Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Што ж, можа быць, — пагадзілася Зоська, у другі раз ставячы яго ў тупік. Ён болей за ўсё баяўся, што яна не зразумее ягоных довадаў, а яна, аказваецца, довады хапала адразу, але ніяк не магла прыняць вывады, якія лагічна вынікалі з гэтых довадаў.
— Можа быць, можа быць! — пачаў траціць раўнавагу Антон. — Дык чаго ж ты хочаш? Загінуць? Можа, табе жыць агоркла?
Зоська ўздыхнула, павярнулася да яго тварам, узялася за вялікі гузік на яго кажусе.
— Антон, ты разумееш... Каму жыць не хочацца? Я ж зусім і не жыла яшчэ, можна сказаць. Але што ж ты прапануеш?
Ісці да фашыстаў? Што ж гэта такое? Гэта ж горш, чым нават смерць. Тут трэба згубіць сумленне. Яны ж чума дваццатага стагоддзя. Супраць іх увесь свет. 3 імі ж жыць немагчыма, яны ж звяры.
— Ну, гэта гледзячы для каго звяры. Калі з імі па-добраму...
— Ты жартуеш: па-добраму! Яны вунь колькі перабілі і тых, хто з імі па-добраму і па-дрэннаму, і тых, хто ніяк. Людзі для іх — жывёла на ўбой, а не людзі.
— Ну ладна! — сказаў ён нецярпліва. — Я хіба кажу, што яны — золата? Але ж у нас няма выбару. Што ж нам рабіць? Яны — сволачы, але ж яны перамогуць. Мы ж павінны з гэтым лічыцца.
— Па-першае, яшчэ не перамаглі. I ці перамогуць, яшчэ невядома. Нават калі ўзялі Сталінград і возьмуць Маскву. Ёсць яшчэ Урал, Сібір...
— Што ў той Сібіры...
— Мы — людзі. I мы ніколі не пагодзімся з імі, нават калі яны і перамогуць. Ты кажаш, што няма выбару. Выбар ёсць: або мы, або яны. Во ў чым наш выбар.
— Да-а, — сказаў ён, памаўчаўшы. — Здорава, аднак, цябе напрапагандавалі.
— Прапаганда тут ні пры чым. Я сама гэта ведаю. Бо маю вочы і вушы. Таму лепей давай не будзем. Давай забудзем гэтую нашу размову. Яе не было, так?
— Размову можна забыць, — апалым голасам сказаў Антон. — Аднак лягчэй ад таго не будзе. Трэба нешта рабіць.
Ён быў расчараваны і баяўся, што ўсё сапсаваў, калі пачаў вось так, напрасткі. Мабыць, трэба было інакш — танчэй, з падыходам. А ён у лоб ляпнуў сваю прапанову. Цяпер вось атрымлівай. Цяпер ён і не ведаў, з якога боку да яе падступіцца. Здаецца, усе свае козыры ён ужо выклаў у гэтай гульні і ні на крок не пасунуўся да сваёй мэты.
Антону надакучыла таптацца на мокрым снезе ў варотах, і ён адышоўся далей, знайшоў камень, падкаціў яго бліжэй да выхаду і, сеўшы, прысланіўся да шула. Праз тры крокі ад яго з гаротным выразам твару стаяла Зоська. Было відавочна, што адносіны паміж імі набывалі новы характар і трэба
было зараз жа штось зрабіць, каб уратаваць іх і разам сябе таксама. Але Антон быццам забрыў у тупік і не ведаў, што можна было прыдумаць, чым падзейнічаць на гэтую яе неразумную ўпартасць.
— Зося! — сказаў ён пасля даўгой паўзы. — Я думаў, ты мяне сапраўды кахаеш?
— У тым-та ўся справа, — хуценька павярнулася яна. — Інакш быў бы другі разгавор.
— Гэта які?
— Просты. Хіба я змагла б з табой так размаўляць? -Як?
— Гэтак цярпліва. Пераконваць цябе.
— Мяне, ці ведаеш, пераконваць не трэба.
— He, трэба, Антон, — пераканана сказала яна, прысядаючы перад ім на кукішкі. — Гэта ў цябе дурата. Невялікая слабасць. Гэта забітыя на цябе так падзейнічалі. На мяне, ведаеш, таксама... падзейнічалі. Хіба ў іншым сэнсе.
— У якім жа?
— Ды, знаеш, жыць расхацелася.
— Во гэта і відно!
— He, нічога табе не відно, Антон. Знаеш, ідзі ты назад у атрад. Калі што, я скажу, што ты быў са мной. Скажу, што я папрасіла цябе праводзіць...
— Дзівачка! — нявесела ўсміхнуўся Антон. — Спярша ты вярніся пасля гэтых тваіх заданняў.
— Пастараюся, — сказала яна.
— Пастараешся! Гэтага мала. Умець трэба! А ты такая ўмелая...
— Ага, я не надта ўмелая, прызнаюся. Але...
— Bo. I не агіціравай мяне. Я ў атрад не вярнуся,— жорстка сказаў Антон. — 3 мяне хопіць. Я ваяваў чэсна ўсе восем месяцаў. Але — годзе! I цябе не пушчу.
— Жартуеш? — сказала яна дзіўна схаладнелым голасам. — Ніколькі!
Антон ускочыў з каменя, зірнуў у вароты. У ім з’явілася непахісная цвёрдасць. Толькі яна магла памагчы яму саўладаць з лёсам і з гэтым упартым дзяўчом. Няхай насуперак яе волі. Ён ужо ведаў, што з дзяўчатамі трэба заўжды насу-
перак іхняй волі, і тыя пасля не скардзяцца. Некаторыя нават удзячны на ўсё жыццё. Трэба толькі рашуча і цвёрда, не зважаючы на іх жаласныя енкі...
11
Рэшту гэтага ветранага снежнага дня яны прастаялі на сцюжы за шулам шырокіх варот, пазіраючы на дарогу і поле. Але ў полі скрозь было пуста, а на дарозе толькі адзін раз праехалі сані з двума мужыкамі, і болей ніхто не ішоў і не ехаў. Зоська трошкі паплакала, хоць слёзы не далі палёгкі, і яна адчувала сябе зусім кепска. Суседства забітых падрыўнікоў, якіх яны не маглі тут пахаваць, прыгнятала яе. Але болей за ўсё яе прыгнятаў Антон. У тым, што ён надумаўся на недарэчнасць, у яе не было сумнення, але яна не знаходзіла спосабу каб утрымаць яго ад гэтай злачыннай недарэчнасці. Усе яе довады ён абвяргаў з лёгкасцю, кіруючыся сваёй увогуле няблага пабудаванай логікай, за якой было натуральнае для чалавека жаданне выжыць. Але якім чынам?
Зосьцы таксама вельмі хацелася жыць, але той спосаб ратунку, які настойліва навязваў Антон, яна прыняць не магла. Ён жа ўпарта не пагаджаўся ні на якія яе ўгаворы, не слухаў ніякіх яе разважанняў.
I стала так, што за час, калі яны то перапынялі адзін аднаго ў спрэчцы, то пасля доўга варожа маўчалі за шулам, Зоська адчула, як стала меншаць для яе чалавечая вартасць Антона. Часам ён выклікаў у ёй шкадаванне тым, што ўпарта не разумеў простых, як снег, людскіх ісцін, часам яна пачынала яго ненавідзець за яўны, шыты белымі ніткамі, разлік. Баючыся канчаткова паддацца гэтаму нядобраму да яго пачуццю, Зоська стрымлівала сябе, ёй пачынала здавацца, што Антон не разумее чагосьці, што ў аснове канфлікту між імі ляжыць не ягоны злачынны намер, а нейкае непаразуменне, што варта яму нешта растлумачыць, як ён зробіцца ранейшым слаўным Антонам. I яна, усё стараючыся растлумачыць яму ягоныя памылкі і не ў стане справіцца з ягонай упартасцю, думала: які ж ён на самай справе? Такі, які ён здаўся ўпачатку — дужы, спагадлівы, умелы партызанскі хлопец Галубін, ці той, хто нечакана адкрыўся ёй у гэтай аборы —
напалоханы за сваё жыццё баязлівец, які надумаў зрабіць такой жа і яе. Праўда, пакуль ён не зрабіў ёй нічога кепскага і паводзіў сябе як звычайна, толькі гаварыў не зусім звыклыя для яе словы. Але ад гэтых слоў яе ахапляў жах. Дык што ж ёй рабіць, што рабіць?.. Было, аднак, відавочна, што, апроч як сядзець тут ды чакаць прыцемак, нічога зрабіць было нельга, і яны то маўчалі, то нягучна спрачаліся, то азябла тупалі за шулам, ляскаючы зубамі на скразным пранізлівым ветры. Але вось дзень перайшоў у адвячорак, поле пачало цямнець, дарога, што бегла на дальні балыпак, ляжала пустая, і Антон глыбей насунуў на галаву шапку
— Хай, ладна, — сказаў ён у адказ на нейкія свае думкі. — Пайшлі.
Зоська дужа азябла і ледзьве стрымлівала дрыжыкі, усё ў ёй ірвалася з гэтай праклятай аборы, абы толькі выйсці ў поле, прабегчы, сагрэцца. Але яна не адразу выйшла з варот, штосьці ў ёй супраціўлялася гэтаму, ногі раптам страцілі лёгкасць, і яна нясмела ступіла на мокры, збуцвелы снег. Яе нядаўняе захапленне Антонам катастрафічна знікала, і пад вечар яго засталося не шмат. У яе ўжо знікла ахвота ісці за ім, у думках усё перамяшалася, ногі сталі быццам чужыя, самы раз было павяртаць назад, за Нёман, у атрад.
Вялізным намаганнем яна спрабавала адагнаць кепскія прадчуванні, сказаўшы сабе, што рана яшчэ адступацца ад гэтага чалавека, пакідаць яго аслепленым, можа, часовай дурнотай; трэба яшчэ паспрабаваць пераканаць яго, не даць зрабіць апошні неразумны крок у жыцці, за якім — пагібель. Усё ж Галубін быў някепскі партызан у атрадзе і калі наважыўся на такое, дык, напэўна, і праз яе таксама. I яна ўхапілася за апошні магчымы для яе сродак.
— Антон! Пастой...
Ён хутка крочыў па раскіслым снезе, кіруючы ўздоўж хмызняку ля дарогі, і неахвотна спыніўся каля зламаных калкоў агароджы. Увесь яго змрочны, незадаволены выгляд казаў: ну, што табе яшчэ трэба? Зоська падбегла бліжэй, каб у вечаровых прыцемках лепей бачыць ягоны твар, і не пазнала яго: такі ён чужы стаў і нядобры.
— Антон, ты падумай... Ведаеш, я даю слова... Я нікому не
скажу. А ты ідзі назад. Хочаш, я напішу Шаўчуку. Аловак у цябе ёсць?
— Што ты напішаш? — холадна запытаў ён, стоячы да яе бокам.
— Ну, што я цябе ўпрасіла правесці мяне. Каб цябе там за самаволку...
— Тожа мне скажаш! — пагардліва буркнуў ён і, як заўжды, спорна пакрочыў уздоўж хмызняку. Яна марудна паплялася следам.
«Што ж мне рабіць? Што рабіць? — ледзьве не са слязьмі ў каторы раз пыталася сама ў сябе Зоська. — Няўжо ж ён пойдзе да немцаў? Яны ж павесяць яго. Як жа ён не разумее таго?»
Яшчэ падсвядома, але ўсё выразней яна адчувала, што далей ісці з ім нельга, што так яна проста заваліць заданне, падвядзе пад пятлю людзей, сябе і нават, можа быць, маму. Што Антон у такім яго стане — нібыта п’яны ці, можа, горш нават за п’янага, што ён можа нарабіць тое, чаго сам не чакае. Антон жа між тым, здавалася, зусім не турбуючыся, упэўнена крочыў па снегавым цаліку да недалёкага ўжо Скідзеля. Захмаранае неба хутка цямнела, снег на зямлі ляжаў белы і чысты, дзьмуў свежы заходні вецер, які прынёс ноччу адлігу і за дзень ператварыў снег у хлюпкую кашу. Ісці было цяжка, Зосьчыны ногі адразу ж прамоклі і правальваліся да самай зямлі, але яна трохі сагрэлася і пайшла павольней. Антон вырваўся далёка наперад, аднак яна бачыла на снезе яго сляды і не баялася адстаць, даганяць жа яго ёй не хацелася. Яна нават падумала, што, можа, ён так і пойдзе адзін, пакінуўшы яе сярод ночы, і не спалохалася гэтай думкі. Чымсьці яна нават спадабалася ёй, гэтая думка.
Але ён не пайшоў адзін. Крочачы наперадзе, ён усё ж выбраў час азірнуцца і, напэўна, заўважыўшы, як далёка яна адстала, прыпыніўся на ўзлеску. Наперадзе быў малады хвойнік, справа ляжала голае раўніннае поле. Зоська не памятала гэтых мясцін, але адчувала, што Скідзель дзесь побач. Ісці заставалася гадзіну ці дзве, і за гэты час ёй трэба было нешта рашыць. Яна ўжо ведала, што ісці з ім у Скідзель проста не мела права.
— Ну, што ты адстаеш? — запытаў ён з папрокам, калі яна падышла бліжэй. — Хіба прыстала?