• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ферма | 1984  Джордж Оруэл

    Ферма | 1984

    Джордж Оруэл

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 411с.
    Мінск 1992
    77.09 МБ
    Адзіны раз у жыцці Бэнджамін згадзіўся парушыць сваё правіла і прачытаў ёй, што было напісана на сцяне. Цяпер там была толькі адна Запаведзь:
    Усе жывёлы роўныя
    Але некаторыя жывёлы раўнейшыя за іншых
    Пасля гэтага ўжо не здавалася дзіўным, што назаўтра свінні, якія наглядалі за працай на ферме, усе насілі бізун у пярэдняй назе. He здавалася дзіўным, што
    свінні купілі сабе радыёпрыёмнік, збіраліся паставіць тэлефон і падпісаліся на «Джона Була», «Тыт Бітс» і «Дэйлі Мірар». He здавалася дзіўным убачыць Напалеона, які гуляе ў прысядзібным садзе з люлькай у зубах. He было ўжо дзівам, што свінні дасталі адзенне містэра Джоўнза з шафы і панадзявалі яго, што сам Напалеон надзеў чорны сурдут, шырачэзныя брыджы і скураныя гетры, а яго фаварызаваная мацёра нацягнула на сябе муаравую сукенку, якую місіс Джоўнз звычайна надзявала ў нядзелю.
    Аднойчы ўвечары, недзе праз тыдзень, да фермы пад’ехала некалькі калымажак. Група навакольных фермераў была запрошаная агледзець ферму. Іх правялі паўсюль, і яны выказалі вялікае захапленне ўсім, што пабачылі, асабліва ветраком. Тым часам жывёлы былі на праполцы рэпы. Яны працавалі старанна, не падымаючы галоваў, і не ведалі, каго больш баяцца — свінняў ці людзей.
    Вечарам з сядзібы даносіліся спевы і гулкі смех. I раптам, пачуўшы гэты бязладны гоман, жывёлы праняліся цікаўнасцю. Што ж там можа адбывацца цяпер, калі жывёлы і людзі ўпершыню сустрэліся як роўныя? I, не згаворваючыся, яны як мага цішэй падкраліся да сядзібы.
    Каля брамы яны спыніліся, баючыся ісці далей, але Канюшынка павяла іх наперад. На дыбачках падабраліся да дома, і тыя, хто быў вышэйшы, зазірнулі ў акно гасцёўні. Там, вакол даўгога стала, сядзела паўтузіна фермераў і паўтузіна выдатнейшых свінняў. Сам Напалеон займаў ганаровае месца ў канцы стала. Здавалася, што свінні вельмі ўтульна пачуваюцца ў крэслах. Кампанія забаўлялася гульнёю ў карты, але ўсе прыпыніліся на нейкі момант, відаць, каб падняць кубкі. Па стале хадзіў наўкруга вялікі збан, і кубкі напаўняліся півам. Ніхто не заўважыў здзіўленых твараў жывёлаў, што пазіралі на іх праз акно.
    Містэр Пілкінгтан з Фоксвуда ўстаў, падняўшы кубак. Ен сказаў, што праз хвіліну папросіць шаноўную грамаду выпіць. Але перад тым ён палічыў сваім абавязкам сказаць колькі слоў.
    Для яго, як і для іншых прысутных, было вялікім задавальненнем адчуць, што доўгі перыяд недаверу і непаразуменняў цяпер скончыўся. Быў час — хоць ні ён, ні хто іншы з прысутных ніколі не падзяляў такіх пачуццяў,— але быў час, калі да паважаных уладальнікаў Фермы Жывёлаў іх суседзі ставіліся не тое каб з варожасцю, але, можа быць, з пэўным недаверам. Здараліся непрыемныя выпадкі, бытавалі памылковыя ўяўленні. Былі меркаванні, што існаванне фермы, якою валодалі і кіравалі свінні, было ў нейкім сэнсе ненармальным і магло мець дэстабілізуючы ўплыў на суседнія фермы. Шмат хто з фермераў лічыў, без належнае дасведчанасці, што на такой ферме мусіць панаваць дух усёдазволенасці і недысцыплінаванасці. Іх непакоіў магчымы негатыўны ўплыў на іх уласных жывёлаў ці нават на слугаў. Але ўсе гэтыя сумненні цяпер рассеяліся. Сёння ён і яго сябры наведалі Ферму Жывёлаў і агледзелі кожны куток сваімі вачамі, і што ж яны пабачылі? He толькі самыя еучасныя метады гаспадарання, але дысцыпліну і парадак, якія маглі б быць узорам для ўсіх навакольных фермаў. Ен лічыць, што не памыліцца, сказаўшы, што ніжэйшыя жывёлы на Ферме Жывёлаў працуюць болей і атрымліваюць ежы меней за любую жывёліну ва ўсім графстве. Сапраўды, ён і яго калегі сёння пабачылі шмат такога, што яны б хацелі неадкладна прымяніць у сябе.
    Ен скончыць свае заўвагі, сказаў ён, падкрэсліўшы яшчэ раз, што добрасуседскія сувязі існуюць і будуць існаваць паміж Фермай Жывёлаў і навакольнымі фермамі. Паміж свіннямі і людзьмі не было і не павінна быць ніякага сутыкнення інтарэсаў. Іх аб’ядноўваюць агульнае змаганне і агульныя цяжкасці. Ці ж не была
    праблема рабочай сілы аднолькава важная і для адных і для другіх? I тут было відаць, што містэр Пілкінгтан збіраецца сказаць нейкі старанна падрыхтаваны досціп, але яго разабрала весялосць і ён не мог вымавіць ні слова. Пасля доўгага змагання са смехам, які душыў яго, і ад якога ягонае тлустае падбароддзе зрабілася чырвонае, ён здолеў выціснуць з сябе: «Вам даводзіцца змагацца з вашымі ніжэйшымі жывёламі, а нам — з нашымі ніжэйшымі класамі!» Увесь стол грымнуў рогатам, а містэр Пілкінгтан зноў павіншаваў свінняў з нізкімі харчовымі нормамі, даўгімі працоўнымі днямі і з абсалютнай адсутнасцю разбэшчанасці, што ён заўважыў на Ферме Жывёлаў.
    А цяпер, сказаў ён нарэшце, ён хацеў бы папрасіць усіх устаць і паглядзець, ці ва ўсіх поўныя кубкі.
    — Джэнтльмены,— закончыў містэр Пілкінгтан,— джэнтлымены, я прапаную тост: «За росквіт Фермы Жывёлаў!»
    Пачуліся воплескі і тупат ног. Напалеон быў такі задаволены, што абышоў вакол стала, каб бомкнуцца кубкам з містэрам Пілкінгтанам. Калі воплескі сціхлі, Напалеон, застаўшыся стаяць, абвясціў, што таксама хоча сказаць пару слоў.
    Як і ўсе Напалеонавы прамовы, гэтая была кароткая і канструктыўная. Ен таксама быў шчаслівы, што перыяд непаразуменняў скончыўся. Доўгі час хадзілі чуткі — пушчаныя, як ён меў падставы меркаваць, нейкім падступным ворагам,— нібыта ў ягоных поглядах і ў поглядах яго калег было нешта шкоднае і нават рэвалюцыйнае. Лічылася, што яны збіраюцца ўзняць паўстанне сярод жывёлаў на суседніх фермах. Усё гэта няпраўда! Іх адзіным жаданнем, цяпер і раней, было жыць у міры і ў нармальных дзелавых зносінах са сваімі суседзямі. Гэтая ферма, якую ён мае гонар кантраляваць, дадаў ён, была кааператыўным прадпрыемствам. Правы на валоданне, якія былі ў ягоных руках, належалі супольна ўсім свінням.
    Ен не думае, сказаў ён, што яшчэ застаюцца нейкія падазрэнні, але некаторыя змены ў штодзённым жыцці фермы былі праведзеныя з мэтай выклікаць яшчэ больш даверу. Дагэтуль жывёлы на ферме мелі дурную звычку звяртацца адно да аднаго «Таварыш». Цяпер гэта будзе забаронена. Была таксама вельмі дзіўная звычка, паходжанне якой невядомае, праходзіць кожную нядзелю раніцай міма кныравага чэрапа, прыбітага да слупа ў садзе. Гэта таксама будзе забаронена, а чэрап ужо спалены. Госці маглі таксама бачыць зялёны сцяг на флагштоку. Тады яны, мабыць, заўважылі, што на ім ужо болей няма белага капыта і белага рога. Ад гэтага часу гэта будзе проста аднакаляровы зялёны сцяг.
    У яго ёсць толькі адна заўвага, сказаў ён, да бліскучай і добрасуседскай прамовы містэра Пілкінгтана. Містэр Пілкінгтан увесь час згадваў назву «Ферма Жывёлаў». Вядома ж, ён не мог ведаць — бо ён, Напалеон, толькі цяпер першы раз пра гэта абвяшчае — што назва «Ферма Жывёлаў» ужо адмененая. Цяпер ферма мае называцца «Ферма Мэнар» — гэта была, на яго думку, дакладная і спрадвечная назва.
    — Джэнтльмены,— сказаў на заканчэнне Напалеон,— я паўтару той самы тост, толькі ў крыху іншай форме. Напоўніце да краёў вашыя кубкі. Джэнтльмены, вось мой тост: За росквіт Фермы Мэнар!
    Зноў загучалі сардэчныя воплескі, і кубкі выпілі да дна. Але жывёлам, што глядзелі на ўсё г&га з вуліцы, здалося, што адбылася нейкая дзіўная рэч. Нешта ў свіных тварах змянілася. Канюшынка пераводзіла цьмяны позірк з аднаго твару на другі. У некаторых было пяць падбароддзяў, у некаторых чатыры, у іншых тры. Але што ж такое змянілася? Тады воплескі сціхлі, застольнікі зноў узялі ў рукі карты і працягвалі перапыненую гульню. Жывёлы моўчкі пайшлі прэч.
    Але, не адышоўшы яшчэ на дваццаць ярдаў, яны раптам спыніліся. У сядзібе ўсчаўся крык. Яны кінуліся
    назад і зноў зазірнулі ў вокны. Там, там распачалася зацятая спрэчка — крыкі, удары кулаком аб стол, варожыя позіркі, гнеўныя апраўданні. Прычынай спрэчкі, як відаць, было тое, што Напалеон і містэр Пілкінгтан адначасова згулялі віновым тузом.
    Дванаццаць галасоў абурана крычалі, і ўсе яны былі падобныя адзін на аднаго. Цяпер ужо не было пытання, што здарылася са свінымі тварамі. Жывёлы знадворку пераводзілі позірк з свінні на чалавека, з чалавека на свінню і зноў з свінні на чалавека, але было ўжо немагчыма вызначыць, хто быў кім.
    Лістапад 1943 — Люты 1944
    1984
    Частка першая
    1
    Быў халодны і пагодлівы красавіцкі дзень, гадзіннікі білі трынаццаць гадзін. Уінстан Сміт, утуліўшы галаву ў плечы, спрабаваў схавацца ад злога ветру. Ен праслізнуў праз шкляныя дзверы ў дамовы блок «Перамога», але стаўбур пылу і пяску ўсё ж паспеў увіхурыцца за ім у прачыненыя дзверы.
    У калідоры пахла варанай капустай і старымі дываночкамі. У канцы калідора да сцяны быў прыпнуты недарэчна вялікі каляровы плакат. Увесь гэты плакат займаў вялізны — больш за метр ушыркі — твар чалавека гадоў сарака пяці, з чорнымі густымі вусамі і грубавата-прыгожымі рысамі. Уінстан накіраваўся да сходаў. Выклікаць ліфт не было сэнсу — нават у найлепшыя часы ён працаваў рэдка. Дый да таго ж цяпер удзень электрычнасць выключалася — ішла кампанія эканоміі ў сувязі з падрыхтоўкай да Тыдня Нянавісці. Кватэра была на восьмым паверсе. Уінстану было трыццаць дзевяць гадоў, над костачкай на правай назе ў яго была варыкозная язва, і таму паднімаўся ён павольна і колькі разоў прыпыняўся, каб адпачыць. I на кожным паверсе з плаката, прычэпленага да сцяны насупраць ліфта, у яго пільна ўзіраўся той самы вялізны твар. Ен нібы пасвіў позіркам кожнага, хто ішоў па сходах. Пад партрэтам стаяў надпіс: «ВЯЛІКІ БРАТ ГЛЯДЗІЦЬ НА ЦЯБЕ».
    Зайшоўшы ў кватэру, Уінстан пачуў саладжавы голас, што пералічваў шэрагі лічбаў — нешта звязанае
    з вытворчасцю чыгуну. Голас ішоў з выцягнутага металічнага экрана, падобнага да бляклага люстэрка, умураванага ў правую сцяну. Уінстан пакруціў ручку, і голас прыціх, але словы ўсё яшчэ былі добра чутныя. Гук у апараце (або, як казалі, у тэлеглядзе) можна было прыглушыць, але цалкам выключыць было немагчыма. Уінстан падышоў да акна. Ен быў невысокі і кволы, і ягоную хударлявасць яшчэ болей падкрэсліваў сіні камбінезон — партыйная уніформа. Ен меў бялявыя валасы, трошкі чырвоны ад прыроды твар, скуру, агрублую ад жорсткага мыла, тупых лёзаў і зімовых халадоў, якія толькі што мінуліся.
    Знадворку, нават за шыбай зачыненага акна, свет здаваўся халодным. Злы вецер вірамі ўздымаў у паветра пыл і шматкі паперы. I хоць у густа-блакітным небе свяціла яркае сонца, усё навокал здавалася бясколерным, апроч расклееных паўсюль плакатаў. Чарнавусы твар пазіраў з кожнай віднай мясціны. Адзін плакат вісеў на сцяне насупраць. ВЯЛІКІ БРАТ ГЛЯДЗІЦЬ НА ЦЯБЕ, паўтараў надпіс, і цёмныя вочы з плаката пранікліва глядзелі на Уінстана. На вуліцы ўнізе вецер шкуматаў яшчэ адзін плакат з абарваным ражком, на ім то адкрывалася, то зноў закрывалася адзінае слова: АНГСОЦ. Удалечыні паказаўся верталёт. Ен уціснуўся ў шчыліну завулка, павісеў хвілінку ў паветры, нібы сіняя мясная муха, пасля рвануўся ў неба і знік. Гэта быў паліцэйскі патруль, які зазіраў у вокны. Але патруль быў не страшны. Адзіна страшная была Паліцыя Думак.