Поўны збор твораў. Том 6
Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Памер: 560с.
Мінск 2006
Ён упаў на калені і аберуч пачаў мацаць снег, адразу наткнуўшыся пальцамі на ледзьве прыкметную для вока шырокую баразну ў снезе з ямінамі ад калень, і зразумеў, што яна папаўзла. Гэтае адкрыццё збянтэжыла яго. 3 мешаным пачуццём спалоху і недаўмення ён ускочыў на ногі, пакінуўшы на ранейшым месцы вінтоўку, і пабег па няроўнай баразне — цераз быльнёг, міма паўзасыпанага палявога куста ў напрамку нябачнай адсюль, але недалёкай вёскі. Калі
ж усё стала зразумела, Антон вяла выпрастаўся, сцішыў крок, спыніўся зусім і самотным разгубленым позіркам уставіўся ў змрок. Ён яе не забіў, толькі параніў, і яна папаўзла ў вёску, дзе ў яе знаёмыя, сувязныя, сяброўкі. Яму ж падацца туды было нельга. Спрабуючы як-колечы асэнсаваць новы паварот у сваім становішчы, ён вярнуўся назад, падабраў вінтоўку. Называецца, пашкадаваў патрон і — загубіў жыццё. Праклятая Зоська! Колькі ж гэта можа яшчэ цягнуцца? Палічыўшы яе забітай, ён хутка страціў свой гнеў супраць яе, ён нават гатовы быў палюбіць яе мёртвую, якая сваёй смерцю, несумненна, саслужыла б яму добрую службу. Але цяпер ён яе ненавідзеў як ніколі раней. Яна з’явілася пачварна непераадольнай перашкодай на яго і без таго заблытанай пуцявіне жыцця. Як яму вызваліцца ад яе?
Але вызваліцца, напэўна, было ўжо немагчыма: упусціўшы яе, ён траціў над ёю сваю ўладу. I наадварот, дабраўшыся да Княжаводцаў, яна займела грозную ўладу над ім і цяпер можа зрабіць з ім усё, што захоча. Напэўна, у гэты час, калі ён кідаецца па начным полі, яна ўжо расказвае некаму пра яго злачынства. Праз некалькі дзён аб гэтым стане вядома ў атрадзе.
Хісткім няроўным крокам Антон ішоў супраць ветру, не адчуваючы яго марозных парываў, панура апусціўшы галаву, засунуўшы ў кішэні рукі. Пляваць яму было на сцюжу, на гэты пракляты вецер у голым прамёрзлым полі. Вайна заганяла яго ў тупік, з якога не было выйсця. Куды ён цяпер мог падацца, дзе шукаць прытулак? Ён нават не меў дзе пераспаць, пад’есці, пагрэцца; небяспека пагражала яму з двух бакоў. Ён звыкла прадаўжаў баяцца паліцыі і немцаў, але і партызаны з сённяшняй ночы рабіліся яму ворагамі. Цяпер не было сэнсу шукаць пераправу за Нёман — у Ліпічанку яму шлях закрыты.
Але куды ж тады не закрыты?
Усё выразней асэнсоўваючы безвыходнасць свайго становішча, ён бачыў нямала віноўнікаў сваіх няўдач, сярод каторых, аднак, не было яго самога. За трыццаць без малога гадоў свайго жыцця ён не прывык прызнавацца сабе ва ўласных грахах, і калі здараліся якія канфлікты, любую
віну гатовы быў перакласці на іншых. Сам жа ён ва ўласных вачах заўжды заставаўся бязгрэшны, бо, маючы строгасць да іншых, быў велікадушны да сябе самога. Сябе ён любіў і песціў, хацеў толькі дабра, якое, здаралася, у яго адбіралі іншыя. У даным выпадку „асуперак яму недарэчным чынам стала партызанская разведчыца Зося Нарэйка, віноўніца ўсіх яго бед.
Антон слепа брыў у начным полі, пазбаўлены мэты, душэўна спусцелы, раззлаваны на свае няўдачы і, ведама, перш за ўсё на Зоську. Праўда, цяпер ён дакараў сябе за памылку, за тое, што пашкадаваў патрон і не стрэліў другі раз. Нашто цяпер яму гэты патрон, нашто гэта вінтоўка? Хіба для таго, каб забіць сябе? Але дудкі — забіваць сябе ён не будзе. Ён яшчэ малады і яшчэ амаль што не жыў. Нягледзячы на вайну хацеў пачаць жыць, як спрадвеку прынята ў людзей, але не ўдалося. Мабыць, нельга так усё адразу — жыць, ваяваць, кахаць і мець шчасце. Шкада, што позна ён пераканаўся ў гэтым. На крывавым уласным вопыце, за які ці не прыйдзецца яшчэ заплаціць усё тым жа ўласным жыццём. Але жыццё ў яго адно, чаму ён павінны ў маладыя гады з ім расставацца?
Атупеўшы ад няспыннага сустрэчнага ветру, снегу і знямогі, Антон набрыў уначы на невысокі чыгуначны насып, амаль без засцярогі перайшоў яго ў рост і пабрыў далей, стараючыся не згубіць напрамак, узяты ад Княжаводцаў. He адразу ён зразумеў, што мае на мэце той польскі хутар, дзе так няўдала прабыў апошнюю ноч з Зоськай. Чаму менавіта той, а не які-небудзь іншы, ён не мог сабе адказаць. Можа быць, ён ішоў туды толькі таму, што там усё ж былі знаёмыя яму людзі, і ён разлічваў перакусіць у іх і пагрэцца. Прытым яму было малаважна, як яны паставяцца да яго, злосці на іх ён не меў, хаця першы ўрок трэба было запомніць на будучае. Цяпер ён не выпусціць з хаты нікога, пакуль сам не выйдзе з яе. Але перш за ўсё ён пад’есць і трохі адпачне ў цяпле, а пасля будзе відаць. Пасля ён што-небудзь прыдумае.
Яму тэрмінова трэба было нешта прыдумаць дзеля свайго паратунку, але думкі яго не ішлі далей бліжняга клопату
гэтай ночы і таго знаёмага хутара, а што рабіць далей, ён так і не мог даўмецца. Зразумела было толькі тое, што да партызанаў яму ісці нельга, да Капыцкага нельга таксама. Да Капыцкага быў нейкі сэнс прыйсці разам з Зоськай, без яе ж яго ў паліцыі не чакае нічога добрага. Ось жа д’ябальскае становішча, у якое яго загнала вайна!
Здаецца, аднак, ён усё ж аслабеў за гэтыя суткі няспыннай хады па снезе, без сну і без харчу. Некалькі разоў ён заўважаў, што пачынае драмаць на хаду, адчуванне небяспекі прытупілася ў ягонай свядомасці, ён не пазнаваў мясцовасці і быццам бы ішоў не туды. 3 намаганнем стросшы з сябе дрымоту, ён паазіраўся і зразумеў, што зноў зблытаў напрамак. Як і пазамінулай ноччу, перад ім пралегла на поплаве Котра. «Гэта ж трэба двойчы заблудзіць на адным месцы!» — думаў ён, гледзячы на крывуляку кустоўя ўздоўж рэчкі. Мяркуючы па ўсім, хутар застаўся справа, бліжэй да Скідзеля. Зноў жа, пачынала світаць. Нядаўна яшчэ густы, затканы снегападам змрок прыкметна радзеў, снегавыя прыцемкі разбавіліся празрыстай світальнай сінькай, доўгая зімовая ноч уступала свае правы дню. Антон не заўважыў нават, калі перастаў сыпаць снег, якога тут намяло амаль па калена. Ззаду за ім цягнуліся свежыя, бачныя нават у змроку сляды, і ён падумаў, што з такімі слядамі далёка не пройдзеш. Так яго хутка дагоняць у полі.
Як і пазамінулаю ноччу, яму нічога не заставалася, як павярнуць па рацэ направа. Праўда, ён мог бы павярнуць і налева, але там на мыску пры ўпадзенні Котры ў Нёман была вялікая вёска, а ў вялікай вёсцы заўжды лютуе паліцыя. Антон палічыў за лепшае не выпрабоўваць свой лёс і трымацца ад вёсак далей. Але і да хутара было далекавата, па прыцемках ён проста мог не паспець. I тады ён з палёгкай прыпомніў, што недзе паблізу адгэтуль была тая самая развалюха абора. Іншага прытулку ў гэтай мясціне, мабыць, ужо не знайсці.
Недалёка адышоўшыся ад ракі, ён неўзабаве знайшоў гэтую абору, яшчэ здалёку ўбачыў над ёй старое, аблепленае вараннём дрэва. Ужо зусім развіднела, поле наўкола было пустое, дзьмуў марозны паўночны вецер. Антон асцярожна
вылез з хмызняку, услухаўся. Было надта холадна. Нават вароны нерухома сядзелі на дрэве, без звычайнай сваёй валтузні. Людскіх слядоў каля аборы быццам не было відаць, і ён з невядома чаму задрыжэўшым сэрцам увайшоў у яе шырока расчыненыя вароты.
За ноч снегавая гурбіна ля дзвярэй куды пабольшала і даставала да наступнай сцяны, каля шула відаць былі напаўзамеценыя сляды ног, але, здаецца, гэта былі ягоныя з Зоськай сляды. Нізенькія дзверы ў кубавую былі расчынены, і ён нерашуча пераступіў высакаваты парог.
Тут было трохі зацішней ад ветру, але сцюдзёна, як і ў полі. Антон апусціўся на зляжалую гнілую салому, прысланіўся спіной да валуна ў сцяне. Настылыя рукі засунуў за пазуху, калені затуліў палой кажушка. Было б някепска трохі заснуць, дваццаці хвілін яму б, напэўна, хапіла, каб зняць атупеласць і займець патрэбную жвавасць. Большага ён не мог дазволіць сабе.
3 пакорай аддаючыся прыемнай знямозе, якая адразу ахапіла яго, ён нейкі час яшчэ вастрыў слых, баючыся празяваць небяспеку. Але, апроч невыразнага шорхату саломы на даху, сюды не пранікала болей ніякіх гукаў, было спакойна, ціха і глуха. Рыхтуючыся задрамаць, Антон думаў, што не мінула яшчэ двух сутак, а як усё катастрафічна змянілася ў ягоным лёсе. Два дні назад з ім была Зоська, і з ёй жыла ў ім надзея. Хай сабе марная, дурная надзея, але ёю цешылася яго ачарсцвелая ў лясных нетрах душа. Ды вось стала так, што яны разышліся ворагамі, абаім жыць на гэтай зямлі зрабілася нельга. Ён прыдбаў адзіноту, Зоська назаўжды знікла з яго жыцця, але ад таго яму не стала лягчэй. Па-ранейшаму ён пакутаваў ад безвыходнасці і перастаў разумець чаму. Няўжо ўся справа ў Зосьцы? Але як тады зразумець, што ён, здаровы, разумны мужчына, трапіў у такую залежнасць ад гэтай смаркачкі! Хіба Зоська мацнейшая за яго, разумнейшая ці болей падрыхтаваная да гэтай крывавай вайны? Пасля свайго ранення яна ледзьве ліпела на свеце, адной нагой стаяла ў магіле, і ён толькі ціхенька папіхнуў яе. I тым не менш яна выжыла, недзе схавалася і паранейшаму ўладарыла над ягоным лёсам.
Ён задрамаў, як здалося яму, не болей чым на пяць хвілін і тут жа прачнуўся ад блізкага голасу за сцяной. Хтось вялаю, без злосці лаянкай паганяў каня. Як і два дні назад, Антон спалохана выскачыў з кубавой і адразу ж у праёме варот убачыў на дарозе сані. У іх, стоячы на каленях, нейкі дзядзька ў ватоўцы глухім голасам паганяў рыжага, з аблезлымі бакамі коніка. Ехаў ён у напрамку да Скідзеля.
— Гэй, стой! — крыкнуў Антон, паяўляючыся ў варотах.
Дзядзька азірнуўся на абору і прытрымаў каня, не ведаючы, што рабіць далей. Антон таксама не ведаў, нашто ён спыніў яго, хіба каб разжыцца харчам. Ці распытаць пра абстаноўку на гэтай дарозе і прыняць нейкае рашэнне. Ён адчуваў, што без пэўнага рашэння доўга тут не прабудзе. Немагчыма жыць між зямлёй і небам, трэба хутчэй злазіць на зямлю. Дзе толькі драбіна на гэтую страчаную ім зямлю?
У полі і на дарозе быццам нікога болып не было, можна было выйсці з аборы, але Антон палічыў за лепшае паклікаць да сабе чалавека. — Ты, давай сюды!
Ён не сумняваўся, што дзядзька зараз жа выканае ягоны загад, і для пераканаўчасці перахапіў у руцэ вінтоўку. I на самай справе, дзядзька зачапіў за капыл лейцы і, пакінуўшы на дарозе сані, нетаропка, з яўнаю бояззю пайшоў да аборы. Пакуль ён ішоў па снезе, Антон разгледзеў яго самаробную з аўчыны шапку на галаве, старую залапленую ватоўку і лапці-чуні з накручанымі на брудныя анучы вяроўкамі. Маленькія слязлівыя вочкі на зарослым шчаціннем твары яшчэ зводдаль насцярожана ўставіліся на ўзброенага чалавека ля аборы.