Ферма | 1984  Джордж Оруэл

Ферма | 1984

Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
77.09 МБ
Аднак ніхто да канца не верыў гэтым байкам. Няясныя і перакручаныя чуткі пра дзівосную ферму, дзе жывёлы, выгнаўшы людзей, сталіся гаспадарамі свайго жыцця, разыходзіліся ўсё далей, і ўвесь гэты год у наваколлі не спадала хваля бунтарных настрояў. Заўсёды паслухмяныя быкі раптам зрабіліся дзікімі, авечкі зносілі агароджы і пляжылі канюшыну, каровы перакульвалі даёнкі, коні адмаўляліся скакаць цераз пера-
шкоды і перакідалі праз іх коннікаў. Але, што найгорш, мелодыя і нават словы «Звяроў Брытаніі» былі вядомыя паўсюль. Яны з дзіўнай хуткасцю разышліся сярод жывёлаў наваколля. Чуючы гэтую песню, людзі не маглі стрымаць сваёй лютасці, хоць і рабілі выгляд, што лічаць яе проста смешнаю. Яны не маглі зразумець, казалі яны, як самі жывёлы могуць дайсці да таго, каб спяваць такую дзікую лухту. Кожная жывёліна, заспетая за тым, што спявае гэтую песню, каралася дубцом на месцы. I, аднак, песню гэтую нельга было задушыць. Яе высвіствалі ў жываплотах дразды, буркаталі ў вязах галубы, яна чулася ў грукаце кузняў і ў гудзе царкоўных званоў. I калі чалавечыя стварэнні слухалі яе, яны патаемна баяліся, чуючы ў ёй прароцтва сваёй будучай загубы. ..
На пачатку кастрычніка, калі збажына была зжатая і стаяла ў сціртах, а частка была ўжо абмалочаная, прыляцела, кружляючы ў паветры, купка галубоў і села на панадворку Фермы Жывёлаў у нязвыклым узрушэнні. Джоўнз і ўсе яго людзі, ды яшчэ паўтузіна іншых з Фоксвуда і Пінчфілда, увайшлі праз браму і рухаліся цяпер дарогаю, што вяла да фермы. Усе яны неслі кіі, апрача Джоўнза, які ступаў наперадзе з стрэльбаю ў руках. Яны відавочна збіраліся адваяваць ферму.
Гэтага чакалі ўжо даўно, і таму ўсё было загадзя падрыхтавана. Сняжок, які ўважліва вывучыў старую кнігу пра выправы Юлія Цэзара, знойдзеную ў сядзібе, узяў на сябе кіраванне абароннымі аперацыямі. Ен хутка раздаў загады, і праз пару хвілін кожная жывёліна была ўжо на сваім баявым пасту.
Калі чалавечыя стварэнні наблізіліся да будынкаў фермы, Сняжок распачаў сваю першую атаку. Усе галубы, колькасцю трыццаць пяць, лёталі сюды-туды над галовамі людзей і брудзілі на іх з паветра; і пакуль людзі абціраліся, гусі, што хаваліся за жываплотам, кінуліся на іх і пачалі бязлітасна шчыпаць іх за лыткі.
I, аднак, гэта была толькі лёгкая папярэдняя сутычка, скіраваная на тое, каб стварыць разлад у шэрагах супраціўніка, і людзі лёгка адагналі гусей кіямі. Тады Сняжок кінуў у бой другую лінію атакі. Мюрыэль, Бэнджамін і ўсе авечкі, на чале з Сняжком, рынуліся наперад і пачалі таўчы і басці людзей з усіх бакоў, тым часам як Бэнджамін, павярнуўшыся, біў іх сваімі маленькімі капытамі. Але і тут людзі з сваімі кіямі і падкутымі цвікамі ботамі былі мацнейшыя за іх; раптам, пачуўшы Сняжкоў віск, што было сігналам да адступлення, усе жывёлы павярнуліся і ўцяклі на ўнутраны двор.
Людзі азваліся пераможным воклічам. Яны ўбачылі, як ім здавалася, што іх ворагі ўцякаюць, і бязладна кінуліся за імі. Гэта было якраз тое, чаго спадзяваўся Сняжок. Як толькі яны забеглі ў двор, тры кані, тры каровы і ўсе астатнія свінні, што хаваліся ў засадзе ў хляве, нечакана выйшлі на іх з тылу, адрэзаўшы шляхі да адступлення. I тады Сняжок даў сігнал да атакі. Сам ён абрынуўся на Джоўнза. Джоўнз убачыў яго, узняў стрэльбу і стрэліў. Шраціны прадзёрлі крывавыя палосы на Сняжковай спіне, і адна авечка ўпала мёртвая. He спыняючыся ні на хвіліну, Сняжок уваліў усе свае шэсць пудоў у ногі Джоўнзу. Джоўнз паваліўся ў кучу гною, і стрэльба выпала ў яго з рук. Але найстрашнейшае відовішча ўяўляў сабою Баксёр, які стаў дыбкі і выбрыкваў сваімі падкутымі жалезам капытамі, як стаенны жарабок. Яго першы ўдар лучыў у галаву памочніку конюха з Фоксвуда, і той нежывы распластаўся ў гразі. Убачыўшы гэта, некалькі чалавек пакідалі свае кіі і паспрабавалі ўцячы. Іх ахапіла паніка, і ў наступную хвіліну ўсе жывёлы, сабраўшыся разам, ганялі іх па ўсім двары. Іх білі рагамі і нагамі, кусалі і тапталі. He было ніводнай жывёліны на ферме, якая б па-свойму на іх не папомсцілася. Нават кот, раптоўна саскочыўшы з даху на плечы пастуху, запу-
сціў кіпцюры яму ў шыю, і той пачаў крычаць немым голасам. У той момант, калі брама расчынілася, людзі з радасцю кінуліся з двара і пабеглі да гасцінца. I так, праз пяць хвілін пасля ўварвання, яны ганебна адступілі той самай дарогай, якой былі прыйшлі, а за імі, сыкаючы, беглі чарадою гусі і шчыпалі іх за лыткі.
Усе людзі ўцяклі, апроч аднаго. Вярнуўшыся ў двор, Баксёр пакратаў капытом памочніка конюха, які ляжаў ніцма, тварам у гразь, спрабуючы перавярнуць яго. Хлопец цр варушыўся.
— Ен памёр,— з сумам вымавіў Баксёр.— Я не хацеў яго забіваць. Я забыўся, што ў мяне жалезныя падковы. Хто цяпер паверыць, што я зрабіў гэта не наўмысна?
— Без сантыментаў, таварыш! — закрычаў Сняжок, з чыіх ранаў усё яшчэ цякла кроў.— Вайна ёсць вайна. Добры чалавек — мёртвы чалавек.
— Я не хачу забіваць, нават людзей,— паўтарыў Баксёр, і вочы яго напоўніліся слязьмі.
— А дзе Молі? — усклікнуў нехта.
Молі і сапраўды не было відаць. На хвіліну ўзняўся вялікі пярэпалах; баяліся, што людзі маглі неяк ёй нашкодзіць або нават звесці яе з сабою. Урэшце, аднак, яе знайшлі — яна хавалася ў сваім стойле, засунуўшы галаву ў сена. Яна ўцякла, як толькі пачула стрэл. Аднак, калі ўсе вярнуліся з пошукаў, выявілася, што памочнік конюха, які быў толькі аглушаны, паспеў ачомацца і ўцячы.
Жывёлы зноў сабраліся ўее разам у вялікім узрушэнні і, перакрыкваючы адна адну, распавядалі пра свае подзвігі ў бітве. Тут жа адбылося імправізаванае святкаванне перамогі. Быў узняты сцяг, і колькі разоў запар былі праспяваныя «Звяры Брытаніі», пасля адбылося ўрачыстае пахаванне палеглай у баі авечкі, і на яе магіле быў пасаджаны куст глогу. Сняжок выступіў над магілаю з кароткай прамовай, падкрэсліўшы, што
кожная жывёліна мусіць быць гатовая загінуць за Ферму Жывёлаў, калі гэта спатрэбіцца.
Жывёлы аднадушна пастанавілі заснаваць ваенную ўзнагароду — медаль «Жывёла-Герой» першага класа, які быў адразу ўручаны Сняжку і Баксёру. Гэты масянжовы медаль (у сапраўднасці ж гэта былі масянжовыя бляхі, знойдзеныя ў рымарні) належала насіць у нядзелі і святы. Заснавалі таксама медаль «ЖывёлаГерой» другога класа, якім пасмяротна ўзнагародзілі забітую авечку.
Шмат спрачаліся аб тым, як назваць гэтую слаўную бітву. Нарэшце яе назвалі Бітва пры Хляве, бо якраз там хавалася засада. Стрэльбу містэра Джоўнза знайшлі ў гразі, а было вядома, што ў сядзібе ёсць патроны. Вырашылі ўсталяваць стрэльбу ля флагштока ў якасці гарматы і страляць з яе двойчы на год — дванаццатага кастрычніка, у гадавіну Бітвы пры Хляве, і ў дзень напярэдадні Янавай ночы, у гадавіну Паўстання.
V
3 набліжэннем зімы паводзіны Молі пачалі ўсё больш і больш непакоіць. Яна спазнялася на працу кожнай раніцы, просячы прабачэння, што праспала, і скардзілася на нейкі загадкавы боль, хоць апетыт у яе заставаўся цудоўны. За любою зачэпкай яна ўцякала з працы і ішла на вадапой, дзе падоўгу стаяла і ачмурэла ўзіралася ў сваё адлюстраванне ў вадзе. Але хадзілі чуткі і пра нешта больш сур’ёзнае. Аднойчы, калі Молі бяздумна прахаджалася па двары, памахваючы сваім даўгім хвастом і жуючы былінку, Канюшынка адвяла яе ўбок.
— Молі,— сказала яна,— мне трэба вельмі сур’ёзна з табой пагаварыць. Сёння раніцай я бачыла, як ты глядзела праз агароджу, што аддзяляе Ферму Жывёлаў ад Фоксвуда. Адзін з людзей містэра Пілкінгтана
стаяў з таго боку агароджы. Я была вельмі далёка, але я амаль перакананая, што бачыла, як ён гаварыў з табой і ты дазваляла яму гладзіць свой нос. Што гэта значыць, Молі?
— Я там не была! Я гэтага не рабіла! Гэта няпраўда! — закрычала Молі і пачала вытапырвацца і біць капытамі зямлю.
— Молі! Паглядзі мне ў вочы. Ці даеш ты мне слова гонару, што той чалавек не гладзіў табе нос?
— Гэта няпраўда! — паўтарыла Молі, але яна не магла паглядзець Канюшынцы ў вочы і кінулася наўцёкі, паскакаўшы наўзгалоп у поле.
Тады Канюшынцы прыйшла ў галаву адна думка. Нікому нічога не кажучы, яна пайшла ў стойла Молі і адгарнула капытом салому. Пад саломаю была схаваная кучка кавалкаў цукру і некалькі скруткаў рознакаляровых стужак.
Праз тры дні Молі знікла. Некалькі тыдняў ніхто не ведаў, куды яна падзелася, пакуль галубы не паведамілі, што бачылі яе на другім канцы Уілінгдана. Яна стаяла запрэжаная ў прыгожую калымажку, пафарбаваную ў чырвонае і чорнае, што чакала каля карчмы. Тоўсты чырванатвары чалавек у клятчастых брыджах і гетрах, які выглядаў на карчмара, гладзіў ёй нос і карміў яе цукрам. Яна была нанова падстрыжаная, і ў грыве была ўплеценая пунсовая стужка. Відаць, яна вельмі добра бавіла час, як сказалі галубы. Ніхто з жывёлаў больш ніколі не згадваў пра Молі.
У студзені настала суровае надвор’е. Зямля была цвёрдая, як жалеза, і на полі не было чаго рабіць. У вялікім гумне адбывалася шмат сходаў, свінні займаліся планаваннем працы на наступны сезон. Неяк само сабою склалася, што свінні, якія былі відавочна разумнейшыя за іншую жывёлу, вырашалі ўсе пытанні, што датычылі фермы, хоць рашэнні і меліся быць ухваленыя большасцю галасоў. I гэткі парадак дзеіў бы даволі добра,
калі б не спрэчкі паміж Сняжком і Напалеонам. Гэтыя двое разыходзіліся ў поглядах паўсюль, дзе толькі было магчымае разыходжанне. Калі адзін з іх прапанаваў засеяць большую плошчу ячменем, дык можна было быць пэўным, што другі запатрабуе большае плошчы пад авёс, і калі адзін казаў, што тое і тое поле якраз прыдатнае пад капусту, дьік другі абвяшчаў, што яно ні на што іншае не надаецца, як на караняплоды. Кожны меў сваіх прыхільнікаў, і часам адбываліся зацятыя спрэчкі. На сходах Сняжок часта перамагаў дзякуючы сваім бліскучым прамовам, але Напалеону больш удавалася назбіраць сабе аднадумцаў у часе паміж сходамі. Асаблівы поспех ён меў сярод авечак. Апошнім часам авечкі ўзяліся бляяць лозунг «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна» калі трэба і калі не трэба, часам перапыняючы сваім бляяннем Сход. Можна было заўважыць, што яны мелі асаблівую схільнасць бляяць свой лозунг у самыя важныя моманты Сняжковых прамоў. Сняжок якраз дэталёва вывучыў некалькі старых нумароў знойдзенага ў сядзібе часопіса «Фермер і жывёлавод» і быў поўны шырокіх планаў розных навінак і ўдасканаленняў. Ен з веданнем справы гаварыў пра дрэнажныя сістэмы, сілас і кампост, выпрацаваў складаны праект, паводле якога ўсе жывёлы мусілі класці свой гной непасрэдна ў полі, кожны дзень на новым месцы, каб скараціць працу на перавозку. Напалеон нійбіх сваіх праектаў не прапаноўваў, а толькі спакойна казаў, што Сняжковы нікуды не вартыя, і, здавалася, чакаў свайго часу. Але з усіх іхніх спрэчак найбольш зацятая разгарэлася вакол пытання аб ветраку.