Слоўнік асабовых уласных імён

Слоўнік асабовых уласных імён

Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 240с.
Мінск 2011
68.99 МБ
Мінск «Літаратура і Мастацтва» 2011
УДК 811.161.3’373.231’374
ББК81.2Бем-4
У80
Навуковы рэдактар член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук A. А. Лукашанец
Рэцэнзенты:
доктар філалагічных навук, прафесар Г М. Мезенка; кандыдат філалагічных навук I. I. Лучыц-Федарэц
Усціновіч, A. К.
У80 Слоўнік асабовых уласных імён / A. К. Усціновіч ; навук.
рэд. A. А. Лукашанец. Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. 240 с.
ISBN 978-985-6941-10-1.
Слоўнік з'яўляецца найбольш поўным нарматыўным даведнікам па выкарыстанні ўласных асабовых беларускіх імён, утварэнні імён па бацьку. Прыведзены розныя па паходжанні мужчынскія і жаночыя імёны, у тым ліку рэдкаўжывальныя і ўстарэлыя; пададзены найбольш пашыраныя іх народныя, размоўныя і вытворныя формы і варыянты. Выданне ўтрымлівае таксама інфармацыю аб іншамоўных адпаведніках беларускіх імён.
Адрасуецца работнікам пашпартных сталоў і кадравых службаў, ЗАГСаў, натарыяльных кантор і юрыдычных кансультацый, работнікам друку, настаўнікам і студэнтам, а таксама ўсім тым, хто цікавіцца сучасным беларускім іменасловам.
УДК 811.161.3’373.231’374
ББК81.2Бен-4
ISBN 978-985-6941-10-1
© Усціновіч A. К., 2011
© Афармленне. РВУ «Літаратура
і Мастацтва», 2011
ПРАДМОВА
Уласныя імёны складаюць вельмі важную і разам з тым вельмі спецыфічную частку слоўнікавага складу любой мовы, у тым ліку і беларускай. Асабовыя ўласныя імёны ўваходзяць у нацыянальны лексікон беларускай мовы як састаўная частка, аднак істотна адрозніваюцца ад агульных найменняў як па сваім складзе і асаблівасцях гістарычнага фарміравання, так і па сваёй функцыянальнай ролі.
Уласныя асабовыя імёны разам з імем па бацьку і прозвішчам з'яўляюцца найважнейшым сродкам ідэнтыфікацыі чалавека. Кожны жыхар нашай краіны, як і кожны чалавек наогул, атрымлівае ўласнае імя адразу пасля нараджэння, яно суправаджае яго на працягу ўсяго жыцця. Выбранае імя запісваецца ў дакументах, што сведчаць асобу: пасведчанні аб нараджэнні, пашпарце, дакументах аб адукацыі, у пасведчанні аб заключэнні шлюбу і г. д. Уласнае імя перадаецца ў спадчыну дзецям, паколькі ў пасведчанні аб нараджэнні абавязкова ўказваюцца імёны бацькі і маці. Імя бацькі перадаецца асобе і ў выглядзе імя па бацьку, якое разам з уласным іменем і прозвішчам выступае абавязковай часткай сучаснай трохкампанентнай формулы афіцыйнага наймення асобы.
Сказанае сведчыць, што ўласныя асабовыя імёны выконваюць спецыфічную функцыю ідэнтыфікацыі асобы. У сучасным ужыванні яны не выражаюць ніякага сэнсавага значэння, а толькі ўказваюць на асобу, выдзяляюць яе з кола іншых, хаця гістарычна многія ўласныя імёны суадносяцца з агульнаўжывальнымі словамі з пэўным лексічным значэннем. Менавіта асабовае ўласнае імя ў сукупнасці з прозвішчам і імем па бацьку дазваляе ідэнтыфікаваць асобу з усяго калектыву, людской супольнасці ў цэлым. Таму выкарыстанне і функцыянаванне ўласных імён з'яўляецца не толькі асабістай справай носьбіта таго ці іншага імені, але і ўсяго грамадства. Дзякуючы ўласнаму імені асоба не толькі становіцца паўнавартасным членам калектыву, але і пакідае свой след у гісторыі. Увогуле, сёння цяжка сабе ўявіць функцыянаванне грамадства і яго інстытутаў без уласных імён і прозвішчаў. Таму вельмі важна і неабходна ведаць асаблівасці свайго нацыянальнага іменніка, асаблівасці яго функцыянавання.
Вывучэннем сістэмы ўласных імён, у тым ліку і асабовых, займаецца асобны раздзел анамастыкі антрапаніміка, якая не толькі фіксуе і сістэматызуе наяўны інвентар гэтых моўных сродкаў ідэнтыфікацыі асобы, але і вывучае гісторыю фарміравання нацыянальных антрапанімічных сістэм. Сістэма сучасных беларускіх асабовых імён фарміравалася на працягу доўгага гістарычнага перыяду і ўяўляе
дастаткова складанае адзінства, якое аб’ядноўвае вельмі розныя па сваім паходжанні пласты і групы іменалагічнай лексікі, якія спецыфічна функцыянуюць і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой.
Аснову сучаснага беларускага іменаслова складаюць хрысціянскія імёны, якія аб'ядноўваюць спрадвечныя ўласныя асабовыя імёны, што склаліся на ўласным беларускім і ўсходнеславянскім моўным матэрыяле (Уладзімір, Вячаслаў, Яраслаў і інш.), а таксама імёны старажытнаяўрэйскага (іван, Сямён, Міхаіл, Ганна, Марыя і інш.), грэчаскага (Георгій, Андрэй, Аляксандр, Несцер, Платон, Фёдар, Алімпіяда, Ксенія, Софія, Агата, Пётр, Максім і інш.), лацінскага (Валерый, Марк, Валянцін, Агрыпіна, Клаўдзія і інш.) паходжання. У сучасным беларускім антрапаніміконе трывала замацаваліся і ўспрымаюцца як уласныя многія імёны, што прыйшлі з моў іншых народаў, з якімі кантактавалі нашы продкі, напрыклад, Вітаўт, Альгерд, Алег, Глеб, Ігар, Вольга, Тамара, Ніна, Рагнеда і інш.
Сучасны корпус беларускага іменаслова ўключае імёны, што прыйшлі з іншых еўрапейскіх моў, тыпу Арнольд, Артур, Жанна, Віялета, Элеанора. Іх пашырэнню спрыялі папулярныя творы мастацкай літаратуры, радыё і тэлебачанне, кіно. Як самастойныя імёны функцыянуюць зараз многія пашыраныя ў сучасных еўрапейскіх мовах скарочаныя, памяншальныя і ласкальныя формы, тыпу Ада, Аніта, Эрна, Рыта.
Асобную групу сучаснага беларускага іменаслова складаюць так званыя новыя рэвалюцыйныя імёны, што з’явіліся ў 20-я гг. XX ст., як моўнае адлюстраванне грамадска-палітычных рэалій таго часу. Да такіх імён адносяцца Ідэя, Інтэрна, Трактарына, Воля, Свабода, Слава, Кім, Іскра, Уладзілен, Марлен і інш. Такія імёны не толькі да гэтага часу сустракаюцца ў творах мастацкай і іншай літаратуры, але іх носьбітамі з’яўляюцца грамадзяне нашай краіны.
Найбольш пашыраныя і ўжывальныя ў наш час імёны, якія адносяцца да сістэмы традыцыйных хрысціянскіх імён, а таксама імёны, якія звязаны з гісторыяй і культурай беларускага народа (Вітаўт, Альгерд, Рагнеда і інш.). Асаблівасцю функцыянавання хрысціянскай па паходжанні часткі сучаснага беларускага іменніка з'яўляецца і тое, што ў ім паралельна ў якасці афіцыйных (дакументальных) ужываюцца тры самастойныя падсістэмы: візантыйска-праваслаўная (найбольш набліжаная да рускай іменаслоўнай традыцыі), рымска-каталіцкая (у значнай ступені суадносная з польскай мовай) і ўласная народная (найбольш нацыянальна адметная). Частка гэтых паралельных радоў імён поўнасцю супадае па гукавым складзе (Адам, Раман, Пётр і інш.), а другая мае неаднолькавае фанетычнае афармленне. Параўнайце, напрыклад, рады візантыйска-праваслаўных і рымскакаталіцкіх імён: Фёкла і Тэкля, Фама і Тамаш, Іван і Ян, Іосіф і Юзаф. Побач з традыцыйнымі формамі праваслаўных імён Васілій, Генадзій, Анатолій, Пракопій, Якаў, Іосіф ужываюцца народныя Васіль, Гэнадзь, Анатоль, Пракоп, Якуб, Язэп і інш.
На функцыянаванне ў вуснай і пісьмовай практыцы ўласных асабовых імён істотны ўплыў аказвае моўная сітуацыя, а таксама разнастайныя пазалінгвістычныя фактары. Так, вельмі істотным фактарам для сучаснай беларускай іменаслоўнай практыкі з'яўляецца дзяржаўнае беларуска-рускае двухмоўе, у выніку чаго найбольш важныя
дакументы, якія сведчаць асобу, афармляюцца на абедзвюх дзяржаўных мовах, што стварае праблему перадачы ўласных асабовых імён і міжмоўнай адпаведнасці імён, а таксама пэўныя цяжкасці пры афармленні таго ці іншага імені графічнымі сродкамі іншай мовы. Яшчэ адной істотнай праблемай пісьмовага функцыянавання беларускага антрапанімікону з'яўляецца неабходнасць перадачы асабовых імён сродкамі лацінскага алфавіта.
Уласныя імёны ў залежнасці ад сітуацыі маўлення выступаюць у разнастайных формах і варыянтах. Поруч з поўнымі дакументальнымі формамі існуюць размоўна-бытавыя (скарочаныя, дэмінутыўныя, гіпакарыстычныя) іх варыянты. Але здольнасць імён да вар'іравання не заўсёды бярэцца лад увагу пры афармленні дакументаў, што выклікае рад непажаданых з’яў. Замест поўных форм імён у дакументах часта фіксуюцца размоўна-гутарковыя варыянты, замест прынятых дакументальных форм уносяцца дыялектныя, пашыраныя на пэўнай тэрыторыі, у дакументах адной і той жа асобы сустракаюцца розныя варыянты аднаго і таго ж імя або праваслаўнае імя замяняецца адпаведным імем каталіцкім і наадварот, непаслядоўна ўтвараюцца імёны па бацьку ад розных варыянтаў аднаго і таго ж мужчынсжага імені.
Таму важнейшай задачай Слоўніка з’яўляецца, па магчымасці, поўнае адлюстраванне асабовых імён, якія засведчаны ў Беларусі. Гэтай мэце падпарадкавана і структура слоўнікавага артыкула, які ўключае наступныя элементы:
•	загалоўнае слова афіцыйную (дакументальную) форму асабовага імя (і яго прынятую лацінамоўную транслітарыраваную форму);
•	граматычную характарыстыку (імя мужчынскае м., жаночае -ж.);
•	стылістычную і часавую характарыстыку (слав., ст. рэдк.);
•	формы імя па бацьку;
•	вытворныя формы імя і пашыраныя на тэрыторыі Беларусі прозвішчы, што ўтварыліся ад гэтага імя;
•	агульнамоўныя формы дадзенага імя ў сучасных еўрапейскіх мовах;
•	дзень імянін на падставе традыцыйных календароў, апрацаваных царквой і касцёлам;
•	звесткі пра паходжанне імя і яго першапачатковае значэнне.
Напрыклад:
АЛЯКСАНДР (Aiiaksandr) -а, м. Аляксандравіч, Аляксандраўна.
Вядома з XIV ст. як Александр (1528), Александро (1525), Александер (1388), Олександр (1465), Олександро (1540), Александор (1682), Олехно (1528), Алес (1746), Олех (1528), Санко (1555), Санько (1555), Санюк (1555), Санец (1540), Санюта (1541).
Вытворныя: Алёсь, Аляксанка, Алёсік, Алёська, Алясюк, Аляхнб, Алік, Алькб, Лесь, Лёсік, Лёська, Ляськб, Лясюк, Сан, Санік, Санюк, Санчўк, Санюта, Саша, Сашкб, Сашанька, Сашўня, Сашўта, Сашўра, Шўра, Шўрка, Шўрык, Аля, Лёкса.
Утвораны прозвішчы ад гэтага імя: Аляксандраў, Александрбвіч, Аляксанкін, Алёсь, Алёсіч, Алёсенка, Алёсік, А(лёська, Алясюк, Аляхнб, Аляхнбвіч, Алікёвіч, Алькбвіч, Лесь, Лёсін, Лёсік, Лёська, Ліксандра, Лясько, Лясюк, Санаў, Санін, Санёц, Санцэвіч, Санька,
Санькб, Санкбвіч, Санкёвіч, Санікёвіч, Санюк, Санюкбвіч, Санчўк, Санюта, Сашанбк, Сашкб, Сашчанка, Сашанькін.
Англ. Alexander, балг, Александьр, Алека, Алеко, Алек, Алекс, Леко, Лего, Сашо, Сандро, венг. Sandor, Alex, ісп. Alejandro, іт. Ales­sandro, літ. Aleksandras, Aleksas, ням. Alexander, польск. Aleksander, руск. Александр, славац. Aleksander, славен. Alexandr, Alex, укр. Олександр, Олёсь, Лесь, франц. Alexandre, чэш. Alexandr.