Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Таварыш сяржант!..
Сяржант хутка прайшоў наперад, разам з Салеем прысеў за нізенькай бухматай хвойкай. Наперадзе ў полі штось адбывалася, здаецца, там былі людзі, але адсюль Зоська яшчэ нічога не магла ўгледзець і сачыла толькі за тым, як сяржант засцярожліва назірае з-за хвойкі. Каля яе, скінуўшы з рэменя нямецкі карабін з чорным ложам, стаяў таўстунок
Пашка. Трывожны неспакой Зоські за невясёлыя свае справы трохі суняўся, выцеснены трывогай іншага роду. Цяпер, аднак, усё залежала ад гэтых людзей, яна ж была пазбаўлена ўсякай магчымасці, ініцыятывы і нічога зрабіць не магла.
— Ідзіце сюды! — ціха паклікаў іх да сябе сяржант, і яны ўсе падышлі да яго кучаравай хвойкі. — Вунь, бачыце?
Паўзіраўшыся цераз поле ў расцягнены далёкі ўзлесак, Зоська ўбачыла там людзей, коней з вазамі, мабыць, там пралягала дарога, і людзі па нейкай патрэбе спыніліся на ўзлеску. 3 гэтага боку, ад поля, дарогу і людзей трошкі затуляў рэдкі бярэзнічак, праз які, аднак, усё было відаць на дарозе. Аднекуль справа бег у той бок невысокі насып чыгункі з радком тэлеграфных слупоў і рэдзенькай паскай кустоўя. Напэўна, гэта і была тая чыгунка, пра якую гаварыў у раўку Салей.
— Бачылі? — азірнуўшыся, кіўнуў сяржант. — Паспрабуем за насыпам.
— Панятна, — сказаў Антон такім тонам, быццам ён быў тут раўнапраўны баец, а не чалавек пад арыштам. — Толькі перабежкамі трэба.
— He перабежкамі, японскі гарадавы, а на пузе! Па-пластунску, ясна? — злосна паправіў яго сяржант.
— Можна і па-пластунску. Лепш за ўсё па канаве.
— Па канаве, вось іменна. Значыць, так! — азірнуўся сяржант. — Я іду наперадзе. За мной — ты! — паказаў ён на Антона. — Пасля Пашка і ты,— тыцнуў ён пальцам у Зоську. — Салей, будзеш апошнім. У выпадку чаго — агонь і рыўком у лес. Панятна?
— Ясна! — ранейшым тонам за ўсіх адказаў Антон. Яны павярнулі між соснаў управа і, не выходзячы на ўзлесак, накіраваліся да чыгункі. У хвойніку іх не было відаць, але хвойнік не дапяў да чыгункі, узлесак неўзабаве павярнуў убок, наперадзе быў голы кавалак поля, які трэба было пераходзіць у адкрытую. Сяржант раздражнёна памянуў японскага гарадавога, пачакаў, і Зоська падумала: пашле кагось наперад. Але не паслаў. Азірнуўшыся па баках і трошкі ўгнуўшы галаву, памчаўся па полі сам. За ім, таксама ўвабраўшы галаву ў плечы, шырока засігаў па снезе Антон. Пашка-таўс-
тунок памарудзіў, мабыць, болей, чым трэба было, і калі сяржант ужо дабег да чыгункі, па-бабску валюхаючы задам, патрухаў па свежых слядах. Зоська не стала чакаць, калі ён адбяжыць далёка, і пабегла за ім. Хаця і было далекавата, але яна ўжо згледзела за насыпам коней, калёсы, што стоўпіліся каля такога ж хвойнага ўзлеску, там жа відаць было некалькі чалавечых постацей, але адсюль зразумець, што яны рабілі, было немагчыма. Тым не менш з дарогі, здаецца, іх не заўважылі, яны ўсе перабеглі ад хвойніку да чыгункі, не пачуўшы ні крыку, ні стрэлу. Быццам пакуль усё абышлося... Здаецца, і сапраўды абышлося. Зоська зразумела гэта з палёгкай, калі сама дабегла да калючых кусцікаў прыдарожных прысадаў і калі туды ж, быццам і не надта гнучыся, толькі прыгорбіўшыся, прытрухаў Салей. Сяржант бокам ляжаў на снезе і жэстам паклаў ля сябе астатніх.
— Усё ціха? Так... Цяпер на кароткіх дыстанцыях...
He шмат разважаючы, ён ускочыў на ногі і памчаўся ўздоўж па канаве, за ім памчаўся Антон. Зоська адчула, як мацней забілася сэрца ці то ад знямогі, ці, можа, таму, што небяспека ўсё павялічвалася — цяпер ім належала праслізнуць пад самым носам у немцаў. Ох, калі ды заўважаць! Сапраўды, была б хоць зброя, a то... Хіба што пакажа сваё ўмельства гэты занудны сяржант. Наколькі ён быў ёй несімпатычны раней, настолькі цяпер браў на сябе ўсю надзею.
Можа быць, які кіламетр яны, дужа ўгнуўшыся, беглі ўздоўж невысокага насыпу. Але вось насып нарэшце зраўняўся з полем, а галоўнае, скончыўся хмызнячок прысадаў, сяржант упаў грудзьмі на бераг канавы, і яны ўсе пападалі на яго. Яны не адважваліся зірнуць цераз насып і толькі слухалі, але быццам па той бок чыгункі іх яшчэ не заўважылі. Што ж, наперадзе было самае труднае — трэба было паўзці.
Рыхлы неглыбокі снег заняўся пад ранак тоненькай хрумсткай скарынкай, якая, аднак, балюча рэзала счырванелыя Зосьчыны рукі; яе спаднічка і калені вельмі хутка змакрэлі, але яна не адчувала сцюжы. Ёй нават зрабілася душна пад цёплаю хусткай, дзяўчына ссунула яе на паты-
ліцу і ледзьве спраўлялася за порстка мільгаўшымі ў канаве Антонавымі ботамі, баючыся адстаць і тым парушыць парадак. Зноў жа ззаду ўвесь час на яе насядаў Пашка — яна разы два азірнулася, і яго потны твар аказаўся ля самых яе ног. Далей за ім, валюхаючы аснежаным, у армяку задам, варушыўся Салей.
Так, уткнуўшыся тварам у снег і нічога не бачачы навакол, яны прапаўзлі з паўкіламетра, і Зосьцы пачало ўжо здавацца, што яна болей не вытрывае. У грудзях яе гарэла ад стомы, спіна, плечы і жывот — усё аблівалася ліпкім гарачым потам. Збоку зноў пачаліся рэдзенькія кусцікі, здаецца, ужо недалёка быў хвойнік, калі яна ледзь не налезла ў канаве на нерухомы Антонаў бот і сама знерухомела таксама. Толькі яна ўзрадавалася нечаканаму перапынку, як сяржант, азірнуўшыся, ярасным шэптам кінуў: «Хутка! Упярод!» — і боты Антона замільгалі з такой быстрынёй, што яна адразу адстала. 3 усяе сілы перабіраючы рукамі і размазваючы каленямі гразь пад снегам, яна кінулася за ім, балюча выцялася каленам аб нейкі камень у снезе, сцяла зубы ад болю. I ўсё ж яна адставала. Яна адчувала блізкую, затоеную да пары небяспеку і разумела, што трэба хутчэй. Але хутчэй яна не магла. Яна толькі закусіла вусны, калі, ткнуўшы ў яе нагой, з нейкай незразумелай паспешнасцю цераз яе перакуліўся Пашка, яна думала: перакуліцца яшчэ і Салей, і падрыхтавалася застацца апошняй. Але Салей не абмінаў яе, ён упарта поўз ззаду. Антона яна ўжо і не бачыла, яна безнадзейна адставала і, каб пераканацца, што гіне, набралася рашучасці і зірнула з канавы.
Яна не магла бачыць управа — усё ж іх затуляў невысокі насып чыгункі, затое аднаго позірку ўлева было даволі, каб схаладнець ад страху. Зусім недалёка наперадзе з папярэчнай дарогі цягнуліся да чыгункі некалькі вазоў з седакамі. Пакуль яны, мабыць, нічога не прыкмячалі ў канаве, але, пад’ехаўшы бліжэй, бясспрэчна ўбачаць усё. Сяржант, напэўна, ірвануўся праскочыць раней, можа, пад носам у гэтых вазоў, але праскочыць ён ужо не паспее. На некалькі кароткіх секунд Зоська абмерла ад убачанага, не маючы сілы дагнаць пярэдніх і не ведаючы, што рабіць. Хапаючы ротам
паветра, яна ніцма ляжала ў канаве, пакуль не адчула моцны штуршок у бот.
— Бягом! Бягом, ты, не бачыш?! — крыкнуў на яе Салей, і яна ўскочыла.
Нізка сагнуўшыся, яна пабегла ў канаве за трыма ўжо далекаватымі постацямі, што шыбавалі да хвойніку, — сяржанта, Пашкі і Антона. Самае страшнае было цяпер для яе адстаць, згубіць тых, ад каго яшчэ дзесяць хвілін назад яна гатова была ўцячы. Цяпер яна бачыла ў іх адзіную для сябе абарону, страціўшы якую, ужо не магла ўберагчыся ад пагібелі ў гэтым полі.
Аднак бегчы было не лягчэй, чым паўзці, яна зусім знемагла і немачна дыхала шырока разяўленым ротам. Дужа гнучыся, яна не магла бачыць управа, адкуль неяк пагрозліва гучна бабахнуў першы вінтовачны стрэл. Яна не ведала, ці гэта стралялі па ёй, ці, можа, па тых, што беглі наперадзе, але яна адразу ўпала і тут жа ўскочыла ад злоснага крыку Салея:
— Бягом, ты, разява, туды-т тваю!..
He ведаючы, каго болей баяцца — тых, што пачалі страляніну за насыпам, ці тых, што зусім блізка пад’ехалі па дарозе, яна, заплятаючыся нагамі, зноў пабегла па здратаванай слядамі канаве. Хлопцаў наперадзе яна ўжо не бачыла, перад яе тварам толькі мільгаў разварочаны нагамі снег, і яна, нізка схіліўшыся, бегла па гэтым снезе. Але стрэлы з-за насыпу загрукалі часта, адна куля, мабыць, трапіла ў рэйку, з шалёным трэскам абдала яе снегам. Праўда, Зоська не ўпала. Яна толькі здзівілася, убачыўшы недалёка ў канаве хлопцаў. Здаецца, аднак, усе былі цэлыя, і Пашка нават страляў цераз насып, астатнія проста ляжалі, знямогшыся. Зоська таксама ўпала каля знаёмых растаптаных ботаў Антона. Некалькі хвілін хапала ротам паветра і слухала. Сяржант усё лаяўся, астатнія маўчалі. Здаецца, наперад праходу ўжо не было, дарога ў лес была адрэзана. Выпусціўшы кудысь абойму, Пашка споўз задам з насыпу і пацягнуў за сабой вінтоўку.
— Сабакі! — сказаў ён, здрыгануўшыся ад кулі, якая блізка ўдарыла ў насып.
— Што? — запытаў сяржант з потным, зусім счырванелым тварам.
— Вунь да лесу бягуць.
Зоська зразумела, што гэта было самае горшае. Калі немцы бягуць да хвойніку, значыць, хочуць перахапіць іх на ўзлеску. Куды ж тады ім падацца?
— Ану дай! — працягнуў руку сяржант і выхапіў у Пашкі вінтоўку. — Салей! Жахні па тых, хай напалохаюцца! — кіўнуў ён за канаву, а сам успоўз да самае рэйкі і, хутка прыцэліўшыся, стрэліў. Побач у другі бок з канавы стрэліў Салей; гарачая гільза з ягонай вінтоўкі апякла Зосьцы руку. Пашка з Антонам ляжалі, бы нежывыя, і толькі, павярнуўшы галовы, напружана ўслухоўваліся ў перастрэлку. Сяржант хутка выпусціў абойму і раптам крыкнуў да ўсіх:
— Бягом на той бок! Быстра!
Ускочыў і ашалела кінуўся па канале, за ім з незразумелым спрытам прыпусцілі Пашка і Антон. Зоська з Салеем зноў апынуліся ззаду за ўсімі. Але Зоська цяпер болей за ўсё на свеце баялася адстаць і, коўзаючы па адкосах канавы, бегла так, як, здавалася, не бегала ніколі ў жыцці.
Аднак праз якую сотню метраў яны зноў пападалі каля невялічкага пярэстага слупка з лічбай 7. Частая вінтовачная страляніна грымела, здавалася, па ўсім полі. На першым часе Зоська не чула куль, але калі на яе вачах ад слупка ўзляцеў угару бетонны асколак, яна выразна адчула іх злую сілу і цясней прыпала да снегу. Ратавала канава. Толькі доўга ляжаць у канаве, напэўна, не было магчымасці, яны і без таго змарнавалі шмат дарагога часу, іх ужо сціскалі з двух бакоў.
— Па адным! — сказаў, задыхнуўшыся, Антон. — Кароткімі перабежкамі...
Сяржант злосна азірнуўся на яго, пашукаў вачыма Салея.
— Салей, агоньі!
Салей зноў распачаў страляць з калена па тых, што насядалі з дарогі. Напэўна, яны там былі ўжо блізка, але Зоська не глядзела туды, яна адно скаланалася, калі блізкая куля біла ў насып, абсыпаючы яе жвірам і снегам. Але вось,