Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Здорава, аднак, умарыўшыся, ён устаў з долу, імкнучыся не слухаць, як лямантуе на падлозе Зоська, павярнуўся да гаспадароў. Тыя прыціскаліся адно да аднаго, напэўна, ледзьве жывыя ад страху, і стаялі каля самай печы. Але цяпер ён не меў жадання штось ім тлумачыць, тым болып апраўдвацца — настаў час дзейнічаць.
— Запрагай каня! Жыва! — скамандаваў ён гаспадару. Той зноў, быццам нямы, пазіраў на яго, не могучы даўмецца, што яму трэба.
— Каня, кажу, жыва!
— Дык нема, пан, коня, — нарэшце прамармытаў ён, і Антон амаль закрычаў:
— Як няма? Кажу, запрагай каня!!
— Пан, не маю коня. Забралі коня...
— Хто забраў? — запытаў Антон, адчуўшы, аднак, што ягоны намер яшчэ болып ускладняецца.
— He знаем, пане. Людзі прыйшлі, забралі.
— Лжэш! — выпаліў Антон першае, што ў такім выпадку прыйшло ў галаву, і зноў выхапіў наган з-за пазухі.
Гаспадар бездапаможна развёў рукамі, здаецца, спалох ягоны мінаўся, але з’явілася нейкая, раней не прыкметная ў ім, упартасць ці нават варожасць. Здаецца, ён таксама пераставаў яму падпарадкоўвацца.
— Пан можа стшэліць, але...
— Ану пайшлі! — піхнуў яго Антон, якому раптам здалося, што ўсё ж ён хітруе — дзесьці ў хлеўчуках на двары, пэўна, схаваны яго конь. — А ты — марш туды! — паказаў ён гаспадыні на дзверы ў другую палову хаты. — Жыва!
Гаспадыня паслухмяна знікла ў дзвярах, Антон прычыніў дзверы мацней і, памацаўшы рукой каля печы, ухапіў вілачнік. Здаецца, ён добра падпёр ім дзверы, туга падсунуўшы дзеравяку пад верхнюю планку дзвярэй.
— Запальвай ліхтар!
— Дык, пан, нема ліхтара, — зноў развёў рукамі гаспадар. — Пан сам бэндзе бачыць.
«Чорт там убачыш што без агню!» — ціха вылаяўся Антон. Але ў яго яшчэ было ў кішэні некалькі плоскіх нямецкіх запалак, і ён піхнуў дзверы на выхад.
— Пайшлі!
Ён прапусціў гаспадара наперад, выйшаў за ім і спыніўся: гэтыя дзверы таксама трэба было заперці. Але яны адчыняліся ў трысцен, падперці іх было нельга і, здаецца, нечым. Убачыўшы, што Антон завіхаецца ля дзвярэй, гаспадар знайшоў у прыцемках накладную планку і даў яму ў рукі вялікі замок без ключа.
— От так, пане, так...
Антон запёр дзверы, прасунуў дужку замка ў прабой, і яны пайшлі да хлява.
Але ў хляве каня не было. Адна загародка была пустая, у другой, калі ён засвяціў запалку, на праход павярнула галаву рабая, з самотнымі вачмі, карова, трывожна закудахтаў патрывожаны на жардзіне певень. Антон апрыкла кінуў у гной рэштку запалкі.
— А з таго боку?
У другі канец хлява, адгароджанага дашчанай сцяной, вялі нізкія дзверцы з двара. Яны абышлі кучу гною ля ўвахода, і гаспадар, адкінуўшы падпоркі, расчыніў дзверы. Тут смярдзела свіннямі, чутна было іх соннае хруканне ў саломе, наўрад ці тут мог стаяць конь. Усё ж для пэўнасці Антон пасвяціў цераз парог запалкай і зразумеў: дарма.
Але гэта ўжо было зусім недарэчна і дзіка. Навошта ён тады рабіў гэты спектакль, вязаў Зоську? He нясці ж яе на сабе пяць кіламетраў у Скідзель. Аднак няўжо ж гэтая заможная кулацкая гаспадарка сапраўды абыходзілася без каня? Ці яго ўсё ж дурылі, як блазна, дзесьці схаваўшы каня, якога ён проста не мог знайсці ў гэтым лабірынце будынкаў?
Яны выйшлі ў двор, Антон прыпыніўся. Спыніўся і гаспадар у маўклівым чаканні таго, што павінна адбыцца далей. Але Антон цяпер абсалютна не ведаў, што можна зрабіць. Сапраўды, каня на хутары магло і не быць, яго маглі схаваць дзе ў лесе, у суседзяў, у бліжняй ад хутары вёсцы. Дзе яшчэ можна было шукаць? Антон акінуў позіркам цьмяныя ўначы сілуэты будынкаў і заўважыў наводшыбе яшчэ нейкую будыніну — ток або пуню.
— А там што?
— Там? Там, пане, сено. Але... — пачаў тлумачыць гаспадар.
— Ах, сена! Сена, значыць, імеецца, а каня няма? Ану паглядзім!
Ён хутка пайшоў па мокрым снезе да пуні, са скрыпам адчыніў лёгкія дзверы. Тут сапраўды знаёма запахла перасохлым сенам, але было цёмна, і ён зноў сунуў руку ў кішэню з запалкамі.
— He, не! — падскочыў гаспадар, засцярожліва хапіў яго за руку. — He можна паліць...
— He бойся, не спалю, — сказаў Антон і ўсё ж пасвяціў ля парога. Увесь канец пуні быў закладзены сенам, побач стаялі вілы, граблі, нейкія прыслоненыя да сцяны дошкі — падобна, каня не было і тут.
— Няма?
— Нема. Я пану мувіў: забралі коня. Д’ябальшчына, дый годзе, злосна падумаў Антон, не ведаючы нават, што думаць далей. Было падобна на тое, што ён сапраўды трапіў у пастку на гэтым праклятым хутары, завяз, нібы ў дрыгве, — ні туды ні сюды. Заставалася хіба што мірыцца з Зоськай, можа, як-небудзь улагодзіць яе. Але для таго прыйдзецца яе развязаць, якая ж размова са звязанай?
Вузкай сцяжынкай яны павярнулі да хаты. Антон на хвіліну прыслухаўся: ці не едзе хто па дарозе? Але скрозь было ціха, над лесавой раўнінай ляжала глыбокая ноч, рэзка дзьмуў вецер з захаду, снег пад нагамі раставаў, было сыра і зябка.
13
Калі Антон зачыніў дзверы ў трысцен, Зоська асталася на затаптанай земляной падлозе і, сцяўшы ў зубах плюшавы ражок каўняра, моўчкі плакала. Ніколі яшчэ за дзевятнаццаць пражытых гадоў ёй не было так балюча і крыўдна. Кароткая барацьба з Антонам зусім знясіліла яе, як яна ні змагалася, але не магла абараніць сябе ад мужчынскай сілы Антона, ён расправіўся з ёй за некалькі кароткіх секунд, і цяпер яна не магла варухнуць ні нагой, ні рукой — так ён туга скруціў іх вяроўкай. 3 кароткай размовы Антона з гаспадаром Зоська сцяміла пра ягоны намер і зразумела таксама, што яна прапала. Як апошняя недалэга, яна даверылася гэтаму шкурніку, а затым паўдня сумнявалася ў яго чорнай здрадзе, спрабуючы ў чымсь пераканаць яго, не даць зрабіць свой апошні пагібельны крок. Цяпер вось яе чакала расплата. Ён купіць сабе жыццё цаной яе гібелі, як дурную цялушку, павязе яе на расправу паліцыі.
Яна курчылася на баку ў цемры між сталом і лаўкай, на якой нядаўна сядзела, і яе дапякала крыўда і спазнелая нянавісць да Антона. Пад яе мокрым плячом хлюпала сцюдзёная лужына, што нацякла з яе ботаў, і ёй так карцела завыць, закрычаць, паклікаць на дапамогу людзей, адкрыць ім вочы на гэтага здрадніка партызана. Але што карысці было крычаць, клікаць на дапамогу тут не было каго. I не маючы магчымасці паварушыцца ў доле, яна ліхаманкава шукала ў думках хоць якой-небудзь магчымасці выйсця. Здаецца, аднак, выйсця тут не было, і таму было нясцерпна крыўдна і балюча.
Відаць па ўсім, цяпер для яе пачынаўся іншы адлік часу, якім яна не распараджалася, наадварот, час пачынаў распа-
раджацца ёю, і ёй заставалася адно — падпарадкавацца ягонай неміласэрнай хадзе. Але яна не магла падпарадкавацца, яна прагла саўладаць з бядой. Тым больш што Галубін пайшоў, канешне, не забыўшы падперці з таго боку дзверы. Яна чула ягоныя крокі на ганку і ягоную размову з гаспадаром. Затым іхнія крокі прапалі на двары, і яна, сціхнуўшы плакаць, прыслухалася. Ёй здалося, што яны вяртаюцца, дзверы ціхенька стукнулі. Але гэта былі не тыя дзверы, у якіх знік Галубін, а тыя, што вялі ў другую палавіну хаты. Яны сапраўды ціхенька затузаліся пад нечай нябачнай рукой, Зоська здзіўлена падняла галаву — слабы агеньчык капцілкі ў пячурцы ледзьве свяціў на змрочную столь трысцена і шэры квадрат дзвярэй, падперты вілачнікам. Але канец вілачніка быццам сам па сабе пасунуўся ўбок, паволі вызваляючы дзверы ад падпоры, і тыя нарэшце адчыніліся. У трысцен прашмыгнуў Вацык, за ім убегла гаспадыня, абое кінуліся да Зоські.
— Ой, панечка, панечка, цікайце!..
Праглынуўшы салёныя слёзы, яна трапятнулася, паспрабавала сесці, ногі адразу падвярнула вяроўкай, за якую тут жа ўхапіўся Вацык. Упаўшы ля яе на калені, ён пачаў ліхаманкава тузаць вузел вяроўкі, а гаспадыня сунула ў ягоныя рукі нож.
— Цікайце, цікайце, панечка!..
Хлопчык хутка перарэзаў вяроўку, ногі яе вольна выпрасталіся, яна ўскочыла, скідваючы з набалелых рук накручаныя рэшткі вяроўчыны. Яна яшчэ не зусім усвядоміла, што гэта паратунак, яна толькі адчула, што магчымасці яе раптам павялічыліся, і асабліва востра зразумела, што ў яе ёсць саюзнікі. Гэта адразу падвоіла яе сілы, яна скінула з сябе безнадзейнасць і памкнулася да невыразнай яшчэ, але ўжо забліскаўшай іскры надзеі.
— Сюды, сюды...
Дзесьці ў запечку гаспадыня адкінула паласатую посцілкузанавесь, Вацык знаёма стукнуў клямкай дзвярэй, і на яе дыхнула сцюжай і — воляй. «Дзякуй!» — кінула яна шэптам і, наткнуўшыся на штосьці ў цемры і ледзьве не ўпаўшы, ірванулася да выратавальна расчыненых на двор дзвярэй.
Ну, вядома, тут быў раней не заўважаны імі чорны ход з хаты на панадворак з дрывотняй каля парога і раскіданымі вакол тоўстай калоды палкамі; трошкі ўбаку грувасціліся заснежаныя камлі складзенага пад сцяной бярвення; яна кінула позірк у другі бок — зводдаль за плотам цямнела на гародзе лазня, каля якой яны нядаўна ішлі, кіруючы да сядзібы.
— Туды, туды бяжыце! — махнуў ёй з парога Вацык, і яна цераз праломіну ў загарадзі пабегла да лазні.
Яна бясконца доўга імчала па снезе якіх-небудзь паўсотню метраў да лазні, увесь час чакаючы крыку або нават стрэлу ззаду цяпер яна ведала, што літасці ёй не будзе. Але прысадзістая хата з трысценам, напэўна, затуляла яе ад двара, ці, можа, Антон усё яшчэ быў у хляве, шукаў каня. Дзіўна, але менавіта ў гэтыя секунды яна амаль прагнула ягонага крыку, яна хацела пачуць ягоны спалох, разгубленасць, няхай бы страляў, чорта б цяпер ён у яе пацэліў. А наконт бегу яна яшчэ магла паспаборнічаць з ім, няхай паспрабуе яе дагнаць.
Але пакуль што ён не крычаў і не кідаўся яе даганяць, мабыць, ён яшчэ не заўважыў яе ўцёкаў, і яна з ашалелым дыханнем забегла за лазню. Далей за плотам і нешырокай паласой гарода цямнелася ўночы высокая сцяна лесу, які гатовы быў уратаваць яе, пакуль не спахапіўся Галубін. Але ці ад знямогі, ці яшчэ чаму яна не кінулася далей, у лес, a прыпала плячыма да сцюдзёных бёрнаў сцяны, і слёзы зноў пакаціліся з яе вачэй.
— Ах ты, нягоднік! Ах, нягоднік... — сказала яна сабе і замерла — у двары пачуўся знаёмы Антонаў голас. Але голас быў у меру спакойны, без крыку і трывогі, штосьці ён пытаўся там, і яму ціха адказаў гаспадар. Здаецца, ён усё яшчэ не заўважыў яе ўцёкаў — яны гаварылі там пра каня. Але што будзе, калі ён вернецца ў хату і не знойдзе яе? Ён жа можа перастраляць там усіх, адразу зразумеўшы, што ёй дапамаглі ўцячы. Божа, што толькі чакае гэту няшчасную сям’ю?..