У свеце вялікіх малекул
Памер: 262с.
Мінск 1959
Для барацьбы з гэтым недахопам спрабавалі зніжаць малекулярную вагу, гэта значыць вагу вялікіх малекул, з якіх пабудаваны сінтэтычны каўчук. Гэта зменшыла цвёрдасць, але адначасова пагоршыла і іншыя каштоўныя ўласцівасці: трываласць, марозаўстойлівасць, устойлівасць да больш высокай тэмпературы.
Тады вучоныя вырашылі пайсці па іншым шляху. Пачалі дабаўляць да каўчуку мінеральнае масла. Добра вядома, што мінералызае масла з’яўляецца выдатнай змазкай і ў многіх выпадках адыгрывае ролю змякчальніка.
Значыць, яно павінна дапамагчы зрабіць і каўчук больш мяккім і пластычным,
Але ж каўчукі не «любяць» маслаў, яны набракаюць у масле. Якжа можна карыстацца мінеральным маслам для «змякчэння» каўчуку? Выявілася, што можна, калі кропелькі масла будуць раўнамерна размеркаваны паміж часцінкамі каўчуку.
Вось такі «маслены» каўчук быў створаны за рубяжом і ў нас. У ім змяшчаецца амаль 25 працэнтаў масла.
У нашай краіне «маслены» каўчук «нарадзіўся» ў лабараторыях Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута сінтэтычнага каўчуку.
У 1956 годзе спосаб атрымання гэтага новага віду каўчуку быў распрацаваны калектывам савецкіх вучоных: A. Е. Калаусам, П. I. Захарчанкам, А. Б. Зайцавым, М. А. Рабінерзонам, М. С. Файнштэйнам.
Пакуль «маслены» каўчук выпускаецца толькі на Варонежскім заводзе сінтэтычнага каўчуку, але ў недалёкім будучым вытворчасць яго будзе наладжана і на іншых заводах. He ўступаючы па якасці сваім «сваякам» — іншым відам сінтэтычнага каўчуку,— «маслены» каўчук каштуе значна танней. На адным толькі заводзе за першыя паўгода вытворчасці «масленага» каўчуку эканомія складае значную суму— 30 мільёнаў рублёў. Дабаўленне мінеральнага масла, замяняючы паўна-
цэнны каўчук, дазволіць да таго ж і зберагчы вялікую колькасць спірту, для атрымання якога патрэбны сотні тысяч пудоў збожжа і мільёны пудоў бульбы.
Так хімікі, спаборнічаючы з прыродай, атрымліваюць усё новыя і новыя перамогі.
У 1932 годзе Лебедзеў, выступаючы на ўрачыстым паседжанні Акадэміі навук СССР, гаварыў:
«Сінтэз каўчукаў — крыніца бясконцай разнастайнасці. Тэорыя не кладзе межаў гэтай разнастайнасці. А таму што кожны новы каўчук з’яўляецца носьбітам сваёй арыгінальнай шкалы ўласцівасцей, то рызінавая прамысловасць, карыстаючыся, побач з натуральным, таксама і сінтэтычнымі каўчукамі, атрымае шырокую свабоду, якой не хапае ёй у сучасны момант, у выбары патрэбных уласцівасцей... Вось чаму зараз з поўнай упэўненасцю можна сцвярджаць, што рызінавая прамысловасць недалёкага будучага будзе базіравацца на некалькіх каўчуках—натуральным і сінтэтычных». I гэтае прадбачанне С. В. Лебедзева цалкам пацвердзілася.
Савецкія вучоныя паспяхова вырашылі задачу атрымання штучнага каўчуку з айчыннай сыравіны, забяспечылі стварэнне першай у свеце прамысловасці штучнага каўчуку і распрацавалі новую, перадавую тэорыю атрымання разнастайных тыпаў штучных каўчукаў.
Работы савецкіх вучоных дазволілі значна пашырыць крыніцы сыравіны для атрымання каўчукападобных матэрыялаў і адкрываюць нябачаныя магчымасці для іх скарыстання ў розных галінах народнай гаспадаркі.
Каўчук зараз падрыхтоўваюць не толькі са спірту, але і з вугалю, нафты, з розных газаў і вуглевадародаў,— такіх, як ацэтылен, ізабутылен і іншыя. Гэта дае велізарную эканомію народнагаспадарчых сродкаў. Сапраўды, для атрымання 1000 тон натуральнага каўчуку на плантацыях трэба сабраць латэкс з 270 000 дрэў на плошчы 1200 гектараў і затраціць 5,5 тысячы чалавека-гадоў работы. Інакш кажучы, 5,5 гадоў павінны працаваць 1000 збіральнікаў, каб здабыць 1000 тон каўчуку, у той час калі на хімічным заводзе гэтую ж колькасць каўчуку вырабляюць 150 чалавек на працягу толькі некалькіх месяцаў.
1. Аб гузіках і більярдных шарах
Гузікі здаўна выраблялі з касцей, рагоў, капытоў, шкла, розных сартоў дрэва, волава, медзі, серабра, золата, бурштыну, фарфору, чарапахавых панцыраў, перламутру. Няма такога матэрыялу, з якога не рабілі б гузікаў. Тысячы мастакоў і вынаходцаў абслугоўваюць гузікавыя майстэрні і фабрыкі. Яны выдумліваюць усемагчымыя ўзоры і формы гузікаў і вышукваюць матэрыялы, прыгодныя для іх вырабу. Яшчэ ў мінулым стагоддзі ў ход пайшлі каралы, марскія ракавінкі, кітовы вус, розныя каштоўныя самацветы, рыбіна луска, прасаваны кардон, абцягнуты матэрыялам або скурай, карэнні раслін, наросты на карэльскай бярозе, шкарлупіна арэхаў. Асабліва каштоўнымі лічыліся какосавыя гузікі.
А пакупнікі патрабавалі ўсё новых і новых матэрыялаў. Давялося новыя матэрыялы для гузікаў не толькі шукаць, але і вынаходзіць, гэта значыць падрыхтоўваць іх штучным шляхам.
У 1862 годзе адзін з новых гузікавых матэрыялаў быў нават прэміяваны на міжнароднай выстаўцы ў Парыжы.
Новыя віды сыравіны былі патрэбны не толькі гузікавым фабрыкам.
У тыя гады ў цяжкім становішчы аказаліся фабрыкі, якія выраблялі са слановай косці більярдныя шары, клавішы для раялей, піяніна і іншыя вырабы. He хапала слановай косці.
Для слановага палявання былі вынайдзены буйнакаліберныя стрэльбы з разрыўнымі кулямі. У пошуках каштоўных матэрыялаў паляўнічыя наладжвалі масавыя аблавы на сланоў. Сланоў забівалі толькі для таго, каб адпілаваць біўні.
Чароды сланоў хутка памяншаліся. Але паляванне на іх было прыбытковым, і ніхто не клапаціўся аб папаўненні чарады сланоў, аб іх ахове. Капіталістычнаму грамадству не ўласцівы клопаты аб захаванні прыродных багаццяў зямнога шара.
У сярэдзіне XIX стагоддзя драпежнае паляванне прывяло да амаль поўнага знішчэння сланоў. Моцна паменшаныя чароды сланоў, якія выратоўваліся ад знішчэння, уцяклі ў глыбіню Афрыкі, у цяжкадаступ ныя раёны трапічных лясоў.
На рынак паступала ўсё менш і менш слановай косці. Цэны на яе раслі.
У 1863 годзе адна з амерыканскіх фірмаў, заклапочаная недахопам слановай косці і яе дарагавізнай, аб’явіла конкурс на выраб матэрыялу, здольнага замяніць слановую косць.
Была вызначана прэмія ў 10 000 долараў. Спакушаныя высокай прэміяй, у конкурсе прынялі ўдзел многія вынаходцы, інжынеры, тэхнікі. Сярод іх быў і амерыканскі наборшчык Джон Хайят. Сын каваля, ён з шаснаццаці гадоў у пошуках заработку пачаў жыццё бадзягі. Адукацыя яго не пайшла далей за пачатковую школу.
Многа гарадоў давялося змяніць Хайяту ў тыя гады. Але ўмовы жыцця для простага чалавека былі аднолькава суровыя і цяжкія ў любым з іх. Працуючы ў друкарні аднаго невялікага гарадка, Хайят, як і многія наборшчыкі, часта здзіраў сабе скуру з канцоў пальцаў аб вострыя выступы літар. Для аховы пальцаў ён намазваў пашкоджаныя месцы тонкім слоем калодыю. Калодыем называецца раствор нітрацэлюлозы ў сумесі спірту і эфіру.
Аднойчы, калі Хайят падышоў да шафы, дзе захоўваўся калодый, ён знайшоў бутэлечку перавернутай. На паліцы побач з бутэлечкай ляжаў кавалачак засохлай эластычнай плёнкі. Зняўшы з паліцы плёнку, Хайят пачаў уважліва яе разглядаць. Захоплены ідэяй стварэння заменніка слановай косці, Хайят падумаў:
«Вось гэта, здаецца, падыдзе».
Спачатку ён спрабаваў пакрываць калодыем шары, зробленыя з адходаў слановай косці. Аднак гэтыя шары хутка ламаліся. Хайят паспрабаваў рабіць шары з прасаванай паперы і таксама пакрываць іх паверхню калодыем. Але і такі матэрыял аказаўся не ў стане замяніць слановую косць. Калодыйная плёнка адставала.
Тады Хайят пачаў раствараць нітраклятчатку ў розных вадкасцях, імкнучыся атрымаць дастаткова моцны матэрыял, з якога можна было б зрабіць більярдныя шары. Ён перабраў многа розных растваральнікаў 1 ўрэшце спыніўся на камфоры.
3 доследаў вынаходцаў гузікавых матэрыялаў Хайят ведаў, што нітраклятчатка раствараецца ў сумесі камфоры і рыцыны. Але атрыманы матэрыял быў няўстойлівы. Яго псавала рыцына, якая паступова акіслялася на паветры. Гузікі лёгка ламаліся і хутка трацілі свой прыгожы выгляд і трываласць.
Рыцыну трэба было замяніць.
Удалым заменнікам рыцыны аказаўся звычайны вінны спірт.
Камфора выдатна растваралася ў спірце, і нітрацэлюлоза ў спіртакамфорнай сумесі раставала, як цукар у гарачай вадзе. Атрымлівалася вязкая, цягучая маса, якая нагадвала моцны студзень або жэле. Спірт паступова выпарваўся. Нітрацэлюлозны студзень высыхаў і ператвараўся ў трывалае рогападобнае рэчыва. Прыбавіўшы да нітрацэлюлозы
белую фарбу, Хайят атрымаў матэрыял, вельмі падобны на слановую косць.
Так быў вынайдзены першы практычна прыгодны штучны матэрыял, які меў дастатковую трываласць і адначасова пластычнасць.
Новы матэрыял атрымаў назву цэлюлоіду, што азначае падобны або блізкі да цэлюлозы.
Асабліва каштоўнымі і карыснымі аказаліся пластычныя ўласцівасці цэлюлоіду.
Яшчэ ў глыбокай старажытнасці людзі ўмелі карыстацца пластычнымі ўласцівасцямі прыродных матэрыялаў. 3 мяккай вільготнай гліны выраблялі цэглу і пасуду. 3 воску рабілі злепкі, пячаткі, ляпілі цацкі. Распальваючы жалеза ў горнах, кавалі пераводзілі яго ў пластычны стан і адкоўвалі з яго розныя вырабы.
Пластычнасцю называецца падатлівасць матэрыялу ціску, здольнасць прымаць любую форму і затым захоўваць яе. Прыродныя пластычныя матэрыялы, як, напрыклад, вільготная гліна, воск, лёгка паддаюцца апрацоўцы, але і гэтак жа лёгка трацяць нададзеную ім форму. Гліна — крохкая, воск —мяккі. Металы, наадварот, выдатна захоўваюць форму, але затое іх цяжка апрацоўваць.
Новы пластычны матэрыял — цэлюлоід—апрацоўваецца амаль таксама, як і воск. Ён размякчаецца ў гарачай вадзе і пад параўнальна невялікім ціскам прымае жадаемую форму. Астываючы, ён стойка захоўвае яе. У далейшым цэлюлоід, а таксама ўсе іншыя штучныя арганічныя матэрыялы, якія маюць добрую пластычнасць, атрымалі назву пластычных мас. Інакш іх называюць пластмасамі, або пластыкамі.
Пасля вынаходства цэлюлоіду газеты пісалі, што гэты новы матэрыял «лепшы, чым слановая косць», але неўзабаве высветлілася, што ён мае вялікі недахоп.
Більярдныя шары з цэлюлоіду іншы раз прыносілі азартным ігракам занадта сур’ёзныя «засмучэнні». Цэлюлоідны шар, накіраваны трапным ударам іграка, сутыкаўся з другім шарам і разбіваўся. Кавалкі цэлюлоіду, як асколкі ручной гранаты, разляталіся ў розныя бакі, наносячы цяжкія калецтвы навакольным, і аматары більярда, якія прыехалі ў клуб або таверну ва ўласнай або рамізніцкай карэце, ад’язджалі ў карэце хуткай дапамогі.