Ферма | 1984
Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
— Але ж сам свет — гэта толькі драбочак пылу. А чалавек — мізэрны і бездапаможны! Ці даўно існуюць людзі? Мільёны гадоў Зямля была незаселеная.
— Лухта. Зямля не старэйшая за нас. Як яна можа быць старэйшая? Усё існуе толькі праз чалавечую свядомасць.
— Але ж у скалах знаходзяць безліч костак вымерлых жывёлін — мамантаў, і мастадонтаў, і вялізных рэптылій, якія ўжо даўно існавалі, тады, калі пра чалавека было яшчэ і не чуваць.
— Ці бачылі вы калі тыя косткі, Уінстан? Вядома ж, не. Іх прыдумалі біёлагі дзевятнаццатага стагоддзя. Да чалавека не было нічога. Пасля чалавека, калі яму прыйдзе канец, таксама не будзе нічога. Няма нічога па-за чалавекам.
— Але па-за намі цэлы сусвет. Паглядзіце на зоркі! Некаторыя з іх аддалены на мільёны светлавых гадоў ад нас. Яны назаўсёды недасягальныя для нас.
— Што такое зоркі? — безуважна сказаў О’Браен.— Агеньчыкі за пару кіламетраў ад нас. Мы маглі б іх дастаць, калі б захацелі. Або маглі б проста знішчыць. Зямля — цэнтр сусвету. Сонца і зоркі абарачаюцца вакол яе.
Уінстан зноў пакутліва таргануўся. Гэтым разам ён нічога не сказаў. О’Браен працягваў, быццам адказваючы на выказанае пярэчанне.
— У некаторых выпадках, вядома ж, гэта не так. Калі мы плаваем у акіяне або калі прадказваем за-
цьменне, мы лічым дарэчным дапусціць, што Зямля абарачаецца вакол сонца і што зоркі знаходзяцца за мільён кіламетраў ад нас. Ну і што з таго? Вы думаеце, што мы не можам выпрацаваць дуалістычную сістэму ў астраноміі? Зоркі могуць быць блізка або далёка, адпаведна з нашымі патрэбамі. Вы думаеце, нашыя матэматыкі на гэта не здольныя? Вы забыліся пра двухдумства?
Уінстан зноў скурчыўся ў ложку. Што б ён ні сказаў, імгненны адказ забіваў яго нібы дубінай. I ўсё ж ён ведаў, ён ведаў, што мае рацыю. Вера ў тое, што нічога не існуе па-за свядомасцю,— напэўна можна ж неяк давесці, што гэта не так? Хіба не было ўжо даўно даказана, што гэта памылка? Гэта нават неяк называлася, ён ужо забыўся як. Ражкі вуснаў О’Браена дрыгнулі лёгкай усмешкай, калі ён паглядзеў уніз на Уінстана.
— Я ўжо казаў вам, Уінстан, што вы не надта дасведчаныя ў метафізіцы. Слова, якое вы спрабуеце прыгадаць — саліпсізм. Але вы памыляецеся. Гэта не саліпсізм. Гэта, калі хочаце, калектыўны саліпсізм. А гэта ўжо зусім іншае; гэта ўжо супрацьлегласць саліпсізму. Але мы адхіліліся ад нашай тэмы,— дадаў ён ужо іншым тонам.— Сапраўдная ўлада, улада, за якую мы мусім змагацца ўдзень і ўначы — гэта ўлада не над рэчамі, а над людзьмі.
Ен спыніўся і на хвіліну зноў зрабіўся падобны да настаўніка, які апытвае здольнага вучня.
— Як чалавек выяўляе сваю ўладу над іншым чалавекам, Уінстан?
— Ен прымушае яго пакутаваць,— падумаўшы, адказаў той.
— Слушна. Ен прымушае яго пакутаваць. Адной паслухмянасці недастаткова. Калі ён не пакутуе, як тады быць пэўным, што ён падпарадкоўваецца вашай волі, а не сваёй? Улада палягае ў тым, каб спрычыняць боль
і прыніжэнне. Улада ў тым, каб разарваць розум чалавека на кавалкі і скласці іх нанова, так, як вам хочацца. Ну што, цяпер вы пачынаеце разумець, які свет мы ствараем? Гэта дакладная супрацьлегласць бязглуздым геданічным утопіям старых рэфарматараў. Гэта будзе свет страху, здрадлівасці і пакутаў, свет прыгнятальнікаў і прыгнечаных, свет, які ў працэсе ўдасканальвання будзе рабіцца не меней, а болей бязлітасным. Прагрэс у нашым свеце будзе прагрэсам да болыных пакут. Старыя цывілізацыі абвяшчалі, што яны засноўваюцца на любові і справядлівасці. Наша будзе заснавана на нянавісці. У нашым свеце не будзе іншых пачуццяў, акрамя страху, лютасці, злараднасці і самапрыніжэння. Усё астатняе мы знішчым — усё. Мы ўжо цяпер знішчаем разумовыя звычкі, што засталіся з дарэвалюцыйных часоў. Мы абарвалі сувязі паміж бацькамі і дзецьмі, паміж чалавекам і чалавекам, паміж мужчынам і жанчынай. Ніхто ўжо болей не наважваецца даверыцца жонцы, дзіцяці або сябру. Але ў будучыні не будзе ні жонак, ні сяброў. Дзеці будуць адлучацца ад маці адразу па нараджэнні, як яйкі, што забіраюцца ў курэй. Палавы інстынкт будзе выкаранены. Апладненне станецца штогадовай фармальнасцю, як рэгістрацыя прадуктовай карткі. Мы адменім аргазм. Нашы неўролагі ўжо цяпер працуюць над гэтым. He будзе болей вернасці, апроч вернасці Партыі. He будзе болей любові, апроч любові да Вялікага Брата. He будзе болей смеху, апроч злараднага смеху з пераможанага ворага. He будзе болей ні мастацтва, ні літаратуры, ні навукі. Калі мы зробімся ўсемагутнымі, нам болей не спатрэбіцца навука. He будзе болей адрозненняў паміж прыгожым і брыдкім. He будзе болей дапытлівасці, не будзе радаеці жыцця. Але заўсёды — не забывайцеся, Уінстан — заўсёды будзе ап’яненне ўладай, яно будзе ўвесь час расці і рабіцца ўсё болей вытанчаным. Заў-
сёды, у кожную хвіліну, будзе ап’яненне перамогай, радасць дратавання бездапаможнага ворага. Калі хочаце абразок будучыні, уявіце сабе, як бот наступае на чалавечы твар — назаўсёды.
Ен спыніўся, быццам чакаючы, што Уінстан нешта адкажа. Уінстан.зноў паспрабаваў скурчыцца на ложку. Ен не мог адказаць нічога. Яму здавалася, што сэрца ў яго заледзянела. О’Браен працягваў:
— I запомніце, што гэта назаўсёды. Твар пад цяжкім ботам заўсёды. Ерэтыкоў, ворагаў грамадства — заўсёды іх можна будзе перамагаць і ганьбаваць, зноў і зноў. Усё, што вы перажылі тут, з таго часу, як трапілі нам у рукі,— усё гэта будзе працягвацца, гэта і яшчэ горшае. Сачэнне, здрады, арышты, катаванні, пакаранні, знішчэнні не спыняцца ніколі. Гэта будзе свет тэрору, гэта будзе і свет трыумфу. Чым болып усемагутнай будзе Партыя, тым менш яна будзе талерантная; чым слабейшая будзе апазіцыя, тым больш суровы будзе дэспатызм. Гольдштэйн і яго ерась будуць жыць вечна. Кожны дзень, кожную хвіліну іх будуць разбіваць, выкрываць, высмейваць, на іх будуць пляваць — і ўсё роўна яны будуць жыць вечна. Драма, што я разыгрываў з вамі на працягу сямі гадоў, будзе разыгрывацца зноў і зноў, пакаленне за пакаленнем, ва ўсё больш вытанчаных формах. Мы заўсёды будзем мець ерэтыкаў тут, у нашых руках, яны будуць крычаць ад болю, здавацца, прыніжацца — і ўрэшце, раскаяўшыся, яны, вызваленыя ад саміх сябе, самі прыпаўзуць да нашых ног. Вось які свет мы рыхтуем, Уінстан. Свет, дзе перамога ідзе за перамогай, трыумф за трыумфам; а галоўнае — няспынна ціснуць, ціснуць, ціснуць на жылку ўлады. Я бачу, вы ўжо пачынаеце разумець, які гэта будзе свет. Але ўрэшце вы не толькі зразумееце яго. Вы прымеце яго, прывітаеце яго, зробіцеся часткаю яго.
Уінстан трохі апрытомнеў і мог ужо гаварыць.
— Вы не здолееце! — ледзь вымавіў ён.
— Што значыць гэта ваша заўвага, Уінстан?
— Вы не здолееце стварыць такі свет, як вы толькі што апісалі. Гэта пустая мара. Гэта немагчыма.
— Чаму?
— Немагчыма заснаваць цывілізацыю на страху, нянавісці і жорсткасці. Такі свет не выжыве.
— Чаму?
— У ім не будзе жыццёвае сілы. Ен распадзецца. Ен заб’е сам сябе.
— Бязглуздзіца. Вам здаецца, што нянавісць знясільвае больш, чым любоў. Хіба гэта так? А калі нават і так, дык што з таго? Дапусцім, што мы будзем зношвацца хутчэй. Дапусцім, што мы паскорым тэмп жыцця так, што людзі будуць старэць ужо ў трыццаць гадоў. I зноў, што з таго? Як вы не можаце зразумець, што смерць індывіда — гэта не смерць? Партыя неўміручая.
Як звычайна, гэты голас загнаў Уінстана ў стан бездапаможнасці. Да таго ж, ён увесь час з жахам думаў, што, калі ён будзе зацята пярэчыць, О’Браен зноў пацягне за рычаг. I ўсё ж ён не мог маўчаць. Слаба, не маючы ніякіх аргументаў, нічога, што магло б яго падтрымаць, апроч немага жаху ад слоў О’Браена, ён перайшоў у наступ.
— Я не ведаю — ну і напляваць. Неяк вы прайграеце. Нешта павінна перамагчы вас. Жыццё вас пераможа.
— Мы кантралюем жыццё, Уінстан, на ўсіх яго ўзроўнях. Вам думаецца, быццам нешта, што завецца чалавечай натурай, будзе зняважана праз тое, што мы робім, і павернецца супраць нас. Але мы самі ствараем чалавечую натуру. Людзі — надзвычай падатны матэрыял. Ці, можа, вы вярнуліся да вашай старой ідэі, што пралетарыі або рабы ўзнімуцца і скінуць нас? Выкіньце гэта з галавы. Яны бездапаможныя, як жывёлы.
Чалавецтва — гэта Партыя. Астатнія не маюць да справы ніякага дачынення.
— Усё роўна. Урэшце яны разаб’юць вас. Раней ці пазней яны разгледзяць, якія вы ёсць і разарвуць вас на шматкі.
— Ці можаце вы прывесці якія доказы, што гэта адбудзецца? Або прычыны, з якіх гэта мусіць адбыцца?
— He. Я веру ў гэта. Я ведаю, што вы прайграеце. Есць нешта ў свеце — не ведаю што, нейкі дух, нейкі прынцып — і вам яго не перамагчы.
— Ці верыце вы ў Бога, Уінстан?
— He.
— Дык што гэта тады за прынцып, што пераможа нас?
— Я не ведаю. Дух Чалавечы.
— А вы лічыце сябе чалавекам?
— Так.
— Калі вы чалавек, Уінстан, дык вы апошні чалавек. Ваш род вымер, мы вашыя нашчадкі. Вы разумееце, што вы адзін? Вы існуеце па-за гісторыяй, вы ня-існы,—тон голасу змяніўся, і ён гаварыў ужо больш рэзка.— I вы лічыце сябе маральна вышэйшым за нас, з нашай хлуснёй і жорсткасцю?
— Так, я лічу сябе вышэйшым.
О'Браен не сказаў нічога. Загаварылі іншыя галасы. Праз хвіліну Уінстан у адным з іх пазнаў свой голас. Гэта быў запіс іх размовы з О’Браенам у той вечар, калі ён уступіў у Братэрства. Ен чуў, як ён сам абяцае хлусіць, красці, падрабляць дакументы, забіваць, спрыяць наркаманіі і прастытуцыі, раепаўсюджваць венерычныя хваробы, заліць кіслатою дзіцячы твар. О’Браен зрабіў урывісты нецярплівы рух, быццам кажучы, што не варта было і слухаць. Тады ён выключыў запіс, і галасы сціхлі.
— Устаньце з ложка,— сказаў ён.
Яго кайданы самі па сабе аслаблі. Уінстан спусціўся на падлогу і няўпэўнена стаў на ногі.
— Вы апошні чалавек,— сказаў О’Браен.— Вы абаронца чалавечага духу. Дык паглядзіце на сябе. Раздзеньцеся.
Уінстан развязаў матузок, на якім трымаўся камбінезон. Замок-маланка ўжо даўно быў зламаны. Ен не памятаў, ці ён калі здымаў з сябе ўсё адразу, з таго часу, як яго арыштавалі. Пад камбінезонам цела Уінстана было абкручана бруднымі пажоўклымі рызманамі, у якіх можна было пазнаць рэшткі сподняй бялізны. Калі ён скінуў іх, ён заўважыў, што ў дальнім канцы пакоя стаіць люстэрка на тры створкі. Ён падышоў да яго і спыніўся як укапаны. Міжвольны крык вырваўся з грудзей.