Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Як гэта ні дзіўна, пра сваё ваеннае мінулае ён амаль не расказваў нікому — хіба што так, збольшага, у агульных рысах. Зрэшты, хваліцца яму асабліва не было чым. Пра страшны сорак першы год і ўсё, што звязана з гэтым мястэчкам, ён доўгія гады стараўся не прыпамінаць нават — міжвольныя ўспаміны не прыносілі радасці, толькі вярэдзілі душу цяжарам смерцяў, крыві і памылак. Жонка яго была родам з Волгі; вайны амаль што не бачыла і, пакуль была жывая, наогул адмахвалася ад яе жахаў. Пра яго ж яна ведала хіба, што ў пачатку вайны ён быў цяжка паранены, ваяваў у партызанах, пасля вучыўся і працаваў у народнай гаспадарцы, пакуль не перайшоў на выкладчыцкую работу ў ВНУ. Сын неяк пацікавіўся яго ўзнагародамі і, калі бацька паказаў яму ордэн Чырвонай Зоркі, зняважліва хмыкнуў: у бацькі ягонага сябра, які праслужыў вайну ў высокім штабе, было пяць ордэнаў, куча медалёў за ўзяцце гарадоў і юбілейных. Агееў зразумеў, што ягоны вайсковы аўтарытэт назаўжды ўпаў у вачах сына, і ніколі не пачынаў з ім гаворкі аб вайне.
Ён прачнуўся ноччу ад беспрычыннага пачуцця трывогі, невыразнага адчування небяспекі, ці што. Паляжаўшы крыху, уцяміў, што ягоны неспакой ішоў болей знутры, з глыбіні свядомасці — навокал была ноч і стаяла глухая цішыня, якая была калісьці і ад якой ён адвык з пачатку вайны. Дрыжыкі яго, здаецца, мінулі, ён ляжаў мокры ад поту, але холадна яму не было — было нават душна, кажушок упаў з тапчана долу, і цяпер ён ляжаў не накрыты, у змакрэлай кашулі. Рана, калі ён незнарок варухнуў нагой, азвалася болем, але той боль быў ужо не такі востранясцерпны, як учора. У застаронку панавала цемра, ледзьве свяціліся дзве-тры шчыліны пад самым дахам, і ў адной з іх тонкім праменьчыкам мільгала дробная зорачка ў небе.
Агееў прыслухаўся, імкнучыся злавіць хоць які-небудзь рух жыцця за сценамі яго дашчанага сховішча, але, мабыць, ні адзін гук не патрывожыў застаялай цішыні ночы. Ен не адразу сцяміў, якія гукі шукаў у цішы яго ўстрывожаны слых, але тых гукаў, мабыць, даўно ўжо не было чуваць — з таго самага часу, як яны адбіліся ад групы і павярнулі на поўдзень. I тады ён падумаў: што ж гэта такое здарылася ў свеце, як адбылося, што вайна дакацілася ў такую глыбіню краіны? I чаму ён апынуўся ў гэтым застаронку, бездапаможны, бяззбройны, пераапрануты ў нейкую цывільную кашулю? Дзе яго армія? Дзе фронт? Колькі будзе доўжыцца гэтае адступленне і хто ў ім вінаваты? Чырвонаармейцы? Камандзіры? Наша баявая тэхніка? Ці, можа, усё вырашае перавага немцаў, нечаканасць іх магутнага ўдару, іхняе майстэрства і дасканаласць іх тактыкі на полі бою?
За некалькі дзён баёў, у якіх прыняў удзел Агееў, ён паспеў пераканацца, што ў войска хапала рашучасці супраціўляцца ворагу, што байцы і асабліва камандзіры без літасці да сябе, нярэдка звыш усялякай магчымасці, змагаліся з ворагам, часам здорава білі яго на малых участках, хаця і не маглі тым змяніць агульную абстаноўку на фронце, якая з таго самага брутальнага ранку заставалася разгромнай. He зважаючы на свае страты, на стойкасць і супраціўленне нашых часцей, немцы ламалі абарону, абыходзілі, акружалі на шырокім фронце і няспынна ішлі на ўсход. Дзе яны за-
раз і дзе фронт, што чакае армію і краіну ў недалёкай будучыні? — во тыя пытанні, ад якіх ва ўчэпістым страху білася сэрца, і, калі над імі задумацца, здаецца, можна было звар’яцець. На ягоных вачах гінулі людзі, рушыліся шматгадовыя асновы дзяржаўнасці і ставілася пад пытанне будучыня ўсёй зямлі — як можна было заставацца спакойным, мірна спаць у гэтым ціхім кутку, куды яго загнала вайна?
Усе апошнія дні пасля разгрому, прабіраючыся да гэтага мястэчка, Агееў пакутаваў ад невядомасці, ад абсалютнай адсутнасці інфармацыі; людзі, што сустракаліся на іх шляху, таксама няшмат ведалі, болей абыходзіліся здагадкамі і чуткамі, якія былі занадта ўжо фантастычныя, — чуткам Агееў стараўся не верыць. Але якім бы ні быў ягоны недавер, адно заставалася несумненным — немцы перайшлі Дняпро. I ён думаў, што калі нават на Дняпры іх не змаглі спыніць, здалі Магілёў, Віцебск, Гомель, дык чаго чакаць далей? Там жа рукой падаць да Масквы.
Яшчэ тыдзень назад, прарываючыся з групай на ўсход, спакутаваны ад хранічнага недасыпу, трываючы боль раны, галодны і насцярожаны ад няспынных сутычак з немцамі, ён неяк не задумваўся аб такіх нечаканых паваротах вайны, імкнуўся толькі прабіцца да фронту, да сваіх, а там, здавалася, усё стане на месцы. Але во да сваіх так і не выйшаў, засеў немаведама дзе, у жахлівай далечы ад фронту, у баку ад вялікіх дарог, выспаўся, пазбавіўся ад асколка ў ране, і трывожныя думкі аб лёсе вайны і клопат за ўласны лёс сталёвымі абцугамі сціснулі сэрца — было неспакойна, трывожна і пакутна. Але што мог ён зрабіць?..
Калі б не гэтае раненне...
Шмат што было загадкава ў яго вымушаным становішчы, але тое, што з такой ранай ён не баец, — гэта ён разумеў пэўна. Самае кепскае было ў тым, што ён зусім не мог бегчы, не мог пры патрэбе спадзявацца на ногі, кулыавага, яго мог лёгка дагнаць кожны паліцай. Значыць, выйсце для яго было ў адным — як мага хутчэй залячыць рану і што б там не стала прарвацца на ўсход, да фронту і сваіх.
Калі праз дашчаныя сцены застаронка пранік нясмелы світанак, ён падняўся і, адольваючы слабасць і кружэнне ў
галаве, пачаў злазіць з тапчана. Ён падумаў, што лепш гэта зрабіць цяпер, пакуль вакол спяць і яго ніхто не ўбачыць. Накінуўшы на плечы сваю ватоўку, марудна апусціў ногі на зацярушаны сенам земляны дол. Усё ж рана балела, нагу проста курчыла ад болю пры кожным неасцярожным руху, і ён, сцяўшы зубы, ашчадна наступаў на левую пяту. Трымаючыся за шула, ціхенька адчыніў нізкія дзверы, выйшаў у хлеў. Аднекуль з-пад яго ног кінуўся прэч шэры вялізны кот, выскачыў з варот, засцярожліва паўзіраўся ў Агеева разумным позіркам касых вачэй на шчакастай мордзе і схаваўся ў дзядоўніку. У хляве дужа пахла сенам, перасохлым гноем, але за паламанай агародкай, здаецца, было пуста, каровы ў Бараноўскай не было. He чутна было і якой іншай жывёлы, хлеў пуставаў. Праз трохі прычыненыя ад ветру вароты, усё хапаючыся за сцены, ён выбраўся ў двор. Рослы дзядоўнік і крапіва ля сцежкі стаялі ў халоднай pace, прыслоненыя да сцяны хаты, тырчалі нейкія жэрдкі ці, можа, дровы Бараноўскай, вузенькі дворык быў вымашчаны дробнымі каменьчыкамі, але хадзілі па ім, мабыць, няшмат: месцамі сярод камянёў ужо дружна лезла маладая траўка. Насупраць ад увахода ў хату стаяла пустая паветка, адным сваім бокам прымыкаючы да штакетніка-тыну, што адгароджваў двор ад вуліцы. Гэтая паветка, якая неўзабаве адыграе пэўную ролю ў ягоным жыцці, цяпер не звярнула на сябе яго асаблівай увагі — ён болей прыглядаўся да таго, што мясцілася далей ад вуліцы, у глыбіні гэтага даўгога, са шматлікімі хлявамі і хлеўчукамі двара. Пад агульнай страхой з хлявом відаць былі і яшчэ нейкія старыя будыніны, паветкі, куткі з ламаччам, і ўсё заканчвалася дрывотняй з невялікаю клеццю дроў пад страхой, над якой угары, у змрочным світальным небе, цямнелася магутнае суччо некалькіх старых дрэў. Ад дрывотні ўздоўж саду бегла ўніз сцежка, што знікала ў канцы гародаў ля рова, дзе яны пераходзілі ручай. Толькі пачынаўся ранак, было сонна і спакойна, мястэчка спала, здавалася, не ведаючы ні вайны, ні бяды, ні смерцяў, якія абрынула на зямлю вайна. I каторы раз Агееў адчуў, што такая цішыня яго проста здзіўляе пасля ўсяго перажытога ім за некалькі тыдняў; ён адчуваў у ёй затоеную злую трывогу, невыразнае чаканне бяды.
Як-колечы даскакаўшы на адной назе да свае кануры, Агееў адразу паваліўся на тапчан; гэтая невялікая вылазка зусім знясіліла яго, і ён успомніў, што сёння абяцала прыйсці Яўсееўна, паглядзець рану. Павязка зноў стала мокрая, напэўна, яе трэба было памяняць, але ў яго па-ранейшаму не было ні бінтоў, ні лякарства, трэба было чакаць доктарку.
Праз нейкі час ён зноў ненадоўга заснуў і прачнуўся ад ціхага стуку ў хляве, дзверы ў застаронках ціхенька прыадчыніліся, і Агееў адразу ўбачыў Малаковіча з казыркастай кепкай на галаве.
— Ну, добры дзень. Як вы тут?
Малаковіч быў не адзін, за ім у застаронак ступіў нізенькі хударлявы хлопец у акулярах, які сціпла спыніўся ля парога і са скаванай насцярожанасцю ўставіўся ў Агеева.
— Ляжу, — няпэўна сказаў Агееў, трохі здзіўлены гэтым паяўленнем незнаёмага хлопца. Малаковіч між тым нешта вымаў з тугіх кішанёў пінжака і клаў на скрынку ў нагах. Хударлявы хлопец бокам прыткнуўся да сена каля парога; дзверы за гасцямі з таго боку клапатліва прычыніла Бараноўская.
— Доктарка была?
— Была, — сказаў Агееў. — Распаласавала нагу да клуба.
— Гэта яна ўмее.
— Яна што — хірург?
— Майстар на ўсе рукі, — сказаў Малаковіч. — А наогул яна акушэрка.
Да-а...
— Ну, а як ваша адчуванне? — падышоў да яго Малаковіч. Ён звяртаўся да Агеева на «вы», у той час як той нядаўна стаў называць яго на «ты». Гэта, можа, было і не зусім па правілах, але ўвогуле не ўплывала на іх узаемаадносіны — усё ж Агееў па званні і па ўзросту быў крыху старэйшы.
— Ды што адчуванне! Ляжу во... Як там? Што чуваць? Дзе фронт?
— Фронт, мяркуючы па ўсім, за Смаленскам, — уздыхнуўшы, сказаў Малаковіч.
— Чорт пабяры!
Агееў паспрабаваў устаць, але ад неасцярожнага руху
нагой боль працяў яго тупым магутным ударам, і ён у знямозе адкінуўся на падушку. Малаковіч прысеў на канец тапчана ў нагах.
— Прывёў сябрука пазнаёміцца, — кіўнуў ён на госця. — Харошы хлопец. Кіслякоў прозвішча. Разам у школе вучыліся. Ён эфір слухае.
— Прыёмнік? — трываючы боль, запытаў Агееў.
— Прыёмнік. Старэнькі, праўда, — ціха азваўся Кіслякоў.
— Гэта добра. Дык што там?
Сціпла месцячыся на краёчку сена, Кіслякоў сморкнуў кароценькім вострым носам і складна, як завучаны ўрок, паведаміў:
— Зводка за дваццаць сёмае. Нашы войскі пасля цяжкіх і ўпартых баёў пакінулі горад Талін. Адзін наш бамбардзіроўшчык тараніў нямецкі юнкерс 10-88. Цяжкія баі на Смаленскім напрамку...
Агееў выслухаў яго моўчкі. Ён ужо ведаў, што калі ў зводцы Інфармбюро гаварылася пра баі на Смаленскім напрамку, дык Смаленск, напэўна, ужо застаўся ў немцаў, зводкі заўжды спазняліся. Мяркуючы па ўсім, наступленне немцаў працягвалася.
— Як усё абярнулася, усё пакацілася, хто б сказаў, хто б яшчэ нядаўна падумаў! — злосна забедаваў Малаковіч.