Ферма | 1984  Джордж Оруэл

Ферма | 1984

Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
77.09 МБ
— Таварышы,— сказаў ён,— нам трэба вырашыць адну праблему. Дзікія звяры, такія як пацукі або зайцы,— сябры яны нам або ворагі? Давайце паставім гэта на галасаванне. Прапаную сходу пытанне: ці можна лічыць пацукоў таварышамі?
Адразу прагаласавалі, і пераважнай большасцю было вырашана, што пацукі — таварышы. Было толькі чацвёра нязгодных: усе тры сабакі і кот, які, як высветлілася пасля, галасаваў на два бакі. Маёр працягваў:
— Я яшчэ дадам наступнае. Паўтараю: заўсёды памятайце пра ваш абавязак варожасці да Чалавека і ўсіх ягоных звычаяў. Той, хто ходзіць на дзвюх нагах,— вораг. Той, хто ходзіць на чатырох нагах або мае крылы,— сябар. Памятайце таксама, што, змагаючыся супраць Чалавека, мы не павінны да яго прыпадабняцца. Нават калі вы пераможаце яго, не пераймайце ягоных заганаў. Ніводная жывёліна ніколі не павінна жыць у доме, спаць у ложку, насіць адзенне, піць гарэлку,
курыць тытунь, дакранацца да грошай або займацца гандлем. Усе звычкі Чалавека — ліха. I перад усім, ніводная жывёліна ніколі не павінна панаваць над сваімі блізкімі. Слабыя ці дужыя, разумныя ці дурныя, усе мы браты. Ніводная жывёліна ніколі не павінна забіваць іншай жывёліны. Усе жывёлы роўныя.
А цяпер, таварышы, я раскажу вам пра сон, што я сасніў мінулае ночы. Я не магу вам яго апісаць. Гэта быў сон пра жыццё на зямлі, якое яно будзе, калі знікне Чалавек. Але ён нагадаў мне штосьці, пра што я даўно ўжо забыўся. Шмат гадоў таму, калі я быў маленькім парасяткам, мая маці і іншыя мацёры часта спявалі старую песню, з якой яны памяталі толькі мелодыю і тры першыя словы. Я памятаў гэтую мелодыю, калі быў малы, але даўно ўжо забыўся. Мінулае ночы, аднак, яна вярнулася да мяне ў сне. I нават болей — вярнуліся і словы песні, якую, я ў гэтым упэўнены, некалі даўно спявалі жывёлы, але пасля тыя словы сцерліся з памяці цэлых пакаленняў. Я праспяваю вам зараз гэтую песню, таварышы. Я ўжо стары, і голас у мяне грубы, але калі я навучу вас мелодыі, вы самі заспяваеце лепей за мяне. Яна называецца «Звяры Брытаніі».
Стары Маёр пракашляўся і пачаў спяваць. Як ён сказаў, голас у яго быў грубы, але спяваў ён даволі добра, мелодыя была ўзрушальная, нешта сярэдняе паміж «Клементынай» і «Кукарачай». Словы былі такія:
Шатландскі звер і звер ангельскі, Звяры ўсіх земляў і плямён, Пачуйце радасную вестку Пра набліжэнне светлых дзён.
Чакайце: прыйдзе час шчаслівы — I згінуць людзі-ўладары.
I па палетках урадлівых	.
Будуць ступаць адны звяры.
He будуць люта ляскаць пугі, Мы скінем з шыяў хамуты.
I саржавеюць шпоры й цуглі У час той прышлы залаты.
Усе багацці: бульба, жыта, Пшаніца, сена і ячмень,— Нам застануцца, і дасыта Мы будзем есць і піць штодзень.
Падуць платы і загародкі, Зазелянее кожны кут, Паветра зробіцца салодкім У дзень збавення ад пакут.
Няхай памрэм ад цяжкай працы — Але наблізім светлы час;
Павінен рогам упірацца Дзеля свабоды кожны з нас.
Шатландскі звер і звер ангельскі, Звяры ўсіх земляў і плямён, Пачуйце радасную вестку Пра набліжэнне светлых дзён'.
Песня выклікала ў жывёлаў дзікае захапленне. He паспеў яшчэ Маёр даспяваць да канца, як яны пачалі ўжо яму ўтараваць. Нават найдурнейшыя з іх ужо падхапілі мелодыю і запомнілі некалькі словаў, а што да разумнейшых, як, напрыклад, свінняў і сабакаў, дык яны за колькі хвілін вывучылі ўсю песню на памяць. I тады, пасля некалькіх папярэдніх спробаў, уся ферма грымнула ў страхатлівым аднагалоссі «Звяры Брытаніі». Каровы мыкалі, сабакі скуголілі, авечкі бэкалі, коні ржалі, качкі кракалі. Песня так іх зачаравала, што яны праспявалі яе цалкам пяць разоў запар і спявалі б яе ўсю ноч, каб іх не перапынілі.
На бяду, гэты гармідар абудзіў містэра Джоўнза, і ён падскочыў з ложка, падумаўшы, што ў двор залезла ліса. Ен схапіў стрэльбу, што заўсёды стаяла ў куце ў спальні, і стрэліў набоем шроту № 6 у цемру. Шрацінкі
Вершаваныя тэксты ў аповесці «Ферма» пераклаў Алег Мінкін.
ўпіліся ў сцяну гумна, і сход паспешліва закрыўся. Кожны паляцеў на сваё месца. Птушкі скочылі на седала, жывёла ўлеглася на салому, і праз хвіліну ўся ферма ўжо спала.
II
Праз тры ночы стары Маёр спакойна памёр у сне. Ягонае цела пахавалі ў канцы саду.
Было гэта на пачатку сакавіка. На працягу наступных трох месяцаў разгарнулася шырокая патаемная дзейнасць. Маёрава прамова нарадзіла ў самых разумных жывёлінаў на ферме зусім новы погляд на жыццё. Яны не ведалі, калі адбудзецца прадказанае Маёрам Паўстанне, у іх не было падстаў думаць, што гэта станецца яшчэ за іх жыццём, але яны ясна бачылі, што іхні абавязак —падрыхтаваць гэтае Паўстанне. Клопат навучыць і арганізаваць іншых выпаў, натуральна ж, на долю свінняў, бо ўсе лічылі, што свінні — найразумнейшыя з усіх жывёлаў. Найвыдатнейшымі сярод свінняў былі два маладыя кныры — Сняжок і Напалеон, якіх містэр Джоўнз гадаваў на продаж. Напалеон быў вялікі, люты на погляд кныр бэркшырскае пароды, адзіны з гэтай пароды на ўсёй ферме, не надта гаваркі, але вядомы сваёй упартасцю і ўменнем дамагацца свайго. Сняжок быў жвавейшы за Напалеона, спрытнейшы на язык і больш кемлівы, але лічылася, што характар у яго недастаткова цвёрды. Усе астатнія вепрукі на ферме гадаваліся на зарэз. Найбольш вядомы сярод іх быў маленькі тоўсты падсвінак Віскун з круглымі шчокамі, мірглівымі вочкамі, жвавымі рухамі і пранізлівым голасам. Ен быў цудоўным прамоўцам і, калі спрачаўся на нейкую складаную тэму, меў звычку скакаць сюдытуды і віляць хвастом, што ўздзейнічала на слухачоў вельмі пераканаўча. Пра Віскуна казалі, што ён умее з чорнага зрабіць белае.
Гэтыя трое распрацавалі вучэнне старога Маёра ў завершаную сістэму, якой яны далі назву Жывялізм. Некалькі разоў на тыдзень, уночы, калі містэр Джоўнз засынаў, яны збіралі таемныя сходы ў гумне і тлумачылі іншым прынцыпы Жывялізму. Спачатку яны сутыкнуліся з неразуменнем і абыякавасцю. Некаторыя жывёлы гаварылі пра абавязак вернасці містэру Джоўнзу, якога яны называлі «Гаспадар», або выказвалі прымітыўныя заўвагі, накшталт: «Містэр Джоўнз корміць нас. Калі ён пойдзе, мы памрэм ад голаду». Іншыя ж пыталіся гэтак: «Чаго нам клапаціцца пра тое, што будзе, калі мы ўжо памрэм?» або «Калі гэтае Паўстанне так ці так адбудзецца, дык якая розніца, будзем мы нешта рабіць дзеля гэтага або не?», і свінням з вялікай цяжкасцю даводзілася пераконваць іх, што гэта пярэчыць духу Жывялізму. Найдурнейшыя ж пытанні задавала Молі, белая кабылка. Ці не першае, пра што яна спыталася ў Сняжка, было: «А ці будзе цукар пасля Паўстання?»
«Не,— цвёрда адказаў Сняжок.— У нас на ферме няма сродкаў, каб вырабляць цукар. Да таго ж, табе не спатрэбіцца цукар. Ты будзеш мець аўса і сена, колькі захочаш». «А ці можна будзе мне насіць стужкі ў грыве?» — спыталася Молі. «Таварыш,— сказаў Сняжок,— стужкі, якія ты гэтак любіш, ёсць знак рабства. Ці ж ты не разумееш, што свабода даражэйшая за стужкі?»
Молі згадзілася, але згода яе прагучала не вельмі пераканаўча.
Яшчэ болей давялося змагацца свінням супраць хлусні, якую разводзіў свойскі крумкач Масей. Масей, якога асабліва песціў містэр Джоўнз, быў шпіёнам і даносчыкам, але ён быў яшчэ і разумным прамоўцам. Ен сцвярджаў, што ведае пра існаванне таямнічае краіны, якая называецца Ледзянцовыя Горы, куды пасля смерці адыходзяць усе жывёлы. Ляжыць яна ў небе.
адразу за аблокамі, казаў Масей. У Ледзянцовых Гарах нядзеля бывае сем разоў на тыдзень, канюшына цвіце ўвесь год, а кавалкі цукру і льняная макуха растуць на платах. Жывёлы ненавідзелі Масея, бо ён баяў байкі і не працаваў, але некаторыя верылі ў Ледзянцовыя Горы, і свінням даводзілася зацята спрачацца, каб пераканаць іх, што такой краіны не існуе.
Самымі вернымі іх вучнямі былі цяглавыя коні Баксёр і Канюшынка. Ім было вельмі цяжка прыдумаць што-небудзь сваёй галавой, але, пагадзіўшыся аднойчы з тым, што свінні іх настаўнікі, яны паглыналі ўсё, што ім казалі, і перадавалі сказанае жывёлам у форме простых доказаў. Яны неадменна прысутнічалі на таемных сходах у гумне і найгучней спявалі «Звяры Брытаніі», якімі канчаўся кожны сход.
Вось жа выйшла так, што Паўстанне адбылося значна раней і значна прасцей, чым усе спадзяваліся. Некалі раней містэр Джоўнз, хоць і жорсткі гаспадар, быў здольным фермерам, але апошнім часам яму давялося зазнаць гора. Пасля таго як ён прайграў грошы ў судовым працэсе, ён моцна зажурыўся і прыахвоціўся да чаркі, ды так, што гэта пачало ўжо ісці яму на шкоду. Здаралася, што ён цэлымі днямі сядзеў у сваім разьбяным драўляным крэсле на кухні, чытаў газеты, піў і разпораз карміў Масея хлебнымі скарынкамі, змочанымі ў піве. Слугі ягоныя былі лянівыя і несумленныя, палі пазарасталі пустазеллем, стрэхі папрацякалі, занядбаныя платы пахіліліся, а жывёла была недакормленая.
Настаў чэрвень, трава была ўжо амаль гатовая да сенакосу. Напярэдадні Янавай ночы, а было гэта якраз у суботу, містэр Джоўнз выправіўся ў Уілінгдан і так напіўся ў «Чырвоным ільве», што вярнуўся дадому толькі апоўдні ў нядзелю. Слугі ўранні падаілі кароў і пайшлі ставіць пасткі на зайцоў, не даўшы сабе клопату накарміць жывёлу. Прыйшоўшы дадому, містэр Джоўнз
адразу ж заснуў на канапе ў гасцёўні, накрыўшы твар газетай «Навіны свету», так што калі надышоў вечар, жывёлы ўсё яшчэ былі някормленыя. Нарэшце іх цярпенню настаў канец. Адна карова праламала рогам дзверы ў свірне, і ўсе жывёлы пачалі частавацца з засекаў. Якраз у гэты момант містэр Джоўнз прачнуўся. Праз хвіліну ён і чатыры слугі былі ў свірне з бізунамі ў руках і сцябалі на ўсе бакі. I ўжо гэтага галодныя жывёлы сцярпець не маглі. Нібы згаварыўшыся, хоць нічога гэткага загадзя не планавалася, яны кінуліся на сваіх тыранаў. На Джоўнза і яго людзей раптам пасыпаліся з усіх бакоў удары рагоў і капытоў. Яны зусім разгубіліся. Ніколі раней яны не бачылі, каб жывёлы сябе гэтак паводзілі, і гэты нечаканы бунт істотаў, якіх яны прызвычаіліся без дай прычыны біць і зневажаць, да смерці іх напалохаў. Неўзабаве яны кінулі спробы абараніцца і пусціліся наўцёкі. He прайшло і хвіліны, як яны ўжо ляцелі, што мелі духу, дарогаю, якая вяла да гасцінца, а за імі ў пераможным імпэце беглі жывёлы.
Місіс Джоўнз выглянула з акна ў спальні і, убачыўшы, што адбываецца на двары, паспешліва кінула ў дарожную торбу ўсё, што трапіла пад руку, уцякла з фермы іншаю дарогай. Масей саскочыў з жэрдкі і паляцеў за ёю, крумкаючы на ўсю глотку. Тым часам жывёлы выгналі Джоўнза і яго людзей на гасцінец і з бразгатам зачынілі за імі цяжэзную браму. I так, не паспеўшы яшчэ як след сцяміць, што адбываецца, жывёлы паспяхова завяршылі Паўстанне: Джоўнз быў прагнаны і ферма Мэнар стала іхняя.