Ферма | 1984
Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
Аловак у пальцах здаваўся тоўстым і няўклюдным. Ен пачаў запісваць думкі, што прыходзілі яму ў галаву. Спачатку ён напісаў вялікімі нязграбнымі літарамі:
СВАБОДА — ГЭТА РАБСТВА
Пасля амаль адразу за гэтым, ніжэй:
ДВОЙЧЫ ДВА — ПЯЦЬ
Пасля ён нібы спатыкнуўся. Яго розум, нібы нечага спалохаўшыся, ніяк не мог засяродзіцца. Ен ведаў, што ведае, што было далей, але нейкую хвіліну ніяк не мог прыгадаць. Калі ж урэшце прыгадаў, дык і тое толькі шляхам свядомых разважанняў — яно прыйшло не само па сабе. Ен напісаў:
БОГ — ГЭТА ЎЛАДА
Ен прымаў усё. Мінуўшчыну можна было змяняць. Мінуўшчына ніколі не зменьвалася. Акіянія ваявала з Усходазіяй. Акіянія заўсёды ваявала з Усходазіяй. Джоўнз, Эрансанс і Радэрфорд былі вінаватыя ў злачынствах, у якіх іх абвінавачвалі. Ен ніколі не бачыў фатаграфіі, якая аспрэчвала іх віну. Яна ніколі не існавала, ён сам яе выдумаў. Ен памятаў, што памятае супярэчлівыя рэчы, але гэтыя ўспаміны былі несапраўдныя, гэта былі прадукты самападману. Як усё было проста! Толькі здайся, а астатняе прыйдзе само. Гэта было падобна на тое, як плыць супраць вады, калі цячэнне цягне цябе назад, як бы зацята ты з ім ні змагаўся, a пасля раптам павярнуцца і паплыць за вадой. He змянілася нічога, апроч тваёй пазіцыі, ва ўсялякім разе, адбылося тое, чаго трэба было чакаць. Цяпер ён ужо і не ведаў, нашто ён узбунтаваўся. Усё было проста, апроч...!
Усё магло быць праўдай. Гэтак званыя законы прыроды былі бязглуздзіцай. Закон прыцягнення быў бязглуздзіцай. «Калі б я захацеў,— казаў О’Браен,— я мог бы ўзняцца над падлогай, як мыльная бурбалка». Уінстан расшыфраваў гэтую фразу: «Калі ён падумае, што ён узнімаецца над падлогай, а я ў той самы час падумаю, што бачу, як ён гэта робіць, дык гэта на самай
справе адбудзецца». I раптам, як кавалак карабля, што ўсплыў пасля крушэння, у галаву ўварвалася думка: «Так не можа быць. Мы гэта сабе ўяўляем. Гэта галюцынацыя». Ен адразу ж адкінуў гэтую думку. Памылка была відавочная. Мелася на ўвазе, што недзе па-за свядомасцю ёсць «рэальны» свет, дзе адбываюцца «рэальныя» рэчы. Але як мог існаваць такі свет? Якія веды мы можам мець пра штосьці, калі толькі не праз нашу свядомасць? Усё адбываецца толькі ў свядомасці. Усё, што адбываецца ў свядомасці, адбываецца на самай справе.
Яму было няцяжка пазбавіцца ад гэтай памылковай думкі, не было ніякай небяспекі, што ён паддасца ёй. Аднак ён падумаў, што яна не павінна была прыйсці яму ў галаву. Розум павінен схавацца за глухі мур, як толькі з’яўляецца небяспечная думка. Працэс гэты мусіць быць аўтаматычны, інстынктыўны. На навамоўі гэта называлася стопзлачын.
Ен узяўся практыкавацца ў стопзлачыне. Ен выбраў два сказы — «Партыя кажа, што Зямля плоская» і «Партыя кажа, што лёд цяжэйшы за ваду» — і пачаў практыкавацца ў тым, каб не бачыць або не разумець аргументаў, што пярэчаць гэтым сцверджанням. Гэта было няпроста. Гэта патрабавала глыбокага ўмення разважаць і імправізаваць. Напрыклад, арыфметычная праблема, узнятая сцверджаннем «Двойчы два — пяць», была вышэйшая за яго інтэлектуальныя магчымасці. Тут патрабаваўся яшчэ і пэўны разумовы атлетызм, здольнасць у пэўны момант ужываць найскладнейшыя лагічныя прыёмы, а ў наступны момант не заўважаць найгрубейшых лагічных памылак. Дурасць гэтаксама патрэбная, як і разумнасць, і дасягнуць яе таксама цяжка.
I ўвесь гэты час нейкай часткай мозгу ён не пераставаў думаць адно: як хутка яны яго расстраляюць?
«Усё залежыць ад вас»,— казаў О’Браен, але ён ведаў, што ён не наблізіць гэта ніякім свядомым учынкам. Можа, гэта адбудзецца праз дзесяць хвілін, а можа, і праз дзесяць гадоў. Яны маглі гадамі трымаць яго ў адзіночнай камеры, маглі паслаць яго ў лагер прымусовай працы, маглі вызваліць яго на нейкі час, як яны часам рабілі. Было цалкам магчыма, што, перш чым яго расстраляюць, увесь спектакль яго арышту і допытаў будзе разыграны зноў. Пэўным было толькі тое, што смерць заўсёды заспявала неспадзеўкі. Паводле традыцыі — не выказанай словамі, усе пра гэта ведалі, хоць ніхто пра гэта і не казаў,— яны заўсёды забівалі ззаду: заўсёды стралялі ў патыліцу без папярэджання, пад час пераводу з адной камеры ў другую.
Аднаго дня — хоць, можа, слова «дзень» тут не надта пасавала, бо з гэткай жа верагоднасцю гэта магла быць і ноч; карацей кажучы, аднойчы — яго ахапілі дзіўныя, шчасныя летуценні. Яму мроілася, што ён ідзе па калідоры, чакаючы кулі ў патыліцу. Ен ведаў, што праз хвіліну яна яго дагоніць. Усё было вырашана, прыладжана, узгоднена. He было болей ніякіх сумненняў, ніякіх пярэчанняў, ніякага болю, ніякага страху. Яго цела было здаровае і дужае. Ен ішоў лёгка і радасна, ён уяўляў сабе, што гуляе пад сонейкам на вольным паветры. Ен быў ужо не ў вузкіх белых калідорах Міністэрства Любові, ён ішоў прасторным, на кіламетр ушыркі, праходам, залітым сонцам, тым самым праходам, які ён бачыў у трызненні, выкліканым лекамі. Ен ішоў па Залатой Краіне, па сцежцы, што вяла праз луг, сям-там паточаны кратавіннем. Ен адчуваў пад нагамі пругкі дзірван, пяшчотньія сонечныя промні лашчылі твар. На краі поля павольна калыхаліся вязы, a недзе за ўсім гэтым цякла рачулка, а ў ёй у зялёных затоках пад ніцымі вербамі плавалі маленькія рыбкі.
I раптам ён ускочыў, працяты жахам. Спіна ў яго ўкрылася халодным потам. I ён пачуў свой адчайны крык:
— Джулія! Джулія! Джулія, каханая! Джулія!
На нейкі момант у неадольнай галюцынацыі яму прымроілася, што яна побач з ім. Здавалася, што яна не проста з ім, а ўнутры яго. Яна нібы запоўніла сабою кожную клетачку яго цела. У гэтую хвіліну ён кахаў яе значна болей, чым тады, калі яны былі разам і на волі. I яшчэ ён ведаў, што яна жывая і чакае ад яго дапамогі.
Ен лёг на ложак і паспрабаваў супакоіцца. Што ён нарабіў! Колькі гадоў дадаў ён да свайго рабства гэтай хвілінай слабасці!
Праз нейкі момант ён пачуе грукат ботаў у калідоры. Яны не пакінуць гэтага выбуху пачуццяў без пакарання. Цяпер яны даведаюцца, калі толькі не ведалі гэтага раней, што ён парушае пагадненне, заключанае з імі. Ен падпарадкоўваўся Партыі, але ён усё яшчэ ненавідзеў Партыю. Раней ён хаваў ерэтычныя думкі пад маскай добранадзейнасці. Цяпер ён адступіўся на крок: у думках ён здаўся, але спадзяваўся захаваць чыстай душу. Ен ведаў, што не меў рацыі, але ён палічыў за лепшае не мець рацыі. Яны зразумеюць гэта — О’Браен гэта зразумее. Усё гэта выявілася ў адзіным неразумным выкрыку.
Яму прыйдзецца пачынаць усё спачатку. Можа, на гэта пойдуць гады. Ен правёў рукою па твары, спрабуючы прызвычаіцца да новых абрысаў. Шчокі былі парэзаны глыбокімі барознамі, скулы тырчалі, нос прыплюснуўся. Апроч гэтага, з таго часу, як ён апошні раз глядзеўся ў люстэрка, яму выдалі новы зубны пратэз. Было вельмі цяжка захоўваць непранікальнасць твару, калі не ведаеш, як твой твар выглядае. Ва ўсялякім разе, простага кантролю над тварам было недастаткова. Упершыню ён зразумеў, што, калі хочаш захаваць таям-
ніцу, ты мусіш хаваць яе і ад самога сябе. Мусіш ведаць заўсёды, што яна з табой, але пакуль не надыдзе патрэба, яна не павінна ўсплываць у тваёй свядомасці ні ў якай выразнай форме. Адгэтуль ён мусіў не толькі правільна думаць, але і правільна адчуваць, і правільна марыць. I ўвесь гэты час ён мусіў трымаць сваю нянавісць замкнёнай унутры сябе, як нейкі цвёрды шарык, які быў бы часткай яго і разам з тым не быў бы звязаны з рэштай цела, накшталт кісты.
Аднойчы яны вырашаць яго расстраляць. Немагчыма сказаць, калі гэта адбудзецца, але за некалькі секунд перад тым можна здагадацца. Заўсёды ззаду, калі вядуць па калідоры. Дзесяці секундаў было б дастаткова. За гэты час свет унутры яго мог бы перавярнуцца. I тады раптам, не кажучы ні слова, не прыпыняючы хады, не мяняючы выразу твару — раптам ён скіне камуфляж і — бабах! — стрэляць батарэі яго нянавісці. Нянавісць ахопіць яго, як нястрымнае разлютаванае полымя. I амаль у той самы момант — бабах! — грымне стрэл, занадта позна ці занадта рана. Яны выб'юць яму мазгі, так і не выправіўшы іх. Ерэтычная думка застанецца непакараная, нераскаяная, назаўсёды для іх недасягальная. Застрэліўшы яго, яны прастрэляць дзіру ў сваёй дасканаласці. Памерці, ненавідзячы іх,— вось у чым была свабода.
Ен заплюшчыў вочы. Гэта было цяжэй, чым пагадзіцца на разумовую дысцыпліну. Тут трэба было ўжо прыніжацца, калечыць самога сябе. Ен мусіў акунуцца ў самы агідны і мярзотны бруд. Што было найстрашнейшае, найагіднейшае? Ен падумаў пра Вялікага Брата. Вялізны твар (бачачы яго паўсюль на плакатах, ён заўсёды ўяўляў яго сабе на метр шырынёю) з густымі чорнымі вусамі і вачыма, што сочаць за табою, куды б ты ні пайшоў, міжволі ўзнік у яго свядомасці. Якія былі яго сапраўдныя пачуцці да Вялікага Брата?
Пачуўся грукат ботаў па калідоры. Сталёвыя дзверы з бразгатам расчыніліся. О’Браен увайшоў у камеру. За ім стаяў афіцэр з васковым тварам і ахоўнікі ў чорным.
— Устаньце,— загадаў О'Браен.— Хадзіце сюды.
Уінстан стаяў насупраць яго. О’Браен паклаў Уінстану на плечы свае дужыя рукі і ўважліва паглядзеў на яго.
— Вы хацелі падмануць мяне,— сказаў ён.— Гэта было неразумна. Станьце роўна. Паглядзіце мне ў вочы.
Ен памаўчаў, пасля сказаў ужо мякчэй:
— Вы ідзяцё на папраўку. Інтэлектуальна вы ўжо амаль здаровы. А вось што да эмоцый, дык тут вам не ўдалося зрушыцца з месца. Скажыце мне, Уінстан — але памятайце: не маніць, бо вы ведаеце, што я адразу распазнаю ману,— скажыце мне, якія вашы сапраўдныя пачуцці да Вялікага Брата?
— Я ненавіджу яго.
— Вы ненавідзіце яго. Добра. Значыць, настаў час, каб вы зрабілі апошні крок. Вы павінны палюбіць Вялікага Брата. Мала проста падпарадкоўвацца яму — вы павінны палюбіць яго.
I ён лёгенька падштурхнуў Уінстана да ахоўнікаў.
— Пакой 101,— сказаў ён.
5
На кожнай стадыі свайго зняволення ён ведаў ці яму здавалася, што ён ведае, у якой частцы глухога будынка ён знаходзіўся. Можа, ён адчуваў нязначную розніцу атмасфернага ціску. Камеры, дзе яго білі ахоўнікі, былі пад зямлёй. Пакой, дзе яго дапытваў О’Браен, быў высока, пад самым дахам. Месца ж, дзе ён быў
цяпер, знаходзілася пад зямлёю, так глыбока, як толькі можна было апусціцца.
Памяшканне было большае за камеры, у якіх ён быў дагэтуль. Але ён не надта зважаў на тое, што было навокал. Усю яго ўвагу прыцягвалі два столікі якраз насупраць яго, абодва засланыя зялёным сукном. Адзін быў усяго за пару метраў ад яго, другі — трохі далей, каля дзвярэй. Ен быў прывязаны да крэсла ды так моцна, што не мог паварушыць ніводнай часткай цела, нават галавой. Нешта накшталт падушкі моцна трымала галаву ззаду, змушаючы яго глядзець проста перад сабой.