• Газеты, часопісы і г.д.
  • Васіль Шаранговіч

    Васіль Шаранговіч


    Выдавец: Беларусь
    Памер: 74с.
    Мінск 2024
    32.71 МБ
    Новыя вырашэнні формы, рэзкія, смелыя, экспрэсіўныя, былі характэрны для ўсіх студэнцкіх работ Васіля Шаранговіча. Дыпломная серыя лінагравюр была пабудавана на вобразах, вырашаных кантрастамі напружаных ліній і планаў. У аснове пластычнай мовы — лаканічная кампазіцыя, пазбаўленая шматслоўнасці, лакальны колер, буйныя штрыхі, якія падкрэсліваюць амаль скульптурную манументальнасць, шчыльнасць і цэласнасць створаных вобразаў.
    7
    Для гэтай серыі і ў цэлым для ранніх работ мастака характэрна збліжэнне лінагравюры з ксілаграфіяй: ён адмаўляецца ад тону, растушоўкі, працаваў падкрэсленым супастаўленнем чорнага і белага, прыводзіў кампазіцыю ў тую рытмічную сістэму, што адрознівае менавіта ксілаграфію. Ужо тут была закладзена «формула» будучай творчасці Васіля Шаранговіча: вострая дынаміка кампазіцыі, энергія малюнка, экспрэсіўная рытміка дэталяў. Адна з асаблівасцей яго мастацкага стылю — уменне даводзіць пластычны вобраз да выразнасці знака, які канцэнтруе важныя і прынцыповыя для мастака ідэі і здольны існаваць ужо не толькі ў кантэксце канкрэтнага твора, але і ў нейкім сэнсе атрымлівае самастойнае жыццё.
    За гэту серыю лінагравюр, якая і сёння не страціла сваёй мастацкай і грамадскай актуальнасці, малады мастак атрымаў выдатную адзнаку. На Усесаюзнай выстаўцы дыпломных работ Акадэмія мастацтваў СССР адзначыла работу ганаровым дыпломам, што было ўпершыню ў гісторыі інстытута.
    Пасля заканчэння вучобы Васіль Шаранговіч працаваў год мастацкім рэдактарам у выдавецтве «Беларусь». За гэты перыяд была праілюстравана 21 кніга, зроблены эскізы да зборніка паэм Я. Купалы. Сярод аформленых Шаранговічам кніг: ілюстрацыі да збору твораў Максіма Багдановіча, аповесці Змітрака Бядулі «Салавей», вершаў Якуба Коласа (кніжкамалютка), «Вясковых навел» Міколы Ракітнага, зборніка балад Адама Міцкевіча «Зямля навагрудская, краю мой родны...», паэмы Уладзіміра Маякоўскага «Уладзімір Ільіч Ленін», казкі Аляксея Талстога «Залаты ключык», аповесці Уладзіміра Карпава «Нямігі крывавыя берагі». Многія з гэтых кніг атрымалі дыпломы ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў, дыпломы і медалі імя Ф. Скарыны.
    Неспадзяванасцю аказаўся заказ маскоўскага выдавецтва «Художественная лнтература» на выкананне ілюстрацый да кнігі Джона Рыда «Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет» для 200томнага выдання «Сусветная літаратура». Па выхадзе ўсёй серыі аказалася, што ілюстравалі яе вядомыя графікі, а з пачаткоўцаў у такую пачэсную кампанію трапіў толькі Васіль Шаранговіч.
    Сярод важных станковых работ таго перыяду мы можам прыгадаць партрэт Францыска Скарыны, літаграфію «Ганчар», манументальную літаграфію «А хто там ідзе?» па матывах аднайменнага верша Янкі Купалы, лінагравюру
    8
    «Смерць Гражыны» па матывах паэмы Адама Міцкевіча «Гражына», серыю аўталітаграфій «Блакада», гравюру «Якуб Колас у Люсінскай школе» і серыю вялікіх лінагравюр «Край Нарачанскі».
    Гісторыя з’яўлення апошняй серыі была адметнай. На яе стварэнне ў мастака быў заключаны дагавор з Саюзам мастакоў СССР. Над лінагравюрамі Васіль Шаранговіч працаваў доўга, рабіў у сваіх родных мясцінах малюнкі, замалёўкі, эскізы; бываў у нарачанскіх рыбакоў на досвітку, калі яны вярталіся з начной лоўлі. Яму хацелася адлюстраваць веліч, манументальнасць і прыгажосць прыроды Мядзельшчыны, традыцыйнае свята песні на ўзбярэжжы Нарачы, стварыць вобразы працавітых рыбакоў. Вялікія памеры гравюр патрабавалі не толькі філіграннай тэхнікі, дакладнасці, упэўненасці ліній разца, шмат часу, але і значных фізічных намаганняў.
    Васіль Шаранговіч успамінаў: «Прыклаўшы неверагодныя намаганні, бо такога маштабу гравюр дагэтуль я не рабіў, працу скончыў і аддрукаваў першыя пробныя адбіткі. Убачыўшы вынікі, жахнуўся. Нішто не адпавядала майму ўнутранаму ўяўленню, тым вобразам, якія мроіліся ў галаве і душы. Для недасведчаных скажу, гравюра рэжацца амаль што ўсляпую, мастакгравёр абапіраецца толькі на сваё пачуццё, вопыт, тонкае адчуванне матэрыялу, цвёрдасць і дакладнасць рукі... Я па сваёй прыродзе чалавек, якога называюць ляўшапраўша. Частку спраў раблю правай рукой, частку — левай. Найбольш цяжкую фізічную працу — толькі левай, пішу, малюю — правай. А вось гравюры, аказалася, рэжу левай...
    Але вернемся да «Нарачанскага краю». Вынікі маёй шматмесячнай працы так мяне засмуцілі і расчаравалі, што я адмовіўся ад дагавора і пераслаў атрыманы мною аванс. Практычна закінуў лінагравюру, пераключыўшыся на літаграфію. Тым не менш дошкі з адбіткамі захаваў. Падрыхтоўваючы сваю юбілейную выставу ў сувязі з 60годдзем, раптам наткнуўся на тыя злашчасныя гравюры. Уважліва разгледзеў і прыйшоў да высновы, што яны не такія ўжо і дрэнныя, іх можна смела выстаўляць, і сорамна за іх не будзе. Вось так! Станоўча яны былі ацэнены і калегамі».
    У 1967 годзе Васіль Шаранговіч атрымаў прапанову стаць выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага тэатральнамастацкага інстытута (БДТМІ), затым
    9
    у 1972м — узначаліць кафедру графікі. Ужо ў 1986 годзе ён стаў прарэктарам, а ў 1989м рэктарам БДТМІ, які пры ім атрымаў назву Беларуская акадэмія мастацтваў. За свой 30гадовы працоўны стаж ён выгадаваў цэлую плеяду таленавітых вучняў, стварыў школу беларускай графікі. За гады сваёй нястомнай працы падняў прэстыж графікі на нябачаную вышыню. Конкурс на гэтае аддзяленне быў велізарны — маладыя мастакі рваліся вучыцца ў Шаранговіча, які быў у адным шэрагу з лепшымі майстрамі эпохі.
    У 1978 годзе Васіль Пятровіч атрымаў ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі», з яўляючыся самым маладым з атрымаўшых яго на той час. У 1981 годзе, у 42 гады, мастак атрымаў навуковае званне прафесара. У 1991 годзе Васіль Пятровіч стаў Народным мастаком Беларусі. У 1995 годзе ён ужо акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. 3 1997га па 2008 год Шаранговіч узначальваў Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, які толькі што быў створаны ў Мінску.
    1970—1980я гады былі вельмі плённымі для графіка. Яны праходзілі пад знакам паэзіі Янкі Купалы. У 1976 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» прапанавала Шаранговічу зрабіць ілюстрацыі да зборніка паэм беларускага песняра («Адвечную песню» вырашылі выдаць асобнай кнігай). Мастак з вялікай радасцю пагадзіўся.
    Васіль Шаранговіч выканаў 22 каляровыя літаграфіі. Яму хацелася стварыць не проста ілюстрацыі, а абагульняючыя творы манументальнага характару, што найбольш адпавядала шматзначнай паэзіі Купалы. Паэма «Адвечная песня» хоць і была кароткай, але адлюстроўвала ўсё жыццё селяніна, ад яго нараджэння да смерці. Паэма дала мастаку велізарныя магчымасці да яе інтэрпрэтацыі, бо ў ёй арганічна спалучаліся рэалістычны паказ жыцця, алегорыя і амаль сюррэалістычныя праявы.
    Паэзія Я. Купалы не адпускала Васіля Шаранговіча, яго доўгі час хваляваў шырокавядомы верш паэта «А хто там ідзе?». Літаграфія, зробленая мастаком на гэту тэму, носіць абагульняючаманументальны характар. Яна трохчасткавая. У цэнтры Янка Купала на фоне сваіх паплечнікаў — беларусаў, знакамітых прадстаўнікоў розных гістарычных эпох, і звычайных, простых працаўнікоў. Злева — абяздоленыя людзі з працягнутымі рукамі, 10
    а справа — тыя ж людзі, якія хочуць лепшай долі, і гэта галоўнае, пра што марыў пясняр.
    Трыпціх «Дзе крыўда адвечная спела» як бы падвёў рысу пад думкамі Шаранговіча над паэзіяй Купалы, над чалавечым жыццём з яго радасцямі і нягодамі. Унутраная прыгажосць мацярынства, моц і сіла непакоранага «пана сахі і касы», глыбокі роздум аб карміцельцызямлі — вось лейтматыў усяго трыпціха.
    Для выдавецтва «Беларусь» Васіль Шаранговіч ілюстраваў і кнігу беларускага паэта Антона Бялевіча «Споведзь сэрца». Аўтар напісаў публіцыстычны твор, своеасаблівы сплаў аўтарскага тэксту і водгукаў наведвальнікаў Хатынскага мемарыяла, уключыўшы ў яго свае вершы і разважанні, успаміны відавочцаў тых падзей.
    Падчас працы над кнігай мастаку многае адгукалася з успамінаў пра ваенны час. Тэхніку ён абраў новую — спалучэнне чырвонай гуашы і чорнай тушы, што вельмі адпавядала зместу кнігі. Палаючы чырвоны — як зямля ў агні, кроў на целах і душах людзей, і чорны — сімвал таго, што застаецца пасля пажарышчаў.
    Работа над выданнем А. Бялевіча падштурхнула мастака да стварэння станковай серыі на гэту тэму. Назва серыі «Памяці вогненных вёсак» узнікла адразу пасля прачытання кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Мы з вогненнай вёскі», якая ўразіла жорсткай дакументальнасцю і ў той жа час нібыта нерэальнасцю падзей — быццам з кашмарнага сну. У дзяцінстве Васілю Шаранговічу давялося бачыць толькі вынікі, сляды блакады, а ў кнізе гаварылі сведкі.
    Праца доўжылася шэсць гадоў. Кампазіцыі асобных лістоў мастак будаваў ірэалістычна, зрушваючы планы, месцамі з’яўляліся і ноткі сюррэалізму. Сапраўды, чытаючы ўспаміны відавочцаў тых падзей, цяжка ўявіць іх як рэальнасць. Нечалавечыя страты і боль, глухая безнадзейнасць і імкненне да жыцця, смерць і змаганне... Адзін з аркушаў прысвечаны бацьку мастака («Партызанскі каваль»), а заключны — маці («Вяртанне»).
    У 1986 годзе за серыю «Памяці вогненных вёсак» Васіль Шаранговіч атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.
    11
    Знакавымі для творчасці Шаранговіча стала ілюстраванне двух значных для беларускай літаратуры паэм — «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча (1985; 1998) і «Новая зямля» Якуба Коласа (2002; 2014).
    У класічнай рамантычнай паэме А. Міцкевіча разгорнута шырокая карціна жыцця беларускай шляхты, створана цэлая галерэя характэрных вобразаў і з вялікай любоўю ўсхвалена беларуская прырода. Перад яго ілюстраваннем Васіль Шаранговіч перачытаў горы гістарычнай літаратуры, дасканала вывучыў касцюмы той эпохі, прадметы побыту, зброю і інш. Мастак імкнуўся паказаць герояў паэмы буйным планам, акрэсліўшы месца дзеяння толькі некалькімі дэталямі. Цыкл складаўся з 24 ілюстрацый і 12 заставак. Творы выкананы ў тэхніцы акварэлі, бо яна дала магчымасць больш эмацыянальна падысці да раскрыцця зместу паэмы.
    А вось «Новая зямля» Якуба Коласа паставіла перад мастаком новыя пластычныя задачы. Васіль Пятровіч добра памятаў сялянскі ўклад жыцця, пра які пісалі беларускія песняры, і адчуваў настальгію па дзяцінстве. Таму многія гады яму хацелася вярнуцца да «Новай зямлі», кнігі маленства.