Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Можа, памятаеце, тут, на Зялёнай, Бараноўская жыла?
— Была Зялёная, — падказаў ззаду мужчына. — Цяпер Касмічная.
— Перайменавалі?
— Каторы раз. Пасля вайны была Танкістаў, пасля Пекінская. Усё пераймяноўваюць.
Дзед на лаўцы неяк дзіўнавата загойдаўся наперад-назад, паварушыў звешанымі між калень жылістымі кісцямі рук.
— Бараноўская Варвара... Застрэлілі немцы.
— Застрэлілі? Во як...
— Застрэлілі. Той начальнік паліцыі. Помню, якраз на зімняга Міколу. Я яшчэ дровы вазіў...
Гэтая навіна не была вялікай нечаканасцю для Агеева, ён даўно ўжо прадчуваў менавіта такі канец для яго гаспадыні і цяпер са спозненым шкадаваннем падумаў: за што? Ці не за яго? Шчымлівы боль спакваля авалодаў ім, і ён пастаяў моўчкі, нібы чакаючы, што яшчэ скажа гэты ссівелы дзед. Але дзед маўчаў, можа, думаў, а можа, чакаў ад яго новых пытанняў.
— А яшчэ, можа, ведаеце, тут недзе на суседняй вуліцы жыў такі чалавек, жасцяншчык ці слесар, ён яшчэ ў вайну бляшаныя цёркі рабіў для зерня...
— Лукаш?
— Можа, і Лукаш, не памятаю. Дык у яго на кватэры настаўніца была, прыезджая, а з ёю сястра жыла...
Сказаўшы тое, Агееў адчуў, што наблізіўся да самае важ-
нае мяжы, да якой ішоў столькі часу, і зараз, напэўна, пачуе прысуд, што панішчыць яго або ашчаслівіць. Трэба было сабраць сілы, каб спакойна стрываць яго, які б ён ні быў.
— Лукаш майстроўны быў, ага... Умеў па дрэву і па металу... Мне яшчэ рамы пасля вайны ставіў. Майстроўны быў...
Твар дзедаў ад успаміну на кароткі момант праяснеў, ён адарваў позірк ад долу і павёў ім на Агеева. Агееў расчаравана выдыхнуў, пераступіў з нагі на нагу — сесці тут не было на чым.
— Майстроўны... Памёр даўно ўжо.
— Дык настаўніца кватаравала ў яго.
— Што? Настаўніца... Можа, і была.
— А вы не памятаеце, дзед?
— Настаўніца, — паўтарыў дзед і падумаў. — He, не помню.
Амаль панішчаны гэтай размовай, яе абнадзееным і такім нікчэмным вынікам, Агееў выйшаў на вуліцу. Разгублена пахадзіў па адным і па другім яе баку, зайшоў у пакінуты, зарослы быльнягом двор Бараноўскай, памалу пазнаючы струхлелыя сцены будынін, гнілаватыя, выкрышаныя вуглы, касабокія прасценкі. Ён абышоў хлеў, прыбудоўкі, за дрывотняй, густа парослай высокай, да калень, лебядой, зірнуў у гарод з тыльнага боку сядзібы і не ўбачыў там хлеўчука-застаронка, які даўно ўжо, напэўна, разабралі на дровы, — упрытык да самай сцяны хлява ішлі роўныя баразёнкі маладога бульбоўніку. Ён прыкінуў прыблізна тое месца, дзе стаяў ягоны тапчанчык і дзе была дзірка ў сцяне, каля якой пад каменем ён схаваў свой ТТ. Хтосьці, напэўна, знайшоў, калі ў свой час яго не падабрала паліцыя.
Вярнуўшыся на двор, здалёку паўзіраўся ў садок, якога, аказваецца, таксама не абмінула жорсткая хада часу — старыя яблыні марудна, па адной, паміралі, губляючы ссохлыя сукі і голле; кусты парэчак, якія некалі аддзялялі садок ад двара, зусім зніклі. На агароднай мяжы над парканам чарнела голае суччо некалькі сухіх вішняў, добра памятных яму яшчэ з таго лета. Цяпер ён нават не падышоў да іх — усёй ягонай істотай авалодала роспачнае адчуванне няўдачы, і, каб справіцца з ім, ён япічэ прайшоў у канец вуліцы паўз
высокі дом з нямецкім дахам, перайшоў на другую. 3 нечаканай надзеяй спаткаў пажылую жанчыну, якая несла вялікую сумку, і запытаў, ці не памятае яна Лукаша-бляхара. Жанчына зморана апусціла долу нагружаную боханамі хлеба цяжкую сумку, паправіла хусцінку на галаве.
— Як жа, быў Лукаш. Ваньковіч ягонае празвішча. Памёр пасля вайны.
— А ў яго настаўніца перад вайной на кватэры жыла...
— Настаўніца? Была наўродзе, прыгожанькая такая. Толькі не помню, як звалі.
— Вера! — з абноўленай радасцю падказаў Агееў.
— Можа, і Вера. He помню.
— А што з ёй пасля здарылася, не ўпомніце? Да яе яшчэ сястра перад вайной прыязджала — Марыя.
Жанчына паморшчыла і без таго зморшчанае пераноссе, угледзелася ў канец вуліцы, па якой ужо грукацела «Калхіда» з прычэпам.
— He знаю. Помню, наўродзе была малодзенькая дзяўчынка. Нядоўга пажыла, а дзе дзелася?..
— Пасля вайны не аб’яўлялася?
— Дык не знаю.
Агееў яшчэ прайшоў некалькі разоў па гэтай і суседняй вуліцах і зусім ужо ў роспачы падышоў да двух мужчын ля веснічак. Адзін з іх стаяў па гэты бок іх, а другі — худы і высокі — па той, абодва курылі і пра нешта гарэзліва гутарылі. Калі ён звярнуўся, аднак, змоўклі, і худы з-за веснічак жвава падхапіў:
— Ведаю Марыю. У Мінску жыве. Скончыла іняз. Працуе ў школе.
— Во як! — збянтэжана сказаў Агееў. — I даўно скончыла?
— У семдзесят восьмым, добра памятаю. Я паступаў, ды зрэзаўся: конкурс! А яна скончыла.
Агееў адразу нахмурыўся, прыкідваючы сабе: колькі ж ёй магло быць у семдзесят восьмым? He, штосьці пазнавата было ёй у пяцьдзесят гадоў канчаць інстытут. Наўрад ці гэта яна.
— Даруйце, а якога яна ўзросту?
— Узросту? Ды мая равесніца. Разам у школу хадзілі. Толькі я яшчэ армію адслужыў... А што, не тая, выходзіць?
— He тая, — сказаў Агееў і паныла кіўнуў на развітанне.
Ён і яшчэ пытаўся: у выпадковых вулічных сустрэчных, што мелі на выгляд гадоў пад шэсцьдзесят ці болей, падыходзіў да сівой прадаўшчыцы кіёска «Саюздруку», некалькі разоў заходзіў у двары, калі бачыў каго-небудзь з вуліцы. Людзі старэйшыя лёгка ўспаміналі Лукаша, некаторыя памяталі Бараноўскую, вельмі нямногія ўспаміналі настаўніцу Веру Адамаўну, але ніхто нічога канкрэтнага не мог сказаць пра яе сястру. Быццам прыязджала, нядоўга пажыла тут, а куды падзелася — гэтага не ведаў ніхто.
Мяркуючы па ўсім, загінула. Але дзе? I калі?
Думаючы пра тое ў бяссонныя ночы, Агееў непазбежна апынаўся ў тупіку. Шматлікія спробы яго што-небудзь даведацца пра Марыю з дапамогай архіву, пісьмаў і запытанняў у афіцыйныя органы заўсёды заканчваліся тупіковымі адказамі накшталт «не чысліцца», «не значыцца», «звестак не маецца». Але ж ён разумеў, што пасля столькіх гадоў, можа, адзінай магчымасцю ў ягоных пошуках сталі дакументы, спісы, архіўныя даведкі, у якіх было шмат чаго, але, на жаль, нічога не было пра яе. Зрэшты, калі падумаць, дык нічога і не магло быць. У тую жахлівую восень яны болей за ўсё на свеце баяліся дакументаў, спісаў, запісак, нават выпадкова згубленай паперкі, якая проста і нечакана магла зрабіцца ўлікай. А пра народную памяць або гісторыю хто тады думаў? Шлях у гісторыю для іх быў перакрыты штодзённай небяспекай, перабрацца цераз якую часта нельга было і думаць. Усе апошнія гады, рассылаючы пісьмы, звяртаючыся ў архівы і распытваючы людзей, Агееў разумеў, што не так прагне знайсці яе, колькі ашукаць сябе, утрымацца ў кволай уладзе ілюзій ад непазбежнасці апошняга, самага непажаданага адказу. Гэты апошні адказ мог мець для яго такі вынік, пасля якога не заставалася ўжо нічога, і Агееў адсоўваў яго як толькі мог, у роспачы хапаючыся за кожнае, нават малаважнае чалавечае сведчанне, цьмяны слых ці нават недарэчнае меркаванне.
Але вось, здаецца, прыйшоў канец усім яго ілюзіям, ніхто
аб ёй нічога не ведаў, яна сапраўды без следу знікла той восенню сорак першага, быццам і не жыла на зямлі.
Заставалася аіюшняе.
Прыехаўшы ў гэты пасёлак, ён пасяліўся тады ў цеснай пасялковай гасцінічцы, каля лазні, дзе ў квадратным пакойчыку з ракавінай і рукамыйнікам пастаўленыя ў два рады стаялі шэсць ложкаў, на якіх амаль кожную ноч мяняліся жыхары — камандзіраваныя, упаўнаважаныя, шафёры. I толькі ён цэлы тыдзень займаў кутні, з гнуткаю сеткай ложак, і калі загадчыца запыталася, колькі яшчэ ён прабудзе, ён адказаў не адразу. Ён проста не ведаў, колькі яму яшчэ давядзецца прабыць у гэтым пасёлку, канца яго справы яшчэ не было відаць, але ў раёне склікалася нейкая важная нарада, і ў гасцініцы спатрэбіліся вольныя месцы. Яго не высялялі, хаця і маглі зрабіць гэта, толькі пацікавіліся тэрмінам яго выезду, але ад гэтага пытання тоўстай, мусіць, ад нерухомай працы загадчыцы з залатымі пярсцёнкамі на ўсіх пальцах рук патыхнула нядобразычлівасцю, і ён, падумаўшы, сказаў: заўтра. У той жа дзень пасля абеду, хуценька перакусіўшы ў буфеце, зайшоў ва ўнівермаг, у аддзеле спорттавараў купіў невялічкую парусінавую палатку, спальнік, што-колечы з турысцкіх прылад, патраціўшы на пакупкі большую частку прыхопленых з сабой грошай, і перанёс усё за могілкі, на бераг кар’ера. Тут аказалася не горш, чым у той гасцініцы. Па крайняй меры, тут ён быў у абсалютным спакоі, на адзіноце, сам з сабой і сваімі невясёлымі думкамі — што магло быць лепш у ягоным становішчы?
Ранішняе сонца даўно вісела ўгары над раскапаным кар’ерам, набліжалася спякотная пара дня. Агееў скінуў на зямлю куртку, пачаў часта адцягваць мяккі разрэз трыко на грудзях, абдаючы распаранае цела застаялым паветрам. У кар’ер амаль што не задуваў вецер, ад нагрэтага гліністага абрыву дыхала сухой гарачынёй, як з печы. Агееў перакапаў рыдлёўкай амаль паўбугра зямлі, усё адкідваючы ўбок розныя абломкі, іржавыя бляшанкі, чарапкі, аднак без жаднай прыкметы таго, што можна б аднесці да больш-менш аддаленай даўнасці. Можа, і правільна сказалі яму ў выканкоме, што тут нічога не засталося, целы расстраляных перахавалі
ўлетку сорак чацвёртага адразу пасля вызвалення і што іх было ўсяго трое. Усе мужчыны. Ніводнага жаночага цела там не было. Калі ж ён пацікавіўся, як адрознівалі целы пасля іх амаль трохгадовага ляжання ў зямлі, яму не адказалі. A цётка-прыбіральшчыца пры гасцініцы, з якой ён неяк завёў пра тое гаворку, сказала проста:
— Ды як адрознівалі? Сабралі костачкі ды расклалі ў тры дамавіны. Як там адрозніш...
Усё ж ён дазнаўся з дапамогай сведак, што не проста сабралі костачкі, што там быў доктар і што некаторыя целы нават пазналі родзічы. Ва ўсякім разе, з пэўнаю доляй верагоднасці на памылку целы расстраляных былі апазнаны, і сярод трох цела яе не было.
Але тады дзе ж яна?
Канечне, і без таго расстрэлу яна магла дзесяць разоў памерці падчас і пасля вайны, яе маглі адправіць у якінебудзь канцлагер, якіх было мноства ў немцаў. Але ўсё гэта толькі ў тым выпадку, калі яна не засталася тут, у гэтым кар’еры. Ён не мог меркаваць пра іншы вынік да таго часу, пакуль на свае вочы не пераканаецца, што яе костак тут не засталося, што іх не заваліла заходнім краем абрыву, які рухнуў у яму вясной сорак другога. Праклятая гэтая яма на паўсотню крокаў упоперак, якую толькі прыблізна можна было палічыць кар’ерам, тым не менш умела хаваць свае тайны, яна адабрала ў Агеева большую частку лета, столькі працы, поту, але да апошняга дня так нічога яму і не адкрыла.