• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гістарычны шлях нацыі і дзяржавы  Радзім Гарэцкі, Міхась Біч, Уладзімір Конан

    Гістарычны шлях нацыі і дзяржавы

    Радзім Гарэцкі, Міхась Біч, Уладзімір Конан

    Выдавец: Беларускі кнігазбор
    Памер: 348с.
    Мінск 2001
    Нацыянальны і сацыяльны прыгнёт, які адчуваў на сабе беларускі народ пад уладаю расейскага царызму, не мог стрымаць жывую плынь далейшага развіцця нацыі ў XIX ст. Разбурэнне натуральнай гаспадаркі, развіццё новых эканамічных адносін стварылі на беларускіх землях магчымасці для пашырэння гаспадарчых і культурных кантактаў. Міграцыя насельніцтва садзейнічала далейшаму фарміраванню агульнай культуры, мовы, умацаванню этнічных сувязяў і, як вынік, нацыянальнаму самавызначэнню. Як і ў іншых народаў, у беларусаў адбываўся працэс пераўтварэння ў адзіную нацыю.
    Страта беларусамі ўласнай дзяржаўнасці ў Расейскай імперыі прывяла да цяжкіх наступстваў. Адбыліся прынцыповыя змены ў сацыяльным складзе беларускага народа. Вынікі перапісу 1897 г. сведчылі пра тое, што беларусы ўжо не з яўляліся сапраўднымі гаспадарамі на сваёіі Бацькаўшчыне, як гэта было ў часы незалежнага існавання Вялікага Княства Літоўскага. Нязначнай была беларуская прысутнасць у прамысловасці і гандлі. Сярод гарадскога насельніцтва было толькі 14,5% беларусаў. Варта згадаць, што ў XVI ст. гэты паказчык складаў болей за 80%. Адпаведна і беларускае нацыянальнае жыццё ў Расейскай імперыі было зведзена да этнаграфічнага ўзроўню. Старажытны еўрапейскі народ, які меў сваю паважаную ў Еўропе дзяржаву з моцнай гаспадаркай, дэмакратычным ладам жыцця, высокаразвітай культураю, паступова ператваралі ў «мужыцкую нацыю».
    Нацыянальнае адраджэнне беларусаў у пачатку XX ст., якое сталася магчымым ва ўмовах крызісу і развалу Расейскай імперыі, было жорстка перапынена савецкімі палітычнымі рэпрэсіямі. У выніку амаль цалкам была вынішчана беларуская нацыянальная інтэлігенцыя, беларускія дзяржаўныя і гаспадарчыя кіраўнічыя кадры. Беларусы, як і іншыя народы былога Савецкага Саюза, перажылі таксама цяжкія наступствы палітыкі дэнацыяналізацыі і зліцця ўсіх народаў у «адзіны савецкі народ».
    3 пазіцыі сённяшняга дня добра відаць, што за два стагоддзі страты дзяржаўнасні беларуская нацыя амаль у кожным пакаленні давала плеяду нацыянальна свядомых выдазных асобаў і кожны раз большасць з іх бязлітасна знішчалася або мусіла пакінуць краіну. Наш гістарычны досвед яскрава сведчыць аб тым, што паўнавартаснае развіццё нацыі можа забяспечыць толькі ўласная незалежная дзяржава.
    Лепшыя сыны Беларусі разумелі гэта і змагаліся за аднаўленне незалежнасці Бацькаўшчыны. Сёння перад намі стаіць задача замацавання дзяржаўнай самастойнасці. а разам з тым і захавання самой беларускай нацыі.
    Складанасці гістарычнага лёсу не перапынілі этнічнай кансалідацыі нашага народа. Беларусы здолелі аформіцца ў самастойную нацыю, якая мае сваю тэрыторыю, мову, культуру, жыве ў адзінай эканамічнай прасторы. Беларускі этнас вызначаецца адметным нацыянальным характарам, ментальнасцю, іншымі, толькі яму ўласцівымі асаблівасцямі, што вылучаюць яго ў сусветнай супольнасці. Найбольш характэрнымі нацыянальнымі рысамі нашага народа з’яўляюцца якасці, якія высока шануюцца ў чалавечым грамадстве: дабрыня, працавітасць, адказнасць, талерантнасць, гасціннасць, непрыняцце гвалту і жорсткасці. Аб сутнасці душы беларусаў дае ўяўленне іх схільнасць да светлых колераў адзення, мілагучныя душэўныя песні, прасякнутыя глыбокім гуманізмам казкі і легенды, увесь беларускі фальклор. Аднак у складаных сітуацыях, у самых, здавалася б, безнадзейных абставінах беларусы заўсёды выяўлялі незвычайную стойкасць, мужнасць, ваярскую здольнасць абараняць Бацькаўшчыну. Такія якасці нашага нацыянальнага характару ўратавалі беларускую нацыю ад знішчэння і даюць нам цвёрдую веру ў гістарычную перспектыву.
    На фарміраванне нацыянальнага характару беларусаў істотна паўплывала рэлігія. Нашы старажытныя продкі маліліся язычніцкім багам. Галоўным язычніцкім богам напярэдадні прыняцця хрысціянства быў грозны Пярун — бог грому і маланкі, апякун ваяроў. Шанаваліся таксама Вялес (бог жывёлагадоўлі і багацця), Ярыла (бог вясны і ўрадлівасці), Жыжаль (бог агню) ды іншыя. Нашы продкі з цягам стагоддзяў захоўвалі язычніцкія абрады — гуканне вясны, Купалле, Дзяды, пахаванне стралы. Некаторыя з іх захаваліся да сёння.
    Святло хрысціянскай веры прыйшло ў Беларусь напрыканііы X ст. Першымі прынялі хрост жыхары Полацкага і Тураўскага княстваў. Смаленскае княства хрысцілася на пачатку XI ст. У кожным княстве ствараліся асобныя епархіі на чале з епіскапамі. Адной з першых у 992 г. была заснавана Полацкая епархія. Епіскапы падпа-
    радкоўваліся Кіеўскаму мітрапаліту, а праз яго — Канстанцінопальскаму патрыярху. Побач з усходнім (візантыйскім) абрадам хрысціянства на тэрыторыі Беларусі распаўсюджваўся і заходні (рымскі). Тураўскі князь Святаполк у 1010 г. разам з падданымі прыняў хрышчэнне паводле заходняга абраду.
    У адрозненне ад суседніх зямель хрысціянства пашыралася ў нас без прымусу. Гісторыя не захавала фактаў гвалтоўнага пераводу ў хрысціянскую веру. У Беларусі яна доўгі час мірна суіснавала з глыбокімі язычніцкімі традыцыямі.
    Пасля афіцыйнага падзелу хрысціянскай царквы ў 1054 г. на дзве канфесіі — праваслаўную і каталіцкую, насельніцтва беларускіх зямель, большасць якога была ахрышчана паводле ўсходняга абраду, сталася праваслаўнай. Уплыў каталіцтва на нашы тэрыторыі пашырыўся напрыканцы XIV ст. пасля Крэўскай уніі паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчаю. Каталіцкую веру прымала пераважна балцкае насельніцтва. На тэрыторыі Беларусі ў той час існавала толькі тры каталіцкія парафіі. Пазней каталіцкае веравызнанне шырока прымала апалячаная беларуская шляхта.
    Шмат хто з беларусаў у сярэднявеччы далучыўся да руху Рэфармацыі і стаў пратэстантам. Найбольш распаўсюджанай у Беларусі была такая плынь пратэстантызму, як кальвінізм.
    У выніку Берасцейскай уніі 1596 г. у Вялікім Княстве Літоўскім узнікла новая царква— уніяцкая, або грэка-каталіцкая, якая захавала ўсходнюю абраднасць, але прызнала вяршэнства папы рымскага.
    Беларусь належала да хрысціянскага свету. Хрысціянская мараль адпавядала характару беларусаў і ляжала ў аснове маральных каштоўнасцяў нашага народа. Побач з хрысціянскаю верай у Беларусі мірна існавалі і іншыя веравызнанні — мусульманства, іудаізм. Жывучы на мяжы двух светаў — заходняга і ўсходняга — нашы продкі выхоўвалі ў сабе павагу да розных рэлігійных арыентацый, тым самым зберагаючы мір і спакой у сваёй дзяржаве. Высакародны дух рэлігійнай талерантнасці быў уласцівы беларусам на працягу ўсёй гісторыі і стаў адметнай рысаю нацыянальнага характару.
    Мінуўшчыну, сённяшні дзень і будучыню беларускай нацыі лучыць наша мова, што ўзнікла ў старажытнасці і сфарміравалася разам з беларускім этнасам. Беларуская мова належыць да славянскай групы індаеўрапейскай моўнай сям’і. Як і ў іншых еўрапейскіх народаў, у беларусаў першапачаткова існавала вусная моватворчасць. У X ст. з прыняццем хрысціянства з’явілася пісьмовая мова на стараславянскай аснове, якую заклалі знакамітыя славянскія асветнікі Кірыла і Мяфодзій. Яе ўсходні варыянт вядомы пад назваю «царкоўнаславянская мова». На ёй пісалася і перапісвалася царкоўная літаратура ў часы Еўфрасінні Полацкай. У свецкіх дакументах выкарыстоўвалася не толькі царкоўнаславяншчына, але і жывая народная гаворка. Так яшчэ ў X—XIII стст. пачала фарміравацца самастойная старажытнабеларуская мова. Яна паступова пранікала ў царкоўную літаратуру і выцясняла царкоўнаславяншчыну. Прыкладам гэтага стала выданне Францішкам Скарынам Бібліі на зразумелай простаму люду мове. Паслядоўнікі Скарыны — Сымон Будны і Васіль Цяпінскі — працягвалі традыцыю беларускага кнігадрукавання.
    Беларуская мова дасягнула росквіту ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе яна была асноўнай пісьмовай моваю дзяржавы ад самага яго стварэння ў ХПІ ст. У той час шмат якія еўрапейскія дзяржавы, у тым ліку суседняя Польшча, карысталіся ў дзяржаўных справах лацінаю. 3 гэтай прычыны беларускую мову можна лічыць адной з найстаражытнейшых нацыянальных дзяржаўных моваў у Еўропе. Напрыклад, англійская мова набыла статус дзяржаўнай у 1362 г., а французская толькі ў 1400-м.
    Аднак ужыванне беларускай мовы стала звужацца пасля аб’яднання Вялікага Княства Літоўскага з Польшчаю ў канфедэрацыю — Рэч Паспалітую (1569), і ў хуткім часе пачаўся працэс паланізацыі. У 1696 г. беларуская мова ў справаводстве ВКЛ была заменена на польскую. Пасля далучэння да Расейскай імперыі беларуская мова была цалкам выведзена з .пісьмовага ўжытку. Усё гэта прывяло да таго, што старабеларуская пісьмовая мова часоў Вялікага Княства Літоўскага паступова адышла ў мінулае.
    Адраджэнне нацыянальнай пісьмовай мовы было распачата беларускай інтэлігенцыяй у першай чвэрці XIX ст. Працэс фарміравання новай літаратурнай мовы расцягнуўся больш чым на стагоддзе. Ён рэзка паскорыўся на пачатку XX ст., калі ў 1906 г. у Вільні пачалі выдавацца першыя беларускія газеты — «Наша доля» і «Наша ніва». Адроджаная беларуская мова набыла дзяржаўнас прызнанне ў час існавання Беларускай Народнай Рэспублікі, незалежнасць якой была абвешчаная 25 сакавіка 1918 г.
    Сучасная літаратурная беларуская мова развівалася на аснове шматдыялектнай народнай. У 1918 г. вядомы дзеяч Беларускага адраджэння Браніслаў Тарашкевіч унармаваў правілы пісьма і выдаў першую граматыку беларускай мовы. Яна шырока выкарыстоўвалася ў адукацыі і атрымала ў далейшым у народзе назву«тарашкевіцы». На пачатку 30-х гадоў, калі ўсталявалася сталінская дыктатура, правапіс Тарашкевіча быў істотна зменены ў накірунку русіфікацыі. Гэты рэфармаваны правапіс, або, як яго яшчэ называюць, «наркамаўка», працягвае выкарыстоўвацца ў якасці афіцыйнага і ў нашай сучаснай дзяржаве. «Тарашкевіца» захоўвалася ў Заходняй Беларусі, затым у асяроддзі эміграцыі, якая карыстаецца класічным беларускім правапісам і сёння. У самой Беларусі «тарашкевіца» зноў з’явілася ў друку ў час новага беларускага адраджэння. На «тарашкевіцы» выдаецца цяпер адноўленая газета «Наша ніва», яе выкарыстоўваюць іншыя незалежныя выданні.
    Дэмакратычныя працэсы канца 80-х гадоў іірывялі да аднаўлення дзяржаўнага статуса беларускай мовы. 26 студзеня 1990 г. быў прыняты Закон аб мовах, які вызначаў адзінай дзяржаўнай моваю ў Беларусі беларускую. Гэты яе статус быў замацаваны ў першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г, Аднак змаганне за адраджэнне сваёй мовы для беларускага народа на гэтым ue скончылася. У выніку рэферэндуму 1995 г. статус дзяржаўнай быў нададзены і расейскай мове, што дазволіла ўладам ператварыць яе практычна ў адзінаю дзяржаўную мову ў Беларусі. Ізноў беларуская мова, мова тытульнай нацыі дзяржавы, апынулася перад пагрозаю выцяснення са сваіх родных абшараў. Зноў беларусы мусяць змагацца за матчына слова. Зноў надзвычай актуальна гучаць неўміручыя словы Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»