Гістарычны шлях нацыі і дзяржавы  Радзім Гарэцкі, Міхась Біч, Уладзімір Конан

Гістарычны шлях нацыі і дзяржавы

Радзім Гарэцкі, Міхась Біч, Уладзімір Конан
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 348с.
Мінск 2001
114.6 МБ
Моцнымі дзяржаўнымі ўтварэннямі на тэрыторыі Беларусі ў той час былі Тураўскае і Смаленскае княствы. У перыяд феадальнай раздробленасці значную ролю адыгрывалі Менскае, Гарадзенскае, Наваградскае, Пінскае, Віцебскае, Друцкае ды іншыя княствы.
У сярэдзіне XIII ст. Полацкае княства страціла сваю значнасць цэнтра палітычнага жыцця на беларускіх землях. Далейшае развіццё нашай першай дзяржавы ўсклад-
няла ня.мецкая экспансія. У 1201 г. немцамі ў вусці Дзвіны была заснавана Рыга, a праз год тут узнік ордэн мечаносцаў (Лівонскі). Гэта стварыла непасрэдную пагрозу для Полацка, які страціў выйсце да мора і пазбавіўся значных эканамічных выгодаў.
У той час знешняя небяспека навісла над усімі абшарамі Беларусі. 3 поўначы і захаду пагрозу стваралі Лівонскі і Тэўтонскі ордэны, з поўдня і ўсходу — мангола-татарскія орды. У такіх умовах на беларускіх землях пачынае вылучацца новы палітычны цэнтр у Верхнім і Сярэднім Панямонні, дзе існавалі моцныя славянскія гарады — цэнтры княстваў: Новагародак, Гародня, Слонім, Ваўкавыск. Славянскае і балцкае насельніцтва жыло тут уперамешку, «плямамі».
Мірнае суіснаванне славянаў і балтаў і іх супрацоўніцтва былі важнымі прычынамі эканамічнага і культурнага ўздыму рэгіёна. Спрыяла паспяховаму развіццю гэтых зямель і выгаднае геаграфічнае становішча. У XIII ст. за рэгіёнам замацавалася назва «Літва». Менавіта гэтыя землі сталі месцам нараджэння нашай новай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага.
Непасрэдным штуршком да развіцця працэса дзяржаваўтварэння стала знешняя небяспека з боку нямецкіх рыцараў і мангола-татараў. Ініцыятыву заснавання новай дзяржавы, што аб’ядноўвала славянскія і балцкія землі і рабілася моцнай перашкодаю на шляху заваёўнікаў, узялі на сябе феадалы найбольш развітага тагачаснага славянскага горада Наваградка (цяпер Навагрудак). У 1240-я гады яны ўступілі ў альянс з адным з найбольш уплывовых балцкіх князёў — Міндоўгам. Міндоўг быў запрошаны на пасад новагародскага князя і, будучы раней язычнікам, прыняў хрысціянства.
Наваградак адразу вылучыўся як палітычны цэнтр і першая сталіца новай дзяржавы, да якой былі напачатку далучаны балцкія і славянскія землі ў Цэнтральнай і Паўночна-Усходняй Беларусі. У 1253 г. вялікі князь Міндоўг са згоды папы рымскага прыняў каралеўскі тытул. Значных поспехаў у будаўніцтве дзяржавы дасягнуў сын Міндоўга Войшалк.
У Вялікім Княстве Літоўскім была прынята славянская сістэма дзяржаўнай арганізацыі. Славянская частка ВКЛ значна пераважала балцкую і была болын развітая ў сацыяльна-эканамічным і культурным плане. Балты ў той час яшчэ былі язычнікамі і нават не мелі свайго пісьменства. Старабеларуская мова славянскага насельніцтва стала дзяржаўнай моваю ВКЛ. Беларуская культура дамінавала. Працягвалася славянізацыя мясцовых балтаў, якія пачалі карыстацца беларускай мовай і на побытавым узроўні. Славянская перавага была канчаткова замацавана пасля ўваходжання ў ВКЛ у 1307 г. Полацкага княства.
Далейшаму ўмацаванню ВКЛ спрыяла палітыка забеспячэння адзінства краіны, якую праводзіў вялікі князь Віцень. Пры наступных вялікіх князях Гедзіміне і Альгердзе Вялікае Княства Літоўскае стала магутнай еўрапейскай дзяржавай. Тэрыторыя ВКЛ распасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора, ад Берасцейшчыны да Акі. Пераважную частку дзяржавы складалі славянскія землі, балцкія землі займалі ўсяго V15 плошчы.
У 1323 г. князь Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню, якая заставалася палітычным цэнтрам ВКЛ да канца яго існавання. Вільня была заснавана славянамі-крывічамі, што з’явіліся на гэтых землях у VII ст. У XI ст. яна згадваецца як паселішча крывічоў пад назваю Крывы (Крывіч-) горад. У другой палове XI ст. ён стаў цэнтрам княства, на тэрыторыі якога жылі славяне і балты. I пасля знікнення з палітычнай карты свету Вялікага Княства Літоўскага Вільня яшчэ паўтара стагоддзя заставалася для беларусаў цэнтрам палітычнага і культурнага жыцця. У кастрычніку 1939 г. наша старажытная сталіца была перададзена Сталіным Літве.
У выніку знешнепалітычнага ўціску і ўнутраных супярэчнасцяў у 1385 г. ВКЛ заключыла Крэўскую унію з Польшчай. Вялікі князь Ягайла ў адпаведнасці з дамоваю ажаніўся з польскай каралеваю Ядвігай і быў абвешчаны каралём Польшчы. 3 боку апошняй адразу былі зробленыя спробы падпарадкаваць сабе ВКЛ.
Аднавіў самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага пасля зацятай барацьбы з Ягайлам вялікі князь Вітаўт. У гады яго княжання (1392—1430) ВКЛ дасягнула найбольшага росквіту. У 1422 г. да ВКЛ была канчаткова далучана Жамойць (гістарычная тэрыторыя сучаснай Літвы). Вітаўт Вялікі меў дыпламатычныя адносіны з усімі заходнееўрапейскімі краінамі, з Крымскім ханствам, Асманскай імперыяй, Масковіяй. У сярэдзіне XV ст. адпаведна змянілася і сама назва нашай дзяржавы, якая пачала менавацца Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім.
Менавіта ў час уладарання Вітаўта Вялікае Княства стала вялікім не толькі паводле назвы і тэрыторыі (болей за 900 000 кв. км), але і паводле палітычнай ролі ў тагачаснай Еўропе.
Наступныя князі ВКЛ — Казімір, Жыгімонт Стары, Сцяпан Батура (Стэфан Баторы) ды іншыя працягвалі дзяржаўнае будаўніцтва, але палітычныя і гістарычныя ўмовы не заўсёды спрыялі гэтаму. Наша дзяржава мусіла весці шматлікія войны і часам страчвала свае тэрыторыі.
Вялікае Княства Літоўскае было поліэтнічнай краінай. Асноўную частку яго насельніцтва складалі беларусы. Жылі таксама жамойты, украінцы, палякі. Напрыканцы XIV ст. у Беларусі з’явіліся татары, якіх запрасіў на вайсковую службу князь Вітаўт. У XVI ст. татары перайшлі на беларускую мову і стварылі на ёй свае святыя кнігі. У XIV ст. у ВКЛ з краінаў Заходняй Еўропы пачалі перасяляцца габрэі. Паступова яны пачалі займаць прыкметнае месца ў этнічнай структуры, гаспадарчым і культурным жыцці краіны. На нашы землі ўцякалі ад жорсткага пераследу расейскія стараверы. Усе жыхары ВКЛ з гонарам называлі сябе літвінамі.
Адметнай рысаю беларусаў-літвінаў быў дэмакратызм, закладзены яшчэ ў вечавых традыцыях Полацкага княства часоў Рагвалода і Усяслава Чарадзея. Дэмакратызм фарміраваў дух свабоды, маральныя і праўныя ўяўленні пра незалежнасць, разуменне каштоўнасці чалавечай асобы. Менавіта гэтыя прынцыпы сталі асноватворнымі для законаў княства і найперш для Статутаў ВКЛ — заканадаўчых кодэксаў дзяржавы, прынятых у 1529, 1566 і 1588 гт. Найбольш дасканалы трэці Статут быў падрыхтаваны найлепшымі правазнаўцамі пад кіраўніцтвам выдатных дзяржаўных дзеячаў-беларусаў канцлера ВКЛ Астафея Валовіча і яго пераемніка Льва Сапегі.
Статут 1588 г. быў самым перадавым зборам законаў у тагачаснай Еўропе. Ён дзейнічаў на працягу двух з паловаю стагоддзяў, да 1840 г. Напісаны і выдадзены на беларускай мове, ён быў даступны кожнаму ў той час, як у Еўропе шмат якія краіны мелі законы, выкладзеныя на незразумелай простаму народу лаціне. Усё дзяржаўнае справаводства ВКЛ тады вялося на беларускай мове, аб чым яскрава сведчаць дакументы архіва княства, які мае назву Метрыка ВКЛ. (Гэты збор, які складае каля 600 тамоў справаводства, вывезены ў Расею і захоўваецца цяпер у Маскве.)
Статуты закладалі ў нашай краіне асновы праўнай дзяржавы, дзе пануе закон, a не ўласная воля валадара. Ужо ў Статуце 1529 г. прадугледжвалася, што ўсе жыхары ВКЛ павінны судзіцца адным гэтым правам. Паводле Статута 1566 г. усе паны, шляхта, баяры, мяшчане і простыя людзі абвяшчаліся паўнапраўнымі грамадзянамі. Прадугледжвалася абмежаванне ўлады вялікага князя праз такія інстытуты дзяржаўнасці, як Сойм і Рада. Быў закладзены падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.
Статут ВКЛ 1588 г. па праву лічыцца ў свеце класічным узорам заканадаўства эпохі сярэднявечча. Ён замацоўваў суверэнітэт княства, грамадскі і дзяржаўны лад,
правы і абавязкі жыхароў, прынцыпы судовага ладу. Статут заканадаўча сцвярджаў ідэю рэлігійнай талерантнасці і бараніў правы людзей незалежна ад веравызнання. Вялікі князь быў абавязаны захоўваць недатыкальнасць межаў дзяржавы і вяртаць страчаныя раней землі. Грунтоўна было распрацавана крымінальнае права. Уводзілася прэзумпцыя невінаватасці. Статут 1588 г. стаў ці не першым ў Еўропе кодэксам, які рашуча абараняў прыроду.
Трэці Статут ВКЛ быў перакладзены на польскую, расейскую, нямецкую ды іншыя мовы. Ён значна паўплываў на юрыдычную думку Польшчы, Украіны, Латвіі, Эстоніі, Расеі.
Асноўнымі сацыяльнымі катэгорыямі ў ВКЛ былі сяляне, мяшчане і шляхта. Галоўная роля ў дзяржаве належала шляхце. Яна выбірала караля, удзельнічала ў кіраванні дзяржаваю, несла асноўны цяжар абароны Айчыны, развівала культуру і асвету краіны. Арыстакратычныя вярхі шляхецкага стану называліся магнатамі. Найбольш вядомымі магнацкімі родамі ў Беларусі былі Агінскія, Алелькавічы, Астрожскія, Гальшанскія, Гаштольды, Друцкія, Кезгайлы, Кішкі, Радзівілы, Сангушкі, Ca­neri, Солтаны, Пацы, Тышкевічы, Хадкевічы, Храптовічы, Чартарыйскія. Беларуская шляхта падтрымлівала сувязі з еўрапейскім дваранствам, удзельнічала ў рыцарскіх турнірах у Еўропе. Прадстаўнік роду Солтанаў у XV ст. атрымаў бургундскі ордэн Залатога руна, узнагароду, якая давалася толькі за вялікія заслугі і якую марылі атрымаць многія еўрапейскія дваране.
Вялікае Княства Літоўскае мела ўласную дзяржаўную сімволіку, якая была звязана з гістарычным лёсам краіны і адлюстроўвала адметнасць беларускай зямлі і яе насельніцтва. Дзяржаўным гербам ВКЛ у 1295 г. стаў герб Наваградка і Полацка — Пагоня. Узброены вершнік, які сімвалізаваў вобраз абаронцы нашай дзяржавы, спачатку ўжываўся як вайсковы. Першым Пагоню выкарыстаў вялікі князь Віцень. На пачатку XVI ст. з’явілася бел-чырвона-белая харугва, якая стала правобразам нашага дзяржаўнага нацыянальнага сцяга. Найбольш ранняя выява яе ёсць на батальным палатне, прысвечаным бітве з маскоўскім войскам пад Воршаю ў 1514 г,, што захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Дзяржаўная сімволіка ВКЛ была адроджана ў другой палове XIX ст. паўстанцамі Кастуся Каліноўскага. Дзяржаўнымі сімваламі Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг зноў сталі пры абвяшчэнні ў 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі, а потым у 1991г., калі была абвешчана незалежная Рэспубліка Беларусь. Аднак у 1995 г. замест нашых гістарычных сімвалаў у якасці дзяржаўных былі ўведзены, па сутнасці, старыя савецкія сімвалы, якія не маюць пад сабой гістарычнай глебы.