Ферма | 1984
Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
— Гэта дзеці...— сказала пані Парсанс, баязліва зір
нуўшы на дзверы.— Яны сёння не выходзілі з дому. I вядома ж...
Яна мела звычку абрываць фразы пасярэдзіне. Кухонная ракавіна была поўная да краёў брудна-зеленаватай вады, якая смярдзела капустай больш, як што іншае. Уінстан стаў на калені і агледзеў выгнутае калена адводнай трубы. Ен страшэнна гідзіўся ручной працы, і яму было непрыемна нахіляцца, бо амаль заўсёды ў гэткіх выпадках ён заходзіўся кашлем. Пані Парсанс бездапаможна глядзела на яго.
— Вядома ж, калі б дома быў Том, ён бы хутка ўсё наладзіў,— сказала яна.— Ен любіць такую працу. Ен жа такі здольны, мой Том, у яго залатыя рукі...
Парсанс, як і Уінстан, працаваў у Міністэрстве Праўды. Гэта быў тоўсценькі, але вельмі жвавы чалавечак, неверагодна дурны і поўны ідыёцкага энтузіязму,— адна з тых бяздумна адданых працоўных жывёлін, якія ніколі не ставяць лішніх пытанняў і ад якіх — нават болей, чым ад Паліцыі Думак — залежала трьіваласць Партыі. Хоць яму было ўжо трыццаць пяць гадоў, ён толькі нядаўна і з вялікай неахвотай развітаўся з Саюзам Моладзі, а перад тым, як стаць членам Саюза Моладзі, ён схітрыўся на цэлы год болей прадугледжанага статутам тэрміну затрымацца ў шэрагах Юных Шпіёнаў. У Міністэрстве ён займаў нейкую другарадную пасаду, дзе не патрабавалася шмат розуму, аднак разам з тым ён быў адным з чынных дзеячоў Спорткамітэта і ўсіх іншых камітэтаў, што займаліся арганізацыяй калектыўных вандровак, спантанных дэманстрацый, тыдняў ашчаднасці і ўсіх іншых добраахвотных мерапрыемстваў. Поўны спакойнага гонару, пыхкаючы люлькай, ён любіў пахваліцца, што апошнія чатыры гады ён кожны вечар праводзіў у Доме Культуры. Незнішчальны пах поту спадарожнічаў яму паўсюль, бы неадступны сведка яго напружанага грамад-
скага жыцця, пах гэты заставаўся ў пакоі нават тады, калі Парсанс выходзіў.
— Ці ёсць у вас гаечны ключ? — спытаўся Уінстан, патузаўшы гайку на пераходным калене.
— Гаечны ключ,— сказала пані Парсанс, імгненна губляючы адвагу.— He ведаю. Можа, дзеці..
Пачуўся тупат ног і дудзенне на грабенчыку — у пакой уварваліся дзеці. Пані Парсанс прынесла гаечны ключ. Уінстан спусціў ваду і, стрымліваючы агіду, дастаў з трубы камяк валасоў, якія забілі праход. Ен вымыў начыста рукі халоднаю вадой і вярнуўся ў другі пакой.
— Рукі ўгору! — закрычаў дзікі голас.
Прыгожы, здаровы з выгляду хлопчык гадоў дзевяці выскачыў з-за стала і навёў на яго цацачны аўтамат, а ягоная сястрычка, на два гады маладзейшая, паўтараючы за братам, наставіла на Уінстана кавалак дрэва. Абое былі ў кароткіх блакітных портачках, шэрых кашулях, з чырвонымі хусткамі на шыі — гэта была уніформа Шпіёнаў. Уінстан падняў рукі над галавой з нейкім непрыемным пачуццём, бо хлопчык трымаўся так злавесна, быццам усё гэта было нешта большае, чым проста гульня.
— Ты здраднік! — закрычаў хлопчык.— Ты думзлачынец! Ты еўразійскі шпіён! Я заб’ю цябе, я выпару цябе, я сашлю цябе на саляныя капальні!
Абое пачалі скакаць вакол Уінстана і крычаць: «Здраднік! Думзлачынец!», пры гэтым дзяўчынка паўтарала за братам кожны рух. Уінстану зрабілася страшна — гэта было падобна да вясёлых гульняў маладых тыграў, што неўзабаве зробяцца людаедамі. Вочы хлопчыка блішчэлі нейкай разважлівай жорсткасцю, відавочным жаданнем ударыць Уінстана, і ён адчуваў сябе дастаткова дарослым для гэтага. Добра, што ў яго не сапраўдны аўтамат, падумаў Уінстан.
Пані Парсанс з неспакоем пазірала то на Уінстана,
то на дзяцей. У вялікім пакоі пад ярчэйшым святлом Уінстан заўважыў, што ў зморшчынах яе твару сапраўды сабраўся пыл.
— Ад іх такі вэрхал,— сказала яна,— яны вельмі злуюцца, што іх не пускаюць паглядзець, як будуць вешаць, таму і дурэюць. Я вельмі занятая, каб пайсці з імі, а Том сёння позна вяртаецца з працы.
— Чаму нам нельга пайсці паглядзець, як вешаюць? — зароў хлопчык сваім магутным голасам.
— Паглядзець, як вешаюць! Паглядзець, як вешаюць! — залапатала малая, што ўсё яшчэ скакала навокал.
Уістан згадаў, што гэтым вечарам у парку павінны былі павесіць некалькі еўразійскіх палонных, абвешчаных ваеннымі злачынцамі. Такія публічныя пакаранні адбываліся прыблізна раз на месяц і былі папулярным відовішчам. Дзеці заўсёды прасіліся, каб іх бралі з сабою паглядзець. Ен развітаўся з пані Парсанс і пайшоў да дзвярэй. Аднак ён не паспеў яшчэ спусціцца на шэсць прыступак па сходах, як нешта балюча ўдарыла яго ў шыю. Быццам у цела ўваткнулі распалены дрот. Азірнуўшыся, ён яшчэ паспеў убачыць, як пані Парсанс запіхвае ў дзверы сына, які хавае рагатку.
— Гольдштэйн! — крыкнуў хлопчык яму ўслед, і дзверы зачыніліся. Больш за ўсё Уінстана ўразіў бездапаможны спалоханы твар жанчыны.
Вярнуўшыся ў сваю кватэру, ён праскочыў міма тэлегляда і зноў сеў за стол. Ен пачухаў шыю, што ўсё яшчэ балела. Музыка ў тэлеглядзе сціхла. Замест яе зухаваты вайсковы голас пачаў з нейкай грубай асалодай зачытваць апісанне ўзбраення новай Плывучай Крэпасці, якая толькі што стала на якар паміж Ісландыяй і Фарэрскімі астравамі.
3 гэтымі дзецьмі ў беднай жанчыны не жыццё, а пекла, падумаў Уінстан. Пройдзе яшчэ год або два, і яны ўдзень і ўначы пачнуць высочваць паўсюль праявы
нядобранадзейнасці. Цяпер амаль усе дзеці былі такія. Найгорш было тое, што пад уплывам такіх арганізацый, як Шпіёны, яны непазбежна вырасталі неўтаймоўнымі дзікунамі. I, аднак, гэта ніякім чынам не спараджала ў іх імкнення паўстаць супраць партыйнай дысцыпліны. Наадварот, яны горача любілі Партыю і ўсё, што з ёй было звязана. Маршавыя песні, дэманстрацыі, сцягі, вандроўкі, ваенныя практыкаванні з драўлянай зброяй, выкрыкванне лозунгаў, услаўленне Вялікага Брата — усё гэта было для іх займальнай гульнёй. Усё іхнае дзікунства накіроўвалася вонкі, супраць ворагаў Радзімы, супраць чужынцаў, здраднікаў, сабатажнікаў, думзлачынцаў. Было ўжо амаль звычайна, што людзі, якім за трыццаць, баяліся ўласных дзяцей. I на гэта былі сур’ёзныя падставы, бо не праходзіла і тыдня, каб у «Таймз» не друкавалі паведамлення, што які-небудзь чуйны маленькі даносчык — звычайна іх называлі «дзеці-героі» — падслухаў нейкія падазроныя выказванні і выдаў сваіх бацькоў Паліцыі Думак.
Боль у шыі суняўся. Уінстан нерашуча ўзяў пяро і падумаў, што б яму яшчэ запісаць у дзённік. Раптам яму зноў прыгадаўся О’Браен.
Неяк аднойчы — колькі ж прамінула часу? гадоў сем таму — ён прысніў, што ідзе праз цёмны пакой. I нехта, хто сядзеў побач у цемры, сказаў, калі Уінстан праходзіў міма: «Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры». Гэта было сказана цалкам спакойна, неяк між іншым — гэта было сцверджанне, не загад. Уінстан прайшоў, не спыніўшыся. Дзіўна было тое, што тады, у сне, гэтыя словы не зрабілі на яго ніякага ўражання. I, напэўна, толькі пазней яны пачалі паступова набываць значэнне. Цяпер ён ужо не мог згадаць, калі ён упершыню ўбачыў О’Браена — да гэтага сну ці пасля, гэтаксама ён не памятаў, калі ён упершыню атаясаміў голас у сне з голасам О’Браена. Ва ўсялякім разе, цяпер гэта быў для яго голас О’Браена. 3 цемры да яго гаварыў О’Браен.
Уінстан ніколі не мог дакладна вызначыць — нават пасля двухсэнсоўнага позірку гэтай раніцай — быў О’Браен сябрам ці ворагам. Але, здавалася, гэта не мела ніякага значэння. Паміж імі існавала разуменне, нешта значна важнейшае за прыхільнасць або супольніцтва. «Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры»,— сказаў ён. Уінстан не ведаў, што б гэта магло значыць, але верыў, што гэтыя словы нейкім чынам некалі спраўдзяцца.
Голас у тэлеглядзе змоўк. Чысты і прыгожы гук фанфараў прарэзаў застаялае паветра. Скрыгатлівы голас працягваў:
— Увага! Увага! Толькі што мы атрымалі надзвычайнае паведамленне з Малабарскага фронту. Нашыя войскі ў Паўднёвай Індыі дасягнулі бліскучай перамогі. Звесткі дазваляюць меркаваць, што вайсковая аперацыя, пра якую мы толькі што паведамілі, значна наблізіла канец вайны. А цяпер паслухайце надзвычайнае паведамленне...
Гэта не вяшчуе нічога добрага, падумаў Уінстан. I сапраўды, пасля крывавага апісання поўнага знішчэння адной з еўразійскіх армій, пасля абвяшчэння велізарнай лічбы забітых і палонных была прачытана абвестка пра тое, што з наступнага тыдня норма шакаладу паменшае з трыццаці да дваццаці грамаў.
Уінстану яшчэ раз адрыгнулася. Уздзеянне джыну прайшло, ад яго засталося толькі пачуццё млявасці. 3 тэлегляда загрымелі гукі гімна: «За цябе, мая Акіянія..* — у гонар перамогі, а можа, каб прымусіць забыцца пра шакалад. Мелася на ўвазе, што ўсе гледачы мусяць устаць па стойцы «смірна». Але Уінстана ўсё роўна ніхто не бачыў.
Гімн змяніла лёгкая музыка. Уінстан падышоў да акна і стаў спінай да тэлегляда. На вуліцы ўсё яшчэ было светла і холадна. Недзе ўдалечыні грымнула глу-
хое рэха ад выбуху ракетнай бомбы. Цяпер іх падала на Лондан дваццаць •— трыццаць штук за тыдзень.
Унізе на вуліцы вецер шкуматаў падраны плакат, і слова АНГСОЦ на ім то з’яўлялася, то зноў знікала. Ангсоц. Свяшчэнныя прынцыпы Ангсоцу: навамоўе, двухдумства і зменлівасць гісторыі. Уінстану здавалася, што ён блукае ў густых лясах на марскім дне, заблудзіўшы ў нейкім пачварным свеце, дзе ён і сам быў пачварай. Ен быў адзін. Мінуўшчына была мёртвая, а ўявіць будучыню было немагчыма. Ці мог ён быць пэўны, што хоць адзін жывы чалавек стаяў на яго баку? I як ён мог ведаць, ці панаванне Партыі не будзе цягнуцца вечна? Нібы адказ, яму прыгадаліся тры лозунгі на белым фасадзе Міністэрства Праўды:
ВАЙНА ЕСЦЬ МІР СВАБОДА ЕСЦЬ РАБСТВА НЯВЕДАННЕ ЕСЦЬ СІЛА
Ен выцягнуў з кішэні 25-цэнтавую манету. На ёй таксама выразнымі маленькімі літарамі былі выбіты тыя самыя лозунгі, на другім баку манеты была выява Вялікага Брата. Нават з манеты за табою сачылі вочы. 3 грошай, паштовых марак, вокладак кніг, сцягоў, плакатаў, цыгарэтных пачкаў — вочы сачылі адусюль. Адусюль глядзелі вочы, адусюль гучаў голас. Удзень і ўначы, на працы і за абедам, дома і на вуліцы, у ванне і ў ложку — нідзе ад іх нельга было схавацца. Табе не належала нічога, акрамя пары кубічных сантыметраў мозгу, схаванага пад тваім чэрапам.
Сонца перайшло на другі бок, і незлічоныя вокны Міністэрства Праўды, на якія ўжо не падалі яго промні, пахмурліва чарнеліся, нібы байніцы крэпасці. Уінстан адчуваў роспач і бездапаможнасць перад гэтай вялізнай пірамідай, што пагрозліва высілася над іншымі дамамі. Яна была непахісная, тысячы ракетных бомбаў не здолелі б яе разбурыць. Уінстан зноў спытаўся ў сябе,