Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Яны з’елі па місцы грэцкай з малаком кашы, выпілі заваранага сушанай малінай чаю. Вацык далікатна стаяў зводдаль, і Зоська запрасіла яго за стол, дзе ён разам з гасцямі таксама выпіў кубак чаю. Усё тут было проста і лёгка, у гэтай акуратнай гасціннай хаце, дзе іх частавалі быццам даўніх добрых знаёмых. Зоська старалася не размаўляць з Антонам, які таксама маўчаў і, хоць меў заклапочаны выгляд, аднак са смакам еў усё, што было на стале. Зоська напружана думала, што рабіць, калі яны павячэраюць. Тут, пры сведках, яна не магла болей нешта тлумачыць, спрачацца, хаця ўсе спрэчкі, здаецца, былі ўжо скончаны. Важна было зра-
зумець таксама, за каго іх прымае гаспадыня — за партызан ці, можа, за якіх паліцэйскіх агентаў. А можа, ні за тых, ні за іншых, а проста за двух людзей, якія задарожыліся па начы і зайшлі адпачыць. Так было б лепш за ўсё. А калі не так? Усё ж хутар стаіць пры лесе і паблізу ад мястэчка, напэўна, яны тут — не першыя госці.
Душэўны неспакой Зоські надта азмрочваў цеплыню гэтай гасціны, якая, аднак, канчалася. Праўда, Зосьцы хацелася як мага болей часу праседзець тут, можа, заначаваць нават. Але Антон, відаць, быў настроены інакш і, з’еўшы ў дадатак да ўсяго кавалак хлеба з салам, устаў з-за стала.
— Ну, пані, дзякуй. Так накарміла, што дай табе бог здароўя.
— I пану нех бог дае здароўя.
— Дасць, куды дзенецца! Як кажуць, пагрэліся і пара ў пуць-дарогу.
Ён пачаў вылазіць з-за стала, і ў Зоські трывожна застукала сэрца ад думкі, што зараз трэба наважыцца. Трэба адмовіцца ісці з ім далей, няхай ідзе, куды хоча, адзін.
— Можа, у пані і закурыць знойдзецца? — звярнуўся Антон да гаспадыні.
— Ест, ест, — пацвердзіла тая. — Стэфан, пану пшыпаліць!
Паслухмяны гаспадар на гэты раз без слоў падаўся на другую палову хаты і вярнуўся са скураным капшуком у руках. Мужчыны павольна згарнулі цыгаркі, пасля Стэфан дастаў на канцы лучынкі агеньчык з печы, і яны прыкурылі.
— Ну, як жывецца на хутары? — пацікавіўся Антон, праз дым выпрабавальна пазіраючы на гаспадара. Той, быццам не ведаючы, што адказаць, пашкроб патыліцу.
— Так, пан. Калі як. To добжа, то кепско.
На яго зарослым густой шчэццю твары адбілася клопатнае напружанне думкі, і ён таксама з прыкметнай увагай паглядзеў на госця.
— Што, мусіць, не даюць спакою пад лесам?
— Так. Калі не даюць. А калі і даюць.
— А хто турбуе? Немцы? Партызаны?
— Як пану сказаць? Калі так, калі гэтак.
Аднак хітраваты мужычок, не глядзі, што праставаты з
выгляду, падумала Зоська, пазіраючы на вялікую, з дымнай цыгаркай руку гаспадара ля печы. Рука яго, аднак, была спакойная, і ўся яго сялянская пастава сведчыла пра зважлівае чаканне, і нічога болей. Сам ён надта гаварыць не меў ахвоты. Гаспадыня прыбірала посуд, пераставіла ў пячурку капцілку, каб у трысцене было святлей, яна не ўдзельнічала ў размове мужчын. Вацык нізка сядзеў на чымсь у дальнім цемнаватым кутку, не зводзячы ўважлівых вачэй з Антона і Зоські.
— Ну што ж, нам пара, — Антон загасіў у пальцах цыгарку. Рэшту яе запіхаў за пакамечаны адварот шапкі і надзеў папку на галаву. — Зося!
Нагнуўшы галаву, Зоська нерухома сядзела ў канцы стала.
— Давай патопалі. Перадыхнулі, паелі, — сказаў Антон і ўстаў, загарадзіўшы сабой палову трысцена.
Зоська паволі падняла галаву, убачыла звернутыя да яе запытальныя погляды гаспадыні ад печы, гаспадара з лаўкі насупраць. Нешта, відаць, яны адчулі ў яе паводзінах, і гэта насцярожыла іх.
— Ідзі адзін, — хрыплавата ад хвалявання выціснула яна. — Я тут застануся.
— Хе! — сказаў Антон. — Навіна! Як гэта — застануся?
— Проста. Застануся на хутары.
Яна ўжо справілася з першым самым трудным для яе хваляваннем і стала нязломнай. Галоўнае было зроблена — яны размяжоўваліся. Дапушчаную ёю легкадумнасць трэба было выпраўляць, і тым лепш, чым хутчэй.
— Пагадзі,— спакойна сказаў Антон пасля нядоўгай напружанай паўзы. — Ты гэта — сур’ёзна?
— Сур’ёзна.
— He панімаю.
— Што панімаць? Я з табой не пайду.
— Гэта чаму?
— Ты знаеш чаму.
Хаця і было цёпла, але яна трэслася ў нервовым напружанні. У адказ на ягоны спакой ёй хацелася закрычаць, заплакаць, але яна стрымлівала сябе, усё ж тут былі людзі, якія няблага аднесліся да яе і не ведалі нічога з таго, што
адбылося між імі. Антон у роздуме нядоўга пастаяў ля стала, пасля адступіў назад і прысеў на лаўку.
— He, так дзела не пойдзе! — са спакойнай цвёрдасцю аб’явіў ён. — Так нічога не выйдзе.
Гаспадыня жэстам адправіла Вацыка на другую палову хаты, Стэфан падышоў да жонкі, і абодва яны са здзіўленнем пазіралі на Зоську, мала што разумеючы. Стала ціха. Дровы разгарэліся ў печы, і па столі і бярвенні сцяны бегалі барвовыя водсветы. Зоська зразумела, што не мінуць чагосьці агіднага, але яна цвёрда рашыла стаяць на сваім.
12
Сеўшы на лаўку, Антон адчуў, як цягуча загуло ў галаве, — такое было з ім не часта. Праўда, пакуль што ён не лічыў становішча безнадзейным, але з асаблівай выразнасцю адчуў, што гэта ўпартая недарэка яшчэ наробіць яму клопату. Тым больш зацягнуўшы яго на гэты ідыёцкі хутар, да гэтых невядома ў чыю карысць настроеных гаспадароў. Зрэшты, гаспадароў ён мала баяўся, ён быў упэўнены, што з імі ўправіцца, хоць бы з дапамогай зброі. Было б, аднак, лепш, калі б яны паводзілі сябе ціха і не лезлі ў ягоную драму.
А без драмы, бадай, не абысціся, думаў Антон. Як ён таго не хацеў, а здаецца, прыйдзецца прымяніць сілу, іншага выйсця ў яго не заставалася. Кінуць яе тут адну ён не мог: што яму было рабіць без яе ў Скідзелі? Пра вяртанне яго ў атрад не было чаго і думаць — лес ён пакінуў ужо назаўжды. Але ён блізка быў да таго, каб апынуцца ні з чым — выйсці з лесу і не дайсці да мястэчка, што было раўназначна пагібелі.
Гаспадары пра штосьці ціха шапталіся ля печы, крадком кідаючы асуджальныя позіркі то на яго, то на Зоську, якая нібы скамянела ў канцы стала. Пакуль што яны не ўлазілі ў чужы і, мабыць, не дужа зразумелы для іх канфлікт, і Антон падумаў, што, магчьша, пашэнціць настроіць іх у сваю карысць, супраць гэтых выбрыкаў Зоські.
— Во, — кіўнуў ён на яе. — Уперлася жонка. Спадабалася ёй у вас, не хоча ісці.
— Я табе не жонка! — тут жа рэзка адказала з-за стала Зоська.
— Як гэта — не жонка? — са шчырым здзіўленнем сказаў Антон. — Во дае баба! Ад мужа адмаўляецца.
— Лжэш! Ты ніякі мне не муж! — з надрывам выкрыкнула Зоська і заплакала.
Антон трохі сумеўся. Ён заўжды трохі бянтэжыўся ад слёз жанчыны і не ведаў, што рабіць далей. Але ўсё ж ён рашыў трымацца таго варыянта, што Зоська — ягоная жонка, якая распачала дробязную сварку з мужам.
— Ну што возьмеш з бабы! — развёў ён рукамі, звяртаючыся да гаспадара, які заклапочана тэпаў ля печы і ніяк не азваўся на ягоныя словы.
Зоська, аднак, хутка перастала плакаць, пальцамі выцерла слёзы, паправіла хустку на галаве. Антон неўпрыцям пазіраў на яе, і некалькі разоў у ягонай душы варухнулася недарэка-спагада — нашто так упарціцца? Ужо ён старэйшы за яе і лепш разумеў у жыцці, магчыма, ён бы ўратаваў яе ад пагібелі і яшчэ б уладкаваў яе лёс. Толькі б яна даверылася яму. Дык не. Давяла ўсё да сваркі, якую невядома як уладзіць цяпер пры чужых людзях.
— Зося, — сказаў ён і ўстаў з лаўкі. — Ну не хочаш ісці ў мястэчка, дык давядзі мяне хоць да ваколіцы. Пасля пойдзеш, куды захочаш.
У тым была ягоная хітрасць — на ўскраіне мястэчка ўжо ён бы з ёй справіўся. Зоська на хвіліну прыціхла, быццам абдумваючы яго прапанову, і адказала:
-He!
— Я не ведаю, з якога там боку і падысці, — хітраваў ён.
— Дарога прывядзе.
— Дарога прывядзе. Але... Няёмка па дарозе.
— У людзей запытаешся.
Аднак, чорт пабяры, пакуль нічога не атрымлівалася. Няўжо і сапраўды нічога не выйдзе і яму давядзецца аднаму ісці ў Скідзель? I аднаму прыйсці да Капыцкага? Але як бы яго, аднаго, не палічылі за партызанскага шпіёна, які мае заданне ўладкавацца ў мястэчку, Капыцкі ж таксама можа ў ім усумніцца, не глядзі, што зямляк. Усё ж свая кашуля
кожнаму бліжэй да цела, а ў такі час нядоўга расстацца і з кашуляй, і з уласным целам таксама.
He, яму абавязкова патрэбна была яна — як жонка, гаспадыня і, што важней за ўсё, — як заложніца. Заложніца — якая ні ёсць гарантыя для немцаў і для таго ж Капыцкага, асабліва калі мець на ўвазе яшчэ і яе маці. Антон ужо ведаў, што да чалавека з заложнікамі — сям’ёй, дзяцьмі, маці — немцы ставіліся куды з большым даверам, чым да адзіночкі, у якога ні кала ні двара, а толькі адны, хай сабе самыя лепшыя, намеры. Як усе дзелавыя людзі, немцы любілі гарантыі.
Але вось вазьмі яе, гэтую гарантыю, што скамянела ў сваёй дзікай упартасці за сталом на лаве.
Аднак ішоў час, напэўна, ужо была блізка поўнач, Антон недаравальна траціў адну за адной усе і без таго нешматлікія свае магчымасці і пачынаў нервавацца. Так, халера на яго, нядоўга і зусім застацца ні з чым. Асабліва калі зважаць на гэтую ўпартасць ды азірацца на гаспадароў. Але ўжо з гаспадарамі ён цырымоніцца не меў намеру.
— Эй, ты! — рэзка павярнуўся Антон да Стэфана. — Давай вяроўку!
— Што пан хцэ? — здзівілася гаспадыня, ступаючы наперад і як бы засланяючы сабой гаспадара.
— Давай вяроўку! Жыва!
Гаспадыня збялела, уставілася ў яго поўны змрочнай рашучасці твар, а гаспадар стаяў ззаду, мабыць, не маючы адвагі выканаць ягоны загад без дадатковай каманды жонкі.
— Я што вам сказаў! — са стрыманай пагрозай вымавіў Антон і выцягнуў з-за пазухі наган.
Ціхенька войкнуўшы, гаспадыня ступіла назад, а гаспадар, паварушыўшы нешта ў цёмным ля дзвярэй кутку, выцягнуў недаўгую зблытаную вяроўку.
Антон загадаў:
— Разбяры! Разбяры, распутай! Што, не разумееш?
Дрыготкімі, няспрытнымі рукамі гаспадар неяк разблытаў вяроўку. Антон сунуў наган за пазуху.
— Ну! — сказаў ён Зосьцы, якая з жахам адкінулася за сталом. — Пойдзеш?
— He, не! He чапай мяне!
— Я? Я зачаплю, чорт цябе вазьмі! — крыкнуў ён, губляючы вытрымку, і хапіў за вугал стала. Рыўком ён адкінуў стол прэч, пачуў, як ззаду прыглушана крыкнула гаспадыня, але ён ужо схапіў Зоську за руку і адным спрактыкаваным рухам падламіў руку назад, за спіну. Зоська войкнула, выгінаючыся ад болю і знаёма павяртаючыся да яго спіной, ён дужа штурхануў яе грудзямі на дол і, злавіўшы другую руку, таксама заламіў за спіну. Пакуль яна екатала і тузалася, спрабуючы вырвацца, ён хутка абкруціў яе кісці вяроўкай, зацяў вузел. Яна супраціўлялася, як толькі магла, але што было для яго яе супраціўленне. Звязаць чалавека ён мог за пару хвілін. Каб яна не брыкалася ботамі, другім канцом вяроўкі абхапіў яшчэ і ногі ля костачак.