Ферма | 1984  Джордж Оруэл

Ферма | 1984

Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
77.09 МБ
Нейкую хвіліну ён быў адзін, пасля дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў О’Браен.
— Некалі вы ў мяне спыталіся,— сказаў О’Браен,— што адбываецца ў Пакоі 101. Я сказаў вам, што вы ўжо ведаеце адказ. Яго ведаюць усе. У Пакоі 101 адбываецца найгоршае, што толькі ёсць у свеце.
Дзверы зноў адчыніліся. Увайшоў ахоўнік. У руках ён нёс нешта сплеценае з дроту, нейкую скрынку ці кошык. Ён паставіў гэта на дальні стол. Што гэта было — Уінстан бачыць не мог, бо перад ім стаяў О’Браен.
— Што ёсць найгоршае ў свеце,— сказаў О’Браен,— залежыць ад індывіда. Гэта можа быць пахаванне жыўцом, або смерць у агні, або патапленне, або пасаджэнне на кол, або дзесяткі іншых спосабаў забіцця. А часам гэта зусім звычайная, нават не смяротная рэч.
Ен трошкі адышоўся ўбок, каб Уінстану было лепш відаць, што стаіць на стале. Гэта была драцяная клетка з ручкай зверху, каб несці. Спераду да яе было прымацавана нешта накшталт фехтавальнай маскі, угнутым бокам вонкі. I хоць ён сядзеў за тры-чатыры метры, ён усё ж мог бачыць, што клетка была падзелена ўздоўж на два аддзяленні і ў кожным з іх сядзела па нейкай жывёліне. Гэта былі пацукі.
— У вашым выпадку,— сказаў О’Браен,— найгоршае ў свеце — гэта пацукі.
Нейкі трывожны дрыгат, страх перад нечым няпэўным прабег па целе Уінстана, калі ён першы раз глянуў на клетку. I ў гэты момант да яго раптам дайшло, што значыць гэтае падобнае да маскі прыстасаванне спераду клеткі. У яго пахаладзела ўнутры.
— Вы не зробіце гэтага! — пранізліва закрычаў ён.— Вы не зробіце, не зробіце! Гэта немагчыма!
— Памятаеце тыя страхі,— сказаў О'Браен,— што мучылі вас у сне? Перад вамі была сцяна цемры, а ўвушшу гучаў страшны рык. Па той бок сцяны было нешта жахлівае. Вы ведалі, што ведаеце, што там было, але вы не наважваліся зазірнуць за сцяну. Па той бок сцяны былі пацукі.
— О’Браен,— сказаў Уінстан, намагаючыся заставацца спакойным,— вы ведаеце, што ў гэтым няма неабходнасці. Што вы хочаце са мною зрабіць?
О’Браен не даў канкрэтнага адказу. Ен пачаў гаварыць настаўніцкім тонам, як часам здаралася і раней. Ен задуменна глядзеў удалеч, нібы звяртаючыся да некага за спінай у Уінстана.
— Аднаго толькі болю часам бывае недастаткова,— сказаў ён.— Бываюць выпадкі, калі чалавек будзе трываць боль, аж пакуль не памрэ. Але для кожнага чалавека існуе нешта нясцерпнае, на што ён не можа нават глядзець. Смеласць ці баязлівасць тут ужо ні пры чым. Калі вы падаеце з вышыні, не будзе баязліўствам учапіцца за вяроўку. Калі вы вынырваеце з-пад вады, не будзе баязліўствам набраць у лёгкія паветра. Гэта проста непераможны інстынкт. Тое самае з пацукамі. Для вас яны невыносныя. Для вас яны — форма ўціску, якому вы не здолееце супрацьстаяць, нават калі б захацелі. Вы зробіце ўсё, што ад вас запатрабуюць.
— Але што? Што? Як жа я гэта зраблю, калі я не ведаю, што ад мяне патрабуецца?
О’Браен узяў клетку і перанёс яе на бліжэйшы столік. Ен старанна ўладкаваў яе на зялёным сукне. Уінстан чуў, як кроў гудзе ўвушшу. Яму здалося, што ён невымоўна самотны. Ен сядзеў пасярод вялікай пустой раўніны, бясконцай плоскай пустэльні, прапаленай сонцам, праз якую ўсе гукі даляталі да яго з далёкіх даляў. Клетка з пацукамі па-ранейшаму была за пару метраў ад яго. Пацукі былі вялізныя. Яны былі ў тым узросце, калі пыса робіцца грубая і ашчэраная, a поўсць з шэрай мяняецца на бурую.
— Пацук,— сказаў О’Браен, зноў звярнуўшыся да нябачных слухачоў,— жывёліна мясажэрная, хоць і належыць да грызуноў. Вы гэта ведаеце. Вы, напэўна, чулі пра выпадкі, што здараюцца часам у бедных кварталах гэтага горада. На некаторых вуліцах жанчыны баяцца пакінуць сваіх дзяцей адных дома нават на пяць хвілін. Бо пацукі абавязкова нападуць на іх. За некалькі хвілін яны абгрызуць іх да касцей. Яны таксама нападаюць на хворых або на тых, хто памірае. Яны праяўляюць неверагодную кемлівасць, ведаючы, калі чалавек знаходзіцца ў бездапаможным стане.
3 клеткі данесліся дзікія крыкі. Здавалася, што яны далятаюць да Уінстана аднекуль здалёк. Пацукі біліся, яны спрабавалі напасці адзін на аднаго праз перагародку. Ен пачуў глыбокі стогн роспачы. I гэта таксама данеслася аднекуль здалёк.
О’Браен узяў клетку і нешта ў ёй націснуў. Штосьці пстрыкнула. Шалёным намаганнем Уінстан паспрабаваў вызваліцца з крэсла. Гэта было безнадзейна, усё цела, нават галава, былі нязрушна прымацаваныя. О’Браен паднёс клетку бліжэй. Цяпер яна была менш чым за метр ад твару Уінстана.
— Я націснуў на першую кнопку,— сказаў О’Бра-
ен.— Вы зразумелі канструкцыю гэтай клеткі. Маска надзенецца вам на галаву, не пакінуўшы ніякай адтуліны. Калі я націсну на другую кнопку, дзверы ў клетцы расчыняцца. Гэтыя галодныя звяры паляцяць, як кулі. Ці вы калі бачылі, як пацук скача на здабычу? Яны скокнуць вам у твар і ўгрызуцца ў яго. Часам яны спачатку нападаюць на вочы. А часам праядаюць шчокі і выгрызаюць язык.
Клетка была ўжо зусім блізка. Уінстан чуў віскатлівыя крыкі, здавалася, яны нараджаліся недзе ў паветры ў яго над галавой. Але ён зацята змагаўся са страхам. Думаць, думаць, нават калі застанецца толькі адно імгненне — думаць. У гэтым была апошняя надзея. I pan там агідны пракіслы пах жывёлін ударыў яму ў ноздры. Яму зрабілася млосна, і ён ледзь не страціў прытомнасць. Уваччу ўсё пачарнела. На хвіліну ён ператварыўся ў вар'ята, у здзічэлую жывёлу. I ўсё ж ён выкараскаўся з цемры, учапіўшыся за адну думку. Была адна, толькі адна магчымасць уратавацца. Трэба паміж сабою і пацукамі выставіць іншага чалавека, цела іншага чалавека.
Маска была ўжо так блізка, што закрывала ад яго вачэй усё астатняе. Драцяныя дзверкі былі ўжо за пару пядзяў ад яго. Пацукі ўжо ведалі, што зараз будзе. Адзін з іх скакаў сюды-туды, другі, састарэлы валадар сцёкавых канаў, стаяў, трымаючыся ружовымі пярэднімі лапамі за пруты клеткі, і драпежна нюхаў паветра. Уінстан мог бачыць вусы і жоўтыя зубы. I зноў яго ахапіў чорны жах. Ен быў сляпы, бездапаможны, безразважны.
— Гэта было звычайнае пакаранне ў Кітайскай імперыі,— сказаў павучальна О’Браен.
Маска наблізілася да твару. Дрот дакрануўся да шчакі. I тады — не, гэта была не палёгка, толькі надзея, маленькая, ледзь заўважная надзея. Запозна, мабыць,
ужо запозна. I раптам ён зразумеў, што ва ўсім свеце быў толькі адзін чалавек, на якога ён мог перанесці гэтае пакаранне,— толькі адно цела ён мог прасунуць паміж сабою і пацукамі. I ён закрычаў немым голасам:
— Зрабіце гэта Джуліі! Зрабіце гэта Джуліі! He мне! Джуліі! Мне ўсё роўна, што вы з ёю зробіце. Раздзярыце ёй твар, абгрызіце да касцей. Толькі не мне! Джуліі! He мне!
I ён праваліўся назад, у нязмерныя глыбіні, далей ад пацукоў. Ен усё яшчэ сядзеў на крэсле, але ён ужо праваліўся праз падлогу, праз сцены будынка, праз зямлю, праз акіяны, праз атмасферу, у адкрыты космас, у міжзорную прастору — далей, далей, далей ад пацукоў. Ен быў за светлавыя гады адсюль, але О’Браен паранейшаму стаяў побач з ім. Ен усё яшчэ адчуваў халодны дотык дроту да шчакі. Але праз цямноцце, што ахінула яго, ён пачуў, як нешта яшчэ раз металічна пстрыкнула, і зразумеў, што дзверы ў клетку не расчыніліся, а зачыніліся.
6
У «Каштане» было амаль пуста. Косыя промні сонца высвечвалі жоўтыя плямы на пыльных століках. Была пятнаццатая гадзіна, паўсюль было ціха. 3 тэлеглядаў лілася духавая музыка.
Уінстан сядзеў у сваім звычайным кутку, пазіраючы ў пустую шклянку. Зноў і зноў ён паднімаў вочы на вялікі твар, што глядзеў на яго з супрацьлеглай сцяны. ВЯЛІКІ БРАТ ГЛЯДЗІЦЬ НА ЦЯБЕ, казаў надпіс пад партрэтам. Без ніякай замовы прыйшоў афіцыянт і напоўніў шклянку джынам «Перамога», капнуўшы туды пару кропляў з другой бутэлькі праз саломінку, што тырчала з корка. Гэта быў сахарын, прыпраўлены гваздзікай — фірменная асаблівасць кавярні.
Уінстан слухаў тэлегляд. Пакуль што з яго гучала толькі музыка, але ў любы момант маглі пачаць перадаваць спецыяльныя паведамленні Міністэрства Міру. Наьіны з Афрыканскага фронту былі надзвычай трывожныя. Думкі пра гэта непакоілі яго ўвесь дзень. Еўразійская армія (Акіянія ваявала з Еўразіяй — Акіянія заўсёды ваявала з Еўразіяй) пасоўвалася на поўдзень з жахлівай хуткасцю. Паўдзённы выпуск навінаў не згадаў ніякіх канкрэтных тэрыторый, але было цалкам верагодна, што баі ідуць ужо ў дэльце Конга. Бразавілю і Леапольдвілю пагражала небяспека. He трэба было глядзець на карту, каб зразумець, што гэта значыць. Гаворка тут ішла не проста пра страту Цэнтральнай Афрыкі: упершыню за ўсю вайну тэрыторыя самой Акіяніі была пад пагрозай.
Гвалтоўнае пачуццё, не так страху, як нейкай няпэўнай узрушанасці, успыхнула ў ім, а пасля зноў патухла. Ен перастаў думаць пра вайну. Апошнімі днямі ён не мог засяродзіць сваёй увагі на нечым адным больш чым на некалькі хвілін. Ен падняў шклянку і асушыў яе адным глытком. Як заўсёды, джын прымусіў яго здрыгануцца і адрыгнуць. Гэта была страшэнная бурда. Гваздзіка і сахарын, самі па-свойму агідныя, не маглі заглушыць алеістага смуроду джыну; і што самае страшнае — пах джыну, які неадчэпна спадарожнічаў яму ўдзень і ўначы, быў з невядомае прычыны змяшаны ў яго свядомасці з пахам тых...
Ен ніколі не называў іх, нават у думках, і, наколькі гэта было магчыма, ніколі не ўяўляў іх візуальна. Яны былі нечым прывідным, што заўсёды лунала недзе побач з тварам, яны былі пахам, што лез няспынна ў ноздры. Калі джынавыя выпарэнні падняліся да горла, ён адрыгнуў праз барвовыя вусны. 3 таго часу, як яго выпусцілі, ён патаўсцеў і да яго вярнуўся былы румянец — і кават болей чым вярнуўся. Рысы твару ў
яго пагрубелі, скура на носе і на скулах пачырванела, нават лысы чэрап зрабіўся цёмна-ружовы. Афіцыянт, зноў без запрашэння, прынёс шахматную дошку і свежы нумар «Таймз», адгорнуты на шахматнай старонцы. Пабачыўшы, што шклянка ў Уінстана пустая, ён прынёс бутэльку з джынам і напоўніў яе. Замовы былі непатрэбныя. Тут ведалі яго звычкі. Шахматная дошка заўсёды яго чакала, яго столік у кутку быў заўсёды зарэзерваваны; нават калі ў кавярні было поўна, столік быў вольны, бо ніхто не хацеў быць заўважаным побач з ім. Ен нават ніколі не лічыў, колькі выпівае. Час ад часу яму паказвалі брудны абрывак паперы, які яны называлі рахункам, але яму здавалася, што яго заўсёды аблічвалі. Зрэшты, яму было ўсё роўна. Цяпер у яго было багата грошай. У яго нават была праца, сінекура, за якую яму плацілі значна болей, чым за колішнюю.