Старажытная Беларусь
Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
Як бачым, сілы былі сабраны ўнушальныя. I ніяк не вяжацца ў свядомасці, што ўсе яны былі накіраваны супроць... Турава, які на працягу ўсёй сваёй гісторыі як быццам вызначаўся сваёй палітычнай безаблічнасцю і слабасцю і толькі ў самы апошні час пачаў свавольнічаць. Але гэта толькі на першы погляд. На жаль, нашы пісьмовыя крыніцы, шмат увагі ўдзяляючы міжкняскім адносінам, іх усобіцам, паходам, замірэнням, г. зн. знешнім гістарычным абставінам, амаль поўнасцю абмінулі глыбінныя грамадскія працэсы, якія хоць і працякалі непрыкметна, пакрыёма, але ў далейшым далі вялікія гістарычныя вынікі. Вось таму такімі нечаканымі і з’явіліся тураўскія падзеі 1146 і 1158 гадоў. Яны паказваюць, што ў Тураўскай зямлі, знешне пакорлівай і ціхмянай, пад неаслабнай уладай Кіева ніколі не замірала імкненне да свабоднага палітычнага жыцця. I хоць прыходзілася нямала сіл траціць на розныя велікакняскія авантуры, усё ж ёй удавалася захоўваць у дастатковай колькасці іх і для сябе, што і засведчыў 1158 год. Сапраўды, паход Ізяслава на Тураў у гэтым годзе па ліку яго ўдзельнікаў нагадваў паход Мсціслава на Полацк у 1127 г. Здавалася, што такі моцны націск магутных сіл адразу скрышыць Тураў.
Гарадзішча старажытнага Гомія. X—XII стст.
Аднак гэтага не адбылося. Праціўніку прыйшлося перайсці да аблогі, якая працягвалася аж 10 тыдняў і закончылася беспаспяхова. Немалое значэнне ў гэтым мела абарончая сістэма горада, якая ўдала спалучала прыродныя перашкоды са штучнымі ўмацаваннямі, узведзенымі стасоўна да рэльефу мясцовасці і адпаведна тагачаснай тактыцы абароны . Аднак крэпасці самі па сабе не бароняць. Самую непрыступную з іх можна лёгка ўзяць без стойкасці абаронцаў. Менавіта гэта і вырашыла няўдачу войск, што аблажылі Тураў. Тураўцы не абмяжоўваліся толькі пасіўнай абаронай за сценамі крэпасці, але і пераходзілі ў наступленне, у выніку чаго былі вялікія страты. «Й бьяхуться крепко выходячн нз города н многа бывше язвеных»,— засведчыў летапіс. Нельга таксама забывацца і пра вайсковае майстэрства Юрыя Яраславіча, якому, бясспрэчна, належала кіраўніцтва абаронай. Аднак не жадаючы непатрэбнага знясілення і вялікіх ахвяр з двух бакоў, ён звярнуўся да дыпламатычных сродкаў, увайшоўшы ў перагаворы з праціўнікам: «Н многу молбу створнваше Гюргн Ярославнч, высылая нз города к Нзяславу, река: «Брате! Прнмн мя в любовь к собе». Аднак гэтыя мірныя прапановы заставаліся без адказу. Ізяслаў «того не вьсхоте, но всяко хотяіце под ннм взятн Туров н Пннск». Гаворачы сучаснай мовай, тут каментарыі лішнія, бо яскрава
выяўляецца намер Ізяслава. Але гэта неабачлівая ўпартасць не дала вынікаў. Праўда, могуць запярэчыць, што прычынай зняцця аблогі быў паморак коней і што, каб не гэта, Тураў, магчыма, быў бы ўзяты. Аднак паморак пачаўся, як сведчыць летапіс, пасля 10 тыдняў беспаспяховага стаяння пад Туравам. А выпадак такой працяглай аблогі беспрэцэдэнтны ў тагачаснай вайсковай гісторыі. I яе сумныя вынікі вельмі лаканічна і выразна падвёў летапісец: «...н тако не успевше ему ннчтоже возвратншеся восвоясн, не створнша с ннм (г. зн. з Юрыем Яраславічам.— М. Е.) мнра н мнозн пешн прндоша с тое войны». На жаль, летапісец па-за ўвагай пакінуў ваенныя дзеянні ля Пінска. I ўсё ж з летапіснага тэксту можна зразумець, што і Пінск не быў узяты Берандзеічамі, хоць ім і ўдалося зайсці за Прыпяць, г. зн. на яе паўночны бок. Фактычна перамога 1158 г. азначала заваяванне Туравам незалежнасці ад Кіева, што з укнязяваннем Юрыя Яра славіча падмацоўвалася і ўтварэннем сваёй княскай ды настыі.
Аднак нельга сцвярджаць, што разам з гэтым закончыўся перыяд драбнення і раздач Тураўскага княства537. Драбненне было аб’ектыўным гістарычным працэсам, і яго ніякая ўлада не магла спыніць, і ў Тураўскай зямлі з’яўляліся ўсё новыя ўдзелы. На жаль, і спробы раздачы не спыніліся. Няўдалы прэтэндэнт на Тураў у 1158 г. Уладзімір Мсціславіч у 1162 г. заняў Слуцк538, праўда, ненадоўга. Трэба таксама ўлічваць, што Ізяслаў адступіў ад Турава ў 1158 г. «не створнша мнра», а г. зн., што можна было ўвесь час чакаць новага нападу. Але гэта не магло ажыццявіцца, паколькі Ізяслаў быў вымушаны адбівацца ад Яраслава Галіцкага.
Мы ўжо ведаем, што ў 1146 г. Вячаслаў захапіў Уладзімір Валынскі. Гэты факт варты асаблівай увагі, бо ён паклаў пачатак тураўска-валынскаму антаганізму, які адразу ўзгарэўся пасля выхаду Турава з-пад улады Кіева. Некаторыя звест кі Іпацьеўскага летапісу (праўда, некалькі заблытаныя)539 даюць падставу лічыць, што канфлікт пачаўся з нападу ў 1162 г. тураўцаў на ўладанні валынскіх князёў. У адказ на гэта валынскія князі Мсціслаў, Яраслаў і Яраполк Ізяславічы і Уладзімір і Яраполк Андрэевічы рушылі на Тураў супроць усё таго ж самага Юрыя Яраславіча. Але і гэты паход застаўся без вынікаў. Прастаяўшы два з паловай тыдні, «не вспевше ему (г. зн. Юрыю.— М. Е.) ннчтоже, возвратншеся восвоясн» . У 1162 г. Юрый Яраславіч нарэшце заключыў мір з кіеўскім князем Расціславам Мсціславічам541 і так дабіўся ад Кіева фактычнага прызнання сваёй незалежнасці. Усё гэта яшчэ раз пацвердзіла эканамічную і вайсковую магутнасць Турава, яго здольнасць адстойваць сябе.
У 1162 г. абрываюцца звесткі пра Юрыя Яраславіча, які па праву лічыцца заснавальнікам тураўскай княскай дынастыі. Хоць паведамленні аб ім вельмі ўрыўкавыя, усё ж яны даюць нам уяўленне пра яго як палітычнага дзеяча буйнога маштабу, які мог у складаных і вельмі цяжкіх умовах ужыць розныя сродкі барацьбы (актыўную абарону і наступленне, дыпламатычныя перагаворы і ўменне выбраць зручны момант), што і забяспечвала яму атрыманне перамогі. 3 асобай Юрыя Яраславіча звязаны самыя слаўныя старонкі тураўскай гісторыі.
У адрозненне ад Турава выдзяленне Смаленска ў асобную адзінку адбылося без канфлікту і як бы непрыкметна. Палітычнае выспяванне паасобных абласцей Старажытнай Русі суправаджалася, як правіла, сфармаваннем мясцовых княскіх дынастый. Мы гэта ўжо бачылі на прыкладзе Турава. Тое ж самае назіралася і ў адносінах Смаленска. Роданачальнікам яго князёў стаў Расціслаў Мсціславіч, з імем якога звязаны выдатныя старонкі смаленскай гісторыі. Хоць Расціслаў упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах як смаленскі князь у 1127 г., аднак ён стаў князяваць тут хутчэй за ўсё ў 1125 г., пасля таго як яго бацька Мсціслаў замяніў на велікакняскім пасадзе памерлага Уладзіміра Манамаха. Да гэтага ў Смаленску быў князем Вячаслаў Уладзіміравіч, які пасля перайшоў у Тураў.
Вядома, нельга прыпісваць выдатнае становішча Смаленскай зямлі, якое яна заняла сярод іншых усходнеславянскіх земляў, выключна вынікам дзейнасці Расціслава, хоць, вядома, яго заслуг у гэтым нельга адмаўляць. Хутчэй трэба бачыць факт працяглага (у 32 гады) князявання Расціслава ў Смаленску вынікам тых спрыяльных гістарычных умоў, што выпалі на долю Смаленскай зямлі ў гэты час, якія выразна ўбачыў і ўдала скарыстаў Расціслаў. Найперш трэба адзначыць, што Смаленская зямля ў гэты час дасягнула найбольшых сваіх памераў. Паводле Устаўной граматы Расціслава 1136 г., усходнія межы Смаленшчыны даходзілі да сярэдняга цячэння р. Масквы, а на захадзе яны ўключалі Оршу і Копысь, захопленыя ў Глеба Менскага ў 1116 г. Апошняе асабліва важна было для Смаленска. Заходнія, больш заселеныя, а таму і больш багатыя, раёны Смаленшчыны былі больш каштоўныя, чым усходнія, аддаленыя ад гандлёвых шляхоў і таму маланаселеныя і бедныя.
Аднак здабыццё палітычнай незалежнасці не азначала для Смаленска, як і для іншых земляў, ізаляцыі яго ад палітычнага жыцця, у першую чаргу Кіева, Ноўгарада, Суздаля, Полацка. Смаленску асабліва важна было захоўваць прыязныя адносіны з Кіевам, паколькі ў адваротным выпадку яго
прыдняпроўскія землі, праз якія праходзіў вялікі гандлёвы шлях, маглі стаць аб’ектам варожага нападу. У выніку дальнабачнай палітыкі Расціслава велізарная тэрыторыя Смаленскай зямлі ў час зацятых удзельных усобіц, звязаных з варожым нашэсцем, спусташэннем і разбурэннем рускіх земляў, з’явілася шчаслівым выключэннем. Яна амаль пазбегла ўсяго гэтага. Толькі ў 1147 г. былі спустошаны вярхоўі Протвы, дзе жыло невялікае балцкае племя голядзь, і вярхоўі Угры, дзе пагаспадарылі полаўцы. Аднак, як мы ўжо гаварылі, гэтыя крайнія ўсходнія мясціны не мелі важнага значэння для Смаленска. У той жа час яго войскі не раз прайшлі па іншых землях, асабліва па Чарнігаўскай (як намі ўжо адзначалася, у 1142 г. яны спустошылі радзіміцкую зямлю з Гомелем). Такая засцярога ад знешніх нападаў і шырокая магчымасць пранікаць у іншыя землі і спрыяла ўстанаўленню ў Смаленскай зямлі палітычнай раўнавагі, асабліва ва ўзаемаадносінах князя і веча, чаго не было ў многіх землях, і ў прыватнасці ў Полацкай.
He атрымліваючы за сваю дапамогу Кіеву новых уладанняў, адрэзаных ад яго зямлі, Смаленск затое атрымліваў усе магчымасці ўмешвацца ва ўнутраныя справы суседніх земляў (найперш Наўгародскай і Полацкай), тым самым аслабляць іх і паступова падначальваць свайму ўплыву. I тут справа выглядае так, што Смаленск пераняў ролю Полацка ў гэтых адносінах. Калі раней Полацк імкнуўся падначаліць свайму ўплыву Ноўгарад і Смаленск, то зараз апошні імкнуўся да гэтага ў адносінах Ноўгарада і самога Полацка. Што да Ноўгарада, то гэта тэндэнцыя ўжо праступала ў 1138 г., калі смаленцы разам з кіяўлянамі, суздальцамі і палачанамі ўдзельнічалі ў кааліцыі супроць наўгародцаў, што не хацелі прыняць да сябе князя Святаполка Мсціславіча, брата Расціслава Смаленскага. У сваіх дамаганнях на ўплыў у Ноўгарадзе Смаленск выкарыстоўвае абвостраную барацьбу партый у гэтым горадзе.
Яшчэ большыя поспехі меў Смаленск у сваёй полацкай палітыцы, пра што мы будзем гаварыць, разглядаючы гісторыю Полацка. Укажам яшчэ на так званыя Устаўныя граматы князя Расціслава, гістарычнае значэнне якіх выходзіць далёка за рамкі Смаленскага княства і мае вялікае значэнне для нашага ўяўлення пра многія бакі сацыяльна-эканамічнага жыцця ўсіх рускіх земляў таго часу. Яны найперш даюць уяўленне пра тэрыторыю княства. У прыватнасці, упамінанне ў першай з іх «палюддзя Копыся» яскрава пасведчыла на пераход гэтага горада з Полацкага княства ў Смаленскае. Грамата дае і дакладную дату заснавання смаленскага епіскапства — 1136 г. Пералічэнне ў грамаце тых