Ферма | 1984
Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
і Парыжскую Камуну. Калі ж узяць слова Камінтэрн, дык яно хутчэй нагадае нам пра цесна згуртаваную арганізацыю і выразна акрэсленыя ідэалагічныя прынцыпы. За ім стаіць штосьці гэткае ж звычайнае і сцісла мэтазгоднае, як крэсла або стол. Слова Камінтэрн можна вымавіць амаль не задумваючыся, тым часам як Камуністычны Інтэрнацыянал — гэта ўжо цэлае словаспалучэнне, над якім хочаш ці не, але затрымаешся хоць на хвілінку. Гэтак жа сама асацыяцыі, выкліканыя словам Мінпраў, меншыя колькасцю і больш падаюцца кантролю, чым асацыяцыі, выкліканыя спалучэннем Міністэрсгва Праўды. Гэтым тлумачылася не толькі схільнасць скарачаць словы там, дзе толькі магчыма, але і залішняе дбанне аб тым, каб кожнае слова лёгка вымаўлялася.
У навамоўі зручнасць вымаўлення пераважала над усімі іншымі характарыстыкамі слова, апроч дакладнасці значэння. Дзеля яе, там, дзе гэта было неабходна, заўсёды ахвяравалі рэгулярнасцю граматыкі. I ў гэтым была свая рацыя, бо дзеля палітычных меркаванняў якраз і патрабаваліся кароткія ўрывістыя словы з беспамылкова зразумелым значэннем, якія вымаўляліся хутка і выклікалі ў галаве ў прамоўцы як найменей асацыяцый. Словы са слоўніка В нават яшчэ і выйгравалі ад таго, што амаль усе яны былі падобныя між сабою. Амаль заўсёды гэтыя словы — дабрадум, Мінмір, пролхарч, ползлачын, радлаг, Ангсоц, нутромчуць, думпол і незлічоныя іншыя — былі двухабо трохскладовымі словамі з націскам, аднастайна размеркаваным на ўсіх складах. Ужыванне такіх слоў рабіла гаворку траскатлівай, адначасова ўрывістай і аднастайнай. А гэта было якраз тое, што патрабавалася. Мэтаю было зрабіць маўленне, асабліва калі гаворка ішла на тэмы ідэалагічнага характару, як мага больш незалежным ад свядомасці. Дзеля патрэб штодзённага
жыцця без сумнення было неабходна, хоць бы час ад часу, падумаць, перш чым сказаць, але калі члену Партыі даецца слова, каб выказаць палітычныя або этычныя меркаванні, правільныя думкі і ацэнкі павінны аўтаматычна вылятаць у яго з вуснаў, як кулі з аўтамата. Гэта дасягалася старанным вышкаленнем, мова давала надзейны і просты інструмент, а структура слоў, іх рэзкаватае гучанне і нават пэўная наўмысная нязграбнасць — адпаведна духу Ангсоцу, яшчэ болей аблягчала справу.
Аблягчала справу і сціслая абмежаванасць выбару слоў. У параўнанні з цяперашняй мовай, навамоўе мела вельмі ўбогі слоўнік, а новыя спосабы яго скарачэння ўвесь час распрацоўваліся. I сапраўды, у адрозненне ад усіх іншых моў, колькасць слоў у навамоўі замест таго, каб расці з кожным годам, усё болей і болей памяншалася. Кожная страта была дасягненнем, бо чым меншы выбар, тым меншая спакуса разважаць. Канчатковай мэтай было зрабіць так, каб словы ішлі непасрэдна з глоткі, без ніякага ўдзелу вышэйшых мазгавых цэнтраў. Мэта гэтая адкрыта выказвалася ў навамоўным слове качакрак, якое значыла «кракаць як качка». Як шматлікія іншыя словы слоўніка В, качакрак мела два адрозныя значэнні. Калі толькі думкі, выкраканыя прамоўцам, былі ідэалагічна слушныя, яно значыла пахвалу і калі «Таймз» называў аднаго з партыйных прамоўцаў звышплюсдобры качакракар, дык гэта значыла сардэчны і поўны павагі камплімент.
Слоўнік С. Слоўнік С меў дапаможны характар у дачыненні да двух папярэдніх і цалкам складаўся з навукова-тэхнічных тэрмінаў. Яны нагадвалі навуковыя тэрміны, што ўжываюцца сёння, і былі пабудаваныя з тых самых каранёў, але, як звычайна, сэнс
іх быў сцісла акрэслены і былі зліквідаваныя ўсе непажаданыя значэнні. Яны падпарадкоўваліся тым самым граматычным правілам, што і словы з двух папярэдніх слоўнікаў. Вельмі мала слоў слоўніка С ужываліся ў паўсядзённых гутарках або палітычных прамовах. Любы навуковец або тэхнічны спецыяліст мог знайсці ўсе патрэбныя яму словы ў адмысловым спісе, складзеным выключна для яго спецыяльнасці, і часцей за ўсё ён меў вельмі цьмянае ўяўленне пра словы, што ўваходзілі ў іншыя спісы. Толькі вельмі нязначная колькасць слоў была агульная для ўсіх спісаў, і не існавала ўвогуле слоў, якія б апісвалі функцыі навукі як складу розуму або метаду мыслення, незалежна ад нейкіх канкрэтных яе галін. He існавала нават і слова для паняцця «навука», а ўсе значэнні, якія магло заключаць у сабе гэтае паняцце, з дастатковай поўнасцю ахапляліся словам Ангсоц.
3 усяго выкладзенага вышэй можна ўбачыць, што выказаць на навамоўі нейкія нядобранадзейныя меркаванні было амаль што немагчыма. Вядома, можна было выказваць нават вельмі грубыя ерэтычныя думкі, нешта накшталт блюзнерства. Можна было б, напрыклад, сказаць: Вялікі Брат нядобры. Але гэтае сцверджанне, якое для добранадзейнага вуха гучала як відавочная бязглуздзіца, не магло быць падмацавана разумнымі аргументамі, бо адпаведных слоў проста не існавала. Варожыя Ангсоцу думкі маглі існаваць толькі ў няпэўнай, бясслоўнай форме і маглі быць выказаныя толькі вельмі агульнымі тэрмінамі, якія мяшалі ў кучу і асуджалі ўсе варожыя ідэі, пры гэтым нават іх дакладна не акрэсліваючы. Фактычна можна было ўжываць навамоўе для нядобранадзейных выказванняў, толькі перакладаючы патаемна некаторыя словы назад на старамоўе. Напрыклад, сказ Усе людзі роўныя
быў цалкам прымальным сказам у навамоўі, але толькі ў тым самым сэнсе, што і старамоўны сказ Усе людзі рыжыя. У ім не было граматычнай памылкі, але ў ім гаварылася відавочная няпраўда — гэта значыць, што ўсе людзі маюць аднолькавы рост, вагу або сілу. Паняцце палітычнае роўнасці болей не існавала, і такім чынам гэтае другое значэнне слова роўны паступова знікла. У 1984 годзе, калі старамоўе ўсё яшчэ было звычайным сродкам зносін, тэарэтычна існавала небяспека, што той, хто ўжывае навамоўныя словы, можа прыгадаць іх пачатковыя значэнні. На грактыцы таму, хто добра засвоіў прыёмы двухдумства, было няцяжка гэтага пазбегнуць, а праз пару пакаленняў і сама магчымасць гэткай памылкі ўжо не існавала. Той, у каго адзінаю мовай будзе навамоўе, ужо не будзе ведаць, што слова роўны мела некалі дадатковае значэнне «палітычна роўны» або што слова свабодны некалі значыла «інтэлектуальна свабодны», гэтак жа як і чалавек, які ніколі не чуў пра шахматы, ніколі не здагадаецца аб існаванні спецыяльных значэнняў у слоў кароль ці слон. Некаторыя злачынствы і памылкі ён проста не здолеў бы зрабіць, бо для іх не было наймення і таму іх было немагчыма сабе ўявіць. I можна было прадбачыць, што з цягам часу характэрныя ўласцівасці навамоўя зробяцца яшчэ больш выразнымі — слоў будзе рабіцца ўсё меней і меней, значэнні іх будуць усё вузейшыя, і небяспека ўжыць іх не так, як трэба, будзе няспынна памяншацца.
Калі старамоўе раз і назаўсёды будзе адмененае, апошняя повязь з мінуўшчынай абарвецца. Гісторыя ўжо была перапісана, але недасканала правераныя рэшткі літаратуры мінулых часоў сям-там яшчэ захаваліся, і пакуль яшчэ старамоўе канчаткова не забылася, іх можна было прачытаць. У будучыні гэткія абрыўкі мінуўшчыны, нават калі яны і выжывуць.
будуць незразумелыя і неперакладальныя. Старамоўны тэкст можна было перакласці на навамоўе толькі тады, калі ён апісваў нейкі тэхнічны працэс або вельмі простыя штодзённыя дзеянні або ўжо быў сам ідэалагічна вытрыманы (на навамоўе — дабрадумны). Практычна гэта значыла, што ніводная кніга, напісаная прыблізна да 1960 года, не магла быць перакладзеная цалкам. Дарэвалюцыйная літаратура магла падлягаць толькі ідэалагічнаму перакладу — гэта значыць перакладу з трансфармацыяй сэнсу і мовы. Возьмем, напрыклад, добра вядомы ўрывак з Дэкларацыі Незалежнасці:
Мы лічым відавочнымі тыя ісціны, што ўсе людзі створаны роўнымі, што ім дараваны іх творцам пэўныя неадчужальныя правы, сярод якіх — жыццё, свабода і імкненне da шчасця. Каб забяспечыць гэтыя правы сярод людзей, усгалёўваюцца ўрады, якія карыстаюцца ўладай са згоды падуладных. Што, як толькі любы ўрад пачынае парушаць гэтыя прынцыпы, народ мае права замяніць або зрынуць яго, каб усталяваць новы ўрад...
Было б абсалютна немагчыма перакласці гэта на навамоўе, захаваўшы сэнс арыгінала. Найбольшым набліжэннем да гэтай мэты было б растварыць увесь гэты ўрывак у адзіным слове злачындум. Поўны пераклад мог быць толькі ідэалагічным перакладам, пры якім словы Джэферсана ператварыліся б ва ўсхваленне абсалютысцкай формы кіравання.
Значная частка літаратуры мінуўшчыны ўжо была перакладзена такім чынам. 3 меркаванняў прэстыжу было пажадана захаваць памяць пра пэўныя гістарычныя постаці, адначасова ўзгадніўшы іх дзейнасць з філасофіяй Ангсоцу. Розныя пісьменнікі, такія як Шэкспір, Мілтан, Свіфт, Байран, Дыкенс і некаторыя іншыя, праходзілі такім чынам працэс перакладу: як толькі гэтая праца будзе завершана, іх арыгіналь-
ныя творы, а таксама ўсё іншае, што застанецца ад літаратуры мінулых часоў, будзе знішчана. Такі пераклад быў справай павольнай і складанай, і меркавалася, што скончаны ён будзе не раней за першыя дзесяцігоддзі дваццаць першага стагоддзя. Была таксама вялізная колькасць чыста спецыяльнай літаратуры — неабходныя тэхнічныя дапаможнікі і да таго падобнае,— якая мусіла прайсці такую самую перапрацоўку. I якраз дзеля таго, каб выдзеліць дастаткова часу на папярэднюю перакладчыцкую працу, для канчатковага пераходу на навамоўе была прызначана такая далёкая дата — 2050 год.
ЗМЕСТ
ФЕРМА. Аповесць 3
1984. Раман 92
Лйтературнохудожественное йзданйе
Оруэлл Джордж СКОТНЫН ДВОР. 1984 Повесть. Роман
Мкнск, яздательство «Мастацкая літаратура» На белорусском языке
Літаратурна-мастацкае выданне
Оруэл Джордж
ФЕРМА. 1984
Аповесць. Раман
Рэдактар Л. I. Каўрус. Мастак У. У. Даўгань. Мастацкі рэдактар A. I. Цароў. Тэхнічны рэдактар Г. П. Тарасевіч. Карэктар К. У. Дзмітрыенка.
ІБ № 3538
Здадзена ў набор 24.10.91. Падп. да друку 04.09.92. Фармат 70X 100'/згПапера друк. № 1. Гарнітура школьная. Афсетны друк. Ум. друк. арк. 16,90. Ум. фарб.-адб. 17,23. Ул.-выд. арк. 18,60. Тыраж 2500 экз. Зак. 1767. Цана 20 р.
Выдавецтва «Мастацкая літаратура» Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 220600, Мінск, праспект Машэрава, 11.
Мінскі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга паліграфкамбінат МВПА імя Я. Коласа. 220005, Мінск, Чырвоная. 23.
Оруэл Дж.
0-70 Ферма: Аповесць; 1984: Раман / Пер. з англ. С. Шупы: — Мн.: Маст. літ., 1992.— 411 с.— (Б-ка замеж. прозы).