з прадмоваю на лаціне і ломкімі старонкамі на забытай мове? вам сьнілася што вы студня ў якой удзень сьвецяць зоркі а ўначы ўзыходзіць сонца й плывуць па небе бухматыя аблокі з сухой воўны? вам сьнілася што вы мост падобны да Карлавага ў Празе або да мосту зь нечага вандроўнага сну? вам сьнілася што хтосьці знаёмы ідзе па гэтым мосьце слыняецца паслухаць джазавы аркестрык пазіруе нецьвярозаму мастаку разьлічваецца пакідае яму партрэт з аўтографам аўтару ад арыгінала не падае жабраку выбірае смарагдавыя завушніцы для зеленавокай жанчыны што засталася чытаць на прыбярэжнай лавачцы (здаецца Г. Мілера а можа і А. Хадановіча) ідзе просіць келіх чырвонага чылійскага (здаецца тарапакі) у кавярні пры самай вадзе аддае астатнія грошы на гасьцінец юнай кельнэрцы а на стале пры вакне кніга з прадмоваю на лаціне а за вакном зусім побач сузор’е што апоўдні ўзыходзіць у студні а проста за парогам туманлівая плынь якая адносіць мост з аркестрыкамі й мастакамі жабракамі й турыстамі з гатычнымі скульптурамі з усімі пасажырамі ўсё далей ад лавачкі дзе зеленавокая яшчэ чакае смарагдавыя завушніцы Карэктура зноў вычытваю карэктуру твайго цела тэкст штораз зьлёгку іначыцца зьдзіўляючы сьвежымі сэнсамі рухомай пунктуацыі радзімак неспадзяванай зноскаю новай папілёмкі адсутным учора курсівам незнаёмай парфумы чытаю вейкі вочы вусны даю падзагалоўкі дзьвюм ружовым паўкулям з сакаўным двукроп’ем дзе бясконца пераліваюцца водары й смакі шыпшыны глогу ажыны райскіх яблычкаў дурніцаў чытаю радок за радком уважліва пяшчотна бесцырымонна нахабна няўпэўнена радасна каб урэшце ўвайсьці ў падтэкст кінуцца ў яго плынь плысьці супроць яе мяняючы стылі выкіроўваючыся на строму адпачываючы ў завоінах даючы нырца захлынаючыся глыбінёю асалодаю нечалавечай самотаю дыханьнем Вечнасьці набліжаючыся да кропкі невяртаньня чакаючы хвалю якая падхопіць мяне і аглухлы выснажаны бязважкі я апынуся на высьпе населенай мной і табою дзе ўжо ты будзеш чытаць карэктуру майго цела шэпчучы нешта пра двухтомнік нашага выбранага рэдактарку пасьля якой немагчыма нічога паправіць молячы як мага даўжэй не ператварацца ў кнігу 11 дзён усьмешка ад вушка да вушка першая кава ўдваіх акторства ў ролях саміх сябе так блізка было ўжо да цёплых бэрак у кроне швэдрыка да шчасьця спалоханага ложка да кармінавай мятлушкі майточкаў на сьвяцільні да кучаравых плавачак паміж нагамі жанчыны і целам малалеткі да купэ ў ваколіцах Пампэяў яшчэ не накрытых попелам да крылатага сну на вастрыі пляча ў маршрутцы нявызначанага маршруту потым званкі раз на тыдзень на месяц на год ці можна быць самым дарагім чалавекам толькі 11 дзён? аказваецца можна Ня ведаў ня ведаў да адной зімовае ночы што ў маім Полацку ёсьць старадаўнія кварталы і цэлыя вуліцы куды не трапляюць турысты і нават месьцічы калі ня знаюцца ў адмысловых перамеценых завірухаю сьцежках ня ведаў да адной вясновае ночы што мой родны завулак з козамі і дзьмухаўцамі выводзіць на барокавы пляц з ратушай якога няма ў турыстычных даведніках ня ведаў да адной летняе ночы што за вайсковым гарадком разьлёгся прыцемны сад вартаваны совамі і змрачнаватымі скульптурамі што ўпотай мяняюцца месцамі зацята адводзячы позіркі ня ведаў да адной восеньскае ночы што за Дзьвіною ёсьць аточанае ніцымі вербамі возера якога ня знойдзеш пайшоўшы цераз мост адно тады калі цябе пераправіць на чаўне негаваркі перавозьнік з акулярыстай вужакаю на карме ня ведаў да ўчарашняе ночы што каля ратушы адчынілі кавярню дзе можна пакаштаваць адвечных полацкіх страваў ад халоднае бульбы з брусьніцавым сочывам да гарачых сырных пальчыкаў што апякаюць паднябеньне цяпер ведаю і чакаю ліста ад жанчыны зь якой пазнаёміўся ўчора ў кавярні пешчу на вуснах яе вішнёвы пацалунак хаджу да вечара з апечаным паднябеньнем Дзень сьвятога Валянціна ў Вільні у Вільні на дзень сьвятога Валянціна шукаю ў каго закахацца у хударлявую вязаную котачку з сувэнірнае крамы? у юную манашку што саромеецца галінкі мімозы ў пасінелай руцэ? (які сюжэт зьнікае зь яе хуткімі крокамі!) у італ ійскую турыстку зь невераемна лазуркавымі вачыма і антрацытавай каронаю валасоў? (што яна фарбуе: вочы ці валасы?) у пляшку медавухі-сукцінісу? у Маці Божую Вастрабрамскую? (даруй Госпадзе!) палявыя дасьледаваньні прыводзяць на мост церазь Вялейку за касьцёлам сьвятой Ганны на парэнчах сотні замкоў кожны замкнёны на сваю таямніцу за ўсё жыцьцё столькі ня ўбачыш замочак-лілея замок-брама (напэўна ў сад асалоды) замок-фаляс з усім прычындальлем (што безь яго рабіць у тым садзе?) замок-тварык з роцікам-адтулінай да ключа замок-дупця (памаўчым ужо пра іншыя адтуліны) замок-сэрца насамрэч яно не такое прынамсі маё падобнае да васьмінога з мацунамі сам бачыў на маніторы калі рабілі апэрацыю на кожным замку па два імені мужчынскае й жаночае пераважае лацініца раз-пораз вытыркаецца кірыліца у тым ліку беларуская ёсьць герогліфы грузінская вязь Божа колькі ў навакольлі закаханых! гэта грэе лепей за сукцініс калі ўчытацца ў замкі сёе-тое даведаесься вось два жаночыя імені Яніна й Альдона а вось Яцак і Ярык побач тры імені прычым толькі адно жаночае а тут наадварот адно мужчынскае затое тры жаночыя (трымайся Алекс!) страшна падумаць што там у герогліфах і па-грузінску о tempora о mores! якія цнатлівыя замкі з адным-аднюткім імем! іх пачапілі яшчэ адзін Алекс (а мо той самы на адпачынку?) мой аднайменьнік зацяты апалягет лацінкі Vova Нона (гэта ў яе замок-задніца) Анджаліка (праз «д») вось і ўсе на маёй валізцы ажно два замочкі ня богведама што ні сэрцаў ні дупцяў аднак можна надрапаць колькі літар сьцізорыкам але каб напісаць сваё імя трэба любіць прынамсі сябе сёньня я не люблю сябе мабыць за тое што не люблю наогул нікога дакладней не кахаю яно страшней чым калі ніхто не кахае цябе няўжо дактары пашкодзілі судзінку адказную за каханьне? хірург-кардыёляг супакойваў: цяпер рэнэсанс потым будзе барока (гэта я падараваў яму сваю кніжку) адзін замочак застанецца ў Вільні грэцца паміж Янінаю й Альдонай ды Яцакам зь Ярыкам другі прымкну на мосьце цераз Палату паміж сьвятой Сафіяй і ціхім Запалоцьцем шырока раскіну я нерат пісаў калега які даўно рыбаліць у нябесных азёрах ці ёсьць у іх там дзень закаханых? думаю ў Вільні на дзень сьвятога Валянціна на мосьце паміж Ужупісам* і Запалоцьцем паміж рэнэсансам і барока паміж мной і табой Ужупіс Зарэчча (літ.) Астатняе каханьне дзядулі Хведара дзядуля Хведар 85 арытмія стэнакардыя трэці інфаркт дзядуля забывае памыцца выпіць лекі змыць у прыбіральні прагна есьць нешта нясьвежае з бальнічнай тумбачкі баіцца нашага восьмага паверху дзядуля трохі ўмее чытаць скончыў дзьве клясы ў вайну беларускую школку спалілі партызаны юную настаўніцу дружна згвалцілі і расстралялі пачаліся вечныя вакацыі дзядуля чытае па складах пакінуты некім глянцавы часопіс чытае з дня ў дзень на адной старонцы там Ціна Тэрнэр на поўны рост у міні мікрафон ля вуснаў здымак крыху зьнізу дзядуля ня мае расавых забабонаў хавае часопіс пад падушку ўмыкае ўначы лямпу глядзіць на Ціну лашчыць фота каструбаватымі палыдамі аднойчы мне сьніцца сон у палату заходзіць спадарыня Ціна ў азонавай віхуры ў міні зь мікрафонам зь целаахоўнікамі такія целы трэба ахоўваць прачынаюся ад эрэкцыі азону бальнічнае беганіны на вуснах у дзядулі Хведара застыла шчасьлівая ўсьмешка значыць Ціна сапраўды прыходзіла Андэрсэн і ты Андэрсэн (той які напісаў «Дзюймовачку» і «Брыдкае качаня») быў баязьліўцам і недарэкам: жыў у страху, што яго спакусяць атруцяць абрабуюць Андэрсэн ня мог пазбыцца жуды што будзе пахаваны жывым (пры ложку нязьменна ляжала цыдулка: «насамрэч я не памёр») што згарыць у пажары (з сабою заўсёды была вяроўка каб вылезьці ў вакно) што загіне ў марскіх хвалях (зьвестак пра ратавальнае кола не захавалася) Андэрсэн баяўся памерці ад трыхінэлёзу адно марачы пра залацісты кавалак сьвежаніны Андэрсэн ведаў што боязь адкрытай прасторы дактары называюць агарафобіяй Андэрсэн вечна пераймаўся тым што згубіў пашпарт дрэнна заклеіў канвзрт пераплаціў за білет Андэрсзн усё жыцьцё пакутаваў што непрыгожы не падабаецца жанчынам ня ведае што зь імі рабіць Андэрсэн памёр цнатлівым зь ціхай радасьцю што нарэшце вызваліўся ад болю ў сваіх і ў штучных зубах ты добра заклейваеш канвэрты (хоць у тваіх шыротах таямніца ліставаньня ад гэтага не залежыць) ты не баісься пляцаў (нават ачэпленых спэцназам) ты ясі сьвініну і вычвараючыся аддаеш перавагу вушам і лычыкам ты не баісься што цябе спакусяць ты ведаеш што цябе пахаваюць надзвычай надзейна (дакладней безнадзейна) памерлым і зусім не цнатлівым цяпер зразумела чаму ты не напісаў ні «Сьнежнае каралевы» ні «Новага ўбраньня караля» Вялікадне перад Вялікаднем мама пякла салодкіх птушачак зь вясёлымі вочкамі-разынкамі я выкалупваў вочкі зь цёплых булачак потым плакаў што мае птушачкі сьляпыя а пасьля старанна еў гаротніц мама казала шта птушачкам вельмі балюча але калі ты іх зьясі знойдуць яны свае вочкі і уваскрэснуць мама, а што такое ўваскрэснуць? а яны сынок ажывуць і паляцяць да Божачкі яшчэ цяпер памятаю як шчасьліва засынаў узброены недзіцячай ведаю: уваскрэсьне той каму напачатку выкалупаюць вочкі Кат Бальтазар зьбіраюся пісаць раман пра сучаснае каханьне а бяссоннымі начамі мрояцца часы вялікага князя і караля Яна Сабескага і полацкі кат Бальтазар у юнацтве кат Бальтазар ратаваў Эўропу ад туркаў у бітве пад Венай цяпер ратуе Полацак ад злачынцаў жыве каля Чорнай рэчкі кожнага дня ходзіць на працу катаваць кат Бальтазар важная пэрсона працуе з забойцамі ведзьмамі блюзьнерамі старымі маладзенькімі прыгожымі страхалюднымі Трэці Літоўскі статут дазваляе катаваць чалавека тройчы на дзень вольнага часу няшмат кат Бальтазар забівае валачашчых сабак раз-пораз людзей людзі падабаюцца болей зь імі цікава паразмаўляць асобы пераважна неардынарныя таму й прысуды розныя адных трэба павесіць другіх чвартаваць трэціх пасадзіць на палю калі зрабіць усё ўмела з тым хто на палі яшчэ доўга гаворыш кат Бальтазар знаёмы з анатоміяй таму мае дазвол лекаваць палачанаў