Волга» з прадстаўнікамі ад вобласці. Але, мабыць, старшыня ўсё ж зразумеў сутнасць ягонай справы і не запярэчыў. Зрэшты, ён яму і не казаў пра раскопкі, ён сказаў толькі, што трэба нешта паглядзець у кар’еры. I вось цяпер гэтыя ўпаўнаважаныя. Відаць, нехта ўжо наскардзіўся ў пассавет або вышэй. Цяпер вось апраўдвайся.
    Падышоўшы да палаткі, ён развязаў уваход і, пакуль падпалкоўнік з астатнімі выбіраўся з кар’ера, выцягнуў з-пад адзення рукзак і разгарнуў празрысты пакет з дакументамі. 3 паўтузіна кніжачак і корак ён выбраў зялёнае пасведчанне ветэрана вайны і дыплом кандыдата тэхнічных навук, падумаў, што гэтыя дакументы, мабыць, павінны зраб:ць нейкае ўражанне на прыдзірлівага адстаўніка. Ён сунуў іх у рукі падпалкоўніку, які затым нетаропка адшукаў у шматлікіх кішэнях акуляры ў тонкай аправе, зачапіў дужкі за вушы. Пасля ён абмахнуў спатнелы азызлы твар капелюшом і толькі тады пачаў вывучаць дакументы. Гэтае вывучэнне доўжылася некалькі хвілін, Шабуня таксама спрабаваў нешта там разгледзець, аднак хутка адвярнуўся, буркнуўшы: «Халера, без акуляраў не бачу», і хітравата падмігнуў Агееву. Казлова, стоячы наводдаль, засяроджана пазірала кудысьці яму пад ногі, усім сваім ваўкаватым выглядам выказваючы маўклівае асуджэнне.
    — Дакументы ў парадку! — нарэшце рашуча аб’явіў падпалкоўнік. — Удзельнік ВАВ, кандыдат навук. Але што вы шукаеце ў гэтым кар’еры, дазвольце ўзнаць? I чаму без разрашэння ўлады?
    — 3 уладай дамоўлена, — трохі ўзбадзёрана сказаў Агееў. — Была размова з таварышам Безбародзькам.
    Падпалкоўнік з Шабунем неяк загадкава пераглянуліся.
    — Безбародзька месяц як не работае ў выканкоме. Зняты за нарушэнія, — аб’явіў падпалкоўнік.
    — Можа быць, — пагадзіўся Агееў. — Але гэта нічога не мяняе.
    — Абсалютна нічога. Так што трэбуецца пісьмовае разрашэнне.
    — Пісьмовае разрашэнне на што?
    — На вядзенне земляных раскопак.
    — Якіх жа раскопак? — трохі фалыпыва здзівіўся Агееў. — Хіба гэта раскопкі?
    — А што ж, дазвольце ўзнаць? — тэатральна махнуўшы тонкаю папкай, падпалкоўнік развязаў матузы. — Вось, калі ласка. Пачаў з восьмага іюня. Дзевятнаццатага іюня з прымяненнем бульдозера. 3 васьмі трыццаці ўтра да дванаццаці
    дваццаці. Ітаго тры часа пяцьдзесят мінут механізаваных раскопак.
    «Аднак усё правільна. Менавіта столькі працаваў бульдозер, — здзіўлена адзначыў сабе Агееў. — Правільна падлічылі. 3 хранометрам...» Вельмі яму не хацелася тлумачыць сапраўдных прычын ягонай цікавасці да кар’ера, але ён ужо зразумеў, што жартамі адгаварыцца, мабыць, не ўдасца. Гэта адстаўнік хапаў трэніраванай хваткай бульдога, ухіліцца ад якой было не проста.
    — Ну, вось што! — сказаў ён трохі мякчэй. — Справа ў тым... Справа ў тым, што ў гэтым кар’еры восенню сорак першага расстралялі групу падпольшчыкаў...
    — Гэта нам ізвесна. У цэнтры пасёлка ім памятнік.
    — Ну. Хавалі. Памятаю, як асвабадзілі... такая духата стаяла, — успомніў Шабуня і чамусьці махнуў рукой.
    — Дык вось, ведаеце, колькі там пахавана? — холадна запытаў Агееў.
    — Ну, трое.
    — А тут, — ён паказаў на кар’ер, — тут расстраляна пяцёра.
    — Ну да? — усумніўся Шабуня. — Было трое, я сам бачыў. На пахаванні тады, як я з лесу прыйшоў. Тры грабы стаялі.
    Яго ўвогуле дабрадушны, у дробных зморшчынах твар зрабіўся недаверліва пакрыўджаным, здавалася, Шабуня гатовы быў абурыцца ад пачутай яўнай бязглуздзіцы.
    — Згодны. Сапраўды, там пахавана трое. Але... Вось перад вамі чацвёрты...
    — Ха! — няпэўна выдыхнуў падпалкоўнік.
    — Ну да? — здзівіўся Шабуня, а Казлова зводдаль прамармытала нешта ад здзіўлення ці недаверу — было не зразумець. Агееў жа не стаў болей нічога тлумачыць, ён і так сказаў надта многа.
    — Во дзіва! — збянтэжыўся Шабуня і ссунуў на патыліцу кепку, агаліўшы белы, зусім не загарэлы лоб. — А дзе ж пяты?
    — А во пятага я і шукаю, — сказаў Агееў.
    Ён зноў пачаў хвалявацца, як там, у кар’еы, і, пакуль хаваў у мяшэчак дакументы, яго агрубелыя, у свежых мазалях пальцы па-здрадніцку прыкметна трэсліся. Падпалкоўнік тым часам штось напружана думаў з яўнай пакутай на азызлым,
    спатнелым твары. Але вось ён нарэшце ажывеў і выцяў яго нечаканым пытаннем:
    — Чым вы дакажаце?
    — Што — дакажу? — не зразумеў Агееў.
    — Што былі чацвёртым? I што быў пяты?
    — А я і не збіраюся даказваць. Я ж ні на што не прэтэндую. Нічога не прашу.
    — А раскопкі?
    — Даліся вам гэтыя раскопкі! — пачаў нервавацца Агееў. — Вам што, шкада гэтага смецця? Ці гэтай гразі ў кар’еры?
    — Нам не шкада, таварыш Агееў. Але калі кажды пачне капаць дзе захоча, што будзе? Форменны непарадак будзе. А задача абшчэственнасці падтрымліваць парадак. На кожнае дзействіе далжно быць разрашэнне. А ў вас яго няма. Таму мы абавязаны саставіць акт. На факт нарушэння.
    — Ваша справа! Можаце складаць, — сказаў Агееў і, адышоўшыся ўбок, сеў на перакуленае пластмасавае вядзерца. Гасцям тут сесці не было на што, але ён не стаў іх рассаджваць — хай уладкоўваюцца самі. У яго зноў закалацілася сэрца, краявід непрыемна паплыў у вачах, і ён на хвіліну прыжмурыўся, каб саўладаць з сабой, стрываць пры гасцях без таблеткі. Прыступ быў, аднак, не доўгі, і калі ён зноў зірнуў на гасцей, тыя, адышоўшыся да могілак і расклаўшы на камянях агароджы кардонную папку, узяліся складаць акт. Прадстаўніца грамадскасці Казлова стаяла зводдаль, насуплена пазіраючы на яго.