Старажытная Беларусь
Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
ВЫДАЛЯЮЦЬ РАСЦІСЛАВА, БЯРУЦЬ РАГВАЛОДА
Менавіта пасля гэтага, як паказвае Іпацьеўскі летапіс, Рагвалод Барысавіч і пайшоў ад Святаслава Ольгавіча, які цяпер быў чарнігаўскім князем, здабываць свой удзел у Полацкай зямлі. Нас не павінна здзіўляць, што ранейшыя ворагі — Рагвалод і Святаслаў — цяпер сталі саюзнікамі. Нельга забывацца, што Расціслаў быў з Глебавічаў, княскай галіны, што заўсёды адчувала сваю сувязь з Менскам, на які яна магла абаперціся ў неспрыяльных умовах. Вось чаму Расціслаў, знаходзячыся на полацкім пасадзе, мог больш клапаціцца аб інтарэсах Менска, чым Полацка. 3 прычыны гэтага ён мог быць менш падатным для ўплыву свавольнага полацкага веча, чым «ціхмяны» Рагвалод, што і выклікала ў палачанаў, у тым ліку і партыі, варожай да Рагвалода, імкненне зноў вярнуць апошняга ў Полацк. Вось чаму з’яўленне Рагвалода ў Святаслава Ольгавіча можа быць растлумачана па-рознаму: або тым, што ў Полацку зноў пачала браць верх рагвалодаўская партыя і чарнігаўскі князь, бачачы гэта і жадаючы мець уплыў у Полацку, прыняў да сябе Рагвалода, або ён гэта зрабіў па патрабаванню партыі Расціслава, якая расчаравалася ў апошнім і рашыла зноў вярнуць Рагвалода. (I гэта апошняе, як убачым, знойдзе пэўнае пацверджанне ў будучых падзеях.) Паўтараем, падобныя перамены ў сімпатыях былі ў духу таго часу, дый усіх часоў.
3 летапісу вядома, што Святаслаў Ольгавіч сам не прыняў непасрэднага ўдзелу ў адваяванні Рагвалодам сваіх правоў у Полацкай зямлі. Ен абмежаваўся тым, што даў Рагвалоду пэўную колькасць войска, «полк», як сказана ў летапісе5 . Далей мы чытаем у гэтай жа крыніцы, што Рагвалод пайшоў у Слуцк, адкуль ён пачаў зносіцца з дручанамі562. Тут мы павінны прыпыніцца, каб звярнуць увагу на некаторыя важныя дэталі. Можна толькі здзіўляцца таму, што ніводзін даследчык не засумняваўся ў сведчанні Іпацьеўскага летапісу, што Рагвалод са Слуцка мог весці перагаворы з дручанамі. Больш за тое, М. Доўнар-Запольскі абгрунтоўваў часовае знаходжанне Рагвалода ў Слуцку як зыходны пункт, з якога ён пачаў сваю барацьбу за аднаўленне ягоных уладанняў у Полацкай зямлі, тым, што Слуцк у той час належаў Святаславу Ольгавічу563. Магчыма, што і так, бо крыніцы гэтаму не супярэчаць, але, глянуўшы на карту, цяжка паверыць, каб Рагвалод мог «слатнся к дрючанам», а апошнія «прнездача к нему». Нават ва ўмовах XX ст. пры наяўнасці авіяцыі і радыё на такой вялікай адлегласці цяжка было б усё гэта рабіць, асабліва ўлічваючы, што шлях ішоў праз Бярэзіну, Свіслач, Пціч, Арэсу і па тэрыторыі варожых Рагвалоду Глебавічаў. Відаць, летапісцам была дапушчана памылка, у выніку якой нейкае іншае паселішча, дзе спыніўся Рагвалод, было заменена на Слуцк.
Характэрна, што ў тацішчаўскіх матэрыялах, дзе перадаецца гэты эпізод, нічога не гаворыцца аб Слуцку. Там сказана, што Рагвалод прыйшоў у воласць Полацкую564. Трэба думаць, што ў рукі гэтага гісторыка трапіў больш спраўны летапісны тэкст.
Другое пытанне, якое непасрэдна выцякае з указаных падзей, гэта: «Чаму менавіта Рагвалод найперш пайшоў на Друцк?» На думку Л. Аляксеева, прычынай гэтага з’яўлялася тое, што Друцк быў вотчынай Рагвалода565. Гэта абгрун тоўваецца тым, што ў 1158 г. Рагвалода дручане прымаюць як свайго566. Аднак тут не ўлічана, што Рагвалод перш за ўсё княжыў (да 1151 г.) у Полацку, дзе ў 1102 г. княжыў яго бацька Барыс Усяславіч. Апроч таго, да 1158 г. мы не можам з упэўненасцю гаварыць аб існаванні Друцкага ўдзела, бо менавіта толькі пад гэтым годам у летапісе ўпершыню названы друцкі князь Глеб Расціславіч. Праўда, у Васкрасенскім летапісе гаворыцца, што ён стаў княжыць у Друцку з 1146 г. Аднак гэта яўная памылка, бо дадзены летапіс збліжаў Глеба Расціславіча з аднайменным разанскім князем, на што ў свой час указваў М. Доўнар-Запольскі567. Такім чынам, сцвярджэнне пра Друцк як вотчыннае ўладанне Барысавічаў — вельмі праблематычнае. Трэба думаць, што Рагвалод
найперш прыйшоў да Друцка таму, што апошні знаходзіўся найбліжэй па дарозе з Чарнігава.
Наўрад ці меў рацыю В. Данілевіч, калі гаварыў, што дручане сустрэлі Рагвалода спачуваннем, таму што той быў ворагам палачанаў, і гэтым самым выявілі факт свайго суперніцтва з Полацкам568. Суперніцтва было, як і імкненне выйсці з-пад улады Полацка, але тут усё гэта меней за ўсё выявілася. Далейшыя падзеі пакажуць, што за Рагвалода цягнулі многія палачане, якія ўрэшце і паставілі яго полацкім князем. Таму правільней будзе сказаць, што вяртанне Рагвалода было абумоўлена той спрыяльнай для яго палітычнай атмасферай, якая ў гэты час характарызавала як Друцк, так і Полацк.
Але разгледзім падзеі, звязаныя з вяртаннем Рагвалода, па парадку. Як кажа летапіс, пакрыўджаны братамі і шу~ каючы сабе воласці, Рагвалод з палком Святаслава прыехаў да Слуцка (мы ўжо ведаем, што гэта яўная памылка) і адразу стаў зносіцца з дручанамі, якія ўзрадаваліся яму. I таму, прыехаўшы да яго, запрасілі князяваць да сябе, раячы яму не марудзіць з гэтым, і абяцалі, што ўсе стануць за яго. Відаць, падбадзёраны гэтай падтрымкай, Рагвалод рашыў ісці ў Друцк. I вось насустрач яму выплыла трыста лодак дручанаў і палачанаў (яўнае сведчанне, што ў Рагвалодзе былі зацікаўлены як адны, так і другія). Зазначым яшчэ, што ўказаныя ў Іпацьеўскім летапісе звыш 300 лодак з дручанамі і палачанамі — яўнае пераболыпванне, і таму больш правільна ў Ніканаўскім і Васкрасенскім летапісах і ў В. Тацішчава, дзе гаворыцца проста аб звыш 300 дручанаў і палачанаў. Аднак упамінанне лодак у Іпацьеўскім летапісе невыпадковае: яно гаворыць, што дручане і палачане плылі насустрач Рагвалоду па вадзе, г. зн., што ён рухаўся да Друцка такім жа спосабам з Дняпра ўверх па Друці. А гэта ў сваю чаргу зноў-такі абвяргае, што Рагвалод у Друцк ішоў са Слуцка.
Прыехаўшы ў Друцк у такім шматлікім суправаджэнні, Рагвалод быў урачыста і з вялікай пашанай узведзены на друцкі пасад. 3 ранейшым жа князем Глебам Расціславічам, які тут хутчэй за ўсё князяваў з 1151 г., калі яго бацька Расціслаў Глебавіч стаў полацкім князем, дручане абышліся так, як гэта было ў звычаях таго часу: ён быў выгнаны, а двор яго і маёмасць дружыны разрабаваны гараджанамі. Глебу не заставалася нічога іншага, як ісці ў Полацк да бацькі (у В. Тацішчава сказана, што Глеб пайшоў у Менск569).
Як сведчыць летапіс, у Полацку адбыўся вялікі мяцеж, паколькі многія палачане хацелі Рагвалода. Расціславу ледзь удалося ўціхамірыць іх, даўшы ім «многія дары» (у В. Тацішчава ўдакладнена: «...вяльможам і народу»570).
Пасля гэтага ён вадзіў іх «к хресту», г. зн. браў з іх прысягу быць вернымі яму. Гэта і дало яму магчымасць разам з братамі Усеваладам і Валадаром і «ўсёй браццяю» пайсці на Рагвалода.
Усе гэтыя падзеі патрабуюць пэўнага тлумачэння. Перш за ўсё, з-за чаго ўзняўся мяцеж. Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ўспомніць, што ён пачаўся адразу пасля вяртання Глеба з Друцка да бацькі ў Полацк. Гэта, вядома, прымусіла Расціслава думаць аб помсце Рагвалоду, г. зн. ісці з войскам на яго, але гэтага самохаць полацкі князь рабіць не мог. Тут яму патрэбна была згода веча. Прыгадаем, што, паводле «Эймундавай сагі», Брачыслаў гаварыў Эймунду, што яму трэба мірыцца са сваімі мужамі, бо яны даюць яму грошы, якія ён выплачвае войску. Зразумела, прасіць сродкі ў веча для паходу на Рагвалода Расціслаў пры вялікай варожасці да яго з боку прыхільнікаў Рагвалода, якія і ўзнялі мяцеж, было цяжкай справай. I Расціславу прыйшлося ахвя роўваць свае ўласныя багацці, адорваючы найболып уплывовых удзельнікаў веча. I, як засведчылі тацішчаўскія матэрыялы, толькі прывёўшы сваіх праціўнікаў «да роты», Расціслаў атрымаў ад веча дазвол і сродкі на свой паход, у выніку чаго неўзабаве сабраў войска і, злучыўшыся са сваімі братамі, пайшоў на Рагвалода571. Гэтыя падзеі адначасова засведчылі і дружныя намаганні ўсіх Глебавічаў супроць Рагвалода, што і зразумела. Выгнанне Глеба з Друцка паказвала ім усім сумную перспектыву таго, што чакае і іх, калі полацкім князем стане Рагвалод. Фактычна пры знаходжанні Расціслава на полацкім пасадзе ўся Полацкая зямля апынулся ў руках Глебавічаў. Цікава звярнуць увагу на тое, што Расціслаў аддаў Друцк сыну Глебу, а не якому-небудзь са сваіх братоў, што паказвае, наколькі высока цаніў ён гэты багаты ўдзел. Калі, як мы ўжо адзначалі, Валадар княжыў у Менску, то Усевалад, відаць, быў у Ізяслаўлі. I, такім чынам, можна меркаваць, што на Друцк пайшлі аб’яднаныя сілы палачанаў, мянянаў і ізяслаўцаў, г. зн. практычна ўсіх тагачасных полацкіх удзелаў.
Для Рагвалода гэта не было нечаканасцю, і таму ён умацаваўся за сценамі горада, што фактычна ператварыўся ў непрыступную крэпасць, якую так і не ўдалося ўзяць аб’яднаным сілам Глебавічаў. Як сведчыць летапіс, баі цягнуліся некалькі дзён, вялікія страты былі з абодвух бакоў.
Тут зноў трэба трохі спыніцца, каб асэнсаваць гэтыя факты. Па-першае, хочацца нагадаць 1116 г., калі Друцк быў узяты аб’яднанымі сіламі паўднёварускіх князёў і пераяслаўскі князь Яраполк Уладзіміравіч вывеў многіх дручанаў у сваё княства, пабудаваўшы для іх горад Жэлні.
Можна было думаць, што Друцку быў нанесены непапраўны ўдар, ад якога горад больш не акрыяе і канчаткова запусцее накшталт Одрска. Аднак прайшло 43 гады, і, як бачым, Друцк не толькі не знік, але і вырас у цэнтр удзела і добра ўмацаваную крэпасць. 3 гэтага можна зрабіць вывад, што далёка не ўсе жыхары Друцка былі выведзены Яраполкам, што многія з іх разбегліся па наваколлі (а магчыма, і далей, пра што сведчаць тапонімы Дручаны, Навадруцк і ім падобныя), а пасля, як мінулася варожае нашэсце, зноў вярнуліся ў родны горад і пачалі яго адбудоўваць, чаму, бясспрэчна, садзейнічала яго выгоднае становішча на адным з важнейшых адгалінаванняў вялікага воднага шляху.
Але вернемся да падзей 1158 г. Чым можна растлумачыць выключную стойкасць дручанаў у барацьбе з кааліцыяй Глебавічаў? Вядома, не толькі тым, што ў выніку перамогі апошніх іх чакала жорсткая расправа за пакрыўджанага імі Глеба Расціславіча. I прычына не ў тым, што Рагвалод Барысавіч быў сваім патомным князем у Друцку. Праз некаторы час ён стане полацкім князем, і дручане з ахвотай без перашкод адпусцяць яго туды. I ў гэтым апошнім трэба шукаць адказ на пастаўленае пытанне. Хоць Полацкая зямля была падзелена на ўдзелы, менавіта яна не страціла адзінства. Праўда, паміж гэтымі ўдзеламі часамі ішла барацьба, аднак яна не была сепаратысцкай, нацэленай на поўную адасобленасць. Гэта была барацьба за дамінуючае становішча ў Полацкай зямлі, што знаходзіла знешняе выяўленне ў дамаганні велікакняскага полацкага пасада. Як мы ўжо бачылі, Расціслаў Глебавіч, сеўшы ў Полацку, аддаў ва ўладанне ўсе полацкія ўдзелы братам і дзецям. Карыстаючыся іх вялікай падтрымкай, Расціслаў адчуў сваю моц і, па ўсім відаць, выяўляючы найперш інтарэсы Менскага княства, стаў супрацьпастаўляць сябе полацкаму вечу, выходзіць з-пад яго кантролю, што і выклікала нянавісць да яго з боку полацкай верхавіны. Добра ведаючы гэта, дручане і вырашылі выкарыстаць зручны момант, каб узвесці на полацкі пасад свайго стаўленіка, і таму зрабілі ўсё, каб адбіць аблогу Глебавічаў. I іх намаганні не былі дарэмныя. Менавіта Глебавічы, а не Рагвалод,вымушаны былі заключыць мір. «Н створнше мнр Ростнслав с Рогволодом»572,— гаворыць летапіс. Сведчаннем гэтаму з’яўляецца і тое, што Расціслаў пайшоў на ўступку, прыдаўшы Рагвалоду «волостн». He змогшы перамагчы Рагвалода, Расціслаў вырашыў адкупіцца ад яго. Апошняе, паводле меркавання гэтага Глебавіча, павінна было задаволіць Рагвалода і гэтым самым пагасіць яго дамаганні на полацкі пасад.