Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Дрыготкімі рукамі Агееў збольшага ачысціў рану і паправіў павязку, павярнуўшы яе больш-менш сухім бокам, тужэй падцягнуў на балючай назе, усё разважаючы, як яму быць, як лячыць рану. Мабыць, без дапамогі Малаковіча ён нічога не зробіць, але ўчора аб тым не было гаворкі, яны нават не дамовіліся, калі Малаковіч прыйдзе да яго зноў. He, не абысціся без доктара. Але ці знойдзецца тут які-небудзь здатны лекар, якога можна было б не баяцца?
Стараючыся паводзіць сябе як мага цішэй, увесь час услухоўваючыся, ён спрабаваў здагадацца, што ў той час рабілася на дварэ. I ўсё ж зусім нават знянацку для яго дзверы ў застаронак расчыніліся, і цераз высокі парог пераступіла маленькая стараватая жанчына ў доўгай спадніцы і цёмнай, нізка павязанай хусцінцы, сваім выглядам вельмі напомніўшы яму манашку. Абедзьве яе рукі былі заняты невялічкім чорным чыгунком, які яна трымала перад сабой у фартуху. У застаронку запахла свежай бульбаю з кропам. Агееў асцярожна падцягнуў нагу.
— Во снеданне, — сказала жанчына, суха павітаўшыся, і Агееў здагадаўся, што гэта яго гаспадыня.
Дзякуй.
— Калі ласка. Малако ў стаўбунку.
Дзякуй.
Ён думаў, што яна пачакае, запытае яго пра што-небудзь або што скажа, але цётка тут жа павярнулася да дзвярэй. Баючыся, што ён яе не хутка пабачыць, Агееў паспешна гукнуў:
— Адну хвілінку, калі можна!
Гаспадыня павярнулася, на яе зморшчаным маленькім тварыку з самкнутымі вуснамі былі смутак і ўвага, аднак вочы глядзелі з пэўнаю цвёрдасцю і нават разважнай суровасцю.
— Разумееце, мне б доктара... Рана ў мяне, панімаеце...
Бегла зірнуўшы на яго выцягнутую ўздоўж тапчана распухлую нагу з мокрай плямай на дзіравай ад асколка штаніне, яна ціхенька ўздыхнула і выслізнула за парог. Недаўменна счакаўшы хвіліну, Агееў пацягнуўся да скрынкі, дзе смачна пахла свежазвараная бульбачка.
Снедаючы, ён не мог пазбыцца агіднага пачуцця брыдоты, выкліканага нядаўнім аглядам раны. Неспакой яго не мінаўся, і думалася самае рознае, болей трывожнае, з сумным вынікам. Калі б хоць не гэтыя чарвякі, дык з болем ён бы саўладаў як-небудзь, боль страціў вастрыню, Агееў да яго прыцярпеўся, хадзіць было трудна, але можна — прайшоў жа ён кіламетраў сто дваццаць, гіэўна, адолеў бы і яшчэ. Але калі б не пачалося заражэнне. Калі ўжо завяліся чэрві. Зноў жа, у ране мог застацца асколак, а з ім кепская справа, з асколкам будзе бяда. Як бы не засесці тут надоўга ці наогул не адкінуць капыты? Аддаючыся турботным думкам, ён увесь час прыслухоўваўся да разрозненых, часам невыразных, зманлівых гукаў знадворку — чакаў гаспадыню. Напэўна, павінна ж яна завітаць у гэты закутак, неяк дапамагчы яму. Пры гэтых думках ён крыва ўсміхнуўся — дажыўся, называецца, начбой Агееў да таго, што стаў залежны ад „ейкай местачковай цёткі? Але сапраўды гіадобна было на тое, што лёс яго цяпер залежаў менавіта ад гэтай нема-
ладой цёткі больш, чым ад каго б там ні было ў свеце. Пракляты вайсковы лёс, які ўсё ў ягоным жыцці перавярнуў дагары нагамі. Ды ці толькі ў ягоным жыцці?
Запіваючы кіслым малаком з стаўбуна, ён хутка з’еў усю бульбу, дажаваў хлеб, якога цяпер была ўсяго адна скіба. Увесь час ён чуйна прыслухоўваўся. Але, мабыць, вялікай небяспекі для яго цяпер тут не было, за сцяной ляжаў гарод, аброслы на межах дзядоўнікам і крапівой, вуліца была зводдаль, з другога канца сядзібы, і з яе амаль не даносілася ніякіх гукаў. Вакол было ціха, спакойна, і ў гэтай цішы ён адразу пачуў два-тры асцярожныя крокі ў хляве, дзверы застаронка нешырока расчыніліся.
— Во пераапрануцца вам.
Цётка Бараноўская з парога паклала на канец тапчана невялічкі скрутак, тут жа разгарнуўшы каторы ён знайшоў чорную сацінавую кашулю, прыгожа вышытую па каўняры сінімі шоўкавымі кветкамі. «Што ж, дзякуй!» — у думках спазнела сказаў Агееў, бо цётка ўжо схавалася за дзвярыма. Ён раскінуў кашулю на каленях, мабыць, яна была яму самы раз, гэтая прыгожая апратка з прыемнага навобмацак мяккага саціну, але ён памарудзіў знімаць сваю пацёртую прапацелую гімнасцёрку, якая разам з ім столькі стрывала за гэтае вар’яцкае лета. Гэта было звычайнае хэбэ з накладнымі кішэнямі і чырвонымі камандзірскімі пятліцамі, у якіх рубінавымі агеньчыкамі ззялі па тры эмалевыя кубікі. Трэці кубік ён прывінціў сюды за тры доўгія месяцы да пачатку вайны, а чакаў яго тры доўгія гады — на працягу ўсёй сваёй камандзірскай службы пасля вучылішча. На рукавах чырванелі галуны-нашыўкі, адпаведныя ягонаму званню, і вось ад усяго гэтага даводзілася па добрай волі адмаўляцца, мяняць на нейкую цывільную кашулю з кветачкамі на каўняры. Але, відаць, сапраўды прыйдзецца, інакш як яму выйсці адсюль у гэтым яго камандзірскім убранні? Першы прахожы з вуліцы зверне на яго ўвагу, і няцяжка ўявіць, чым усё можа скончыцца.
Цераз галаву ён рашуча сцягнуў гімнасцёрку, выбраў з кішэняў дакументы, падумаўшы, сунуў іх «на пакуль» пад сяннік. Пасля накінуў мяккую, прыемна аблеглую на пля-
чах кашулю, каўнер зашпільваць не стаў, падпяразвацца таксама. Гімнасцёрку разам з рамянём і пісталетам паклаў пад падушку. Цяпер ад вайсковага абмундзіравання на ім заставалася толькі цёмна-сіняе камандзірскае галіфэ. Разношаныя ялавыя боты былі падобныя на цывільныя, боты яго не турбавалі. А вось пра галіфэ яшчэ прыйдзецца, відаць, патурбавацца, галіфэ магло яго выдаць.
Яму даўно хацелася выйсці на двор, але ён марудзіў у нерашучасці, прыслухоўваўся. Было невядома: хто тут жыве ў суседзях, хто яшчэ ёсць у гэтай Бараноўскай? Каго яму трэба было асцерагацца найбольш? Усё ж нейкая яна негаваркая, гэтая яго гаспадыня, падумаў Агееў, не, каб расказаць што пра сябе, — відаць, трэба пытацца. Пытацца ён не любіў, асабліва ў малазнаёмых. Зрэшты, як і расказваць пра сябе таксама. Размова малазнаёмых, ды яшчэ без патрэбы, не была для яго асалодай, мабыць, падобнай да яго трапілася яму і гаспадыня.
Ён яшчэ не наважыўся выбрацца з застаронка, як за сцяной у хляве пачуліся галасы, дзверы шырока расчыніліся, і цераз высокі парог не дужа спрытна пераступіла пажылая паўнаватая жанчына ў чорным жакеце з сіваватым вузлом валасоў на патыліцы. Яна адразу намацала яго позіркам у цемнаватым пасля вуліцы куце, выпрабавальна зірнула толькі адзін раз і густа пыхнула махорачным дымам ад самакруткі, якую трымала ў зубах, пакуль адчыняла дзверы. Другая яе рука была занята невялічкім скураным сакваяжам.
— О, дзе ён устроіўся! Харашо, свежае паветра! Ну, здароў, хлопец!
— Добры дзень, — трохі ніякавата сказаў Агееў, прыўстаючы на тапчане. Ён не адразу сцяміў, за каго яна яго прымае, але яе прастата ў гаворцы настройвала на лёгкі, амаль бесклапотны лад.
Жанчына перадала сакваяж у рукі Бараноўскай, якая, прычыніўшы дзверы, сціпла спынілася ля парога, яшчэ раз таропка зацягнулася акуркам і, кінуўшы яго долу, старанна зацерла чаравікам.
— Ну, дык што? Болечка?
— Ды во, трошкі! — сказаў Агееў, цямячы, што, пэўна, гэта прыйшла доктарка.
— Ну, трошкі — гэта ерунда. Цяпер трошкі і не лічыцца.
Падышоўшы бліжэй да тапчана, яна абхапіла яго нагу каля костачкі і рэзка заламіла ў калене. Агееў тузануўся ад болю.
— Да-а, — павярнулася да гаспадыні. — Нясіце вады.
— Зараз, Яўсееўна, — з гатоўнасцю азвалася Бараноўская. — Цёплай?
— Гарачай. I чысты ручнік.
Гаспадыня шмыганула за дзверы. Яўсееўна ў роздуме трохі счакала і, дапытліва ўставіўшыся ў яго, кінула:
— Ваенны?
— Ваенны, — сказаў Агееў, пазіраючы ў яе цёмныя настырныя вочы. Пад такім позіркам гаварыць няпраўду было немагчыма, ён гэта адчуваў адразу.
— Ох, хо-хо, хо-хо! — пабедавала Яўсееўна, хутчэй, аднак, у адказ на нейкія свае думкі. — Ну, знімай штаны.
— Зусім?
— Зусім... Чаго саромеешся? Ці надта сарамлівы?
— Ды я нічога, пажалуста, — сказаў ён і з перабольшанай рашучасцю сцягнуў цеснае, паношанае галіфэ.
Яўсееўна тым часам расчыніла на скрынцы сакваяжык, пабразгаўшы інструментам, дастала вялікія нажніцы. Ён узяўся развязваць сваю мокрую ад гною павязку, але доктарка, спрытна падчапіўшы, разрэзала яе напалам і гідліва адкінула ў куток.
— Да-а... Карцінка!
— Карцінка, — згодна паўтарыў Агееў. — I ведаеце, чэрві!
Ён думаў, што гэтае паведамленне здзівіць ці нават спалохае Яўсееўну, але на поўным, нахмураным твары з чорнымі вусікамі не скаланулася ніводная жылка — відаць, цікавіла яе іншае.
— Чарвякі — гэта ерунда, — сказала яна, роздумна аглядаючы рану, і некалькі разоў калупнула ў ёй доўгім пінцэтам. — Чарвякі — гэта нават някепска...
«Што ж можа быць горш»? — раздражнёна падумаў Агееў.
— Але, ведаеце, я спалохаўся...
— He трэба палохацца! У жыцці наогул шкодна палохацца. Шкодна для здароўя. Вось як, малады чалавек!
— Гэта так.
— Вось іменна. Асколак? — яна зноў запытальна зірнула на яго.
— Асколак.
— Гэта горш. Прыйдзецца рассячы.
— Што рассячы?
— Рану, вядома. He нагу ж. Бараноўская! — хрыплым баском гукнула яна, павярнуўшыся да дзвярэй, і адтуль пачуўся ціхі голас гаспадыні:
Іду, іду...
Усё гэтаксама, бадай нячутна, гаспадыня ўвайшла ў застаронак, паставіла на скрынку чыгунок з гарачай вадой, паклала ручнік і адступілася да дзвярэй, схаваўшы рукі пад фартушок. Яўсееўна намачыла ў чыгунку ручнік, старанна абцерла ім вакол раны. Агееў трохі паморшчыўся — дотык яе рук азваўся ўсё ж немалым болем.
— Ану, ляж і адвярніся! — загадала доктарка. — Нечага глядзець, не маленькі.
Агееў выцягнуўся на тапчане, трохі адвярнуў галаву, утаропіўшы позірк у сук на сцяне. Яўсееўна рыхтавалася да аперацыі — востра запахла нашатыром, бразнулі металічныя інструменты.
— Зараз мы таго... Гэта дзела простае! He паспееш адчуць...
Востры боль у ране да касці пранізаў нагу, Агееў тузануўся, скрыгатнуў зубамі.
— Што, баліць? — незадаволена перапыніла яго доктарка. — He хлусі, то не баліць. To — ерунда, камарыны ўкус.
Ён і яшчэ тузануўся ад такога ж, амаль невыноснага, болю, але прымусіў сябе не застагнаць, закусіў вусны.
— Так, так... Гэта ерунда... Да, тут набралося... Пачысціць... Так, гэта туды, гэта сюды, — прыгаворвала Яўсееўна, калупаючыся ў ране, і Агееў сабраў у сабе ўсе сілы, каб стрываць без стогну. Балела па-зверску, усю нагу да кончыкаў пальцаў ахапіў глыбінны боль, хацелася ўскочыць, вырвацца і ўцячы з гэтага застаронка... Здаецца, аднак, ён стрываў.