Ферма | 1984  Джордж Оруэл

Ферма | 1984

Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
77.09 МБ
На доўгім выгане, недалёка ад гаспадарчых пабудоў, быў маленькі ўзгорак — найвышэйшая мясціна на ферме. Агледзеўшы мясцовасць, Сняжок абвясціў, што гэта самае прыдатнае месца для ветрака, які б прыводзіў у рух генератар і забяспечваў ферму электрычнасцю. Гэта дазволіла б асвятліць і ацяпліць узімку стайні, пусціць
у ход цыркулярную пілу, сячкарню, буракарэзку і электрычную даільную машыну. Жывёлы ніколі не чулі пра нешта падобнае (бо ферма была старая і мела толькі самыя прымітыўныя механізмы) і здзіўлена слухалі, як Сняжок маляваў ва ўяўленні дзівосныя карціны, як машыны будуць працаваць за іх, а самі яны тым часам будуць пасвіцца ўдосталь на полі або ўдасканальваць розум чытаннем і размовамі.
Праз некалькі тыдняў Сняжковы праекты ветрака былі цалкам гатовыя. Механічныя падрабязнасці паходзілі галоўным чынам з трох кніг, што належалі містэру Джоўнзу,— «Тысяча карысных парадаў па гаспадарцы», «Кожны сам сабе муляр» і «Электрычнасць для пачаткоўцаў». Сняжок выбраў сабе за кабінет павець, якая некалі выкарыстоўвалася як інкубатар і дзе была гладкая драўляная падлога, на якой добра маляваць. Ен зачыняўся там на цэлыя гадзіны. Заклаўшы патрэбную старонку каменем і заціснуўшы кавалак крэйды паміж косткамі капыта, ён хуценька вадзіў ім сюды-туды, крэслячы лінію за лініяй і павіскваючы ад захаплення. Паступова чарцяжы ператварыліся ў складаную блытаніну шківаў і шасцерняў, якая займала больш за палову падлогі і, хоць здавалася астатнім жывёлам цалкам незразумелай, рабіла на іх вялікае ўражанне. Усе яны прыходзілі паглядзець на Сняжковы малюнкі, прынамсі, раз на дзень. Прыходзілі нават куры і качкі, усяляк стараючыся не наступіць на крэйдавыя рыскі. Толькі Напалеон трымаўся наводдаль. Ен адразу выказаўся супраць ветрака. Але аднойчы ён нечакана прыйшоў прагледзець чарцяжы. Ен, цяжка ступаючы, абышоў паветку, прыгледзеўся да кожнай драбніцы ў чарцяжах і нават раз ці два панюхаў іх, пасля пастаяў хвілінку, пазіраючы на іх краем вока; тады раптам падняў нагу, пабруіў на чарцяжы і выйшаў, не сказаўшы ні слова.
Паміж насельнікамі фермы зазначыўся глыбокі падзел у пытанні аб ветраку. Сняжок не адмаўляў, што
пабудаваць яго — справа няпростая. Трэба будзе нанесці камення і змураваць сцены, тады зрабіць крылы, a пасля гэтага спатрэбіцца генератар і правады. (Як усё гэта дастаць, Сняжок не казаў.) Але ён сцвярджаў, што ўсё гэта можна зрабіць за год. Затое пасля, абяцаў ён, будзе заашчаджана столькі працы, што жывёлам трэба будзе працаваць толькі тры дні на тыдзень. Напалеон, са свайго боку, падкрэсліваў, што вялікай неабходнасцю бягучага моманту з’яўляецца павышэнне вытворчасці харчоў і што калі яны будуць марнаваць час на пабудову ветрака, то яны ўсе памруць з голаду. Жывёлы падзяліліся на дзве фракцыі: адна пад лозунгам «За Сняжка і трохдзённы тыдзень», а другая — «За Напалеона і поўнае карыта». Бэнджамін быў адзіны, хто не далучыўся да ніводнай фракцыі. Ен не верыў ні ў тое, што пабольшае ежы ў карыце, ні ў тое, што вятрак заашчадзіць працу. Будзе вятрак або не будзе, казаў ён, жыццё ўсё адно будзе такое, якое было дагэтуль — гэта значыць кепскае. •
Побач са спрэчкамі вакол ветрака гарачым было і пытанне абароны фермы. Было цалкам верагодна, што, хоць чалавечыя стварэнні і былі разбітыя ў Бітве пры Хляве, яны маглі зрабіць яшчэ адну, больш рашучую спробу адваяваць ферму і аднавіць панаванне містэра Джоўнза. Яны тым болей мелі на гэта падставы, што навіна пра іх паражэнне разышлася па наваколлі і жывёлы на суседніх фермах зрабіліся натурлівыя, як ніколі раней. Як звычайна, Сняжок і Напалеон не пагаджаліся між сабою. Паводле Напалеона, што жывёлы мусілі зрабіць, дык гэта здабыць пальную зброю і практыкавацца ў яе ўжыванні. Паводле Сняжка, яны мусілі высылаць штораз болей галубоў, каб раздзьмуць паўстанне сярод жывёлаў на іншых фермах. Адзін сцвярджаў, што калі яны не навучацца бараніцца, дык непазбежна будуць заваяваныя, другі сцвярджаў, што калі паўстанні адбудуцца паўсюль, ім не будзе патрэбы
бараніцца. Жывёлы слухалі спачатку Напалеона, пасля Сняжка і не маглі зразумець, хто з іх мае рацыю; і сапраўды, яны заўсёды пагаджаліся з тым, хто якраз у гэты момант прамаўляў.
Нарэшце настаў дзень, калі Сняжковы чарцяжы былі гатовыя. На Сходзе, што меўся адбыцца наступнай нядзеляй, пытанне пра пабудову ветрака выносілася на галасаванне. Калі жывёлы сабраліся ў вялікім гумне, Сняжок устаў і, хоць яго часам перапыняла бляянне авечак, выклаў свае аргументы за пабудову ветрака. Тады Напалеон падняўся для адказу. Ён вельмі спакойна сказаў, што вятрак — гэта бязглуздзіца і што ён нікому не раіць галасаваць за яго, і тут жа зноў сеў; гаварыў ён усяго нейкіх трыццаць секунд і, здавалася, не зважаў, ці зрабілі яго словы хоць найменшае ўражанне на прысутных. У адказ на гэта Сняжок ускочыў на ногі і, прыкрыкнуўшы на авечак, якія зноў пачалі бляяць, выступіў з палымяным заклікам на карысць ветрака. Дагэтуль жывёлы былі амаль пароўну падзелены ў сваіх прыхільнасцях, але праз хвіліну Сняжок захапіў іх сваім красамоўствам. Красамоўнымі фразамі ён распісаў карціну жыцця на Ферме Жывёлаў, якім яно магло б быць, калі б цяжар непасільнай працы быў зняты з іх спін. Цяпер яго ўяўленне лунала значна вышэй за сячкарні і электрадаілкі. Электрычнасць, казаў ён, зможа прывесці ў рух малатарні, плугі, бароны, касілкі, жнейкі, снопавязалкі і, апроч таго, забяспечыць кожнае стойла электрычным святлом, халоднай і гарачай вадою і электрычным ацяпленнем. Калі ён скончыў прамову, ніхто ўжо не сумняваўся ў тым, у які бок пойдзе галасаванне. Але якраз у гэты момант Напалеон устаў і, неяк дзіўна паглядзеўшы скоса на Сняжка, пранізліва завішчаў, так, як ніхто яшчэ ніколі не чуў.
У адказ на гэта пачуўся страшны брэх знадворку, і дзевяць вялізных сабакаў з абабітымі бляхай ашыйні-
камі ўварваліся ў гумно. Яны кінуліся проста на Сняжка, які адно што паспеў адскочыць убок і ўхіліцца ад іх вострых зубоў. Праз момант ён быў ужо за дзвярыма, і сабакі беглі за ім. Знямеўшы ад страху і здзіўлення, усе жывёлы выйшлі паглядзець на пагоню. Сняжок бег праз доўгі выган у бок гасцінца. Ен бег, як толькі можа бегчы свіння, але сабакі былі ўжо ў яго на пятах. Раптам ён паслізнуўся, і здалося, што зараз яны схопяць яго. Але ён падхапіўся і пабег яшчэ хутчэй, аднак сабакі зноў амаль яго дагналі. Адзін з іх ужо блізка не схапіў зубамі Сняжкоў хвост, але Сняжок паспеў вырвацца. Тады ён дадаў яшчэ крыху спрыту і, пад самым носам у сабакі, шуснуў праз дзірку ў жываплоце, і больш яго ніхто ўжо не бачыў.
Маўклівыя і напалоханыя, жывёлы забраліся назад у гумно. Праз хвіліну вярнуліся сабакі. Спачатку ніхто не мог даўмецца, адкуль узяліся гэтыя стварэнні, але хутка знайшлася разгадка: гэта былі тыя самыя шчаняты, якіх Напалеон забраў ад матак і гадаваў асобна. Хоць яшчэ і маладыя, гэта былі ўжо вялізныя сабакі, якія злавесным выглядам нагадвалі ваўкоў. Яны трымаліся каля Напалеона. Было заўважана, што яны вілялі хвастамі яму гэтаксама, як некалі іншыя сабакі вілялі містэру Джоўнзу.
Напалеон, за якім ішлі сабакі, узышоў на прыўзнятую пляцоўку, дзе некалі стаяў Маёр, каб выступіць з прамовай. Ен абвясціў, што ад гэтага часу нядзельныя ранішнія Сходы адмяняюцца. Яны непатрэбныя, сказаў ён, і толькі забіраюць час. У далейшым усе пытанні жыццядзейнасці фермы будуць вырашацца адмысловым свіным камітэтам з ім самім на чале. Яны будуць збірацца за зачыненымі дзвярыма і пасля будуць паведамляць іншым пра свае пастановы. Жывёлы будуць паранейшаму збірацца кожную нядзелю раніцай, каб прывітаць сцяг, праспяваць «Звяры Брытаніі» і атрымаць загады на тыдзень; але ніякіх спрэчак і абмеркаванняў больш не будзе.
Нягледзячы на ўзрушэнне, выкліканае выгнаннем Сняжка, жывёлы былі збянтэжаныя гэтым паведамленнем. Некаторыя з іх нават і запярэчылі б, калі б знайшлі неабходныя аргументы. Нават Баксёр быў нямала ўсхваляваны. Ен падціснуў вушы, колькі разоў трасянуў грывай і паспрабаваў спарадкаваць свае думкі; але ўрэшце ён так і не знайшоў што сказаць. Некаторыя свінні, аднак, выразней выявілі сваю пазіцыю. Чатыры маладыя парсюкі, што сядзелі наперадзе, незадаволена завішчалі і ўсе чацвёра ўскочылі на ногі і пачалі гаварыць усе разам. Але раптам сабакі, што сядзелі вакол Напалеона, пагрозліва загыркалі, і свінні змоўклі і селі на свае месцы. Тады авечкі забляялі сваё жахлівае «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна», бляянне цягнулася амаль чвэрць гадзіны і паклала канец усяму абмеркаванню.
Пасля гэтага Віскун быў упаўнаважаны прайсціся па ўсёй ферме і растлумачыць усім астатнім новы парадак.
— Таварышы,— казаў ён,-— я спадзяюся, што кожны з вас цэніць ахвярнасць таварыша Напалеона, які ўзяў на сябе гэты дадатковы цяжар. He думайце, таварышы, што быць правадыром — гэта нешта прыемнае! Наадварот, гэта вялікая і цяжкая адказнасць. Ніхто не верыць так глыбока, як таварыш Напалеон, што ўсе жывёлы роўныя. Ён быў бы толькі шчаслівы даць вам магчымасць вырашаць самім за сябе. Але ж часам вы маглі б прымаць няправільныя рашэнні, таварышы, і што б тады было? Уявіце, што вы маглі б вырашыць падтрымаць Сняжка з ягонымі бязглуздымі ветракамі — Сняжка, які, як мы цяпер ведаем, быў проста крымінальнікам.
— Ен мужна змагаўся ў Бітве пры Хляве,— сказаў нехта.
— Адной мужнасці мала,— сказаў Віскун.— Адданасць і паслухмянасць значна важнейшыя. А што да
Бітвы пры Хляве, дык я думаю, прыйдзе час, калі выявіцца, што роля Сняжка ў ёй была значна перабольшаная. Дысцыпліна, таварышы, жалезная дысцыпліна! Вось лозунг сённяшняга дня. Адзін памылковы крок, і вораг будзе тут. Бо праўда, таварышы, вы ж не хочаце, каб вярнуўся Джоўнз?
Зноў жа гэты аргумент быў неаспрэчны. Вядома ж, жывёлы не хацелі, каб вярнуўся Джоўнз; калі правядзенне спрэчак нядзельнымі раніцамі магло б спрычыніцца да яго вяртання, гэтыя спрэчкі варта было спыніць. Баксёр, які цяпер паспеў ужо сёе-тое абдумаць, выказаў агульны настрой, сказаўшы: «Калі гэтак кажа таварыш Напалеон, значыць, гэта праўда». I з таго часу ён узяў сабе за прымаўку «Напалеон заўсёды кажа праўду» ў дадатак да свайго асабістага дэвізу «Я буду працаваць яшчэ старанней».
Тым часам надвор’е перамянілася 1 пачалося вясновае ворыва. Паветка, у якой Сняжок маляваў свае чарцяжы, была замкнёная, і лічылася, што гэтыя чарцяжы былі сцертыя з падлогі. Кожную нядзелю раніцай а дзесятай гадзіне жывёлы збіраліся ў вялікім гумне, каб атрымаць загады на тыдзень. Чэрап старога Маёра, цяпер ужо зусім голы, выкапалі з магілы ў садзе і прычапілі на калку каля флагштока, побач са стрэльбай. Пасля ўзняцця сцяга жывёлы мусілі ўрачыстым шыхтам прайсціся міма чэрапа, перш чым увайсці ў гумно. Цяпер яны ўжо не сядзелі ўсе разам, як некалі раней. Напалеон з Віскуном і яшчэ адным парсюком, якога звалі Малятка і які меў незвычайны талент складаць песні і паэмы, сядзелі наперадзе на прыўзнятай пляцоўцы, вакол іх паўколам сядзела дзевяць маладых сабак, а іншыя свінні сядзелі ззаду. Астатнія жывёлы сядзелі насупраць іх у сярэдзіне гумна. Напалеон чытаў загады на тыдзень, складзеныя ў грубым вайсковым стылі, і пасля аднаразовага адспявання «Звяроў Брытаніі» ўсе жывёлы разыходзіліся.