Ферма | 1984  Джордж Оруэл

Ферма | 1984

Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
77.09 МБ
Трэцяе нядзелі пасля выгнання Сняжка жывёлы з немалым здзіўленнем пачулі паведамленне Напалеона, што вятрак усё ж будзе пабудаваны. Ен не падаў ніякіх прычынаў гэткай змены сваіх намераў, а проста папярэдзіў жывёлаў, што гэтае дадатковае заданне будзе вымагаць вельмі цяжкае працы; магчыма нават, што давядзецца скараціць харчовыя нормы. Усе праекты былі ўжо падрыхтаваныя да апошняй драбніцы. Адмысловы свіны камітэт працаваў над імі на працягу трох тыдняў. Прадугледжвалася, што пабудова ветрака, разам з іншымі перадавымі пераменамі, зойме два гады.
Гэтым вечарам Віскун тлумачыў прыватна іншым жывёлам, што Напалеон у сапраўднасці ніколі не быў супраць ветрака. Наадварот, якраз ён бараніў гэтую ідэю з самага пачатку, а чарцёж, які Сняжок намаляваў на падлозе ў інкубатары, быў выкрадзены з Напалеонавых папер. Такім чынам, вятрак быў вынаходкай самога Напалеона. Чаму ж тады, спытаўся нехта, ён так зацята выступаў супраць яго? На гэта Віскун з аблуднай усмешкай адказаў, што гэта была наўмысная хітрасць таварыша Напалеона. Ен рабіў выгляд, што выступае супраць ветрака, хочучы проста пазбавіцца ад Сняжка, які быў небяспечны элемент і дрэнна ўплываў на астатніх. Цяпер, калі Сняжок прыбраны з дарогі, гэты праект можна было смела ажыццяўляць, не баючыся ягоных падкопаў. Гэта, сказаў Віскун, называецца тактыкай. Ен паўтарыў некалькі разоў: «Тактыка, таварышы, тактыка!», скачучы навокал, круцячы хвастом і весела смеючыся. Жывёлы не ведалі дакладна, што значыць гэтае слова, але Віскун гаварыў так пераканаўча, а тры сабакі, што выпадкова апынуліся пры ім, вурчэлі так пагрозліва, што яны пагадзіліся з яго тлумачэннямі без лішніх пытанняў.
VI
Увесь гэты год жывёлы працавалі, як рабы. Але яны былі шчаслівыя; яны не шкадавалі сілы і ахвотна ішлі на ахвяры, бо добра ведалі, што ўсё, што яны рабілі, было для іх саміх і для тых пакаленняў, якія прыйдуць пасля іх, а не для жменькі лайдакоў і зладзеяў, што ходзяць на дзвюх нагах.
Усю вясну і лета яны працавалі шэсцьдзесят гадзін на тыдзень, а ў жніўні Напалеон паведаміў, што яны будуць працаваць таксама і ў нядзелі пасля абеду. Праца гэтая была строга добраахвотная, але любая жывёліна, што самачынна адхілялася ад працы, пазбаўлялася паловы сваёй харчовай нормы. I нават пры гэткіх умовах ад некаторых работ давялося адмовіцца. Ураджай быў крыху горшы, чым летась, і два палеткі, якія планавалі засеяць караняплодамі на пачатку лета, засталіся незасеяныя, бо іх спазніліся ўзараць. Можна было прадбачыць, што ферму чакала цяжкая зіма.
Вятрак дадаваў штораз новых нечаканых цяжкасцяў. На ферме былі добрыя паклады вапняку, а ў адной баковачцы знайшлося шмат пяску і цэменту, так што ўсе будаўнічыя матэрыялы былі пад рукою. Але праблемаю, якую спачатку жывёлы ніяк не маглі вырашыць, было, як разбіць камяні на кавалкі патрэбных памераў. Здавалася, што гэта нельга было зрабіць інакш, як з дапамогаю кіркі і лома, якімі ніводная жывёла не магла карыстацца, бо ніводная жывёла не магла стаяць на задніх нагах. Толькі пасля некалькіх тыдняў марных намаганняў некаму прыйшла ў галаву разумная думка — выкарыстаць сілу прыцягнення. Вялізныя валуны, занадта вялікія, каб іх можна было ўжыць, параскладалі на дне кар’ера. Жывёлы абвязвалі іх вяроўкамі, і тады ўсе разам, каровы, коні, авечкі — усе, хто мог учапіцца за вяроўку, у крытычныя моманты да іх далучаліся нават свінні — цягнулі ўгору з безнадзейнай павольна-
сцю да самага краю кар’ера, адтуль іх спіхалі, і яны разбіваліся ўнізе на кавалкі. Перавозіць бітае каменне было параўнаўча лёгка. Коні цягнулі яго на вазах, авечкі валаклі асобныя кавалкі, нават Мюрыэль і Бэнджамін упрэгліся ў лёгкую двухколку і везлі сваю долю. Пад канец лета сабралася дастатковая колькасць камення, і тады пад наглядам свінняў пачалося будаўніцтва.
Гэта была марудная і цяжкая праца. Часта бывала, што цэлы дзень ішоў на тое, каб нязмернымі намаганнямі зацягнуць адзіны валун на край кар’ера, і часам, калі яго спіхвалі ўніз, ён не разбіваўся. Нічога нельга было б зрабіць, калі б не Баксёр, чыя сіла, здавалася, была роўная сіле ўсіх астатніх жывёлаў разам узятых. Калі валун слізгаў уніз і жывёлы, якіх цягнула за ім з гары, пачыналі крычаць ад роспачы, Баксёр заўсёды напружваўся і спыняў валун. Нельга было глядзець без захаплення, як ён, з цяжкасцю адольваючы кожную цалю, узыходзіў на гару, як дыханне яго пачашчалася, як ён чапляўся за зямлю вострымі краямі падкоў, як ягоныя бакі макрэлі ад поту. Канюшынка часам папярэджвала яго, каб ён бярогся і не перасільваўся, але Баксёр ніколі яе не слухаў. Два ягоныя дэвізы «Я буду працаваць яшчэ старанней» і «Напалеон заўсёды кажа праўду» здаваліся яму вычарпальным адказам на ўсе пытанні. Ен дамовіўся з пеўнікам, каб той будзіў яго раніцай не на паўгадзіны, а на тры чвэрці гадзіны раней. А ў свае вольныя хвіліны, якіх цяпер ужо выпадала небагата, ён звычайна ішоў адзін да кар’ера, набіраў бітага камення і без чужой дапамогі цягнуў яго да месца, дзе меўся стаяць вятрак.
Усё гэтае лета жывёлы былі няблага забяспечаныя, нягледзячы на цяжкую працу. Калі ў іх было і не болей ежы, чым у часы Джоўнза, дык, прынамсі, і не меней. Перавага ў тым, што яны кармілі цяпер толькі саміх сябе, а не мусілі ўтрымліваць яшчэ пяць марнатраў-
ных чалавечых істотаў, была такая вялікая, што кампенсавала шматлікія нягоды. Да таго ж, шмат у чым метады працы жывёлаў былі больш эканомныя і эфектыўныя. Такая праца, як, напрыклад, праполка, магла быць зроблена з стараннасцю, недасяжнай для чалавека. Зноў жа, як ніхто з жывёлаў цяпер не краў, дык не было патрэбы аддзяляць выган ад ворнай зямлі, што ашчаджала шмат працы на ўтрыманне агароджаў і веснічак. Тым не меней з набліжэннем восені пачала адчувацца непрадбачаная нястача розных неабходных рэчаў. Былі вельмі патрэбныя газа, цвікі, вяроўкі, сухары сабакам і жалеза на падковы — і ўсё гэта не выраблялася на ферме. Пазней павінны былі спатрэбіцца таксама насенне і штучныя ўгнаенні, розныя інструменты і, нарэшце, абсталяванне для ветрака. Дзе гэта ўсё ўзяць, ніхто не мог сабе ўявіць.
Аднойчы ў нядзелю раніцай, калі жывёлы сабраліся, каб атрымаць загады, Напалеон паведаміў, што ён вырашыў перайсці да новай палітыкі. 3 гэтага часу Ферма Жывёлаў мелася наладзіць гандаль з суседнімі фермамі: вядома ж, не дзеля камерцыйных мэтаў, а проста каб набыць некаторыя матэрыялы, якія былі пільна неабходныя. Патрэбы ветрака маюць стаяць вышэй за ўсё, сказаў ён. I таму ён вёў перамовы аб продажы стога сена і часткі сёлетняга ўраджаю збожжа, а пасля, калі спатрэбіцца больш грошай, іх можна будзе зарабіць, прадаючы яйкі, на якія ў Уілінгдоне заўсёды быў попыт. Куры, сказаў Напалеон, мусяць з радасцю пайсці на гэтую ахвяру, бо гэта будзе іх адмысловы ўклад у пабудову ветрака.
I зноў жывёлы былі збянтэжаныя. Ніколі не мець ніякіх зносін з чалавечымі стварэннямі, ніколі не займацца гандлем, ніколі не ўжываць грошы — ці не былі гэта адныя з першых пастановаў, прынятых на першым урачыстым Сходзе пасля выгнання Джоўнза? Усе жывёлы памяталі, як прымаліся гэтыя пастановы, ці, пры-
намсі, ім здавалася, што яны памятаюць. Чатыры маладыя парсюкі, якія пратэставалі, калі Напалеон адмяніў Сходы, нясмела запярэчылі, але, пачуўшы пагрозлівае гырканне сабакаў, адразу змоўклі. Тады, як звычайна, авечкі завялі сваё «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна», і хвілінная збянтэжанасць была загладжана. Нарэшце Напалеон падняў нагу, запатрабаваўшы цішыні, і паведаміў, што ён ужо пра ўсё дамовіўся. Жывёлам не трэба будзе самім уваходзіць у кантакт з чалавечымі істотамі, што было б вельмі непажадана. Ен вырашыў узяць увесь гэты цяжар на свае плечы. Нехта містэр Уімпэр, юрыст з Уілінгдона, згадзіўся быць пасярэднікам паміж Фермай Жывёлаў і знешнім светам і будзе заходзіць на ферму кожны панядзелак раніцай, каб атрымаць інструкцыі. Напалеон скончыў сваю прамову сваім звычайным воклічам: «Хай жыве Ферма Жывёлаў!», і, пасля праспявання «Звяроў Брытаніі», жывёлы былі распушчаныя.
Пасля гэтага Віскун абышоў ферму і супакоіў яе жыхароў. Ён запэўніў іх, што пастанова супраць вядзення гандлю і ўжывання грошай ніколі не была прынятая і нават не прапаноўвалася. Гэта ўсё была чыстая фантазія, карані якой трэба шукаць у хлусні, што ішла ад Сняжка. Некаторыя жывёлы ўсё ж крыху сумняваліся, але Віскун дасціпна спытаўся ў іх: «Ці вы пэўныя, што не прыснілі ўсё гэта, таварышы? Можа, у вас тыя пастановы запісаныя на паперы? Ці яны ўвогуле калі-небудзь запісваліся?» I як сапраўды было чыстаю праўдай, што нічога падобнага ў пісьмовай форме не існавала, дык жывёлы пагадзіліся, што гэта была памылка.
Кожнага панядзелка містэр Уімпэр наведваў ферму, як было дамоўлена. Гэта быў хітраваты чалавечак з бакенбардамі, не надта вялікі дзялок, але дастаткова кемлівы, каб зразумець раней за іншых, што Ферме Жывёлаў спатрэбіцца пасярэднік і што камісійныя
працэнты будуць вартыя клопату. Жывёлы глядзелі са страхам, як ён прыходзіць і адыходзіць, і як мага пазбягалі яго. Разам з тым, бачачы, як Напалеон, стоячы на чатырох нагах, аддае загады Уімпэру, што стаяў на дзвюх, яны напаўняліся гонарам і часткова пагаджаліся з новым парадкам. Іх дачыненні з чалавечым родам цяпер не былі ўжо тыя самыя, што раней. Цяпер, калі Ферма Жывёлаў квітнела, чалавечыя істоты не пераставалі яе ненавідзець, яны ненавідзелі яе яшчэ больш чым калі. Кожны з людзей свята верыў у тое, што ферма раней ці пазней збанкрутуе і што, перадусім, пабудова ветрака скончыцца поўным крахам. Яны зазвычай сустракаліся ў корчмах і браліся даводзіць адзін аднаму з дапамогай схемаў і чарцяжоў, што вятрак абавязкова мусіць заваліцца або што калі ён і будзе стаяць, дык ніколі не будзе працаваць. I ўсё ж, міжволі, яны прасякліся павагай да ўмельства, з якім жывёлы вялі свае справы. Адным з паказчыкаў гэтага было тое, што яны пачалі называць Ферму Жывёлаў яе сапраўдным імем і болей ужо не настойвалі на тым, што яна завецца Ферма Мэнар. Яны таксама кінулі бараніць Джоўнза, які ўжо не спадзяваўся вярнуць сабе ферму і пераехаў жыць у другі канец краіны. Калі не лічыць Уімпэра, ніякіх кантактаў паміж Фермай Жывёлаў і знешнім светам пакуль што не было, але ўвесь час хадзілі чуткі, што Напалеон збіраецца заключыць дзелавое пагадненне або з містэрам Пілкінгтанам з Фоксвуда, або з містэрам Фрэдэрыкам з Шнчфілда — але ні ў якім разе, як было заўважана, з абодвума адначасова.