Гістарычны шлях нацыі і дзяржавы  Радзім Гарэцкі, Міхась Біч, Уладзімір Конан

Гістарычны шлях нацыі і дзяржавы

Радзім Гарэцкі, Міхась Біч, Уладзімір Конан
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 348с.
Мінск 2001
114.6 МБ
It is the honorable duty of every Belarusian citizen to strengthen the independence of our Motherland not to lose it again. Belarusian people have already suffered enough. Just like any other nation, we must have our own destiny and be the only master of our future!
КУЛЬТУРА
Якія б суровыя выпрабаванні ні выпадалі на лёс беларускай нацыі, якія б ні даводзілася трываць пакуты і прыносіць ахвяры ў змаганні, яна імкнулася жыць. Беларусы цярпліва аднаўлялі сваю Бацькаўшчыну, гадавалі і выхоўвалі дзяцей, каб не перарвалася сувязь часоў, каб не згас агонь самога жыцця. Разам з тым мы стварылі і развівалі сваю ўласную адметную нацыянальную культуру.
Калыскаю беларускай культуры была наша першая дзяржава — Полацкае княства. Полацкія князі ўсталёўвалі на сваёй зямлі хрысціянскую веру, што нясла народу асвету, далучала да здабыткаў еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі. Сын Рагнеды, полацкі князь Ізяслаў, увёў у нашай дзяржавс пісьменства і навучанне грамаце. Ізяслаў — першы з усходнеславянскіх князёў, каго называюць кніжнікам. Пячатка з ягоным імем лічыцца самым даўнім (пасля пасудзіны з надпісам «гороушна», знойдзенай пад Смаленскам) помнікам беларускага пісьменства і другім па часе ва ўсіх усходніх славян.
Князь Усяслаў Чарадзей у 50-я гады XI ст. пабудаваў у Полацку Сафійскі сабор, які вызначаўся арыгінальнай архітэктураю, па культурнай і палітычнай значнасці стаў упоравень з Сафіямі Кіеўскай і ІІаўгародскай. Сабор як сімвал беларускай дзяржаўнасці разам з краінаю перажыў цяжкія выпрабаванні, неаднаразова разбураўся і штораз аднаўляўся. 1 сёння нібыта плыве ў вечнасць над Дзвіною ў старажытным Полацку велічны белы храм, да якога ідуць і ідуць людзі, каб падзівіцца яго хараству.
Унучка Усяслава Чарадзея Прадслава ў XII ст. прадоўжыла слаўныя традыцыі свайго роду. Маладая князёўна дзеля служэння Богу і свайму народу прыняла манаскі пострыг і ўвайшла ў гісторыю як святая Еўфрасіння Полацкая. Яна разгарнула вялікую асветніцкую працу, перакладала і нерапісвала кнігі, заснавала ў Полацку жаночы і мужчынскі манастыры, адчыняла школы, скрыпторыі, бібліятэкі, іканапісныя майстэрні. Еўфрасіння — першая на ўсходнеславянскіх землях жанчына, якую
Царква далучыла да ліку святых. Сёння і праваслаўныя і каталіцкія вернікі-беларусы шануюць святую Еўфрасінню як патронку Беларусі, заступніцу нашу перад Усявышнім.
На замову Еўфрасінні ў 1161г. выдатны полацкі майстар-ювелір Богша (у хрышчэнні Лазар) стварыў унікальны Жыватворны Крыж, які стаў сімвалам святасці Беларусі і яе старажытнай дзяржаўнасці. Наша нацыянальная рэліквія была вывезена з краіны пад час Другой сусветнай вайны, і месца яе знаходжання пакуль невядома. Вобраз Крыжа адноўлены ў нашы дні мастаком Міколам Кузьмічом на заказ Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» з удзелам Беларускай праваслаўнай царквы і дзяржавы. Адноўлены Крыж знаходзіцца цяпер ў Спасаўскай царкве ў Полацку, збудаванай геніяльным полацкім дойлідам Іаанам у часы Еўфрасінні.
Буйным культурным цэнтрам старажытнай Беларусі быў у XII ст. Тураў — сталіца яшчэ адной старажытнай дзяржавы нашых продкаў. Уславіў яго сваёй асветніцкай дзейнасцю епіскап Кірыла Тураўскі. Ён быў аўтарам натхнёных аповесцяў, словаў, малітваў, павучанняў, прыпавесцяў і пасланняў, якія значна ўзбагацілі духоўнае жыццё народа, ягоныя творы перапісвалі, чыталі і вучылі на памяць ва ўсіх усходнеславянскіх княствах. Сучаснікі называлі яго другім Залатавустам, што «паче всех воссйял на Русн».
У нашым старажытным Смаленску ў XII ст. працаваў таленавіты пісьменнік і педагог-асветнік Клім Смаляціч. Ён і яго паслядоўнік Аўрамій Смаленскі былі аднымі з самых адукаваных людзей свайго часу.
Далейшае развіццё беларускай культуры звязана са стварэннем і ўмацаваннем Вялікага Княства Літоўскага. Гэта быў час сапраўднага росквіту культурнага жыцця беларускага народа.
У XIII—XIV стст. адбывалася фарміраванне нацыянальнай мовы і пісьменства беларусаў. Пра высокі культурны ўзровень нашага народа ў той час яскрава сведчыць мноства дакументаў і літаратурных помнікаў — гістарычныя хронікі, мастацкія творы, рэлігійныя трактаты, пераклады з замежных моваў.
Галоўная асаблівасць нашай культуры часоў ВКЛ — выразны нацыянальны накірунак развіцця. Яна грунтавалася на беларускай мове, што была афіцыйнай моваю дзяржавы. Другая асаблівасць — беларуская культура развівалася ў цесным узаемадзеянні з агульнаеўрапейскімі культурнымі працэсамі. Удалае геаграфічнае становішча краіны ў цэнтры Еўропы, дэмакратычны лад дзяржаўнага жыцця спрыялі засваенню лепшых здабыткаў еўрапейскай цывілізацыі. Важную ролю адыграла і тое, што на нашых землях побач з праваслаўем пашыралася каталіцтва, што было цесна звязана з культураю Заходняй Еўропы. У Вялікім Княстве Літоўскім працавала шмат заходнееўрапейскіх майстроў, грамадзяне ВКЛ свабодна выязджалі ў еўрапейскія краіны, атрымлівалі там адукацыю і навучаліся розным майстэрствам.
На Вялікае Княства Літоўскае распаўсюдзіўся інтэлектуальны ўздым эпохі Адраджэння (Рэнесансу). Гэты працэс ахапіў усе сферы культурнага жыцця краіны. Беларускі Рэнесанс стаў адной з найбольш яркіх старонак у нашай гісторыі.
Развіццё адукацыі, кнігадрукавання, архітэктуры і мастацтва выводзіла Беларусь у гэты час на адно з першых месцаў сярод усходнеславянскіх народаў, ставіла яе далёка наперадзе Маскоўскай дзяржавы, якая, на вялікі жаль, засталася па-за межамі агульнаеўрапейскага Рэнесансу і была ў той час, паводле вобразнага азначэння Максіма Багдановіча, «славянскай глухаменню».
Найбольш выдатнай праяваю рэнесансавай культуры Беларусі стала дзейнасць беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, вучонага-гуманіста, асветніка, перакладчыка, пісьменніка і мастака Францішка Скарыны з Полацка. Скарына пераклаў на беларускую мову і надрукаваў у 1517—1519 гг. у Празе Чэшскай 23 кнігі
Бібліі «Богу ка чці і людзем паспалітым к добраму навучэнню». Скарынава Біблія выйшла ў свет раней за нямецкую Лютэраву. Кніга кніг славутага палачаніна стала першай друкаванай Бібліяй ва ўсходнеі паўднёваславянскіх народаў. Яна з’явілася амаль на паўстагоддзя раней за польскую Біблію.
Першая друкаваная кніга ў расейцаў выйшла на 47 гадоў пазней за нашую.
Вярнуўшыся ў Беларусь, Францішак Скарына ў 1520 г. заснаваў друкарню ў Вільні, дзе працягваў сваю выдавецкую справу, выпусціўшы «Малую падарожную кніжку» і Апостала.
Па шляху Скарыны пайшлі друкары-асветнікі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Стафан Зізаній, браты Кузьма і Лукаш Мамонічы, Іван Федаровіч (Фёдараў) і Пётр Мсціславец. Першая на сучаснай тэрыторыі нашай краіны беларуская друкарня пачала дзейнічаць у 1562 г. у Нясвіжы, дзе асветнік-гуманіст Сымон Будны выдаў пабеларуску кнігі «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». У XVI — першай палове XVII ст. на нашых землях існавалі друкарні ў Вільні, Берасці, Полацку, Менску, Магілёве, Нясвіжы, Лоску, Любчы, Заслаўі, Пінску, Заблудаве, Супраслі, Еўі, Цяпіне, Куцейне (Воршы), Ашмянах, Бялынічах, Буйнічах ды інш. гарадах і мястэчках. Падлікі сведчаць, што да канца XVI ст. у Беларусі і за яе межамі для беларусаў (праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў) было выдадзена каля 400 назваў кніг, наклад якіх склаў звыш 300 тыс. асобнікаў.
У XVI — пачатку XVII ст. пачала фарміравацца разгалінаваная сістэма школьнай адукацыі. Школы дзейнічалі пры праваслаўных і уніяцкіх брацтвах, пры пратэстанцкіх зборах, а таксама ствараліся каталіцкімі ордэнамі — піяраў, дамініканаў, бернардынаў ды інш. У Беларусі дзейнічала цэлая сетка езуіцкіх школ і калегіумаў, якія давалі грунтоўную адукацыю еўрапейскага кшталту. У 1579 г. была адчынена першая вышэйшая навучальная ўстанова — Віленская акадэмія, дзе выкладалі знакамітыя вучоныя з усяе Еўропы. Беларускія юнакі ў гэты час вучыліся ва універсітэтах Польшчы, Нямеччыны, Аўстрыі, Нідэрландаў, Францыі, Італіі, Англіі.
Пашырэнню сістэмы адукацыі і асветы спрыяў рух рэлігійнай Рэфармацыі, што пачаў развівацца ў Еўропе на пачатку XVI ст. і распаўсюдзіўся на нашых землях. Беларускія пратэстанты, сярод якіх пераважалі кальвіністы, засноўвалі школы і друкарні, стварылі багатую рэлігійную літаратуру. Асабліва шмат зрабіў у гэтым накірунку князь Мікалай Радзівіл Чорны.
Адметнасць духоўнай і матэрыяльнай культуры Беларусі часоў ВКЛ была і ў тым, што культурныя асяродкі склаліся ва ўсіх кутках нашай зямлі, а найперш у гарадах і мястэчках, якіх у сярэдзіне XVII ст. у Беларусі налічвалася больш за 450. Культурнымі цэнтрамі сталі таксама сядзібы магнацкіх і шляхецкіх беларускіх родаў, якія лічылі за гонар мець у сваіх замках, палацах ці маёнтках тэатры, карцінныя галерэі, бібліятэкі, музейныя зборы, друкарні, цэхі мастацкага ткацтва, калекцыі адзення, манет, ваеннага рыштунку і зброі.
Слаўны след у гісторыі дзяржавы пакінулі старажытныя беларускія дойліды. Першым на нашых землях мураваным храмам стаў Полацкі Сафійскі сабор. У XII ст. пабудаваны храм Спаса (Спаса-Еўфрасіннеўская царква) у Полацку, Каложская царква ў Гародні, Барысаглебаўская ў Наваградку, Дабравешчанская ў Віцебску. У XIII ст. была ўзведзена знакамітая Камянецкая (Белая) вежа, што цяпер стала адным з сімвалаў Беларусі. XV—XVI стст. датаваны такія унікальныя помнікі дойлідства, як Супрасльская і Сынкавіцкая цэрквы-крэпасці, царква ў вёсцы Мураванка, касцёл у Ішкалдзі. Гэтыя помнікі — адны з нешматлікіх, што захаваліся з таго часу, большасць жа незваротна загінула ў войнах і ліхалеццях мінулых вякоў, а многія, як, напрыклад, Фарны касцёл XIV ст. у Гародні, былі злачынна зруйнаваны ў савецкі час.
У сярэднявеччы Беларусь называлі краінаю замкаў. Замкі існавалі ў Наваградку, Лідзе, Крэве, Медніках, Гародні, Воршы, Геранёнах, Мядзеле, Заслаўі, Нясвіжы, Слуцку, Віцебску, Полацку, Берасці, Менску, Гомелі, Мсціславе, Ляхавічах, Глуску, Любчы, Старым Быхаве, Караліне ды іншых месцах. На пачатку XVI ст. была пабудавана сапраўдная перліна беларускага дойлідства — Мірскі замак, які захаваўся да нашых дзён. У канцы XVI ст. пачала фарміравацца беларуская палацавая архітэктура. Знакамітыя палацавыя ансамблі былі створаны ў Нясвіжы, Гальшанах, Залессі, Ружанах, Гародні, Гомелі, Любчы, Лагойску...