Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Ды я нічога, ляжыце. Я ж разумею. У мяне ж таксама сын быў, зрэшты, вельмі на вас падобны. Такі вось чубаценькі. Дваццаць шосты гадок...
Быў?
Бараноўская журботна патупілася, ражкамі хусткі дакранулася да вачэй. Агееў сцяўся ў прадчуванні кепскага і пашкадаваў, што задаў гэтае пытанне.
— Быў. Загінуў Алежка.
Яна ўсхліпнула адзін толькі раз, тут жа, аднак, перасіліла сябе, уздыхнула і загаварыла спакайней, усё стоячы ля парога:
— У Заходняй працаваў. Ён жа чыгуначны інжынер быў, інстытут скончыў. Толькі гадок папрацаваў у Ваўкавыску, усё мяне клікаў, збіралася, праўда, хоць паглядзець, як ён там. У мяне ж, апроч яго, нікога не засталося. I во не паспела, усё гарод парадкавала. А як усчалася вайна — ні слуху ні духу. Тыя, каго не мабілізавалі ў армію, дадому вярталіся, а Алега ўсё няма і няма. Чакала, чакала яго, ужо прадчувала нядобрае. Аж і праўда, тыдзень назад жанчына адна прыйшла са станцыі, да маці вярнулася, тожа ў Заходняй рабіла, дык кажа: няма вашага Бараноўскага, на дарозе самалёт бомбамі накрыў, раніла яго ў грудзі і памёр у яе на руках. Партфель яго перадала, я адразу пазнала, той самы, з якім некалі дамоў прыязджаў, колькі разоў харчы туды пакавала. Адкрываю, а там яго сарочкі, — трохі збянтэжана Бараноўская зірнула на Агеева, і той ураз сцяміў, чыя гэта кашуля на ім. — Дзве сарочкі, ну, і бялізна там, кніжкі, дакументы. Аказваецца, разам яны ішлі, ад немцаў ратаваліся, і вось папаў пад бамбёжку.
— Да, шмат людзей пагінула, — памаўчаўшы сказаў Агееў, каб неяк парушыць тужлівую паўзу. — I ваенных, і цывільных.
— Пагінула. I яшчэ гінуць. Во ў нас у мястэчку... Ненасытная яна, гэтая вайна, мусіць, такой яшчэ не было.
Агееў маўчаў. Што ён мог сказаць ёй, чым памагчы яе ropy? Страціць дарослага сына — што можа быць горай для маці? Нават уласную пагібель нельга параўнаць з такой стратай — ён ужо бачыў што-колечы на вайне, ды і да вайны
ведаў, як гэта жахліва наогул. Цяпер ён зразумеў, чаму ў яе такі жалобны выгляд і такі спакутаваны голас. Сапраўды, нібы ў манашкі.
— Вось тут хачу вам паказаць, — сказала Бараноўская, трохі спакайнеючы, і палезла кудысь за сена. — Во, калі што, тут адна дошачка паднімаецца. Во, ад самага нізу. А там за сцяной маліннік, гарод і бульбоўнік да самага рова. Раптам калі што... Час такі, самі разумееце. Вы ўжо прабачце...
— Усё зразумела. Дзякуй вам, цётачка, — амаль расчулена сказаў Агееў.
Яна ціхенька выйшла — выслізнула з ягонай нары, і ён з горкай усмешкай падумаў: сапраўды настала часіна! Замест таго каб ён, камандзір Чырвонай Арміі, бараніў ад ворага гэтую цётку, аберагаў яе спакой і жыццё, дык яна сама мусіць аберагаць ягонае жыццё і клапаціцца пра яго бяспеку. Цяпер ён цалкам пад яе ўладай і залежыць ад яе ласкі і клопату. Вядома, ён вельмі ўдзячны ёй, і ўсё ж... He проста было яму прыняць як належнае яе клопат і адолець пачуццё ўласнай ніякаватасці, невыразнага сораму нават.
Ён адразу пазнаў гэтае добра знаёмае яму водгулле нямецкіх дызельных рухавікоў, якое аднекуль выплыла ў ранішняй цішыні над мястэчкам, прагырчэла здалёку і змоўкла, мабыць, у цэнтры, на плошчы. Зараз жа прагнаўшы рэшту дрымоты, Агееў напружыў слых — усё ж хата Бараноўскай была бліжэй да ўскраіны, і водгукі таго, што рабілася ў цэнтры мястэчка, не адразу дасягалі яе. А там сапраўды рабілася штось незвычайнае, данёсся якійсьці прыглушаны вокрык, можа, каманда, невыразная гамана людскіх галасоў, якую часам заглушаў рыклівы роў аўтамабіляў. I раптам рэзка і выразна ў цішыні прагучаў лямант жанчыны паблізу, можа, нават у канцы гэтай вуліцы. Ён яшчэ не заціх, гэты голас роспачны, як там жа раздаўся тоненькі дзіцячы крык: «Мама! Мама!! Мамачка!!!» Агееў павярнуўся на бок, сеў на тапчане, асцярожна, каб не прычыніць сабе болю, выцяг параненую нагу. Праз шчыліны сцен ледзьве прабіваўся сіняваты водбліск світанку, на дварэ стала ўжо віднець. I тады аднекуль справа, з дальняга канца мястэчка, пачаў наплываць шматгалосы трывожны гул — Агееў не адразу
сцяміў, што гэта — плач, гоман ці, можа, суладная малітва сотняў людзей. Але тое, што гэты гул утварала мноства галасоў, не выклікала сумнення: глухое рознагалоссе, аб’яднанае рытмам і тонам, здалося, злівалася ў адзін прыглушаны адлегласцю стогн, які то заціхаў трохі, то мацнеў, паволі сунучыся ў прасторы справа налева. Агееў, аднак, здагадаўся, што там адбывалася, гэта было падобна на жах — масавы здзек ці забойства, калі сотні людзей, паднятых бязлітаснай злой воляй з наседжаных спрадвеку гнёздаў, некуды ішлі — куды іх гналі пад страхам, без веры і надзеі. Са скамянелым тварам ён слухаў, стараючыся не прамінуць ніводнага гуку, які далятаў да ягонага сховішча, каб зразумець і запомніць усё. У думках яго з глыбінь пачуцця з’явілася і пульсавала адно толькі слова: «Гады, ах гады!..» I ў гэтым слове-праклёне сканцэнтравалася яго нянавісць і яго разгубленасць перад злом, якое абрынулася на мястэчка.
Мінула, мабыць, не надта шмат часу, але ўжо добра развіднела, і мястэчка, чутна было, стала нібы растрывожаны пчэльнік. Ужо цяжка было вылучыць асобныя гукі ў гэтым жалобным працяжным хоры, які складаўся з ляманту і стогну, што быццам мацнеў, то часам цішэў, то рассыпаўся на асобныя гнёзды гора і роспачы. I тут зусім побач, мабыць, на гэтай вуліцы, прагучала чутна і выразна:
— Шнэль, шнэль...
— He штурхай, гніда, сам пайду!..
— Ідзі быстра, шнэль, чаво стала?..
— Пан паліцэйскі, нельга ж так хутка, я стары чалавек...
— Шнэль, юда паршывая!..
— О божа, о святы заступнік...
Зноў паблізу ўсё сціхла, напэўна, людзі павалакліся на сваю апошнюю галгофу, змоўк і канваір. I раптам, як маланка ўначы, узляцеў да самага неба крык малення і роспачы:
— Мама! Мама!! Мамачка!!!
I — ціхла. Hi слова ў адказ, ні крыку. Агееў увесь сцяўся на тапчане ў абсалютным зняменні — што там? Што там здарылася — іукі не вытлумачылі яму нічога. Але трагедыя навокал прадаўжалася, і ён быў яе нябачным сведкам, бяссільным яе ўдзельнікам. Або няўдзельнікам, што, зрэшты,
азначала адно і тое ж, таму што было нясцерпна пакутна ўсё гэта чуць і не магчы нічога.
Тым часам тое, што чулася зводдаль, што даносілася да яго гулам і пошумам, памалу падкаціла бліжэй і рассыпалася на асобныя галасы, крыкі, плач. Успыхвалі і знікалі рэзкія словы каманд, сэнс якіх, аднак, цяжка было зразумець адсюль. Дзесьці, можа, на суседняй вуліцы, трывожна бляяла каза — па казлянятах, ці што. Некалькі разоў глуха прамычэла карова. Там жа пачуліся злосны вокрык і лаянка, падобна, гэта выганялі кудысь жывёлу. Агееў падумаў, што быццам яшчэ не забіваюць нікога, як тут жа за вуглом гулка ляснуў вінтовачны стрэл, і некалькі курэй з кудахтаннем кінуліся па вуліцы. Раздаўся здзеклівы мужчынскі рогат, і ён зразумеў: гэта завіхалася паліцыя. Ён і яшчэ чакаў стрэлаў, але іх не было болей, здаецца, пачаў ціхнуць шум здалёку, і ў гэтай паўзе цішыні раптам выразна пачулася характэрная, быццам картавая нямецкая гаворка. Прыемна сцішаны, амаль спакойны мужчынскі голас нешта сказаў па-нямецку, але Агееў зразумеў толькі некалькі слоў: «Дзі арганізаціон, абенд...» Несумненна, гэта былі немцы, яны прайшлі за дваццаць крокаў адгэтуль па вуліцы, ён бы мог зняць іх з пісталета, калі б мог згледзець. Трымаючыся за тапчан, ён зірнуў у адну шчыліну ў сцяне, у другую — за сцяной была гушчэча малінніку, бульбяныя барозны і далей вытыркаўся вугал суседскае хаты. Болей там нічога не было відаць.
Тым часам шум людскіх галасоў пакаціўся хвалямі з нейкага аднаго месца, наўкось цераз вуліцу, мабыць, з плошчы ў цэнтры мястэчка. Цяпер ён заставаўся ў аднолькавай сіле, не мацнеючы і не слабнучы болей. Агорнуты трывогай, Агееў чакаў і слухаў. Слухаць гэта так доўга было пакутна нават для яго, запёртага ў гэтай клетцы, а як жа там, на плошчы, падумаў Агееў. I тут зусім не ў лад са сваім настроем ён адчуў у сабе злосць: як жа можна было дапусціць такое? Трэба ж было нешта зрабіць, можа, уцякаць ці хавацца, але напэўна не падпарадкавацца, зрабіць ўсё, каб сарваць намеры фашыстаў. «Вось толькі што можна зрабіць?» — падумаў ён. Заўжды зручна меркаваць збоку, здаля — там жа, пад
рулямі аўтаматаў, мабыць, усё было болей трудна і страшна. Асабліва калі падумаць, колькі там малых і старых, дзяцей і жанчын. Той, хто мяркуе здалёку ці праз нейкі час, заўжды мяркуе болей разумна, але ці болей сумленна — во ў чым пытанне.
Калі людскі шум у мястэчку пачаў сціхаць, зніклі паасобныя крыкі і плач, паблізу пачуліся іншыя, звычайныя галасы, і ён зразумеў: гэта забіралі жывёлу. Насупраць цераз вуліцу нешта грузілі ці, быць можа, выносілі з хат барахло, сцягвалі ў адно месца, і ён чуў: «Стой, куды прэш?.. Пашла, пашла... Трымай... Паварочвай ты жывей... Што ў цябе, вочы павылазілі?.. Хведар, а Хведар, забярэш рэшту». Ішла гаспадарчая работа, збор і адпраўка маёмасці, і займаліся ёю, відаць па ўсім, паліцаі ці хто пад іхнім наглядам. Гэтая мітусня па дварах і хатах працягвалася ўсю раніцу, здаецца, не абяцаючы калі-небудзь скончыцца, водгукі яе даносіліся то з аднаго, то з другога боку, то чуліся паблізу, то здалёку.
Толькі, можа, у абед усё стала сціхаць; і нарэшце жахлівая, мёртвая цішыня агарнула мястэчка. Агееў нерухома сядзеў на тапчане і думаў: на колькі яшчэ дзён і гадзін хопіць ягонай вытрымкі, колькі прадоўжыцца яго пакутнае выпрабаванне? Ён адчуваў сябе на лязе нажа, на парахавой бочцы ў час пажару — у гнятлівым прадчуванні бяды не сёння, дык заўтра. А можа, і трэба разлічваць на менавіта такі канец, думаў ён. Але навошта тады сядзець тут, бавіць час і цешыць сябе дурнымі надзеямі? А калі не сядзець, дык што зрабіць у ягоным становішчы? Дачакацца, калі прыйдуць, і пусціць у ход пісталет? Ці самому выйсці з пісталетам на вуліцу і загінуць з музыкай?
Пакуль, аднак, мінаў час, а па яго ніхто не прыходзіў. He ішла нават цётка Бараноўская, і ён пачаў непакоіцца: ці не здарылася бяда і з ёю? Можа, і яе пагналі разам з яўрэямі?
Бараноўская прыйшла надвячоркам. Абвостраным слыхам Агееў яшчэ здалёку ўчуў яе таропкія крокі ў двары, дзверы застаронка нешырока прыадчыніліся, і яе маленькая цёмная постаць з’явілася на парозе.
— Фу! А я ўжо думала... Так непакоілася!..