Ферма | 1984  Джордж Оруэл

Ферма | 1984

Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
77.09 МБ
БІБЛІЯТЭКА ЗАМЕЖНАЙ ПРОЗЫ
Джордж Оруэл
ФЕРМА
Аповесць
1984
Раман
Мінск «Мастацкая літаратура» 1992
ББК 84.4Англ 0-70
Серыя заснавана ў 1983 г.
Рэдкалегія:
Серафім Андраюк, Янка Брыль, Іван Навуменка, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка
Пераклад з англійскай мовы Сяргея Шупы
Пераклад зроблены з выдання:
Orwell G. Animal Farm.— N. Y.: Harcourt Brace. Jovanovich. 1990. 128 pp.
Orwell G. 1984.— N. Y.: Harcourt Brace. Jovanovich, 1990. 268 pp.
Англнйскнй пнсатель Дж. Оруэлл (1903 —1950) в свонх антнутопнях нарнсовал гротескную картнну жнзнн тоталнтарного государства, поставнл проблемы, над решеннем которых н сегодня думает человечество.
4703010100—135
М	171—92
М 302(03)—92
ISBN 5-340-00745-6(беларуС.)	© Пераклад. С. Шупа. 1992
ФЕРМА
I
Містэр Джоўнз, гаспадар фермы Мэнар, зачыніў на ноч курнікі, але ён быў такі п’яны, што забыўся пра куранячыя пралазы. Ідучы за кругам святла ад ліхтара, якое скокала з боку ў бок, ён прайшоў, хістаючыся, праз двор, скінуў боты каля тыльнага ўвахода, нацадзіў сабе апошнюю шклянку з бочкі ў каморы і падняўся ў спальню, дзе ўжо храпла місіс Джоўнз.
Як толькі святло ў спальні згасла, ва ўсіх пабудовах на ферме пачалося варушэнне і розрух. Яшчэ ўдзень паўсюль разышлася чутка, што стары Маёр, дыпламаваны кныр сярэдняй белай пароды, прысніў папярэдняе ночы дзіўны сон і хацеў бы пераказаць яго інпіым жывёлам. Было дамоўлена, што яны ўсе збяруцца ў вялікім гумне, як толькі ўпэўняцца, што містэр Джоўнз заснуў і не здолее ім перашкодзіць. Старога Маёра (так яго заўсёды называлі, хоць на сельскагаспадарчай выставе ён выступаў пад імем Уілінгдонскі Прыгажун) усе на ферме так глыбока паважалі, што кожны быў гатовы ахвяраваць гадзінаю сну, каб пачуць, што ён меўся сказаць.
У адным канцы вялікага гумна, дзе было нешта накшталт прыўзнятай пляцоўкі, пад ліхтаром, што звісаў з бэлькі, ужо ляжаў Маёр, зручна ўладкаваўшыся на саламяным подсціле. Яму было дванаццаць гадоў, і за апошні час ён моцна растлусцеў, але гэта ўсё яшчэ быў самавіты вяпрук з мудрым і дабразычным абліччам, нягледзячы на тое, што яму ніколі не падрэзвалі
іклаў. Ужо даўно пачалі прыходзіць і іншыя жывёліны, уладкоўваючыся, як каму зручней. Спачатку прыйшлі тры сабакі, Званочак, Джэсі і Пінчар, пасля свінні — яны разлегліся на саломе перад самай пляцоўкай. Куры паселі на падаконні, галубы заляцелі на кроквы, авечкі і каровы леглі за свіннямі і пачалі жваць жуйку. Двое цяглавых коней, Баксёр і Канюшынка, увайшлі разам, ступаючы вельмі павольна і асцярожна апускаючы свае вялікія кашлатыя капыты, каб не раздушыць якую малую жывёліну, што схавалася ў саломе. Канюшынка была мажная кабыла-жарабятніца сярэдняга веку, да якой пасля чацвёртага жарабення так ужо і не вярнулася яе колішняя зграбнасць. Баксёр быў вялізнаю жывёлінаю, амаль васемнаццаць далоняў вышынёю, і дужы, як два звычайныя кані разам. Белая паласа ў яго на носе надавала яму крыху дурнаваты выгляд, дый сапраўды, вялікім розумам ён не вылучаўся, але ўсе навокал паважалі яго за цвёрды характар і неверагодную цягавітасць. Пасля коней прыйшлі белая каза Мюрыэль і асёл Бэнджамін. Бэнджамін быў самай старою і самай сярдзітаю жывёлінай на ферме. Гаварыў ён рэдка, а калі і раскрываў рот, дык звычайна каб зрабіць якую цынічную заўвагу — напрыклад, ён казаў, што Бог даў яму хвост, каб адганяць мух, але хай бы лепш не было ні хваста, ні мух. Сярод усіх жывёлаў на ферме ён быў адзіны, хто ніколі не смяяўся. Калі ў яго пыталіся чаму, ён адказваў, што не бачыць, з чаго смяяцца. Тым не меней, не прызнаючы таго адкрыта, ён быў вельмі прыязны да Баксёра; абодва яны звычайна бавілі нядзелі разам на маленькім выгане за садам, там пасвіліся побач і ніколі не размаўлялі.
Абое коней ужо былі леглі, калі вывадак качанят, у якіх памерла маці, увайшоў шнурочкам у гумно, ледзь чутна піскаючы і азіраючыся на бакі, яны выглядалі сабе месца, дзе б на іх не наступілі. Канюшынка паклала перад імі пярэднюю нагу, абгарадзіўшы іх, нібы сцяною,
качаняты схаваліся за ёю, як у гняздзечку, і адразу заснулі. У апошнюю хвіліну ўвайшла, строячы манерлівыя міны і жуючы кавалак цукру, дурненькая Мслі, прыгожая белая кабылка, што вазіла рысорную двухколку містэра Джоўнза. Яна стала бліжэй да пераду і пачала трэсці сваёй белай грывай, каб усе пабачылі чырвоныя стужачкі, што былі ў яе заплеценыя. Самы апошні прыйшоў кот, агледзеўся, шукаючы, як звычайна, цяплейшага месца, і нарэшце ўціснуўся паміж Баксёрам і Канюшынкай; там ён задаволена муркаў пад час усёй Маёравай прамовы, не чуючы ні слова з таго, што той казаў.
Цяпер ужо сабраліся ўсе жывёлы, апроч свойскага крумкача Масея, які спаў на жэрдцы за тыльнымі дзвярмі. Пабачыўшы, што ўсе ўтульна размясціліся і ўважліва чакаюць, Маёр пракашляўся і пачаў:
— Таварышы, вы ўжо чулі пра дзіўны сон, што я сасніў мінулае ночы. Але пра сон я раскажу пазней. Спачатку я хацеў бы пагаварыць пра іншае. Я не думаю, таварышы, што буду яшчэ доўгія месяцы заставацца з вамі, але пакуль я не памёр, я лічу сваім абавязкам перадаць вам усю мудрасць, якую я набыў за маё жыццё. А жыццё я пражыў доўгае і меў багата часу на роздум, пакуль ляжаў адзін у сваім хляве, а таму, думаю, я магу сказаць, што зразумеў сутнасць жыцця на гэтай зямлі, як ніякая іншая жывёліна. Вось пра гэта я і хацеў бы з вамі пагаварыць.
Дык вось, таварышы, у чым жа сутнасць нашага жыцця? Давайце паглядзім на яго: жыццё нашае ўбогае, цяжкае і кароткае. Мы нараджаемся, нам даюць есці столькі, каб мы хоць крыху дыхалі, а тых з нас, хто на тое здольны, прымушаюць працаваць, выціскаючы з нас усё да апошняе кроплі; а як толькі мы робімся больш непатрэбныя, нас забіваюць з агіднай жорсткасцю. Ніводная жывёліна ў Англіі пасля таго, як ёй споўніцца год, не ведае, што такое шчасце або вольны час.
Ніводная жывёліна ў Англіі не з’яўляецца свабоднай. Жыццё жывёлы — убогасць і рабства, гэта чыстая праўда.
Але, можа, гэткі ўжо прыродны парадак? Можа, таму, што зямля наша гэткая бедная, яна не можа даць магчымасці жыць прыстойным жыццём тым, хто яе насяляе? He, таварышы, тысячу разоў не! Глебы ў Англіі ўрадлівыя, клімат добры, яна можа накарміць дасыта незраўнана большую колькасць жывёлаў, чым цяпер яе насяляе. Адна толькі гэтая наша ферма магла б забяспечыць тузін коней, два дзесяткі кароў, сотні авечак — і ўсе яны маглі б жыць з такімі выгодамі і годнасцю, якія сёння мы і ўявіць сабе не можам. Дык чаму ж мы і надалей гібеем у гэткіх убогіх умовах? Таму што амаль увесь плён нашае працы крадуць у нас чалавечыя істоты. I ў гэтым, таварышы, адказ на ўсе нашыя пытанні. Яго можна абагульніць у адным слове — Чалавек. Чалавек — наш адзіны сапраўдны вораг. Зліквідаваць Чалавека — і карэнная прычына голаду і рабскае працы будзе знішчана назаўсёды.
Чалавек — адзіная істота, якая спажывае, нічога не вырабляючы. Ен не дае малака, ён не нясе яек, ён занадта слабы, каб цягаць плуг, ён не ўмее бегаць так хутка, каб лавіць зайцоў, і, аднак, ён — гаспадар над усімі жывёламі. Ен прымушае іх працаваць, а ўзамен дае ім убогі мінімум, каб толькі не даць ім памерці з голаду, астатняе ж забірае сабе. Нашай працаю ўрабляецца зямля, нашым гноем яна ўгнойваецца, і, аднак, ніводзін з нас не валодае нічым, апрача свае няшчаснае шкуры. Вось вы, каровы, што стаіце цяпер перада мною, колькі тысяч галонаў малака далі вы за апошні год? А што сталася з гэтым малаком, якім можна было выкарміць столькі здаровых цялят? Усё да апошняе кроплі знікла ў глотках нашых ворагаў. А вы, куры, колькі яек знеслі вы за апошні год і колькі з гэтых яек выседзелі куранят? Астатняе звезлі на рынак, каб зарабіць
грошы для Джоўнза і яго людзей. Ці вось ты, Канюшынка, дзе тыя чацвёра жарабятаў, што ты нарадзіла, якія маглі стацца табе радасцю і падмогай у старасці? Усіх папрадавалі, як толькі ім спаўняўся год — ніводнага з іх ты болей ніколі не ўбачыш. За пакуты пад час родаў і за ўсю тваю працу ў полі — што ты атрымала, апроч убогіх харчоў і бруднага стойла?
I нават такому нашаму няшчаснаму жыццю не даюць развівацца натуральным чынам. Што да мяне, я не скарджуся, бо я адзін з тых, каму пашанцавала. Мне дванаццаць гадоў, і я меў больш за чатырыста дзяцей. Гэта нармальнае жыццё для свінні. Але ніводная жывёліна ўрэшце не пазбягае бязлітаснага нажа. Вы, маладыя парасяты, што седзіце перада мною, усе вы са страшнымі крыкамі сустрэнеце смерць на калодзе праз нейкі год. I гэты жах чакае нас усіх — кароў, свінняў, курэй, авечак — усіх. He лепшая доля ў коней і сабак. А цябе, Баксёр, у той самы дзень, калі твае магутныя цягліцы страцяць сваю сілу, Джоўнз прадасць скуралупу, які перарэжа табе глотку і зварыць з цябе поліўку сваім ганчакам. Што да сабакаў, дык калі яны зробяцца старыя і бяззубыя, Джоўнз прывяжа ім на шыю цагліну і патопіць іх у найбліжэйшым ставе.
Ці ж вам, таварышы, цяпер не ясна, што ўсё ліхое ў нашым жыцці спароджана тыраніяй людскога роду? Трэба толькі пазбавіцца ад Чалавека, і плён нашай працы будзе належаць нам самім. Амаль адразу мы станемся багатыя і вольныя. Дык што ж нам рабіць? А вось што: працаваць уночы і ўдзень, целам і душою, каб скінуць уладу чалавечага роду! Вось мой заклік да вас, таварышы: Паўстанне! Я не ведаю, калі пачнецца Паўстанне, гэта можа здарыцца праз тыдзень або праз сотні гадоў, але я ведаю, гэтаксама пэўна, як бачу гэтую салому ў мяне пад нагамі, што раней ці пазней справядлівасць пераможа. Няспынна памятайце пра гэта, таварышы, усю кароткую рэшту вашага жыцця! А га-
лоўнае — перакажыце гэты мой заклік тым, хто прыйдзе пасля вас, каб будучыя пакаленні маглі працягнуць змаганне да пераможнага канца.
I памятайце, таварышы, ваша рашучасць павінна быць непахісная. Ніякія доказы не павінны збіць вас з тропу. Ніколі не слухайце, калі вам будуць казаць, што Чалавек і жывёлы маюць агульныя інтарэсы, што дабрабыт Чалавека будзе азначаць і дабрабыт жывёлаў. Усё гэта мана. Чалавек не служыць інтарэсам ніводнай жывой істоты, апроч самога сябе. Дык хай жа сярод нас, жывёлаў, пануе поўная еднасць і братэрства ў змаганні. Усе людзі — ворагі. Усе жывёлы — таварышы.
У гэтую хвіліну ўзняўся страшны гармідар. Пакуль Маёр прамаўляў, чатыры вялікія пацукі выпаўзлі з сваіх нораў і цяпер сядзелі на задніх лапах і слухалі яго. Раптам іх заўважылі сабакі, і толькі спрытна шмыгнуўшы ў свае норы, пацукі ўратавалі сабе жыццё. Маёр падняў нагу, заклікаючы да цішыні.