Ферма | 1984
Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
памін пра тое, што, як бы там ні было, яны былі самі сабе гаспадары і працавалі на сябе. А так, з гэтымі песнямі, дэманстрацыямі, Віскуновымі лічбамі, грымотнымі стрэламі, пеўневым кукарэканнем і лапатаннем сцяга, яны паволі забываліся, што трыбухі ў іх пустыя, прынамсі на нейкі час.
У красавіку Ферма Жывёлаў была абвешчаная Рэспублікай, і ўзнікла неабходнасць выбраць Прэзідэнта. Кандыдат быў толькі адзін — Напалеон, яго і абралі аднагалосна. У той самы дзень было паведамлена, што выявіліся новыя дакументы, якія выкрывалі дадатковыя падрабязнасці Сняжковай змовы з Джоўнзам. Цяпер выглядала, што Сняжок не проста спрабаваў хітрым манеўрам давесці да паразы Бітву пры Хляве, як дагэтуль уяўлялі жывёлы, але адкрыта змагаўся на баку Джоўнза. У сапраўднасці менавіта ён кіраваў войскам людзей і кінуўся ў бітву са словамі «Няхай жыве чалавецтва!» на вуснах. Раны на Сняжковай спіне, пра якія ўсё яшчэ памяталі некаторыя, нанёс сваімі зубамі Напалеон.
У сярэдзіне лета на ферме нечакана з’явіўся крумкач Масей, якога не бачылі ўжо некалькі гадоў. Ен амаль не змяніўся, як і раней, нічога не рабіў і ўсё гаварыў у тым самым духу пра Ледзянцовыя Горы. Ен сядзеў на пні, лопаў чорнымі крыламі і гадзінамі прамаўляў усім, хто яго слухаў. «Там наверсе, таварышы,— казаў ён урачыста, паказваючы ў неба сваёй вялізнай глюгай,— там наверсе, на другім баку вунь той цёмнай хмары ляжаць Ледзянцовыя Горы, тая шчаслівая краіна, дзе мы, бедныя жывёлы, спачнём назаўсёды ад нашых цяжкіх клопатаў!» Ен нават цвердзіў, што пабыў там, калі аднойчы высока ўзляцеў, і пабачыў там бясконцыя палі канюшыны і платы, на якіх раслі кавалкі цукру і льняная макуха. Шмат хто з жывёлаў верыў яму. Іх жыццё цяпер, меркавалі яны, галоднае і пакутнае, дык ці ж гэта не слушна і не справядліва, што недзе мусіць
існаваць нейкі лепшы свет? Аднак вельмі цяжка было вызначыць, як ставіліся да Масея свінні. Усе яны з пагардаю заяўлялі, што яго байкі пра Ледзянцовыя Горы былі хлуснёй, і разам з тым яны дазвалялі яму заставацца на ферме не працуючы і выдавалі яму чвэрць пінты піва штодня.
Калі капыт у Баксёра загаіўся, ён пачаў працаваць яшчэ старанней. Праўду кажучы, усе жывёлы працавалі гэты год, як рабы. Апроч звычайнай працы на ферме і на адбудове ветрака, яны мусілі цяпер будаваць школу парасятам, закладзеную ў сакавіку. Часам было цяжка трываць доўгія гадзіны на галоднай норме, але Баксёр ніколі не вагаўся. Ва ўсім, што б ён ні казаў або ні рабіў, не было і знаку, што сіла ў яго была ўжо не тая, што раней. Толькі з выгляду ён крыху змяніўся: скура ў яго ўжо не блішчала, як раней, а яго магутныя заднія ногі нібы ссохліся. Іншыя казалі: «Баксёр ачуняе, калі ўвесну ўзыдзе трава», але настала вясна, a Баксёр так і не пагладчэў. Часам, калі ён напружваў цягліцы, выкочваючы з кар’ера вялізны валун, здавалася, што толькі нязломнае жаданне трымала яго на нагах. У гэткія хвіліны можна было пабачыць, як у вуснах ягоных складаюцца словы: «Я буду працаваць яшчэ старанней»; голасу ў яго ўжо не засталося. Канюшынка і Бэнджамін зноў папярэдзілі яго, каб ён дбаў пра здароўе, але Баксёр на іх не зважаў. Набліжаўся дзень, калі яму споўніцца дванаццаць гадоў. Яго гэта не хвалявала, бо да таго, як яму ісці на пенсію, была ўжо назбіраная ладная крушня камення.
Адным познім летнім вечарам па ферме пранеслася раптоўная чутка, нібыта нешта здарылася з Баксёрам. Перад тым ён пайшоў адзін сцягваць каменне да ветрака. I, відаць, чутка была праўдаю. Праз некалькі хвілін прыляцелі два галубы з навіною: «Баксёр упаў! Ен ляжыць на баку і не можа ўстаць!»
Каля паловы ўсіх жывёлаў кінуліся да пагорка, на якім стаяў вятрак. Баксёр ляжаў між аглобляў, выцягнуўшы шыю, і не мог нават падняць галавы. Вочы ў яго зацьмеліся, бакі набрынялі потам. 3 рота ліўся тонкі струменьчык крыві. Канюшынка прысела каля яго на калені.
— Баксёр! — закрычала яна.— Што з табою?
— Нешта з лёгкімі,— адказаў Баксёр слабым голасам.— Нічога страшнага. Я думаю, вы здолееце скончыць вятрак і без мяне. Назбіралася ўжо ладная куча камення. А мне застаўся ўжо хіба які месяц. Сказаць праўду, я даўно ўжо марыў пра адпачынак. А можа, як Бэнджамін ужо таксама стары, яны дазволяць яму пайсці на пенсію разам са мною, і тады мне не будзе сумна.
— Яму трэба хутчэй дапамагчы,— сказала Канюшынка.— Хай хто збегае да Віскуна і скажа, што здарылася.
I ўсе астатнія жывёлы кінуліся да сядзібы, каб пераказаць навіну Віскуну. Засталіся толькі Канюшынка і Бэнджамін, які лёг побач з Баксёрам і адганяў ад яго мух сваім даўгім хвастом. Недзе праз чвэрць гадзіны з’явіўся Віскун, поўны спачування і спагады. Ен сказаў, што таварыш Напалеон з вялікім засмучэннем успрыняў вестку пра няшчасце, якое здарылася з адным з самых верных працаўнікоў на ферме, і ўжо робіць захады, каб паслаць Баксёра на лячэнне ў Уілінгдонскі шпіталь. Ад гэтай навіны жывёлам зрабілася крыху няёмка. Апроч Молі і Сняжка, ніводная жывёліна яшчэ ні разу не пакідала фермы, і ім непрыемна было думаць, што іх хворы таварыш трапіць у рукі чалавечым істотам. Аднак Віскун лёгка пераканаў іх, што ветэрынарны лекар у Уілінгдоне здолее дагледзець Баксёра значна лепш, чым гэта можна было зрабіць на ферме. I праз якіх паўгадзіны, калі Баксёр крышку ачуняў, ён з цяжкасцю ўстаў на ногі і памалу пакуль-
гаў да свайго стойла, дзе Канюшынка і Бэнджамін падрыхтавалі яму добры саламяны подсціл.
Два наступныя дні Баксёр заставаўся ў стойле. Свінні прыслалі вялікую бутлю з нейкім ружовым зеллем, якую яны знайшлі ў медыцынскай скрыні ў ванным пакоі, і Канюшынка давала яго Баксёру двойчы на дзень пасля ежы. Вечарамі яна ляжала побач з ім у стойле і гаварыла з ім, а Бэнджамін тым часам адганяў ад яго мух. Баксёр прызнаваўся, што ён не шкадуе аб тым, што здарылася. Калі ён паздаравее, дык зможа пражыць яшчэ гады тры, і ён марыў пра спакойныя дні, калі будзе адпачываць у зацішным кутку вялікага выгану. Упершыню ён будзе мець досыць вольнага часу, каб вучыцца і практыкаваць свой розум. Ен збіраўся, як сам казаў, прысвяціць усё сваё астатняе жыццё вывучэнню астатніх дваццаці дзвюх літар алфавіта.
Аднак Бэнджамін і Канюшынка маглі быць разам з Баксёрам толькі пасля працы, а фургон, што меўся забраць яго, прыехаў якраз у сярэдзіне працоўнага дня. Усе жывёлы працавалі на праполцы рэпы пад наглядам свінні, калі яны раптам са здзіўленнем убачылі, як Бэнджамін ляціць наўзгалоп ад фермы, крычучы на ўсю глотку. Упершыню яны бачылі Бэнджаміна ўзрушанага і ўпершыню бачылі, як ён бяжыць. «Хутчэй, хутчэй! — крычаў ён.— Сюды! Баксёра забіраюць!» He чакаючы загаду ад свінні, жывёлы спынілі працу і кінуліся бегчы да будынкаў. I праўда, на двары стаяў вялікі закрыты фургон, у які была ўпрэжана пара коней, на баку было нешта напісана, а за фурмана сядзеў хітраваты чалавек у наеунутым на вочы капелюшы. I Баксёрава стойла было пустое.
Жывёлы екупіліся вакол фургона. «Бывай, Баксёр,— крычалі яны хорам,— бывай!»
— Дурні! Дурні! — закрычаў Бэнджамін, скачучы вакол іх і б’ючы аб зямлю сваімі маленькімі капытамі.— Дурні! Вы што, не бачыце, што напісана на фургоне?
Жывёлы на хвіліну задумаліся, і стала ціха. Мюрыэль пачала чытаць па складах. Але Бэнджамін адштурхнуў яе і прачытаў сярод мёртвай цішыні:
— «Элфрэд Сімандс, канарэз і клеявар, Уілінгдон. Лупленне скур і выраб касцяной мукі. Дастаўка сабачых будак». Вы што, не разумееце, што гэта значыць? Яны вязуць Баксёра на скуралупню!
Ва ўсіх жывёлаў вырваўся крык жаху. У гэтую хвіліну чалавек сцебануў коней, і тыя хуткай рыссю павезлі фургон прэч з двара. Жывёлы пабеглі за ім, крычучы што мелі сілы. Канюшынка вырвалася наперад. Фургон пачаў набіраць хуткасць. Канюшынка паспрабавала перайсці на галоп, перабіраючы сваімі тоўстымі нагамі. «Баксёр! — крычала яна.— Баксёр! Баксёр! Баксёр!» I якраз у гэты момант, нібы пачуўшы шум і крыкі звонку, Баксёр высунуў галаву з белай паласой на носе з маленькага акенца ў задняй сценцы фургона.
— Баксёр! — закрычала страшным голасам Канюшынка.— Баксёр! Уцякай! Уцякай хутчэй! Яны хочуць цябе забіць!
Усе жывёлы падхапілі крык: «Уцякай, Баксёр, уцякай!» Але фургон усё хутчэй і хутчэй аддаляўся ад іх. Невядома, ці зразумеў Баксёр тое, што сказала яму Канюшынка. Але праз хвіліну галава яго знікла з акенца і пачуўся страшэнны стукат капытоў у фургоне. Ен спрабаваў вырвацца. Былі часы, калі пары ўдараў Баксёравых капытоў хапіла б, каб разбіць гэты фургон на трэскі. Але, на жаль, колішняя сіла пакінула яго; і праз некалькі хвілін стукат капытоў зрабіўся слабейшы, а пасля зусім сціх. У роспачы жывёлы пачалі заклікаць двух коней, што везлі фургон, каб яны спыніліся. «Таварышы, таварышы! — крычалі яны.— He вязіце вашага брата на смерць!» Але дурныя стварэнні, занадта бязглуздыя, каб зразумець, што робіцца, апусцілі вушы і пабеглі яшчэ хутчэй. Баксёрава галавг больш не паказвалася ў акенцы. Нехта надумаў забегчы
наперад і зачыніць цяжкую браму, але было позна: праз хвіліну фургон мінуў браму і неўзабаве знік за паваротам. Болып Баксёра ніколі не бачылі.
Праз тры дні было абвешчана, што ён памёр у Уілінгдонскім шпіталі, нягледзячы на ўсю дапамогу з боку лекараў. Віскун пераказаў гэтую навіну астатнім. Ен прысутнічаў, як ён сказаў, пры апошніх гадзінах Баксёравага жыцця.
— Гэта было самае кранальнае відовішча, якое я толькі бачыў,— сказаў Віскун, падняўшы нагу і змахнуўшы слязу.— Я быў каля ложка да апошняй хвіліны. Перад самай смерцю, ужо не могучы гаварыць ад слабасці, ён прашаптаў мне на вуха, што яго засмучае толькі тое, што ён адыходзіць, калі вятрак яшчэ недабудаваны. «Наперад, таварышы,— прашаптаў ён.— Наперад у імя Паўстання. Няхай жыве Ферма Жывёлаў! Няхай жыве таварыш Напалеон! Напалеон заўсёды кажа праўду». Такія былі яго апошнія словы, таварышы.
Раптам у паводзінах Віскуна наступіла змена. На хвіліну ён змоўк, пасля, перш чым прадоўжыць, падазрона зіркнуў у бакі сваімі маленькімі вочкамі.
Яму сталася вядома, сказаў ён, што пад час адпраўкі Баксёра распускаліся благія і злосныя чуткі. Некаторыя жывёлы заўважылі, што на фургоне, які адвозіў Баксёра, было напісана «канарэз», і таму ім прыйшло ў галаву, што Баксёра вязуць на скуралупню. Проста неверагодна, казаў Віскун, што нехта з жывёлаў можа быць такі дурны. Вядома ж, крычаў ён з абурэннем, круцячы хвастом і скачучы сюды-туды, яны ведаюць іх любімага Правадыра таварыша Напалеона і давяраюць яму. Тлумачэнне ж было вельмі простае. Фургон раней належаў скуралупу і быў прададзены ветэрынарнаму лекару, які яшчэ не зафарбаваў старога надпісу. Вось адкуль узялася памылка.