Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Во-о-т! — задаволена сказала Яўсееўна. — А цяпер будзе трошкі таго... Наўродзе камарынага ўкусу будзе. Можа, трошачкі больш...
He адразу сцяміўшы, што яна мае на ўвазе, Агееў на секунду расслабіўся і ў тое ж імгненне адчуў рэзкі балявы ўдар, які аддаўся ў целе. У вачах ягоных сцямнела, ён напяўся, абедзвюма рукамі ўчапіўся ў дошкі тапчана, быццам баючыся сарвацца з яго. I новы ўдар паўтарыў ранейшы, пасля нешта ў назе пацягнулася, напружылася, і раптам усё адразу звальнела.
— Во, палюбуйся, якая жалязяка!..
Увесь мокры ад поту, Агееў падняў галаву — Яўсееўна трымала перад ім зацяты ў кончыках даўгога пінцэта невялікі прадаўгаваты асколак з няроўнымі зубрыстымі краямі, які ледзь не падкасіў некалі ўвесь яго франтавы лёс.
— Добра, што косць абышоў. Яшчэ б сантыметр — і кепская была б твая справа, сынок, — цяплейшым голасам сказала Яўсееўна і кінула асколак у кут сена.
Агееў ляжаў, на здзіўленне для яго, зусім пазбаўлены сілы, рукавом аціраў густы пот на твары, абедзве рукі яго дробна трэсліся, і ён ледзьве выціснуў з сябе «дзякуй». Гаспадыня яго, якая на працягу ўсёй аперацыі стаяла за спіной доктаркі, усё прыгаворвала нешта, што ён не мог чуць, і Яўсееўна абарвала яе:
— Ды перастаньце, Бараноўская! Баліць! Што гэта за боль для такога мужыка?!
— Што ж, што мужык? Усім баліць, — ціха запярэчыла Бараноўская.
Яўсееўна між тым завіхалася над ранай. Кідаючы долу скрываўленае клочча ваты, абцерла нагу, пасля засунула ў свежы разрэз раны мокры сцюдзёны тампон і, лёгка снуючы бінт дужымі рукамі, туга перавязала сцягно.
— Во! Хутка танцаваць будзеш.
Пакідаўшы ў сакваяж інструменты, яна прысела ў нагах і пачала скручваць цыгарку. Бараноўская тым часам прыбрала чыгунок, ручнік і, хоць было цёпла, накінула на голыя ногі Агеева старэнькі выцерты кажушок.
— Гэта што за боль! — густым дымам дыхнула на гаспа-
дыню Яўсееўна. — Вунь Султанішку маладую ратавала. Паўночы вазілася, сячэнне рабіла. 3 гэтымі во інструментамі! Хлопец на пяць кіло вываліўся, а Султанішка, вы ж ведаеце, — муха! Саплёй пераб’еш.
— А жыць жа хоць будзе? — насцярожылася Бараноўская, хмурачы свой маршчыністы тварык.
— Нічарта ёй не зробіцца. Бабы жывучыя.
— Ну, не кажыце, Яўсееўна. Бабы таксама людзі.
— Людзі, канечне! — згадзілася доктарка. — Але цяпер во мужыкоў берагчы трэба. Вайна ідзе.
— Берагчы заўжды ўсіх трэба. Кожнаму адно жыццё адмерана, — сказала Бараноўская мякка, але з поўнай пераконанасцю, на якую доктарка ўжо не запярэчыла.
— Гэта так! Калі б вашыя словы ды богу ў вушы. Можа б, ён спыніў гэтых варвараў...
— Ён не спыніць. Гэта ўжо людзям трэба.
— Во і я кажу. Мужыкі павінны, — сказала доктарка і змоўкла.
Агееў пазіраў на поўную грудастую постаць Яўсееўны і не ведаў, здзіўляцца яму або дзякаваць гэтай жанчыне. Ён ужо зразумеў пэўна, што яна акушэрка, і калі б ён сцяміў гэта адразу, яшчэ невядома, ці даўся б ёй для аперацыі. Але цяпер так ці інакш справа была скончана, самы востры боль мінуў, а галоўнае — ён пазбавіўся ад асколка, які ледзь не зрабіў яго інвалідам. Пэўна, трэба было неяк аддзячыць за гэта бравай акушэрцы, ды пасля ператрыванага болю ён троста не знаходзіў у сабе сілы для патрэбнай удзячнасці і вяла сказаў:
— Дзякуй, доктар, вялікі...
— Няма за што. Бог аддзячыць. Ды во Бараноўская. Ану, панечка, ганіце дзесятак яек, — знарок грубавата сказала Яўсееўна і засмяялася.
— Няма яек, усяго адна курачка. Хіба пашукаю што-небудзь, — сказала гаспадыня, і Яўсееўна спыніла яе сваім грубым голасам:
— Ладна, не старайцеся, абыдуся без яек. Вунь у вас ёсць каго яйкамі карміць.
Апантана задыміўшы самакруткай, яна павярнулася
да дзвярэй, але, перш чым выйсці, выняла з рота цыгарКУ-
— Ну, папраўляйся. Днямі загляну. Перавязаць трэба будзе...
Ён кіўнуў на развітанне, і абедзве жанчыны выйшлі, наперадзе — самаўпэўненая, рашучая Яўсееўна, за ёй чорнай мышкай прашмыгнула яго гаспадыня. Агееў застаўся адзін. У застаронку цямнелася, шчыліны ўжо страцілі свой яркі сонечны бляск, сонца, напэўна, павярнула за вугал. Нага жахліва балела, але цяпер прыбыло надзеі, і ён думаў, што яшчэ, можа, як-небудзь абхітрыць лёс і вырвецца з крыважэрных кіпцюроў пагібелі, у якія яго загнала вайна.
Рэшту таго дня ён пакутліва змагаўся з болем, які марудна расцякаўся па ўсёй назе, ахапіўшы яе ўсю — ад ступні да клуба. Яго пачалі даймаць дрыжыкі — падобна, пачыналася гарачка. Здаецца, так не балела нават у першыя гадзіны пасля ранення, ці, можа, у калатнечы баёў і адступлення ён не заўважаў болю, бо ўвесь час быў сярод віхуры падзей, у ліхаманкавай змене абставін. Цяпер жа падзеі адышлі ў мінулае, ён знайшоў гнятлівы, трывожны, але адносна бяспечны спакой, і патрывожаная рана адгукнулася рэзкім злым болем. Пасля таго, як пайшла доктарка, Агееў вышэй нацягнуў на сябе кажушок і ляжаў так у дрымоце, час ад часу скаланаючыся ад дрыжыкаў. Дзверы некалькі разоў ціхенька прыадчыняліся, але ён не расплюшчваў вачэй, і дзверы зноў зачыняліся — цётка Бараноўская не хацела яго трывожыць. Аднойчы, расплюшчыўшы вочы, ён убачыў на скрынцы ля ног прыкрытую чыстай анучкай міску, акрайчык хлеба каля яе, але паднімацца не стаў — было не да ежы. На некалькі хвілін ён забыўся ці, можа, заснуў прывідным, поўным гарачага туману сном і зноў прачнуўся — здалося, у застаронак нехта ўвайшоў. Ён узняў дзіўна цяжкія павекі і не адразу зразумеў, што гэта — яго гаспадыня, якая з сашчэпленымі на фартуху рукамі ціхенька пыталася:
— Можа, вам супчыку зварыць? Ці бульбачкі?
— He, дзякуй. Вадзічкі...
— Вадзічкі? Я зараз...
Яна знікла з застаронка, і Агееў зноў заснуў ці праваліў-
ся ў забыццё, калі рэчаіснасць тоне ў гарачым тумане ценяў, аднекуль з далёкіх закуткаў памяці выплывае мінулае, усё дзіўна пераблытваецца ў мутнай свядомасці. Невядома адкуль у гэтым тумане выплыў камандзір стралковага палка маёр Папоў, які немаведама куды знік у час іх начнога прарыву з-пад Ліды, — цяпер жа ён быў у поўнай камандзірскай форме з дзвюма кавалерыйскімі партупеямі на плячах, планшэткай, процівагазам на шырокай брызентавай почапцы цераз плячо, і рашуча камандаваў батальёнамі, стоячы па грудзі ў ровіку на пагорку з кустоўем. Агееў, які быў тут жа, усё імкнуўся далажыць маёру, што іх акружаюць немцы, але чамусьці не мог знайсці сілы вымавіць гэтыя некалькі слоў, а маёр злосна крычаў на кагосьці за перарасход боепрыпасаў, за тое, што стралялі чамусьці не па тых мішэнях. Між тым Агееву было бачна, як па полі перабягаюць нямецкія аўтаматчыкі, яны былі ўжо побач, а маёр усё не мог змоўкнуць, і ў Агеева быццам адняло язык — не мог вымавіць слова. Ён вельмі хваляваўся, пакутна перажываючы сваю незразумелую немач у прадбачанні таго, што немінуча павінна было здарыцца на КП. Каб не стаць сведкам катастрофы, намаганнем волі ён вырваў сябе са сну і з палёгкай адчуў, што ўсё тое было за мяжой рэчаіснасці, усё няпраўда, таму што — прыснілася.
За сценамі яго застаронка марудна дагараў летні дзень, мабыць, ужо цямнелася, у паўзмроку ледзьве відаць быў нізкі праём дзвярэй у сцяне, некалькі пасудзін на скрынцы ў канцы тапчана, сярод якіх ён убачыў стаўбунок і кварту. Вельмі хацелася піць, у роце ўсё высахла, але, здаецца, жар зменшыўся, і ён памкнуўся ўстаць, каб напіцца. Гэта яму ўдалося, хаця і не адразу. Стараючыся не патрывожыць нагу, ён дапяўся да скрынкі, напіўся са стаўбунка, знясілена адкінуўся на тапчане і заплюшчыў вочы.
3 маёрам Паповым у яго былі няпростыя адносіны. Часам Агееву здавалася, што больш злоснага чалавека, чым іх камандзір палка, цяжка знайсці на свеце; часам жа маёр рабіў такое мілае ўражанне, што, здавалася, больш ветлівых людзей не бывае. Ён увесь быў як на далоні, гэты маёр Папоў, і свае пачуцці заўжды выказваў з гранічнай натуральнасцю,
хаця частая і рэзкая змена іх, асабліва ў баявой абстаноўцы, нярэдка бянтэжыла падначаленых. Зрэшты, у тыя дні, калі ён камандаваў палком, падначаленых куды болей бянтэжыла абстаноўка, у якой апынуўся полк, што двойчы займаў абарону і двойчы пакідаў яе пад канец дня. Нямецкая авіяцыя люта бамбіла тылы, дывізія страціла ўсякае забеспячэнне, і калі надвячоркам трэцяга дня стала зразумела, што яны ў акружэнні, усё перамяшалася і перад фронтам палка, і, што асабліва было кепска, у бліжніх тылах, забітых часцямі, якія адступалі, тылавымі падраздзяленнямі, цывільным насельніцтвам, што бегла ад немцаў. Полк меў патрэбу ў боепрыпасах, і пасля доўгіх пошукаў у бліжніх тылах Агееву пашэнціла наткнуцца на невядома чый артсклад, утульна размешчаны ў схоўным, мабыць, апусцелым фальварку, які, аднак, з раніцы бамбілі немцы, што, зрэшты, і навяло на яго Агеева. Збочыўшы на палутарцы з пыльный гравійкі, Агееў пад’ехаў да гэтага фальварка, калі там усё гарэла — гаспадарчыя і жылыя будынкі, канюшні, зводдаль у задымленых руінах ляжала цагляная дамоўка, і нямецкія самалёты, што ўчынілі гэты разгром, адзін за адным адляталі над лесам на захад. Спыніўшы ў пачатку ліпавай алеі сваю палутарку, Агееў пабег шукаць начальніка склада, але нікога нідзе не мог знайсці, даўгія штабялі боепрыпасаў на краі садка былі разбіты і раскіданы паміж дрэў, некаторыя гарэлі, і ўсюды слаўся горкі, удушлівы дым. Удвух з шафёрам аўтамашыны яны пачалі цягаць з абгарэлага штабеля скрынкі вінтовачных патронаў, прыхапілі яшчэ і некалькі скрынак гранат, якія ім трапілі пад рукі. Аднак не паспелі яны загрузіць і палавіну машыны, як самалёты наляцелі зноў. Пярэдні пікіроўшчык, уключыўшы сірэну, з шаталомным рэвам абрынуўся на фальварак і высыпаў долу серыю бомб, якія амаль усе разарваліся ў садку. Іншыя сыпанулі свой груз на алею, дзе пад ліпамі стаяла некалькі пустых грузавікоў; дзве машыны загарэліся адразу, адна была адкінута выбухам з дарогі і завалілася на бок у канаве. Скаланаючы паветра, выбухі бомб, здавалася, на ўсю глыбіню праломвалі зямлю, у паветры несліся патокі пылу, падалі вялікія і малыя камякі зямлі, віхурай вымятала абпаленую лістоту ліп. Па сутнасці,
гэта была першая сур’ёзная проба агнём, у якую трапіў Агееў; часам спалох у ім межаваў з жахам, блізкія выбухі бомб выклікалі амаль фізічны боль. Агееў пачаў забываць, дзе ён і што з ім робіцца, і толькі ў глыбіні ягонай збянтэжанай свядомасці жыло, не пакідаючы яго, адчуванне мэты, нявыкананай задачы, якую ён што б там ні стала павінен выканаць. I ён, то падаючы, то ўскокваючы, слепнучы ад пылу і выбухаў, усё ж загрузіў машыну бязладна накіданымі ў кузаў скрынкамі і пагнаў яе ў полк. На яго шчасце, шафёр трапіўся з вопытам — немалады ўжо чалавек, які прайшоў вайну з фінамі, — сцяўшы зубы, ён паслухмяна выконваў усе каманды Агеева і спрытна кіраваў машынай на разбітай дарозе. У полі іх абстралялі, некалькі мінных выбухаў па абодва бакі ад дарогі абсыпалі машыну камякамі зямлі, ды ўсё ж такі яны ўдала праскочылі адкрытую мясціну і прыкацілі ў вёску, якую абараняў полк. Каля мураванай, без даху аборы іх ужо чакалі падносчыкі боепрыпасаў з батальёнаў, якія тут жа абступілі машыну. Але не паспелі яны яе разгрузіць, як на вёску пачаўся артналёт — добра, што пад абшкрэбанай сцяной аборы былі недаўгія акопчыкі, у адным з якіх і знайшлі сховішча Агееў з шафёрам. Ён ужо не спадзяваўся тут уцалець. Два снарады трапілі ў вугал аборы, амаль разваліўшы будыніну, але ўсё ж яе каменныя сцены вытрымалі, прыкрылі байцоў у акопчыках і нават палутарку, якую ён падагнаў да самай будыніны. Калі ўсё патроху аціхла і байцы вылазілі ў двор, Агееў таксама выбраўся з акопчыка і пачаў атрасацца ад пяску, якім яго абсыпала з ног да галавы. У гэты час каля аборы паявіўся малады чырвонаармеец з вінтоўкай, у высока накручаных на худыя ногі абмотках — камандзір палка клікаў Агеева на КП. Камандны пункт маёра Папова размяшчаўся па той бок вёскі ў канцы гародаў, мінулай ноччу Агееў быў там і цяпер па стаптаных, перакапаных выбухамі градках пабег наўпрасткі да знаёмага акопчыка пад дзвюма грушамі.