Ферма | 1984  Джордж Оруэл

Ферма | 1984

Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
77.09 МБ
Напачатку жывёлы не маглі паверыць свайму шчасцю. Першае, што яны зрабілі — усім гуртам абабеглі наўзгалоп ферму ўздоўж агароджы, нібы хацелі ўпэўніцца, што ніводная чалавечая істота не схавалася там; пасля яны кінуліся да гаспадарчых будынкаў, каб зацерці апошнія сляды ненавіснага панавання Джоўнза.
Яны выламалі дзверы ў рымарні ў канцы стайні; цуглі, наздравыя колцы, сабачыя ланцугі, страшныя нажы, якімі містэр Джоўнз пакладаў кныроў і бараноў,— усё гэта было патоплена ў студні. Лейцы, аброці, шоры, ганебныя аброчныя торбы былі ўкінуты ў вогнішча, што гарэла ў двары. Туды паляцелі і пугі. Усе жывёлы заскакалі ад радасці, убачыўшы, як пугі заняліся полымем. Сняжок кінуў у вогнішча і стужкі, якімі ў кірмашовыя дні звычайна ўпрыгожвалі конскія грывы і хвасты.
— Стужкі,— сказаў ён,— павінны разглядацца як адзенне, якое ёсць адзнакаю чалавечае істоты. Усе жывёлы павінны хадзіць голыя.
Пачуўшы гэта, Баксёр прынёс маленькі саламяны капялюш, які надзяваў улетку, каб схаваць вушы ад мух, і кінуў яго да кучы ў вогнішча.
За кароткі час жывёлы знішчылі ўсё, што нагадвала ім пра містэра Джоўнза. Тады Напалеон завёў іх у свіран і выдаў кожнаму падвойную норму збожжа і па два сухары сабакам. Пасля гэтага яны сем разоў запар праспявалі ад пачатку да канца «Звяры Брытаніі» і тады паклаліся спаць. Гэтую ноч яны спалі так, як не спалі яшчэ ніколі ў жыцці.
Прачнуліся яны, як звычайна, на світанні і, раптам прыгадаўшы вялікую падзею, што адбылася напярэдадні, выбеглі ўсе разам на выган. Трохі далей на выгане ўзвышаўся невялікі пагорак, з якога было відаць амаль усю ферму. Жывёлы забраліся на вяршыню пагорка і азірнуліся навокал у ясным ранішнім ззянні. Так, гэта належала ім — усё, што яны бачылі навокал, належала ім! У захапленні ад гэтай думкі яны радасна кружыліся на месцы і падскоквалі ўгару ад шчасця. Яны качаліся ў pace, набіралі поўныя раты салодкай летняй травы, выварочвалі нагамі камякі чорнай зямлі і нюхалі яе шчодры пах. Тады яны абышлі ўсю ферму і агледзелі ў ціхім захапленні раллю, сенажаць, сад, стаў, гаёк. Яны
нібыта і не бачылі ўсяго гэтага раней, і нават цяпер ім было цяжка паверыць, што гэта ўсё іхняе.
Пасля яны вярнуліся да будынкаў і моўчкі спыніліся перад уваходам у сядзібу. Яна таксама належала ім, але яны баяліся ўвайсці. Праз хвіліну, аднак, Сняжок і Напалеон, налёгшы заплеччам, расчынілі дзверы, і жывёлы ўвайшлі нясмелаю чарадою, ступаючы з вялікаю асцярогай ад боязі што-небудзь парушыць. Яны пераходзілі на дыбачках з пакоя ў пакой, баючыся гаварыць гучней, чым шэптам, і з багавейным страхам разглядалі неверагодную раскошу, ложкі з пярынамі, люстэркі, KaHany, набітую конскім воласам, аксамітны дыван, літаграфію каралевы Вікторыі над камінам у гасцёўні. Яны якраз спускаліся па сходах, калі заўважылі, што згубілася Молі. Вярнуўшыся, яе знайшлі ў найлепшай спальні. Яна выцягнула з туалетнага століка місіс Джоўнз блакітную стужку і цяпер, прыклаўшы яе да пляча, выдурвалася перад люстэркам. Усе сурова яе паўшчувалі, і яны выйшлі на двор. Некалькі кумпякоў, што віселі на кухні, былі вынесеныя для ўрачыстага пахавання, а барылку з півам у каморы Баксёр прабіў капытом, больш яны ў доме ні да чога не дакрануліся. Адразу аднадушна пастанавілі, што сядзіба будзе захаваная ў якасці музея. Было вырашана, што ніхто з жывёлаў ніколі не будзе там жыць.
Жывёлы паснедалі, і тады Сняжок і Напалеон зноў склікалі іх разам.
— Таварышы,— сказаў Сняжок,— цяпер палова сёмай гадзіны, і наперадзе яшчэ доўгі дзень. Сёння мы пачынаем сенакос. Але ёсць у нас і яшчэ адна справа, якой мы найперш мусім аддаць увагу.
I свінні расказалі, што за апошнія тры месяцы яны навучыліся чытаць і пісаць з старога лемантара, які належаў дзецям містэра Джоўнза і які выкінулі на сметнік. Напалеон загадаў прынесці белай і чорнай фарбы і прывёў усіх да брамы, што выходзіла на гасцінец.
Тады Сняжок (бо якраз Сняжку лепей удавалася пісанне) заціснуў пэндзаль паміж косткамі капыта, замазаў на верхняй бэльцы брамы назву «Ферма Мэнар» і напісаў замест яе «Ферма Жывёлаў». Гэтак мелася з гэтага часу называцца ферма. Пасля гэтага яны вярнуліся да будынкаў, дзе Сняжок і Напалеон паслалі па драбіны, якія яны загадалі прыставіць да сцяны вялікага гумна. Яны растлумачылі, што ў выніку роздуму за апошнія тры месяцы свінні здолелі звесці прынцыпы Жывялізму да Сямі Запаведзяў. Гэтыя Сем Запаведзяў цяпер будуць запісаныя на сцяне, яны стануцца непарушным законам, паводле якога ўсе насельнікі Фермы Жывёлаў мусяць жыць ад гэтага дня і назаўсёды. 3 пэўнай цяжкасцю (бо свінні не надта зручна лазіць па драбінах) Сняжок залез угору і ўзяўся за працу, а колькі прыступак ніжэй стаяў Віскун і трымаў фарбу. Запаведзі былі напісаныя на прасмоленай сцяне вялікімі белымі літарамі, якія чыталіся з адлегласці трыццаць ярдаў. Гучалі Запаведзі так:
Сем Запаведзяў
1.	Усе, хто ходзіць на дзвюх нагах,— ворагі
2.	Усе, хто ходзіць на чатырох нагах або мае крылы,— сябры
3.	Ніводная жывёла не павінна насіць адзенне
4.	Ніводная жывёла не павінна спаць у ложку
5.	Ніводная жывёла не павінна піць гарэлку
6.	Ніводная жывёла не павінна забіваць іншых жывёлаў
7.	Усе жывёлы роўныя
Напісана было вельмі чыста, і калі не лічыць, што замест «ложку» было напісана «лошку» і адно «я» было павернута ў другі бок, усё было слушна і без памылак. Сняжок прачытаў напісанае ўголас, каб зразумелі астатнія. Усе жывёлы ўхвальна качалі галовамі, а разумнейшыя адразу пачалі завучваць Запаведзі на памяць.
— А цяпер, сябры,— закрычаў Сняжок, адкінуўшы
пэндзаль,— усе на сенажаць! Справай гонару будзе для нас сабраць сена хутчэй, чым гэта рабілі Джоўнз і яго людзі.
Але ў гэты момант тры каровы, якія ўжо нейкі час выглядалі неспакойнымі, пачалі ўтрапёна рыкаць. Іх ужо цэлыя суткі не даілі, і вымя ў іх разрывалася ад малака. Крыху падумаўшы, свінні загадалі прынесці вёдры і даволі ўдала падаілі кароў, бо капыты ў іх былі добра прыстасаваныя да гэтага. Неўзабаве пяць вёдраў напоўніліся тлустым шумлівым сырадоем, на які шмат хто з жывёлаў паглядаў з паважным зацікаўленнем.
— Што будзе далей з гэтым малаком? — спытаўся нехта.
— Джоўнз часам падліваў нам крыху малака ў корм,— сказала адна курыца.
— He хвалюйцеся за малако, таварышы! — закрычаў Напалеон, стаўшы перад вёдрамі.— Мы разгледзім гэтае пытанне. Нам важней цяпер бітва за ўраджай. Зараз вы пойдзеце за таварышам Сняжком. Я прыйду праз некалькі хвілін. Наперад, таварышы! Сенажаць чакае.
I ўсе пацягнуліся гуртам на сенажаць пачынаць касьбу, а калі ўвечары яны вярнуліся, нехта заўважыў, што малако знікла.
III
Колькі яны намучыліся і папацелі на сенакосе! Але высілкі іхнія не былі марныя, бо сека накасілі нават болын, чым спадзяваліся.
Часам праца давалася цяжка; прылады былі разлічаны на людзей, а не на жывёлу, і вялізнаю перашкодай было тое, што ніводная жывёліна не магла карыстацца прыладамі, якія вымагалі стаяння на задніх нагах. Але свінні былі такія разумныя, што маглі знайсці выйсце з любога цяжкага становішча. Што да коней, яны ведалі на полі кожны каменьчык і на самай
справе разбіраліся ў тым, як касіць і грэбці сена, значна лепей за Джоўнза і яго людзей. Свінні фактычна не працавалі, але кіравалі і наглядалі за іншымі. Пры іх вышэйшым розуме было натуральна, што яны возьмуць на сябе кіраўніцтва. Баксёру і Канюшынцы самім даводзілася ўпрагацца ў касілку або конныя граблі (ні цуглі, ні лейцы цяпер, вядома ж, былі не патрэбныя) і заўзята хадзіць сюды і туды па полі, а за імі хадзілі свінні і гукалі: «Но, пайшоў, таварыш!» або «Тпру, назад, таварыш!», у залежнасці ад патрэбы. I ўсе жывёлы, нават самыя маленькія, пераварочвалі сена і збіралі яго. Нават качкі і куры сноўдалі цэлы дзень сюдытуды на сонцы, носячы ў дзюбах маленькія жмуточкі сена. Урэшце яны скончылі сенакос, затраціўшы на яго на два дні меней, чым на гэта ішло часу ў Джоўнза і ягоных людзей. Да таго ж, гэта быў найлепшы ўраджай сена за ўсю гісторыю фермы. Стратаў не было зусім; куры і качкі з іх пільнымі вочкамі падабралі ўсё да апошняй былінкі. I ніводная жывёліна на ферме не ўкрала ні каліва сена.
Усё лета праца на ферме ішла як добра наладжаны механізм. Жывёлы ніколі сабе не ўяўлялі, што яны могуць быць такія шчаслівыя. Кожны кавалак ежы выклікаў у іх незвычайную радасць, бо цяпер гэта была сапраўды іх ежа, здабытая імі самімі і дзеля іх саміх, a не мізэрныя порцыі, выдзеленыя скупым гаспадаром. Цяпер, калі не было болей гэтых нікому не патрэбных паразітаў — людзей, кожнаму прыпадала болей ежы. Болей было цяпер і вольнага часу, хоць жывёлы і не мелі ніякага досведу ў тым, як яго бавіць. Яны сутыкаліся з рознымі цяжкасцямі — напрыклад, праз нейкі час, калі яны збіралі збожжа, ім прыйшлося малаціць яго на стары лад і выдзімаць з яго мякіну, бо на ферме не было малатарні — але свінні з сваім розумам і Баксёр з сваёй неверагоднаю сілай заўсёды іх ратавалі. Баксёрам захапляліся ўсе. Ён быў добры работнік яшчэ за часамі
Джоўнза, але цяпер ён быў нібы тры кані, а не адзін; былі дні, калі здавалася, што ўся праца на ферме клалася на яго магутныя плечы. 3 раніцы да ночы ён штурхаў і цягнуў, і заўсёды быў там, дзе найцяжэй. Ен дамовіўся з адным пеўнікам, каб той будзіў яго раніцай на паўгадзіны раней ад усіх астатніх, і сам браўся за якую-небудзь працу — такую, якая здавалася яму найбольш неабходнай,— перш чым пачынаўся звычайны працоўны дзень. Ягоным адказам на кожную перашкоду, на кожную няўдачу было: «Я буду працаваць яшчэ старанней!» — ён узяў гэтыя словы сабе за дэвіз.
Але кожны працаваў адпаведна сваім магчымасцям. Куры і качкі, напрыклад, уратавалі пяць бушаляў збожжа пад час жніва, старанна падбіраючы зярняткі. Ніхто не краў, ніхто не скардзіўся за порцыі. Сваркі, бойкі і зайздрасць, такія звычайныя штодзённыя з’явы колішніх часоў, цяпер амаль зусім зніклі. Ніхто не ўхіляўся ад працы — ці амаль ніхто. Молі, што праўда, не надта ахвотна паднімалася раніцаю і мела звычку ісці з працы раней, апраўдваючыся тым, што ёй у капыт забіўся камень. Дзіўныя былі і паводзіны ката. Неўзабаве ўсе заўважылі: як толькі трэба нешта рабіць, ката ніколі нельга знайсці. Ен знікаў на цэлыя гадзіны, тады раптам з’яўляўся, калі трэба было есці, або ўвечары, калі праца была ўжо скончаная, з выглядам, быццам так і трэба. Але ён заўсёды знаходзіў такія цудоўныя прабачэнні і муркаў так прыязна, што было проста немагчыма не паверыць у яго добрыя намеры. Стары асёл Бэнджамін, як здавалася, пасля Паўстання зусім не змяніўся. Ен працаваў з той самай маруднай упартасцю, як і за часы Джоўнза, ніколі не ўхіляючыся, але і не беручы ніколі добраахвотна дадатковае працы. Пра Паўстанне і яго вынікі ён звычайна не выказваў ніякіх думак. Калі ў яго пыталіся, ці шчаслівейшы ён цяпер, пасля выгнання Джоўнза, ён звычайна адказваў: «Аслы жывуць доўга. Ніхто з вас яшчэ ніколі не бачыў