• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларуская літаратура  Адам Глобус, Міраслаў Адамчык

    Беларуская літаратура

    Адам Глобус, Міраслаў Адамчык

    Выдавец: Сучасны літаратар
    Памер: 1008с.
    Мінск 2004
    816.86 МБ
    ерадыху явіўся дадому, — задудукаў раптам Сымон Ракуцька. — Толькі бачу — дзве машыны стаяць пасярод вуліцы. Лізавета ўжо, думаю, даўно дома. Уляцеў у двор — аж спатыкае мяне вачыма жонка. Стаіць, бедная, пасярод двара белая, як палатно. Я ткнуўся ў сенцы і аслупянеў. Там у мяне поўнае вешала адзежы вісела. Гэта яшчэ я запасіў дзецям, калі яны гадаваліся без мяне па той бок тае граніцы, каб мой смак да яе сто год трымцеў у варшаўскім горле! Дык стаіць пад тым вешалам фрыц і абчышчае яго. Знімае боты, чаравікі, хусткі, сукенкі, нагавіцы, паясы, рубашкі і кашулі і ўсё тохціць у чамадан. Божа літасцівы! Тады ўкралі дзяцей! А гэта зноў явіўся зладзюга. Самую памяць аб дваццаці маіх гадах, калі я дзяцей чакаў, крадзе! Парадкуецца, гаспадарыць!.. Я яшчэ нічога не ведаю, што ў мяне ў хаце робіцца. Як хаплю я злодзея ззаду за карак і як тузану к сабе, дык ён, як тая падла, валіцца на мяне. Я яго штурхануў ад сябе, ён носам у падлогу, і як зараве! Бог даў шчасце, што я паспеў падняць з жорнаў камень і накрыць ім зладзейскую галаву, так што не разабраць стала, ці была ў злодзея галава. Паспеў я яшчэ заўважыць, як дрыгнулі яго ногі і апруцянелі навек.
    — Уцякай! — закрычала жонка. Я даў ходу на вуліцу, аж бачу праз адчыненае акно, што ў мяне ў хаце поўнае застолле салдат і хапаюць з лавы зброю, а мой Тамаш замкнуў знадворку сенечныя дзверы і да мяне бяжыць з нямецкім аўтаматам. Мы з ім цераз вуліцу і ў сад і адтуль бачым, што яе, жонку, гоняць па вуліцы і страляюць па ёй. Яна ўпала. Мы з Тамашом пабеглі да яе, дык і па нас страляюць. Тамаш як сыпане з аўтамата! Фашысты змоўклі. Але іх набегла зноў як плоймы. У Тамаша не было больш набояў у аўтамат, так ён і сеў макам. Адным словам, жонку забралі, а па нас стралялі, аж пакуль мы не адкаціліся за крайнюю хату. 3 палавіну нашага пасёлка, і жонку маю, пагналі ў лагер, а мы з Тамашом разам з усімі. Ну... Тамаш хлопец бывалы і камандаваць на ванне ўмее.
    — А пра Лізавету што?
    — А бог жа яе ведае. Анічагуткі ніякага слыху. Думай што хочаш. Больш я і не бачыў яе. I ў цябе ж, кажаш, дачка малая Ліза. Адкуль ты ведаеш, што яна ў лагеры?
    — Я напэўна не ведаю.
    Зноў Сымон Ракуйька і Кастусь Лукашэвіч змоўклі на доўгі час. Неба на ўсходзе пачынала шарэць, і зоры цьмелі.
    424	КУЗЬМА ЧОРНЫ
    Кастусь Лукашэвіч і Ракуцька яшчэ цэлыя суткі так прагутарылі тут, пасля кожнай гаворкі даючы па гадзіне маўчання. А яшчэ цераз дзень тут з’явіўся Тамаш і з ім людзі. Усе аставаліся тут яшчэ нешта з паўтыдня. Цяпер успамінаюць, што ў тыя дні Сымон Ракуцька многа бываў на людзях і любіў слухаць, калі хто што расказваў. Тамаш мала быў відзён. Кастусь жа Лукашэвіч быў вельмі задумёны, бадай што сумны. У апошнюю ноч перад выхадам адсюль з’явілася тут Волька. Яна шмат змянілася з таго, калі пакінула Сумлічы. Здавалася, што яна стала вышэйшая ростам, рысы твару яе сталі вострымі. Яна была ў мужчынскай жакетцы з саматканага сукна і рукі трымала ў кішэнях. Некалькі гадзін, да раніцы, яна праседзела з Кастусём на паваленым дрэве, і скарга прарывалася ў яе голасе. Яна доўга расказвала Кастусю, як тыдняў два хадзіла наводдалек па лясах і полі там, пад лагерам, і як, нарэшце, выбрала зручнасць падысці да лагернай агароджы так на вярсту. Там было тарфяное балота, праз якое цякла павольна іржавая рачулка. «Я ляжала ў чорным куп'і некалькі дзён. Раз на дзень да той рачулкі нявольнікі з лагера з’яўляліся па ваду. Саматугам яны кацілі бочку на колах. Вартавы не ішоў следам за імі, а садзіўся са сваім аўтаматам на купіну і зводдалеку сачыў за людзьмі. Адзін раз я падпаўзла да самай рачулкі і, калі яны ўжо налілі ў бочку вады і пхалі яе назад, я запытала ўсіх, ці няма там у лагеры Лізы, прозвішча Лукашэвіч... Маладая жанчына з распушчанымі валасамі адагнулася ад бочкі і сказала, што нейкая Ліза ёсць і ўжо даўно ляжыць каля слупа ад агароджы хворая на крываўку. А колькі год можа быць гэтай Лізе? — запытала я, але вартавы там крыкнуў, і людзі наляглі на бочку. Можа, гэта і яна, даўно ляжыць...» Вельмі доўга яны маўчалі. Канчалася ноч. Волька раптам ткнулася тварам у Кастусёва плячо і зарыдала.
    — Нашто цябе благі лёс прывёў тады да мяне, калі я была малая... Божа, якая пакутаі Кастусь змрочна запытаў:
    — Дык дзе ж бацька?
    —	He ведаю, дзе бацька. Знік. Я яшчэ раз вярнулася была ў хату. Пуста. Павукі адбітае ад дошчак акно заплятаюць.
    Як прайшоў дзень і сцямнела, гэтае месца зноў стала пустое. Hi голасу, ні шоргату. Стала поўная цішыня. I ветру не было, але лісце з бярозы падала ўсю ноч, так што зранку ўся зямля пад бярозай была выслана жоўталісцем. Але не было каму цешыцца хараством гэтага малюнку. Тут не было ні душы. Птушкі, што збіраліся зімаваць у лесе, смела садзіліся на паваленае дрэва, і за цэлы дзень ніхто ні разу не спудзіў іх.
    III
    I тут было скрыжаванне дарог, але малое і своеасаблівае. Хто ведае, чым падтрымліваецца існаванне некаторых глухіх дарог, па якіх мала хто калі ездзіць і якіх ніколі ніхто не правіць і не глядзіць. Але вельмі можа быць, што такая дарога больш бачыла на сабе чалавечага ўтрапення, чым біты шлях. На тым шляху калі ўпадзе чалавек, яго неўзабаве падымуць. Тут жа ён можа знаходзіцца тыднямі ў адзіноце. Малое скрыжаванне было на самым узлессі, кіламетраў за чатыры ад паваленага дрэва і вялікай бярозы. Вялікі шлях, што праходзіў праз гэты лес і далёка ад лесу на паўночны захад, на Вялікім скрыжаванні скрыжоўваўся з МаскоўскаВаршаўскай шашою, тут, за лесам, перасякаў вельмі вузкую, на выгляд толькі палявую дарогу, з пяском, ператоўчаным конскімі капытамі на пыл. Перакрыжаванне тут было простым кутам. Калі вялікі грунтавы шлях ішоў з усходняга поўдня на заходнюю поўнач, то скрыжаваная тут з ім дарога злучала заходні поўдзень з паўночным усходам. Гэтым апошнім кірункам дарога прыводзіла да МаскоўскаВаршаўскай шашы даволітакі далёка ад Вялікага скрыжавання. Ад лесу ці ад малога скрыжавання да самай шашы дарога ішла паўз невялікія лясы і скрозь узгорыстым полем, і спрэс усюды паўз густыя паселішчы. Так што зранку тут на гэтай дарозе льга было часта пачуць пах дыму з хатніх каміноў. Першы ж кірунак вёў дарогу найбольш чыстым полем, з чыстымі ж узгоркамі. Мясцовасць тут была вышэйшая, узгорыстасць гусцейшая, і дарога не заўсёды ўздымалася ўгару, а давала кругу. Тут яна абвакольвала вядомую на ўсю ўсходнюю Случчыну Малібажкаву гару паміж Заняведамскімі і Вераб'ёўскімі лясамі і рэзалася проста ў некалькі шырозных тарфяных балот. Кіламетраў за сорак з гэтага боку да малога скрыжавання пры гэтай дарозе ляжаў у полі вялікі, як гара, камень дзіўнай формы і не менш дзіўнымі на ім слядамі мінуўшчыны. Камень меў трохкутную форму, як бы палавіну куба, разрэзанага напалам ад аднаго рога да другога і ўбітага ў зямлю адным рабром сваім. Так што было падобна, што гэта каменны зуб увязіўся ў зямлю,
    КУЗЬМА ЧОРНЫ	425
    а здалёк здавалася, што гэта нешта нейкае стаіць на адной назе. Камень гэтакі высокі, што пад ім мог стаяць чалавек, крыху прыгнуўшыся, і мог такім парадкам закрыцца зверху і ад бомбы і ад дажджу. Верх каменя быў пляскаты і бадай што правільны чатырохкутнік, быццам дошка стала. Нага гэтага каменя абрасла імхом, верх жа аставаўся зусім чыстым. Узлезці на верх гэтага каменя было вельмі цяжка. Малыя пастушкі, найпярвейшыя лазуны, станавіліся пры камені адзін на аднаго і верхняга падсаджвалі, ды і то мала каторы мог адзержацца, вісячы на руках, і не ўпасці на зямлю. На сподняй старане каменя, пад якой чалавек мог хавацца ад якойнебудзь прыгоды, немаведама кім і калі, быў выразаны рысунак тонкімі і неглыбокімі рысамі, але вельмі выразны. Рысунак не быў удалы і тым больш не быў нават блізак да мастацтва. Гэта была вельмі недакладная зарысоўка і, калі добра і доўга прыглядацца да яе, то тады рысунак праступаў выразней: з напятага добра лука страла прыцэлена ў галаву аднарогага быка. Ці гэты рысунак нарадзіўся сваім замыслам у быце тае самае асобы, што пакінула яго тут, ці гэта была простая стылізацыя, цяжка сказаць. У кожным разе рысунак быў старадаўні, гэта відно было з таго, што некаторыя рысы яго даволітакі прыцерліся. Гэты камень называўся ў гэтых мясцовасцях «сухі дзюб», і не толькі ў гэтых мясцовасцях. Вельмі далёка адтуль, кіламетраў, напэўна, не менш як семдзесят, у Леньках пад самым Грэскам, я чуў, як жанчына сказала свайму малому, які нешта насваволіў: «Ідзі з разгону вытніся ілбом аб сухі дзюб». Паўз гэты «сухі дзюб» дарога ідзе далей роўнай лініяй да свае завіліны, а там, раздвоеная на вілы, адным рогам ідзе на тую самую «Перабродскую Злыбяду», дзе, як казаў Сымону Ракуцьку TaMam, гітлераўцы зрабілі канцэнтрацыйны лагер. А другім рогам дарога даходзіць да вялікай сялібы, якая займае шырокі абшар у чыстым полі. Ад усяго тут павявае старадаўшчынай. Да рэвалюцыі гэта быў маёнтак тутэйшага зямельнага магната. Двухпавярховы дом стаяў белым паўкругам, у якім расло больш як паўсотні старых дрэў усялякіх парод. Два сады яшчэ захаваліся паабапал дома. Яблыні і ігрушы ўжо дупляваліся, але яшчэ садавіна адцягвала ўніз іх голле. Незаўважна стары сад пераходзіў у зону маладых дрэўцаў. Гэты малады сад быў пасаджаны год сем таму і займаў гектар не менш дваццаці. На зялёным паплаўцы за гэтым садам стаялі будынкі дробнага з выгляду заводзіка, віннага браварца, дзе выраблялася яблычнае віно і гатавалася павідла. За поплавам оылі дзве вуліцы новых хат і дамкоў з жоўтымі шуфлядамі і шалёўкай вокан, з кветнікамі ад вуліцы і вяндлярнямі на агародах. 3 усяго было відно, што тут будоўля дайшла да свайго завяршэння апошнімі гадамі. У гэты час ранняй восені, калі непадалёку ад малога скрыжавання бяроза сыпала на лясную дарогу жоўтае лісце, тут, на поплаве, каля віннага завода хадзіла на пашы чарада кароў, у кожнай з якіх вымя адвісала ніжэй каленных суставаў. У двухпавярховым доме пахла фарбаю і мытаю падлогаю. Вокны былі адчынены, і пад імі ляжалі на двары зграможджаныя разам абыяк школьныя парты і сталы, шафы і чорныя дошкі для пісання мелам. Усё гэта было перасыпана і перашпаклёвана кнігамі, некалькі разоў перамыта дажджамі і бесперапынна прысыпалася пылам з навакольнага поля. Было яшчэ невялікае дапаўненне да агульнага малюнку: некаторыя хаты стаялі з павыбіванымі вокнамі і знятымі з крукоў сенечнымі дзвярыма, а паміж дрэў перад двухпавярховым домам пахаджваў паліцай, відаць, нейкі тутэйшы хамула з падстрыжанымі вусамі. 3 другой стараны дома стаялі грузавікі і лёгкая машына, і два нямецкія салдаты мылі яе. Невядома, які гэта быў дзень пасля таго, як Гертруду і старога Густава малады Густаў спаткаў на Баранавіцкім вакзале, але гэта было праз нядоўгі час пасля таго. У адным з пакояў двухпавярховага дома сядзела за сталом Гертруда і цераз стол насупроць яе той сярэдні афіцэр, што камандаваў салдатамі, калі яны ахоўвалі маладзейшага Густава ў Баранавічах і па дарозе і абстрэльвалі лес паабапал дарогі. Вельмі можа быць, што яны заседзеліся пасля абеду, бо на стале былі ласункі, а час хіліўся на вечар.
    —	Я стаў за гэты час вашым блізкім чалавекам. I мне яшчэ доўга прыйдзецца ахоўваць вас,  сказаў афіцэр.  Тут шчаслівая выпадковасць. Недалёка адгэтуль канцэнтрацыйны лагер, каля якога стаіць вялікая часць канвою і варты. Я са сваімі салдатамі належу да гэтай часці. Так што адначасова мы ахоўваем і вас і лагер. Вам тут смела можна жыць і працаваць.
    —	Гэта невыпадкова,  сказала Гертруда. — Наш Густаў, калі выбіраў месца для лагера, сумысля падумаў аб блізасці да гэтага маёнтка. Тут жа яшчэ адно: маёнтак вялікі, а тутэйшых людзей асталося мала, дзе яны падзеліся невядома, хаты пустуюць...
    —	Яны паразыходзіліся па лясах і пасталі бандытамі.
    —	Дык у першыя гады, пакуль вайна, маёнтак будзе трымацца на рабоце забра
    ных у лагер.
    426_______КУЗЬМА ЧОРНЫ__________________________________
    —	Тым больш я тут доўга буду.
    —	I я так думаю. Учора, калі мылі падлогу, адна дзеўка так на мяне паглядзела, што я пакінула верыць майму сыну, які кажа, што над тутэйшым народам трэба павесіць меч, і ён уверуе, што гэта тая праўда, да якой ён сам павінен імкнуцца. Божа мой, я не думала, што мне ў мае гады прыйдзецца быць так далёка ад Германіі і перажываць такую трывогу. Усё жыццё мы марылі мець маёнтак у самой Германіі. Дзіўна сказаць, але мой Густаў на тую яшчэ, першую вайну пайшоў ахвотна. Ён быў радавы. Мы былі арандатарамі. На той вайне ён меў ужо каштоўнасцей на цэлы маёнтак. Але ён нявытрыманы чалавек. У хваробе ён аддаў чорт ведае каму вялікае багацце. Праз усё жыццё я казала яму, што ён зрабіў злачынства перад Германіяй. Ён гэта і сам разумеў. Ён праклінаў той свой душэўны парыў. Калі з’явілася вучэнне фюрэра аб заваёве Германіяй свету, ён быў адным з тых першых, што ўбачылі тут адлюстраванне сваіх асабістых думак. Гэта ўжо не быў парыў. Наш Густаў з маладых год пачаў рыхтавацца да змагання за ўвесь свет для Германіі. Усё прайшло, як сон. Божа, наш Густаў не будзе арандатарам! Але чаму я сама не свая! Наш маёнтак не ў Германіі, а так далёка. Мы яшчэ не прычакалі, пакуль тут стане карэнная Германія.
    Яна падышла да акна і стала глядзець у яго. Відно было поле, вялікі абшар з рэдкімі дрэвамі і на даляглядзе сінія істужкі лясоў. Відно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогі, і непадалёку відно ў лагчыне мястэчка. Гертруда яшчэ не асвойталася тут. Яна не ведала ні назваў, ні імёнаў, не трымала ў памяці яшчэ аніводнага твару сярод тутэйшых людзей. Часамі смутак сціскаў ёй грудзі. Як вялікага свята, яна заўсёды чакала тых дзён, калі прыязджаў сюды Густаў,