Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Яны перайшлі вуліцу і зніклі ў цемрыве — мабыць, пайшлі па ланцугу ў флангавы батальён. Агееў апусціўся ў пыльную канаву, раптам адчуўшы, як выматаўся за гэты пракля-
ты дзень — без начнога спачыну, пасля такой калатнечы. Галава пачала міжвольна хіліцца на грудзі, і толькі ён на хвіліну забыўся, як тут грымнула, асляпіла — першы выбух падняў паблізу ашмоцце зямлі — немцы пачалі абстрэл вёскі. Ён упаў у канаву, у якой, аднак, доўга ляжаць не далі — прыбег баец з загадам з’явіцца да камандзіра палка. Пад абстрэлам яны абодва пабеглі з вёскі ў поле, раз за разам падаючы ад блізкіх выбухаў, і ледзьве знайшлі маёра Папова, які сядзеў у свежай варонцы на ўзмежку жытняй нівы. 3 групай камандзіраў ён рыхтаваў прарыў, і як толькі Агееў уваліўся ў варонку, сустрэў яго злосным дакорам:
— Доўга вымушаеце чакаць вас, Агееў!
— Дык я бягом...
— He бягом — куляй трэба! Во! Будзеш камандаваць флангавай групай прарыву. Зразумела?
Агееў памарудзіў з адказам, бо, хоць і трэба было адказваць, яму нічога не было зразумела. Хутчэй наадварот — усё было незразумела.
— Сорак чалавек, два кулямёты. Ваш намеснік — лейтэнант Рагоўцаў. Ён у курсе.
— Ёсць, — вяла сказаў Агееў.
— I напор! Напор, напор! — трохі больш супакоеным, чым раней, голасам настаўляў камандзір палка. — Адразу наваліцца, гранаты к бою, з ходу прарваць і — наперад! Збор на паўночнай ускраіне вёскі Хатулі. Панятна?
— Ясна, — зноў без належнага ўздыму сказаў Агееў, бо не меў уяўлення, дзе былі тыя Хатулі, дзе немцы. Хіба што пра гэта ведаў лейтэнант Рагоўцаў.
— А раз ясна, дык па мястахі У дзве ноль-ноль пачынаем брасок.
Снарады рваліся трохі ўбаку, на тым канцы вёскі. Хтосьці крануў Агеева за плячо, і ён здагадаўся, што гэта лейтэнант Рагоўцаў. Яны выскачылі з варонкі і, сцёбаючы ботамі ў рэдкай збажыне, пабеглі кудысь убок ад вёскі.
— Наогул сорак чалавек, — на бягу тлумачыў Рагоўцаў. — Але дванаццаць параненых. Чацвярых несці трэба — яшчэ восем чалавек. Па двое на насілкі.
У Агеева разломвалася галава — ад стомы, перажытага,
ад непамернага клопату, які зваліўся на яго так нечакана. Было цёмна, у небе гулялі водбліскі і цені ад ракет, якія пускалі немцы па той бок дарогі, гэтыя водбліскі хісткім няпэўным святлом, аднак, падсвятлялі наваколле — поле, нейкія пасевы, асобныя рэдкія кусцікі, а дзе тут заселі немцы — ён не меў уяўлення. Ён баяўся нечага не паспець, не распарадзіцца як трэба, бо часу, напэўна, засталося няшмат, вось-вось насунуцца дзве гадзіны ночы, калі трэба пачынаць прарыў. Прарыў з дванаццаццю параненымі... Агееў не ведаў, як і з чаго пачынаць, каму і якую ставіць задачу. I калі яны дабраліся да сваёй групы і Агееў разгледзеў у цемры постаці байцоў, што сядзелі і ляжалі на зямлі, ён сказаў проста:
— Братцы! Вы ведаеце наша становішча?
— Ну, здагадваемся, — не адразу сказаў хтосьці з байцоў. Параненая рука яго бялела ў цемры свежым бінтам.
— Становішча ахавае. Трэба прарывацца. Дружна, усе разам, гранатамі, штыкамі і — наперад! Параненых несці па двое. Трэці для падстрахоўкі. Трэба размеркаваць.
— Параненыя размеркаваны, — сказаў лейтэнант Рагоўцаў.
— Тады падрыхтавацца. Па маёй камандзе...
Ен дастаў з кішаня свае «кіраўскія», нехта пасвяціў ліхтарком — было без дваццаці мінут дзве гадзіны. Хваляванне ахапіла Агеева з новаю сілай, праз некалькі хвілін у гэтым полі ён зноў счэпіцца з апантанаю сілай агню, можа, будзе забіты ці паранены, але галоўнае — яму трэба прарвацца з гэтаю групай байцоў, інакш... Інакш навошта яго прыслалі сюды? Як ён затым паявіцца перад камандзірам палка, які во паверыў, што ён можа, што ён лепшы за іншых. Бо даверылі камандаваць яму, а не каму іншаму. He, загінуць цяпер было не самае страшнае — страшней было не выканаць загад, зганьбіць сябе. Гэтага Агееў дазволіць сабе не мог.
Яшчэ двойчы ён зазіраў на гадзіннік і роўна ў дзве ўскочыў на дрыготкіх ад стомы нагах, здушана кінуў: «Наперад!» і пайшоў у цемру па стаптаным, зблытаным жыце. Справа і злева ад яго таксама ўсталі і пайшлі — няроўным загнутым ланцугом, трохі прыгінаючыся, часам спатыкаючыся нагамі
ў недаспелым жыце. Спярша ішлі быццам няспешна, але спакваля тэмп хады пачаў нарастаць, мабыць, кожны баяўся адстаць, і вось ужо амаль усе беглі па жыце, і шум ад ног не на жарт стаў трывожыць Агеева. I ўсё ж некалькі хвілін немцы іх не заўважалі, тут, на флангу, нават не ўзляталі ракеты, і ён нясмела падумаў: можа, яшчэ ім пашанцуе прарвацца без бою. Але толькі ён гэтак падумаў, як аднекуль наўкось у полі сцёбнулі агняна-зіхоткія ў цемрыве трасы, побач хтось ціхенька войкнуў, хтосьці ўпаў — забіты ці, можа, ратуючыся ад куль. I ён, спалохаўшыся не гэтых трас, а таго, што зараз усе пападаюць пад агнём, ужо не тоячыся, люта закрычаў: «Наперад! Наперад!», стрэліў з пісталета і што было сілы пабег, заплятаючыся нагамі ў пругкіх жытніх сцяблах.
Мабыць, ім усё ж пашэнціла: спярша немцы іх праваронілі і заўважылі пазнавата. Аўтаматныя чэргі разарвалі цішыню ночы, грымнула некалькі гранатных выбухаў, яшчэ ўдарыў аўтамат, але гэта там — збоку. Наперадзе ж было ціха, падобна было на тое, што яны ўсё ж адольвалі лінію абароны немцаў ці нават ужо прарваліся ў іх тылы. Затое зводдаль, каля дарогі, пачаўся грымотны бой, дзесяткі кулямётных трас сцябалі адтуль ва ўсіх кірунках, грымелі гранатныя выбухі, угары заверашчалі нямецкія міны. Там жа амаль няспынна свяцілі гірлянды нямецкіх ракет, паласуючы начное неба пакручастымі слядамі дымоў, водсветы іх сполахамі гулялі ў начной прасторы, цьмяна асвятляючы поле і чалавечыя цені ў ім. У часе іхняга бліскання Агееў акідваў позіркам жыта і заўважыў у калоссі таропкія рухі ягоных байцоў. Усе беглі, брылі, знікалі ў доле і паяўляліся зноў — хто як мог, з апошніх намаганняў, даўно ўжо расцягнуўшы і зблытаўшы баявы парадак, аднак цяпер было не да парадку. I ён нічым не мог памагчы тым, што адсталі, трэба было спяшацца, пакуль іх не накрылі агнём, прарвацца з гэтага поля, дасягнуць Хатулёў, якія, мяркуючы па ўсім, былі на ўсход ад спаленага нямецкай авіяцыяй фальварка.
Яны ўжо міналі поле, наперадзе цймнелася кустоўе ці, можа, той малады сасоннік, дзе акапваўся другі батальён,
што надвячоркам вырваўся з вёскі. Агееў прымарудзіў хаду, каб даць магчымасць падцягнуцца астатнім. Ён ужо разы два з палёгкай уздыхнуў, тым болып што ашалелая ўпачатку страляніна ля вёскі быццам бы стала сціхаць — падобна было на тое, што галоўная група на чале з камандзірам палка таксама прарвалася. I калі да сасоннічку засталося падаць рукой, усяго якіх-небудзь сто крокаў, раптоўны кінжальны агонь адтуль па ўсёй яго расцягнутай групе змусіў іх кінуцца долу. Жыта тут ужо скончылася, пад нагамі блыталася-ляскацела густое бацвінне, здаецца, яны ішлі бурачным палеткам і пападалі, дзе каго застаў гэты пякельны агонь. Агонь быў такі шчыльны, што чэргі ішлі ў паветры суцэльным шматслойным патокам, гарачым подыхам абдаючы спіны і галовы байцоў, якія з усяе сілы ціснуліся ў цвёрдую, высушаную спёкай зямлю. Яны разгублена змоўклі, ды і чым яны маглі адказаць? Галоўнай іх сілай былі гранаты, але кідаць гранаты было яшчэ далёка. I тады, трохі паляжаўшы і аддыхаўшыся, Агееў зразумеў, што яшчэ некалькіх хвілін бяздзейнасці — і яны ўсё назаўжды застануцца тут, на гэтым бурачным полі. Ён сунуў за пазуху пісталет і схапіў у абедзве рукі па «лімонцы».
— Устаць! — закрычаў ён на ўсё горла, каб перакрычаць грукат бою. — Уперад!!
Гэта быў ашалелы рывок насустрач пагібелі. Уцалець пад такім агнём, напэўна, не было чаго і думаць, але ўсё ж і яшчэ нехта ўскочыў, кінуўся наперад, прыгнуўшыся, яны пабеглі ў мільгаценні трас да ўзлеску, на хаду кідаючы перад сабой гранаты. Блізкія іх выбухі шыбанулі на Агеева пылам і дымам, аглушылі на правае вуха, але ён ужо быў на ўзлеску і яшчэ шпурлянуў у кустоўе гранату. Выбухі гранат скаланалі наваколле справа і злева, пасля чамусьці ззаду, здаецца, і немцы пачалі кідаць у іх свае булдавешкі-палкі — адна праляцела ля самай галавы Агеева, і ён ледзьве паспеў адхінуцца. У той жа момант яго дужа выцяла па назе вышэй калена, спярша ён нават падумаў, што наскочыў на якую патарчаку ў кустоўі, але не — удар быў занадта хлёсткі, нагу балюча скруціла, як ад сутаргі, і па штаніне ў бот паліліся
гарачыя струмені крыві. Ён упаў — не ад болю, пры адной толькі думцы: ці не перабіта косць? Тут жа ўскочыў — не, нага не зламалася, значыць, косць уцалела, але кроў усё цякла — у боце ўжо ацяжала і захлюпала. Напэўна, трэба было спыніцца, перавязаць рану, ды момант для таго быў самы непрыдатны — уцалелыя байцы яго групы ўцягваліся ў кустоўе, якога тут аказалася зусім трохі — вузкі сагнуты клінок, пасля зноў ішло поле. I ён бег, асядаючы на левую нагу, з ім побач беглі два ці тры чалавекі, яшчэ беглі ззаду, але ў начной цемры нельга было зразумець, колькі іх выскачыла з кустоўя.
Здаецца, яны прарваліся, страляніна ззаду пачала аддаляцца. Ракеты густа падсвечвалі неба таксама наводдаль, за сасоннічкам ззаду, наперадзе была цемра і цішыня бязмесячнай летняй ночы. Агееў пайшоў цішэй, ён дужа кульгаў і зусім не мог бегчы. Усё болей балела нага, ды і не засталося ўжо сілы — байцы выдыхнуліся дарэшты і брылі па полі, куды іх вёў камандзір. Усе падаўлена, знямогла маўчалі.
Наткнуўшыся ў цемры на ледзьве прыкметную ў полі дарожку з бярозкамі абапал, Агееў спыніўся. Трэба было перавязаць нагу, аддыхацца, пачакаць задніх, параненых. У тую ноч пад бярозкамі іх сабралася семнаццаць, амаль усе былі паранены, траіх прынеслі на палатках.
Ужо добра развіднела, калі яны дабраліся ўрэшце да невялічкай лясной вёскі Хатулі, але нікога з палка там не знайшлі. Некалькі гадзін счакаўшы, яны зразумелі, што апынуліся той адзінай групай, якой удалося прарвацца. Усе астатнія на чале з камандзірам палка, наткнуўшыся на значныя нямецкія сілы, паляглі на бурачным полі, не дасягшы сасонніку. Гэтую вестку прынеслі ў Хатулі некалькі апошніх параненых, што ўжо на світанку неяк уратаваліся ад немцаў.
Калі пачало змяркацца, Агееў пастроіў рэшту сваёй невялічкай групы і палявымі шляхамі павёў яе на ўсход, наўздагон за лініяй фронту.
Пад Лідай яны далучыліся да групы маёра са штарма, у якой апынулася некалькі чалавек з тылоў іх разгромленага палка і сярод іх — ягоны саслужывец лейтэнант Малаковіч.