• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ферма | 1984  Джордж Оруэл

    Ферма | 1984

    Джордж Оруэл

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 411с.
    Мінск 1992
    77.09 МБ
    Часамі можна было напружаннем волі скіраваць сваю нянавісць на той або іншы аб'ект. 3 намаганнем, роўным таму, з якім у жахлівым сне адрываеш галаву ад падушкі, Уінстану раптам удалося перанесці нянавісць з твару, што быў на экране, на чорнавалосую
    дзяўчыну, якая сядзела ў яго за спінай. Перад яго вачыма паўсталі жывыя і яскравыя вобразы. Ен збівае яе наўмор гумовым кіем. Ен прывязвае яе голую да слупа і дзіравіць яе стрэламі, як святога Себастыяна. Ен гвалціць яе і ў момант аблягчэння пераразае ёй горла. I ён зразумеў лепш, чым некалі раней, чаму менавіта ён яе ненавідзеў. Ен ненавідзеў яе, бо яна была маладая, прыгожая і бясполая, бо хацеў з ёй пераспаць, але не мог і не змог бы ніколі, бо вакол яе тонкай гнуткай таліі, якую так і хацелася абняць, быў абвязаны агідны чырвоны пас — ваяўнічы сімвал цнатлівасці.
    Нянавісць дасягнула найвышэйшай ступені. Голас Гольдштэйна змяніўся сапраўдным авечым бэкатам, і на нейкі момант сам Гольдштэйн ператварыўся ў авечку. Пасля авечка незаўважна змянілася на постаць еўразійскага салдата, дужага і страшнага, з аўтаматам у руках, ён ступіў наперад і, здалося, выйшаў з экрана, так, што колькі чалавек у першым радзе адкінулася назад. Але ў наступнае імгненне зала азвалася глыбокім уздыхам палёгкі, бо варожы твар на экране растаў, а замест яго з’явілася чорнавалосае і чарнавусае аблічча Вялікага Брата, поўнае сілы і загадкавага спакою і такое вялікае, што заняло амаль увесь экран. Ніхто не чуў, што казаў Вялікі Брат. Гэта былі нейкія простыя словы для ўзняцця духу, якія звычайна кажа камандзір пад час цяжкага бою. Іх нельга было разабраць, але ўжо тое, што яны прамаўляліся, супакойвала і вяртала веру ў свае сілы. Тады твар Вялікага Брата знік, і замест яго на экране з’явіліся напісаныя вялікімі літарамі тры партыйныя лозунгі:
    ВАЙНА ЕСЦЬ МІР СВАБОДА ЕСЦЬ РАБСТВА НЯВЕДАННЕ ЕСЦЬ СІЛА
    Але здавалася, што твар Вялікага Брата яшчэ заставаўся некалькі секунд на экране, быццам выява адбі-
    лася ўваччу так моцна, што знікла не адразу. Маленькая жанчына з пясочнымі валасамі кінулася да тэлегляда. Дрыготкімі вуснамі яна прашаптала нешта накшталт «О Збавіцель!» і выцягнула рукі да экрана. Пасля яна закрыла твар рукамі. Было падобна, што яна малілася.
    I тады ўсе прысутныя зацягнулі глыбокі, павольны і рытмічны спеў: «Вэ—Бэ!.. Вэ—Бэ!.. Вэ—Бэ!..» — яшчэ і яшчэ, вельмі павольна, з доўгай паўзай паміж «Вэ» і «Бэ». Гэта быў цяжкі і гучны шэпт, невымоўна дзікі, за ім чуўся шоргат босых ног і пошчак тамтамаў. Спеў цягнуўся, можа, паўхвіліны. Гэтая мелодыя чулася часта, калі вырываліся на волю неўтрыманыя пачуцці. У нейкім родзе гэта было нечым накшталт гімна мудрасці і велічы Вялікага Брата, але яшчэ хутчэй гэта быў акт самагіпнозу, самазгоднае затлумленне свядомасці начэпным рытмам. У Уінстана ад спеву пахаладзела ў жываце. Пад час Двуххвілінкі Нянавісці ён не мог паўстрымацца ад удзелу ў агульным шаленстве, але гэты нялюдскі спеў «Вэ—Бэ!.. Вэ—Бэ!..» заўсёды поўніў яго дзікім страхам. Вядома ж, ён спяваў разам з усімі. Інакш было немагчыма. Прыхоўваць пачуцці, апаноўваць свае рухі, паводзіць сябе так, як іншыя,— усё гэта рабілася інстынктыўна. Але на працягу нейкай пары імгненняў яго вочы маглі яго выдаць. Якраз у гэты момант адбылося штосьці вельмі важнае — калі яно ўвогуле адбылося.
    Яго позірк на момант сустрэўся з позіркам О’Браена. О’Браен устаў. Ен прыўзняў акуляры і характэрным рухам падправіў іх на носе. Але на нейкае імгненне іх вочы сустрэліся, і ў гэты адцінак часу Уінстан адчуў — амаль з абсалютнаю пэўнасцю,— што О’Браен думаў гэтаксама, як і ён. Адбылася перадача думак. Быццам іх душы расчыніліся і думкі пераляцелі ад аднаго да другога праз вочы. «Я з вамі,— здавалася, казаў О’Браен.— Я дакладна ведаю вашыя адчуванні. Я ведаю вашу
    пагарду, вашу нянавісць, вашу агіду. Але не бойцеся, я з вамі!» Прамень разумення раптам згас, і твар О’Браена зноў зрабіўся гэткі ж непранікальны, як і ўсе іншыя.
    Больш нічога не было, і Уінстан пачаў ужо сумнявацца, ці было што ўвогуле. Такія выпадкі ніколі не мелі ніякіх вынікаў. Адзіным вынікам была жывая вера, надзея, што ў Партыі, апроч яго, ёсць яшчэ ворагі. Можа, і праўда, што недзе існуе шырокі канспіратыўны рух! Можа, і праўда, што існуе Братэрства! Нягледзячы на шматлікія арышты, прызнанні і пакаранні, было немагчыма ведаць напэўна, што Братэрства не з’яўляецца ўсяго толькі міфам. Часам ён верыў у гэта, часам — не. He было ніякіх доказаў, толькі слабыя пробліскі, якія маглі значыць усё або нічога: падслуханыя ўрыўкі размоў, неразборлівыя крамзолі на сценах у прыбіральнях або нават лёгкі рух рукой пры сустрэчы двух незнаёмых людзей, які мог быць паролем. Усё гэта былі толькі здагадкі. Магчыма, ён усё сам сабе навыдумляў. Ен вярнуўся ў свой кабінет, не зірнуў болей на О'Браена. Думка працягнуць іх імгненны кантакт ледзь закранула ягоны мозг. Гэта было б занадта небяспечна, нават калі б ён ведаў, як гэта зрабіць. За адну-дзве секунды яны абмяняліся двухсэнсоўным позіркам, і на гэтым усё скончылася. Але ў той невымоўнай адзіноце, у якой усе мусілі жыць, нават такая падзея надоўга западала ў памяць.
    Уінстан устаў і выпрастаўся. Яму адрыгнулася — джын паднімаўся са страўніка.
    Яго ўвага зноў засяродзілася на паперы. Ен убачыў, што пакуль ён лунаў у летуценнях, яго рука аўтаматычна пісала. Гэта быў ужо не той нязграбны сціснуты почырк. Пяро пажадліва слізгала па гладкай паперы, выпіскаючы вялікія выразныя літары:
    ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА
    ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА
    I гэтак была спісана палова старонкі.
    Ен не здолеў перамагчы прыступ панікі. Сэнсу ў гэтым не было, бо напісаць гэтьія словы было не больш небяспечна, чым пачаць весці дзённік, але на нейкі момант яго ахапіла жаданне вырваць спісаныя старонкі і ўвогуле кінуць гэтую задуму.
    Але ён не зрабіў гэтага, бо ведаў, што ў гэтым не было сэнсу. Напісаў бы ён або не «ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА» — было не істотна. Працягваў бы ён або не пісаць свой дзённік — было не істотна. Ва ўсялякім разе, ад Паліцыі Думак яму не ўцячы. Ен учыніў — і ўчыніў бы, нават калі б ніколі не ўзяў у рукі пяра і паперы,— найстрашнейшае злачынства, якое змяшчала ў сабе ўсе іншыя. Злачынства думкі, або, як казалі,— думзлачынства. Думзлачынства немагчыма было хаваць вечна. Нейкі час, можа, нават некалькі гадоў яшчэ можна было неяк выкручвацца, але раней ці пазней наступала расплата.
    Арыштоўвалі заўсёды ўначы. Нечаканае абуджэнне, дужая рука, што трасе за плячук, ліхтары асляпляюць вочы, суровыя твары вакол ложка. У пераважнай большасці выпадкаў не адбывалася ніякіх судоў, не складалася ніякіх пратаколаў. Людзі проста знікалі, і заўсёды ўначы. Імя выкрэслівалі са спісаў, усе сляды чалавека знішчалі, усё папярэдняе жыццё выкасоўвалі, і яно забывалася. Чалавека сціралі з памяці, ператваралі ў нішто, рабілі параю, яго выпарвалі — так гучала звычайна ўжыванае слова.
    На хвіліну яго ахапіла нібы істэрыка, і ён зноў пачаў пісаць крывымі нязграбнымі літарамі:
    яны прыкончаць мяне мне напляваць яны стрэляць мне ў патыліцу напляваць далоў вялікага брата яны
    заўс'ёды страляюць у патыліцу мне напляваць далоў вялікага брата...
    Трохі збянтэжаны, ён выпрастаўся і адклаў пяро. Раптам ён здрыгануўся: нехта пагрукаў у дзверы!
    Няўжо так хутка! Ён сядзеў ціха, як мышка, песцячы марную надзею, што той, хто стаіць за дзвярыма, пойдзе пасля няўдалай спробы. Але ж не, пагрукалі яшчэ раз. Цяпер ужо нельга было марудзіць. Сэрца біла, як барабан, але Уінстанаў твар, напэўна, ад доўгай звычкі, заставаўся абыякавы. Ен падняўся і пайшоў, цяжка ступаючы, да дзвярэй.
    2
    Уінстан ужо ўзяўся за ручку, каб расчыніць дзверы, калі раптам убачыў, што пакінуў разгорнуты дзённік на стале. ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА — было там напісана на палову старонкі такімі вялікімі літарамі, што можна было прачытаць нават ад дзвярэй. Гэта была недаравальная памылка. Уінстан, аднак, адзначыў, што, нават так спалохаўшыся, ён не наважыўся закрыць дзённік, пакуль не высахла чарніла, каб не забрудзіць чыстую паперу.
    Стаіўшы дыханне, ён адчыніў дзверы. I адразу па целе прайшла цёплая хваля палёгкі. За дзвярыма стаяла бледная, памятая з выгляду жанчына з рэдкімі раскудлачанымі валасамі і зморшчаным тварам.
    — Ой, таварыш,— пачала яна хваравіта-пісклявым голасам,— мне падалося, што я чула, як вы прыйшлі. Ці не зойдзеце вы на хвілінку паглядзець, што з нашай ракавінай на кухні? Яна забрудзілася і...
    Гэта была пані Парсанс, жонка суседа па паверсе. (Зварот «пані» не надта ўхваляўся Партыяй, патрабавалася, каб усе звярталіся адзін да аднаго «таварыш», але ў дачыненні да некаторых жанчын слова «пані» неяк само прасілася на язык.) Ей было гадоў трывдаць.
    хоць выглядала яна значна старэйшай. Здавалася, што ў зморшчынах яе твару збіраўся пыл. Уінстан прайшоў з ёй праз калідор. Такая саматужная рамонтная праца была ледзь не штодзённым заняткам. Дамовы блок «Перамога» быў старым, пабудаваным у 30-я гады комплексам будынкаў, што з часам самі па сабе паволі руйнаваліся. Гадамі ад сцен і столяў адвальвалася тынкоўка, вадаводныя трубы лопаліся пад час добрых маразоў, дах прапускаў ваду, як толькі пачынаў падаць снег, цэнтральнае ацяпленне звычайна працавала на палову напругі, калі яго ўвогуле не выключалі дзеля ашчаднасці. Рамонтам, апроч таго, што можна было зрабіць самому, мелі займацца нейкія далёкія таямнічыя ўстановы, якія, каб, напрыклад, памяняць шыбы ў вокнах, марудзілі часам па два гады.
    — Вядома ж, я прыйшла да вас, бо Том цяпер на працы,— няясна прамармытала пані Парсанс.
    Кватэра Парсансаў была большая за Уінстанаву, але таксама па-свойму ўбогая. Усё ў ёй было нейкае абшарпанае, патаптанае, быццам кватэру толькі што наведаў нейкі вялікі драпежны звер. Спартыўныя прылады — хакейныя клюшкі, баксёрскія пальчаткі, лопнуты футбольны мяч, прапацелыя, вывернутыя навыварат спартыўныя штаны — усё гэта валялася грудам на падлозе, а на стале быў звалены ў кучу нямыты посуд разам з падранымі школьнымі падручнікамі. На сценах побач з партрэтам Вялікага Брата ў поўны рост віселі чырвоныя сцяжкі Саюза Моладзі і гэтак званых Юных Шпіёнаў. Тут, як і ва ўсім доме, у паветры стаяў капусны смурод, але да яго яшчэ дадаваўся рэзкі пах поту, які — гэта было чуваць з першага понюху, аднак цяжка было сказаць чаму,— належаў некаму, каго якраз цяпер не было. У другім пакоі нехта спрабаваў на грабенчыку, абкручаным туалетнай паперай, утараваць вайсковык маршам, што ўсё яшчэ грымелі з экрана тэлегляда