Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Малаковіч прыйшоў на змярканні. Агееў стаяў у жыце, абапёршыся на вінтоўку, і, пачуўшы паблізу таропкія крокі, спрабаваў прысесці. Але ў той жа момант, затулены аднізу
жытам, аднекуль збоку з’явіўся сілуэт у кепцы, з прыспушчанымі плячыма, па якім Агееў і пазнаў лейтэнанта.
— Фу ты! Думаў, не дачакаюся, — сказаў ён з выдыхам і адчуў, як адразу расслабіўся целам ад доўгага трывожнага напружання.
— Дык, разумееце, у прыцемках лепш.
Малаковіч спыніўся перад Агеевым, зморана ссунуў з потнага лба нязвыклую, з даўгім казырком кепку; на ім ужо быў нейкі куртаты паношаны пінжачок са зморшчанымі бартамі, няновыя, выпнутыя на каленях порткі і галошы на босых нагах. Заўважыўшы, што Агееў азірае яго, Малаковіч сказаў:
— Во пераадзеўся. Каб лішне не мазоліць вочы.
— А як немцы? — запытаў Агееў пра тое галоўнае, што цяпер турбавала іх.
— Ніякіх вам немцаў. Прыязджалі і паехалі. Праўда, паліцыю паставілі.
— Во як! I многа?
— А чорт іх ведае. Але ёсць. Школу і міліцыю занялі. Гэта каля царквы.
— А прайсці як?
— Ды ўжо пройдзем як-небудзь. I гэта... Разумееце, — Малаковіч адвёў позірк, агледзеўся, і Агееў зразумеў, што нешта ў яго не зладзілася. — Разумееце, у мяне не надта... Ну, сусед у паліцыі, каб яго разарвала. Дык мы вам, разумееце, другое месца насваталі. У цёткі адной...
Агееў з палёгкай уздыхнуў — хай сабе і ў цёткі, яму галоўнае, каб падлячыць рану, доўга ён тут не заседзіцца. Усё ж становішча іх было няпэўнае, з даволі туманнай будучыняй, і ён стараўся лішне не думаць аб ім. Галоўнае, каб дзенебудзь зашыцца, запаўзці ў заканурак, залізаць раны, з якімі абодва яны — не ваякі! А пасля будзе відаць. Пасля яны пойдуць на фронт.
— Пра фронт не чуваць?
— Кажуць рознае. Немцы перадалі, што Маскву ўзялі, — неахвотна сказаў Малаковіч.
— Ого, куды хапілі!
— Рознае балтаюць. Але толкам ніхто не знае.
— Да-а... Ну што ж, пайшлі?
— Чакайце! — спыніў яго Малаковіч. — Панімаеце, з вінтоўкамі не гадзіцца. 3 вінтоўкамі спыняць і... самі разумееце.
Агееў маўчаў. Ды што ён мог сказаць? Ведама, падацца са зброяй яму не хацелася, але і расстацца з ёю ў такі час таксама было нязвыкла, амаль што боязна.
— Трэба схаваць, — сказаў Малаковіч. — Ось хоць бы і тут. А што, куст — прыкмета.
— У зямлі?
— У зямлі, канечне. У мяне во торба, загорнем...
Агееў змоўчаў, падумаў. Для яго, каторы ўсю службу дбаў пра чысціню і спраўнасць зброі, зараз закопваць у зямлю вінтоўку было злачынствам супраць яго сумлення. Але ён тут жа ўспомніў, колькі іх засталося на палях баёў, на складах і базах, захопленых немцамі, і толькі ўздыхнуў.
Шырокім нямецкім цесаком ён выкапаў вузкую канаўку на самым краёчку жыта каля мяжы, Малаковіч загарнуў у тарбіну дзве вінтоўкі — нашу, мадэлі 1891/30 года, і новенькую нямецкую з абшкрэбанай ложай, — яны ўладкавалі іх у ямку і ўжо ў цемры засыпалі зверху зямлёй. Пасля ўтапталі зямлю нагамі, закідалі травой.
— Ну, а пісталеты ўжо як-небудзь, — сказаў Малаковіч.
У іх былі два пісталеты — нашы варанёныя ТТ з пластмасавымі ручкамі. Днём, калі Малаковіч ішоў у мястэчка, ён аддаў свой Агееву, а цяпер падняў з ватоўкі і сунуў у кішэню штаноў. Пацёртую скураную кабуру, размахнуўшыся, кінуў далей у бульбу.
— Пайшлі!
Агееў падхапіў ватоўку і, дужа кульгаючы, пайшоў за таварышам. Тым часам зусім сцямнелася, вакол у прытуманенай прасторы поля было поўна невыразпых плям і ценяў, якія будзілі цьмяную трывогу ў душы. Але Малаковіч упэўнена ішоў па бульбяной баразне наперадзе, Агееў стараўся ад яго не адстаць. I ўсё ж ён адставаў, параненая нага вымагала часта спыняцца, ён увесь час чапляўся ёю за бухматыя калівы бульбоўніку не трапляў у баразну, злаваўся на сябе, не хочучы спыняць таварыша.
Ужо ў глухой цемры яны падышлі да крайніх будынкаў
мястэчка, павярнулі на сцежку. Дзесь у дварах паміж дрэў пабліскваў чырвоны агеньчык вогнішча, данёсся пах падгарэлай бульбы, які напомніў Агееву пра тое, як ён даўно хоча есці. Але да яды, пэўна, было не так блізка. Прыгнуўшыся ў цемры, яны навобмацак пралезлі паміж дзвюма ніткамі калючага дроту і пайшлі па зарослай травой сцяжыне паўз нейчую сядзібу з доўгай сцяной дашчанага плота, пасля прайшлі берагам ручая пад дрэвамі і выйшлі на дарогу; далей трэба было перабягаць на той бок. Будынкаў там больш не было, справа ляжала цёмнае поле, а наперадзе высіўся раскапаны пагорак, і Агееў не адразу разглядзеў у ім той самы кар’ер, які пасля адыграе такую фатальную ролю ў ягоным жыцці. Але гэта значна пазней, а той раз Агееў ледзьве заўважыў яго ў цемры, яны прайшлі ўздоўж цаглянай агароджы могілак, пад хмурна насцярожанымі ўначы дрэвамі і зноў спусціліся па гародах у нізкую сыраватую, падобную на роў мясціну, зарослую альхой і ляшчыннікам.
— Асцярожна, трымайцеся за жэрдку, — папярэдзіў Малаковіч, сам з асцярогай ступіўшы на вузкую дошку кладкі. Агееў удала перайшоў за ім цераз чорнае правалле ручая або рэчкі, і вузкай, аброслай дзядоўнікам сцяжынкай на мяжы двух гародаў яны ўвайшлі пад навіслае голле дрэў. Побач цямнеліся стрэхі будынін.
— Так... Пастойце тут.
Адчуўшы, што іх падарожжа, напэўна, канчаецца, Агееў уздыхнуў і з палёгкай расслабіў натруджаную нагу. Малаковіч ненадоўга знік, і неўзабаве воддаль пачуўся ціхенькі стук у акно, пасля некалькі незразумелых слоў. I вось лейтэнант ужо бярэ Агеева за руку і ў глухім цемрыве вядзе кудысь цераз двор. Падобна, аднак, яны хутка апынуліся ў хляве; наткнуўшыся на нешта грувасткае, пералезлі цераз высокі парог раскрытых дзвярэй. Па-ранейшаму навокал было зусім цёмна, стаяў пах засохлага гною і сена або, можа, нейкіх сушаных зёлак і яшчэ нечага, чым пахне звычайна ў затхлых старых будынках.
— Во, ідзіце сюды...
Наткнуўшыся на Малаковіча, Агееў намацаў каля сябе
нешта падобнае на тапчан і зморана апусціўся на шархоткі, пакрыты груба тканай посцілкай сяннік.
— Ну, во і добра. Цётка Бараноўская накорміць.
— Ладна. Дзякуй...
— I не турбуйцеся. Усё добра будзе.
— Ну што ж...
Цётка, здаецца, таксама была тут, але яна не сказала ні слова, і Агееву стала ніякавата — усё ж хацелася ведаць, як яна паставіцца да такога кватаранта. Бо магла і не пагадзіцца, і запратэставаць або хоць бы затаіць нязгоду ў душы. Але цётка маўчала, і Малаковіч ціха гукнуў некуды ў цемру:
— Паесці што знойдзецца?
— А там стаіць, — пачуўся ціхманы немалады голас, які зусім не развеяў трывогі ў Агеева, нават пабольшыў яе — такі ён здаўся сухі і нават раздражнёны.
— А, во дзе... Хлеб, агуркі. Во перакусіце. I ляжыце. Днямі пабачымся, — ціха сказаў Малаковіч.
— Добра.
— Тады добрай ночы, начбой!
Неяк зусім нячутна, не стукнуўшы і не скрыпнуўшы нічым, абое яны зніклі, навокал зрабілася ціха і глуха, нібы ў пастцы, і Агееў упершыню падумаў: як бы гэтае сховішча сапраўды не стала ягонаю пасткай. Заўжды ён баяўся, каб сіла абставін не загнала яго ў кут без якой магчымасці выйсця або адступлення. Але во, здаецца, апынуўся менавіта ў такой сітуацыі. Варта той жа цётцы Бараноўскай паклікаць паліцаяў — і яго, кульгавага, хутка звяжуць вяроўкай і адвядуць у паліцыю. Могуць таксама застрэліць, могуць адправіць у лагер для ваеннапалонных. Праўда, цётка пра яго нічога не ведала, ён не зрабіў ёй ніякае шкоды, але ж свая кашуля кожнаму бліжэй да цела, асабліва ў такі час. Нашто рызыкаваць галавой гэтай маўклівай цётцы, якая, напэўна ж, ведае, што ёй пагражае ад немцаў, калі яна будзе хаваць гэтага чырвонаармейца.
Абсалютна заганным і бездапаможным адчуў ён сябе ў гэтую летнюю ноч з сваёй ранай, па добрай волі ці па дурноце даўшы сябе заперці ў гэты хляўчук. Праўда, у яго быў пісталет і два цэлыя магазіны патронаў; на якую бяду, мож-
на было б застрэліць пару паліцаяў, а пасля прыстрэліць сябе. А калі да таго не дойдзе, як тады паводзіць сябе перад паліцаямі, за каго выдаваць? На ім была камандзірская форма — надта заношаная гімнасцёрка і сінія дыяганалевыя брыджы; партупею ён скінуў, як яны засталіся ўдвух з Малаковічам, але на чырвоных пятліцах былі ранейшыя тры кубікі — за каго ж ён мог сябе выдаваць? Малаковіч абачліва пераапрануўся, на нейкі час, напэўна, будзе дарэчы пераапрануцца і яму, але ці шмат паможа яму цывільнае адзенне? Напэўна, да цывільнага адзення патрэбны яшчэ і цывільныя дакументы, а дзе яму іх узяць?
Суцэльныя сумненні і турботы разам з цьмяным прадчуваннем бяды авалодалі Агеевым у гэтым змрочным закутку перад грозным тварам пагрозы. Але якія б неадчэпныя ні былі яго душэўныя пакуты, адчуванне голаду ўзяло верх, на нізкім століку-скрынцы ён намацаў кавалак чорнага хлеба, некалькі агуркоў у місцы і пачаў есці, пакуль ад хлеба не застаўся маленькі кавалак — пэўна, яго трэба б пакінуць на заўтра, падумаў Агееў. Тым не менш ён не мог ужо спыніцца і непрыкметна для сябе зжаваў усё без рэшты.
Напэўна, тут жа і заснуў — забыўся ў трывожным цяжкім сне да світання.
Прачнуўшыся ранкам, Агееў убачыў над сабой нізкую, падбітую аполкамі столь, з такіх жа аполкаў былі тут і сцены, што свяціліся цяпер мноствам шчылін і высвечвалі шэрыя бярвёны сцяны насупраць. Агееў агледзеўся — гэта быў цесненькі хляўчук-застаронак, мабыць, прыбудаваны да старога хлява, куды вялі нізенькія дашчаныя дзверы, закрытыя на драўляную закрутку. У адным канцы застаронка стаяў тапчан, на якім ён пераспаў ноч, з пакрытай чыстай анучкаю скрынкай ля ног, у другім ляжала куча свежага сена, і пад ім ля сцяны сядзела ў гняздзе курыца, што адным вокам пільна і насцярожана сачыла за чалавекам. Праз шматлікія шчыліны ў сцяне білі сонечныя промні, і дзе-нідзе вытыркалася асветленае сонцам пустазелле, што буйна разраслося пад сцяной у гародзе. Было цёпла, спакойна, дзесьці наводдаль зычна прапяяў певень — на ўсё горла ад свае петушынай радасці. Агееў паспрабаваў устаць і ледзьве не крыкнуў
ад болю ў назе — павязка спаўзла, штаніна прысохла да раны, да якой цяпер немагчыма было дакрануцца. Ён сеў на тапчане і, спусціўшы да калень штаны, агаліў нагу. 3 раны цёк гной, тканіна павязкі наскрозь прамокла, нага вышэй калена зрабілася тоўстай і счырванела, яўна распухала што дзень, то болей. Па бруднай, замурзанай скуры спаўзло некалькі мутных кропляў, ён сцёр іх даланёй і раптам спалохана знерухомеў: між набрынялых гніллю, даўно абяскроўленых тканак патрывожана варушыўся маленькі белы чарвяк, побач другі, а там яшчэ і яшчэ. Агееў боязна разняў пальцамі падсохлыя краёчкі раны і ўбачыў многа гэтых дробненькіх неспакойных істот. Скалануўшыся, нібы ад дрыжыкі, ён падняў побач саломіну і таропка пачаў выкалупваць ёю чарвякоў з раны. Увесь час яго не пакідала палахлівае адчуванне брыдоты: гэта ж трэба — жывое цела яго тачылі і елі агідныя стварэнні. Але што можна было зрабіць — усе апошнія дні іх непрытульнага блукання ён не меў нават бінта перавязаць рану, так вось і шкандыбаў у спёку, нага з кожным днём налівалася ўсё большым цяжарам, пухла, не дзіва, што ў ране завяліся чэрві. Што яшчэ будзе?