Гістарычны шлях нацыі і дзяржавы  Радзім Гарэцкі, Міхась Біч, Уладзімір Конан

Гістарычны шлях нацыі і дзяржавы

Радзім Гарэцкі, Міхась Біч, Уладзімір Конан
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 348с.
Мінск 2001
114.6 МБ
Лепшыя сыны беларускага народа змагаліся за аднаўленне незалежнасці сваёй Бацькаўшчыны ў шматлікіх паўстаннях, якія былі жорстка задушаны імперскімі расейскімі ўладамі. 3 дапамогай А. Суворава «просвешённая» расейская імператрыца Кацярына II патапіла ў крыві нацыянальна-вызвольнае паўстанне 1794 г. на чале з сынам беларускай зямлі Тадэвушам Касцюшкам.
Пасля вызволыіага паўстання 1830—1831 гг. распачалася жорсткая русіфікацыя краю. Беларускія землі сталі правінцыяй Расейскай імперыі — «Северо-Западным краем». Каб замірыць Беларусь, тут насаджалася рускае чынавенства, руская школа, праваслаўная царква. Гэтая трыяда прымушала паднявольных беларусаў змірыцца з накінутай ім думкаю, што яны нібыта добраахвотна ўвайшлі ў склад «братняй Расеі».
Вайна Расеі з Напалеонам каштавала жыцця кожнаму чацвёртаму жыхару нашай зямлі. Для Беларусі вайна 1812 г. не была айчыннаю, бо лепшыя сілы нашага народа марылі аднавіпь з дапамогаю французскага імператара Вялікае Княства Літоўскае. Каля 25 тысяч нашых суайчыннікаў ваявалі з Расеяй на баку Напалеона. Але спадзяванні на ягоную падтрымку ў адраджэнні дзяржаўнай незалежнасці ВКЛ аказаліся марнымі.
Пад кіраўніцтвам «начальніка Северо-Западного края» Мураўёва-вешальніка ў 1863—1864 гг. было жорстка задушана вызвольнае паўстанне на чале з Кастусём Каліноўскім. Высокапастаўлены расейскі чыноўнік, апякун Віленскай навучальнай ак-
ругі Карнілаў, выказаў тады думку, што расейскія школы зробяць у Беларусі тое, што не здолеюць зрабіць штыхом і куляй салдаты. Прароцтва шавініста было блізкае да здзяйснення.
Новыя ўлады падпарадкоўвалі сваім інтарэсам і эканамічны патэнцыял нашых зямель, стваралі гаспадарчую аснову для расейскага панавання. Цары шырока раздавалі сваім генералам і чыноўнікам беларускія землі разам' з сялянамі. Толькі Кацярына II і яе сын Павел I падаравалі сваім памешчыкам у беларускіх губернях 500 тыс. сялянскіх душ, прычым значная частка гэтых людзей раней былі асабіста свабодныя. Канфіскоўваліся маёнткі беларускай шляхты, якая не жадала служыць каланіяльным расейскім уладам. Была ўведзена расейская сістэма падаткаў, яна аказалася значна цяжэйшай і не стымулявала развіццё гаспадаркі.
У выніку драпежніцкай каланіяльнай палітыкі эканоміцы беларускіх зямель былі нанесены надзвычай цяжкія страты. Нашы землі зведалі на сабе наступствы ўсіх праблем і цяжараў, якія перажывала Расейская імперыя ў XIX ст. — крызісу феадальнапрыгоніцкага ладу, развіцця на расейскі ўзор капіталістычных адносінаў, эканамічных крызісаў і масавага збяднення насельніцтва. Беларусь ператварылася ў калонію царскай імперыі. Нашы суродзічы вымушаны былі пакідаць Бацькаўшчыну і шукаць магчымасці зарабіць кавалак хлеба на чужыне. 500 тыс. беларускіх сялян ад’ехалі напрыканцы XIX ст. у Сібір, дзе і сёння яшчэ існуюць цэлыя беларускія вёскі. Насельніцтва нашага краю адчувала цяжкі палітычны і культурны ўціск. Расейскія ўлады зачынілі ў Беларусі ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы. У пачатковай і сярэдняй школе выкладанне было цалкам пераведзена на расейскую мову. У 1864 г. міністэрства асветы прыняло пастанову, якая забараняла ў навучальных установах нават размаўляць па-беларуску. Беларуская мова была пад жорсткай забаронаю і ў сферы кнігадрукавання.
Насуперак палітыцы расейскага царызму наш народ здолеў абудзіцца да нацыянальнага жыцця. Беларускае слова загучала ў творах Яна Баршчэўскага, Яна Чачота, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча і сярод іншых прадстаўнікоў нацыянальна свядомай інтэлігенцыі. Беларусы побач з расейскімі змагарамі супроць царскага дэспатызму ўдзельнічалі ў народніцкім руху. Адзін з іх, беларускі шляхціц Ігнат Грынявіцкі, у 1881 г. выканаў смяротны прысуд, вынесены «Народнай воляй» цару Аляксандру II. Паплечнікі Грынявіцкага ад імя беларускай фракцыі «Народнай волі» ў 1884 г. выдалі два нумары часопіса «Гомон», дзе ўпершыню тэарэтычна абгрунтавалі існаванне самастойнага беларускага этнасу, заявілі пра яго роўнасць з іншымі народамі і яго права на ўласную дзяржаўнасць.
На мяжы XIX—XX стст. беларускі рэвалюцыйна-дэмакратычны і нацыянальны адраджэнцкі рух набраў сілы. Новы яго этап быў звязаны з пярэдаднем і падзеямі рэвалюцыі 1905—1907 гг. У 1903 гг. братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі, Алаізай Пашкевіч (Цёткай) ды іншымі была створана першая беларуская палітычная партыя Беларуская сацыялістычная грамада. У верасні 1906 г. у Вільні выйшла першая легальная беларуская газета «Наша доля», якая была хутка зачынена ўладамі. Але ў лістападзе 1906 г. пачала выдавацца яе пераемніца газета «Наша ніва», якой было наканавана існаваць да жніўня 1915 г. і стаць сапраўднай абуджальніцай беларусаў. «Наша ніва» згуртавала вакол сябе нацыянальныя сілы, падрыхтавала глебу для новага ўздыму Беларускага адраджэння. Гэты працэс быў паскораны важнымі падзеямі, што адбываліся тады ў свеце.
Першая сусветная вайна 1914—1918 гг. абышлася нам у 1,2 млн. жыццяў. На беларускай зямлі, якая зноў стала арэнаю баявых дзеянняў, загінуў кожны пяты. 1,5 млн. жыхароў па волі расейскага самаўладства былі выгнаны са сваіх хатаў, зведалі драму бежанства.
Параза ў вайне прывяла ў лютым 1917 г. да краху расейскага самаўладдзя. Для нашай Бацькаўшчыны адкрылася перспектыва адраджэння ўласнай дзяржаўнасці.
Кульмінацыйпым момантам у барацьбе за аднаўленне дзяржаўнасці стаў першы Усебеларускі кангрэс (з’езд) у Менску ў снежні 1917 г., арганізаваны пры вядучай ролі Беларускай сацыялістычнай грамады. У яго працы ўдзельнічалі 1872 дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі. Яны прадстаўлялі сялян, рабочых, вайскоўцаў, бежанцаў, інтэлігенцыю. Узмацненне на Усебеларускім кангрэсе незалежніцкіх тэндэнцый прывяло да яго разгону бальшавікамі. Але абраныя Рада і Выканаўчы камітэт прадоўжылі дзейнасйь і сталі адзінымі абаронцамі інтарэсаў беларускага народа. Выканкам стварыў урад БНР — Народны Сакратарыят Беларусі на чале з Язэпам Варонкам.
Пасля падпісання бальшавікамі Брэсцкага міру, які цалкам ігнараваў нашы нацыянальныя інтарэсы і дзяліў Беларусь паміж РСФСР і Нямеччынай, Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага з’езда абвясціў краіну Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). У сакавіку 1918 г. рада з’езда была пераўторана ў Раду БНР. 25 сакавіка 1918 г. Рада БНР выдала 3-ю Устаўную грамату, дзе Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржаваю. У гэтым дзяржаўным Акце гаварылася аб тым, што БНР «павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ»: Магілёўшчыну, Віцебшчыну, Меншчыну, Гарадзеншчыну (з Беластокам), беларускія часткі Віленшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губерняў, заселеныя беларусамі.
Дата абвяшчэння БНР назаўсёды стала гістарычнай для нашага народа і штогод адзначаецца ўсімі свядомымі беларусамі як найвялікшае свята. Залатымі літарамі павінны быць унесены ў гісторыю Беларусі імёны дзеячаў БНР, чыя дзейнасць падрыхтавала з’яўленне Акта 25 Сакавіка: Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Варонка, Алесь Бурбіс, Аркадзь Смоліч, Кастусь Езавітаў і шмат іншых. Раду БНР у розныя часы ўзначальвалі Іван Серада, Пётр Крэчэўскі, Васіль Захарка, Мікола Абрамчык, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Язэп Сажыч. Зараз старшынёй Рады БНР з’яўляецца Івонка Сурвіла, якая жыве ў Канадзе.
Незалежную Беларускую Народную Рэспубліку прызналі Арменія, Аўстрыя, Грузія, Латвія, Літва, Польшча, Турцыя, Украіна, Фінляндыя, Чэхаславакія, Эстонія. Ніхто ўжо не мог заяўляць, што беларускага народа не існуе.
Але замацаваць беларускую незалежнасць у той час не ўдалося. 3 усходу на Беларусь наступала Чырвоная Армія, з захаду — польскія войскі. Большую частку краіны захапілі бальшавікі. Рада БНР мусіла выехаць з Менска ў Гародню, а потым у Літву. 3 таго часу Рада Беларускай Народнай Рэспублікі знаходзілася ў эміграцыі, дзе паслядоўна перахоўвала ідэю незалежнасці Беларусі.
Ліквідацыя БНР бальшавікамі выклікала супраціў з боку беларускага народа. У абарону БНР у лістападзе 1920 г. выступілі слуцкія паўстанцы, змаганне якіх стала гераічнай старонкаю гісторыі Беларусі. Імёны іх кіраўнікоў таксама нельга забываць — Уладзімір Пракулевіч, Павел Жаўрыд, Антон Сокал-Кутылоўскі, Юрка Лістапад...
Перамога бальшавікоў не магла зліквідаваць уплыў БНР на далейшае развіццё Беларусі. Новыя ўлады вымушаны былі даць беларускім камуністам дазвол на стварэнне БССР. У выніку намаганняў беларускіх дзеячаў — Аляксандра Чарвякова, Зміцера Жылуновіча, Усевалада Ігнатоўскага ды іншых, хто падтрымаў савецкую ўладу з надзеяй на Беларускае адраджэнне, 1 студзеня 1919 г. у Смаленску была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР). У 1922 г. яна выступіла адным з сузаснавальнікаў СССР. На самым пачатку свайго існавання БССР уключала ўсе этнічныя беларускія землі, але ў далейшым, будучы самастойнай толькі фармальна, страціла шмат сваіх тэрыторый.
Нашу Бацькаўшчыну дзялілі ў сакавіку 1918 г. пры падпісанні Брэсцкай дамовы паміж бальшавіцкай Расеяй і Нямеччынай, у 1920 г. — пры падпісанні дамоваў РСФСР з Літвою і Латвіяй. Сапраўднай драмай для беларускага народа сталіся вынікі Рыжскай мірнай дамовы 1921 г. Савецкай Расеі і Польшчы, у выніку чаго Заходняя Беларусь апынулася пад польскай уладаю. Аднавіць цэласць краіны часткова ўдалося ў верасні 1939 г., калі заходнебеларускія землі зноў былі далучаны да СССР. Аднак ужо ў кастрычніку таго ж года Сталін перадаў Віленшчыну разам з Вільняй Літве.
Глыбокай павагі і памяці нашчадкаў заслугоўваюць нашы суайчыннікі з Заходняй Беларусі — змагары за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, за беларускую мову, школу і культуру: Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч, Адам Станкевіч, Ігнат Дварчанін, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Аляксандр Уласаў, Францішак Аляхновіч... Шмат хто з іх цярпеў пакуты ў польскіх турмах і канцлагерах, а потым трапіў у савецкія турмы і ГУЛАГ. Гэта была трагедыя цэлага пакалення мужных, загартаваных, самаадданых і жорстка падманутых беларускіх нацыянальных дзеячаў.
He стала шчаслівым жыццё нашага народа і ў той частцы Беларусі, што знаходзілася ў складзе Савецкага Саюза. Надзея на пабудову свайго ўласнага Беларускага дому існавала хіба толькі ў 20-я гады, што ўвайшлі ў гісторыю як перыяд беларусізацыі. У гэтае дзесяцігоддзе было сапраўды багата зроблена для далейшага развіцця нацыянальнай культуры. Беларускім адраджэнцам 20-х гадоў удалося дабіцца дзяржаўнасці беларускай мовы, стварэння нацыянальнай школы, нацыянальнага універсітэта, беларускіх выдавецтваў, газет і часопісаў, тэатраў, музеяў, архіваў. Утварыўся Інстытут беларускай культуры, а на яго аснове — Беларуская акадэмія навук. Напрыканцы 20-х гадоў у школах рэспублікі 88% дзяцей навучаліся па-беларуску.