Запісы 32

Запісы 32

„Запісы” – навуковы часопіс беларускае эміграцыі, ворган Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва
Выдавец:
Памер: 619с.
Мінск, Нью Йорк 2009
157.77 МБ
Што праўда, патрэбу акрэсьліваньня такога кантэксту аўтар выразна адчувае, бо напачатку кожнай часткі, прысьвечанай пэрыядычнаму друку ў той ці іншай краіне, ён намагаецца падаць некаторыя агульныя зьвесткі пра колькасьць беларусаў і асноўныя беларускія арганізацыі. Бяда толькі ў тым, што пры адсутнасьці адмысловых дасьледаваньняў па беларускіх дыяспарах у болыпасьці згаданых краінаў аўтар вымушаны карыстацца зьвесткамі, якія часта не вытрымліваюць крытыкі.
Напрыклад, асноўнай крыніцай пры падаваньні колькасных характарыстык беларускай прысутнасьці для Юр’я Гарбінскага стаў тэкст Аўгена Каханоўскага „Фактычныя дадзеныя аб стане беларускай эміграцыі“, напісаны яшчэ ў 1949 г.‘. Пры гэтым сам дасьледнік заўважае, што крыніца гэтая праз палітычную заангажаванасьць ня ўлічвала частку арганізацыяў. Да таго ж, 1949 год, калі быў напісаны тэкст, быў толькі пачаткам стварэньня беларускіх дыяспараў у большасьці краінаў, і пададзеныя тут зьвесткі хутка састарэлі. Тым ня менш, гэтыя дадзеныя амаль адзіныя, што Юры Гарбінскі падае пры акрэсьленьні колькаснага складу беларускай прысутнасьці на Захадзе. Прычым і гэта робіць не заўсёды дакладна.
Напрыклад, на с. 98 сьцьвярджаецца, што колькасьць беларусаў у Канадзе ў другой палове 1940-х складала 20—30 тысячаў чалавек, пры гэтым даецца спасылка на згаданы тэкст Аўгена Каханоўскага й дасьледаваньне Янкі Садоўскага. У зьвестках Каханоўскага сапраўды ёсьць 30 тысячаў. Аднак надалей Юры Гарбінскі сьцьвярджае, што паваенная эміграцыя ў Канаду склала каля 5 тысячаў беларусаў, і таксама спасы-
' Каханоўскі А. Фактычныя дадзеныя аб стане беларускай эміграцыі // Запісы БІНІМ. №28. Нью-Ёрк—Менск, 2005. С. 273—284.
лаецца на Каханоўскага. Але ў апошняга такой лічбы наагул няма, a ёсьць толькі 1500 чалавек на 1949 г. Пры гэтым трэба ўлічваць, што асноўная хваля паваеннай эміграцыі прыехала туды пазьней і дакладных зьвестак пра яе памеры ўвогуле на сёньня няма.
Адносна колькасьці беларусаў у Аргентыне ў дасьледаваньні таксама існуе пэўная блытаніна. Аўтар падае, паводле Каханоўскага, на канец 1940-х гг. 6о—іоо тысячаў беларусаў у гэтай краіне, а потым сьцьвярджае, што нацыянальна сьведамыя былі менавіта паваенныя эмігранты, якіх налічвалася ў Аргентыне ад 700 да 5 тысячаў. I зноў спасылаецца на Каханоўскага, у якога такіх лічбаў няма, а пазначана толькі 500 беларусаў паваеннай хвалі на 1949 г. Адкуль тады зьявілася колькасьць у 5 тысячаў (можа быць і рэальная), застаецца невядомым.
Наогул жа, у дачыненьні беларусаў Аргентыны й іхнай пэрыёдыкі варта зрабіць адмысловую заўвагу. У гэтай краіне, дзе даволі шмат беларусаў зьявілася ў міжваенны час, беларускія асяродкі адрозьніваліся спэцыфічным прасавецкім характарам. Пры гэтым, выхадцы зь Беларусі тут ужо ад тых часоў мелі ўласныя арганізацыі й выданьні, згадкі пра якія ёсьць у „Бібліяграфіі“ Кіпеляў. Аднак у паваенны час гэтая „старая“ беларуская эміграцыя варожа паставілася да „новай“ паваеннай, нацыянальна сьведамай, і пачала актыўнае зь ёй змаганьне. У выніку апошняя прагуляла, і нацыянальнага кшталту беларускія арганізацыі (і друкі) у Аргентыне зьніклі. Але засталіся прасавецкія арганізацыі з сваімі друкамі. На жаль, сёньня гэтая спэцыфічная расейскамоўная пэрыёдыка прасавецкіх беларусаўу Аргентыне няўлічаная, хоць выдаўцамі выступалі менавіта беларусы.
Так тут пасьля 1945 г. выходзілі „Белорусскнй нллюстрнрованный календарь“ і „Нллюстрнрованный календарь" (гэтыя выданьні Юры Гарбінскі ня згадвае), хоць на іх старонках друкаваліся й беларускамоўныя матэрыялы. Акрамя таго, выдавалася газэта „Наш голос" (1946— 1949) як орган Саюза беларускіх культурных арганізацыяў, і „дырэктарам“ выданьня быў беларус Трафім Ляшук. У1949—1961 гт. выходзіла „Наша газета", рэдактар Павал Бойка, а потым Альфонс Мацкевіч (абодва беларусы). Ад 1961 г. і прынамсі да пачатку 1990-х выходзіла таксама газэта „Родной голос“, рэдактарам якой была Марыя Лабыр, што паходзіла з Глыбоцкага р-ну, а потым Уладзімер Клімашэўскі, народжаны ў 1942 г., бацькі якога паходзілі з Баранавіцкага р-ну. Наклад газэты „Родной голос" быў да 15 тысячаў асобнікаў.
Зразумела, што гэтыя выданьні складана ўлічвацьяк беларускія, бо выходзілі яны пераважна па-расейску (а часткова й па-гішпанску) на
грошы савецкай амбасады. Але трэба мець на ўвазе тое, што яны ў прынцыпе былі ў паваенны час і беларусы Аргентыны лічылі іх сваімі выданьнямі. Да таго ж, без інфармацыі пра наяўнасьць такіх выданьняў і такой асаблівасьці беларускай грамады ў Аргентыне немагчыма зразумець сьціпласьць нацыянальнага беларускага друку ў гэтай краіне й нязначную актыўнасьць Згуртаваньня беларусаўу Аргентыне. Акрамя таго, спэцыфіка аргентынскіх арганізацыяў выхадцаў зь Беларусі ставіць перад дасьледнікамі тэрміналягічнае пытаньне: што трэба лічыць беларускай прэсай і беларускай дыяспарай увогуле?
Шмат пытаньняў выклікае й інфармацыя, пададзеная Юр’ем Гарбінскім адносна беларускай прысутнасьці ў Вялікабрытаніі. Так, на с. 91 з спасылкай на Каханоўскага сьцьвярджаецца пра „каля 11 тысячаў беларусаў у Вялікабрытанп'. Прычым „частка іх зь першага Корпусу, частка з Другога, а рэшта з ДП“. Зьвесткі Каханоўскага абапіраюцца на дадзеныя саміх брытанскіх беларусаў, і тут пярэчыць складана, аднак крыніцы зьяўленьня беларускіх эмігрантаў у Брытаніі аўтар падае няпоўна. Прытым, што колькасьць ДП тут была невялікая, у параўнаньні зь іншымі краінамі беларускай эміграцыі (не больш за 1 тысячу асобаў), і пераважную колькасьць мясцовых беларусаў складалі былыя жаўнеры Арміі Андэрса, была яшчэ адна група нашых суайчыньнікаў з даволі спэцыфічным шляхам у Брытанію — цывільныя сваякі польскіх жаўнераў. I аўтарудасьледаваньня рэлігійнай тэматыкі гэта неабходна ўлічваць, бо частка тых цывільных сваякоў стала актывістамі парафіі сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Лёндане.
Далейшыя колькасныя заўвагі Юр’я Гарбінскага выклікаюць сумненьні ня столькі сваім зьместам, колькі крыніцай зьвестак. Адзначаецца, што„з гэтай лічбы (н тысяч. — Н. Г.) толькі 10—15% былі нацыянальна сьведамыя, выяўляючы сваю беларускасьць у паўсядзённым жыцьці", і даецца спасылка на размову-інтэрвію з а. Паўлам Вялікім ад 15 верасьня 2005 г. Навуковец і дасьледнік-аматар адразу паставяць пытаньне: наколькі правамоцна ў гэтым выпадку спасылацца на прыватнае меркаваньне тае ці іншае асобы? Так, а. Павал Вялікі жыў пэўны час у Брытаніі, але наўрад ён праводзіў адмысловыя дасьледаваньні ўзроўню нацыянальнай сьведамасьці беларусаў, каб рабіць пэўныя высновы. Крыху ніжэй Юры Гарбінскі, паводле размовы зь Вітаўтам Кіпелем, падае прыкладны адсотак актыўных у грамадзкім жыцьці беларусаў: 20—25%. Лягічным працягам гэтай інфармацыі павінна быць тлумачэньне прыблізнасьці й адноснасьці згаданых лічбаў, чаго дасьледнік ня робіць, безаглядна ім давяраючы. Няма таксама ніякага
тлумачэньня, чаму ў Брытаніі а. Вялікі гаворыць толькі пра 10—15% сьвядомых, а ў ЗША Вітаўт Кіпель — пра 20—25% актыўных. У чым прычына розьніцы ў лічбах і ці не паўплывала яна, прыкладам, на характар ці абставіны выдавецкай дзейнасьці?
Безаглядны давер эміграцыйным аўтарытэтам добры ў звычайным жыцьці, а не ў навуковай працы, бо гэта прыводзіць часам да падаваньня памылковых зьвестак і высноваў. Так, спасылаючыся на тую ж размову з а. Паўлам Вялікім, Юры Гарбінскі сьцьвярджае (с. 91): „Пазьней колькасьць іх (беларусаўу Брытаніі. — Н. Г.) нязначна зьменшылася за кошт тых, хто ў 50-я—бо-я гады настала выэмігравалі ў ЗША, Канаду, Аўстралію і Аргентыну". Па-першае, рээміграцыя беларусаўз Брытаніі пачалася яшчэ пры канцы 1940-х гг, менавіта тады адсюль зьехалі дзясяткі актыўных беларусаў, у ліку якіх Кастусь Акула, Міхась Мацукевіч, Вінцэнт Жук-Грышкевіч і шмат іншых. Па-другое, у брытанскіх дасьледаваньнях сьцьвярджаецца пра тое, што каля чвэрці эмігрантаў цягам 1950-х выехалі ў іншыя краіны. На беларускай дыяспары ў гэтай краіне гэта адбілася самым нэгатыўным чынам, бо колькасьць актыву асноўных арганізацыяў праз рээміграцыю скарацілася нават ці не ўдвая. Ці ж можна ў такім выпадку казаць пра „нязначны" выезд беларусаў з Брытаніі? Айцец Павал Вялікі мог проста гэтага ня ведаць ці забыцца, а дасьледнік мусіў гэта ўлічыць.
Наагул вялікая колькасьць цытатаўразмоваў, асабліва зь Вітаўтам Кіпелем і Янкам Запруднікам, у навуковым дасьледаваньні выклікае сумненьні што да навуковасьці працы. Зразумела, што згаданыя асобы як актыўныя дзеячы беларускай эміграцыі й непасрэдныя ўдзельнікі выдавецкага працэсу валодаюць надзвычай каштоўнай інфармацыяй, аднак і гэтая інфармацыя мусіць падпадаць пад крытычны аналіз. Прыкладам, на с. 227 з спасылкай на Вітаўта Кіпеля гаворыцца, што а. Леў Гарошка меў шырэйшае кола супрацоўнікаў, калі выдаваў „Божым Шляхам“. Вітаўт Кіпель у прыведзенай цытаце сярод іншага згадвае: „Памятаю, з Аўстраліі яму ўвесь час пісаў К. Чабатар". Насамрэч д-р Кіпель, верагодна, пераблытаў а. Лява Гарошку з а. Язэпам Гэрмановічам або пэрыяды іх рэдагаваньня часопісу, бо а. Леў Гарошка даволі шмат матэрыялу для „Божым Шляхам" пісаў сам пад рознымі імёнамі й бязь іх, асабліва ў апошнія гады свайго рэдактарства, а менавіта а. Язэп Гэрмановіч пры адраджэньні часоггісу намагаўся ўключыць у кола яго аўтараў больш асобаў з розных краінаў, і адным зь ягоных сталых карэспандэнтаў стаў менавіта Кастусь Чабатар. Гэта можна ўбачыць у зьмесьце „Божым Шляхам“ адпаведных пэрыядаў, аднак Юры
Гарбінскі не праверыў інфармацыі, цалкам давяраючы аўтарытэту Вітаўта Кіпеля.
На аўтарытэт д-ра Вітаўта Кіпеля Юры Гарбінскі спасылаецца нават у вызначэньні суадносінаў праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў беларусаў на эміграцыі (с. 171). Пры чым спасылаецца зноў жа не на дасьледаваньне Юпеля, а на размову зь ім. Таксама сумнеўна выглядаюць спасылкі й адносна колькасьці беларусаўу ЗША. Так, на падставе зьвестак Каханоўскага сьцьвярджаецца, што беларусаў у ЗША да Другой сусьветнай вайны было 500 тысячаў. I дадаецца, што ў паваеннай эміграцыі беларусы склалі каля 10—15 тысячаў асобаў і падаецца спасылка зноў на размову зь Вітаўтам Кіпелем. Паўстае пытаньне, чаму Юры Гарбінскі не зьвярнуўся да дасьледаваньня таго ж аўтара Belarusians in the United States, дзе Вітаўт Кіпель падае лічбу ў 50—55 тысячаў беларусаў паваеннай эміграцыі? Магчыма, Юры Гарбінскі ня ведаў пра згаданыя лічбы, і таму нават не задумаўся пра неабходнасьці тлумачэньня гэтай прыблізнай статыстыкі.